Заслаўе
горад у Менскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Засла́ўе — места ў Беларусі, на рацэ Сьвіслачы пры ўтоку яе ў Заслаўскае вадасховішча. Уваходзіць у склад Менскага раёну Менскай вобласьці. Плошча 14,2 км². Насельніцтва на 2018 год — 15 661 чалавек[1]. Знаходзіцца за 27 км ад Менску; чыгуначная станцыя «Беларусь» на лініі Менск — Маладэчна.
Remove ads
Заслаўе — места гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства (раней — сталіца ўдзельнага княства), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся руіны замка, былы кальвінскі збор у стылі рэнэсансу і касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі ў стылі віленскага барока, помнікі архітэктуры XVI—XVIII стагодзьдзяў. Дзее гістарычна-культурны запаведнік.
Remove ads
Назва
Паводле паданьня, кіеўскі князь Уладзімер Сьвятаславіч назваў паселішча ў гонар сына полацкай князёўны Рагнеды Рагвалодаўны Ізяслава, які зь мячом заступіўся за маці.
Варыянты напісаньня назвы места ў гістарычных крыніцах: Заслаў, Ізяслаў, Ізяслаўль, Жэслаўль, Жаслаўль[2].
Дзеля адрозьненьня ад Заслаўя на Валыні часам насіў дадатковае азначэньне — Заслаўе Літоўскае[3].
Гісторыя
Раньнія часы
Згодна з археалягічнымі зьвесткамі, у X ст. на правым беразе Сьвіслачы існавала неўмацаванае паселішча, населенае пераважна крывічамі. Каля 985 году за 1 км ад яго ўзьнікла гарадзішча «Замэчак». На мяжы XI—XII стагодзьдзяў на тэрыторыі правабярэжнага паселішча ўзьвялі дзядзінец, па чым насельнікі пакінулі «Замэчак»[4].
Летапіснае паданьне прыпісвае заснаваньне Заслаўя ў 985—986 гадох князю кіеўскаму Ўладзімеру Сьвятаславічу, які перадаў горад сваёй жонцы Рагнедзе Рагвалодаўне і сыну Ізяславу[a]. Пад 1127 годам упершныю ўпамінаецца Ізяслаўскае княства ў зьвязку з нападам князя кіеўскага Мсьціслава Ўладзімеравіча на Полацкую зямлю[5].
Вялікае Княства Літоўскае
У канцы XIII ст. Заслаўе далучылася да Вялікага Княства Літоўскага, дзе стала вялікакняскім местам[6]. У 1345 годзе вялікі князь Кейстут перадаў яго свайму малодшаму брату Яўнуту Гедымінавічу, нашчадкі якога зваліся князямі Заслаўскімі (Жэслаўскімі). У Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх (канец XIV ст.) Заслаўе значыцца сярод «літоўскіх» замкаў. За часамі фэўдальнай вайны (1432—1439) у 1434 годзе[6] Сьвідрыгайла захапіў і спаліў места, а ягоных жыхароў узяў у палон.
У 1539 годзе Заслаўе перайшло ў валоданьне Глябовічаў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў места ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. У другой палове XVI ст. тут пры кальвінскім зборы працавалі школа і друкарня, у якой Сымон Будны надрукаваў Біблію ў 1574 годзе. У пачатку XVII ст. кальвінскі збор пераасьвяцілі ў касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла. У 1625 годзе ў Заслаўі збудавалі касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі, таксама дзеяла царква. З XVІІ ст. места стала сталіцай графства, якое аб’ядноўвала 4 староствы.
З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1655 годзе маскоўскія захопнікі спалілі Заслаўе, цалкам зруйнавалі мураваныя замкавыя брамы і палац. У 1678 годзе паселішча перайшло да Сапегаў. У 1684 годзе (паводле іншых зьвестак, яшчэ ў 1676 годзе) К. Сапега і ягоная жонка Крыстына заснавалі тут дамініканскі кляштар. Паводле інвэнтару, на 1698 год у месьце было 89 дымоў (апроч, відаць, касьцельнай юрыдыкі), 4 вуліцы і Рынак[6].
У 1753 годзе Заслаўе перайшло ў валоданьне падканцлера Антонія Празьдзецкага. У 1772 годзе кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў месту прывілей на правядзеньне 4 кірмашоў штогод, а таксама штотыднёвых таргоў. У другой палове XVIII ст. працавалі цагельня і суконная фабрыка.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Заслаўе апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам воласьці Менскага павету. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1850-я гады існаваў аднайменны маёнтак Прушынскіх.
За ўдзел у нацыянальна-вызвольным паўстаньні (1863—1864) расейскія ўлады канфіскавалі Заслаўе ў ягоных гаспадароў Прушынскіх. У 1873 годзе празь мястэчка прайшла Лібава-Роменская чыгунка, адкрылася станцыя Ізяслаў. На 1904 год працавалі 2 школы, лякарня на 10 ложкаў, аптэка, пошта; дзеялі 2 царквы і касьцёл.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Заслаўе занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
- Старая графіка Заслаўя
- Панарама. Л. Баратынскі, 1859 г.
- Абмеры збора, 1853 г.
- Уваход у замак. М. Філіповіч, 1924 г.
- Замкавыя валы. М. Філіповіч, 1924 г.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Заслаўе абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка і воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР, накіроўвалі ў Народны Сакратарыят скаргі на дзеяньні нямецкіх войскаў[7]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Заслаўе ўвайшло ў склад Беларускай ССР, у Менскі павет («падраён») Менскага раёну[8]. У 1919—1920 гадох мястэчка было пад часовай польскай адміністрацыяй як цэнтар гміны ў Менскім павеце Менскай акругі Грамадзянскай ўправы Ўсходніх земляў. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Заслаўе засталося ў БССР, дзе ў 1924 годзе стала цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 4 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
У 1985 годзе Заслаўе зноў атрымала статус места. 26 студзеня 1987 году места вывелі з складу Менскага раёну і аднесьлі да афіцыйнай катэгорыі гарадоў абласнога падпарадкаваньня[9]. 1 студзеня 2007 году Заслаўе зноў улучылі ў склад Менскага раёну як адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку, а фінансавы аддзел места далучылі да фінансавага аддзелу Менскага райвыканкаму[10][11]
- Места на старых здымках
- Рынак, да 1918 г.
- Рынак, 1927 г.
- Вуліца Замкавая. Кальвінскі збор па маскоўскай перабудове, каля 1900 г.
- Вуліца Замкавая. Замкавая брама, да 1918 г.
- Вуліца Рынкавая. Касьцёл па маскоўскай перабудове каля 1900 г.
- Вуліца Рынкавая. Касьцёл, 1941 г.
- Вуліца Рынкавая. Касьцёл, 1941 г.
- Вуліца Вакзальная. Станцыя, 1939 г.
Remove ads
Насельніцтва
Дэмаграфія
- XX стагодзьдзе: 1904 год — 3 тыс. чал.; 1941 год — каля 3 тыс. чал.[12]; 1977 год — 6,5 тыс. чал.; 1991 год — 10,9 тыс. чал.; 1992 год — 11,1 тыс. чал.; 1997 год — 13,7 тыс. чал.[13]
- XXI стагодзьдзе: 2004 год — 13,5 тыс. чал.; 2006 год — 13,8 тыс. чал.; 2009 год — 14 202 чал.[14] (перапіс); 2010 год — 14 294 чал.[15]; 2016 год — 15 151 чал.[16]; 2017 год — 15 419 чал.[17]; 2018 год — 15 661 чал.[1]
Адукацыя
У Заслаўі працуюць 3 сярэднія і музычная школы, спартовая школа-інтэрнат, 5 дашкольных установаў.
Мэдыцына
Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе меская лякарня.
Культура
Дзеюць 2 бібліятэкі, дом культуры, цэнтар вольнага часу «Світанак».
Забудова
Плян
Заслаўе падзяляецца на тры архітэктурна-плянавальныя часткі, або мікрараёны. Адна зь іх — гістарычны цэнтар. Тут знаходзіцца вялікая частка гістарычна-археалягічнага запаведніку, а таксама будынкі індывідуальнай, галоўным чынам старой, забудовы, адміністрацыя места, установы сацыяльна-культурнага і побытавага прызначэньня: дом культуры, бібліятэка, дом сямейных імпрэзаў, агульнаадукацыйная сярэдняя і музычная школы, адмысловая школа-інтэрнат, камбінат побытавага абслугоўваньня, атэлье, крамы, лякарня, аптэка.
Другі мікрараён уяўляе сабой вытворчы, сацыяльна-побытавы і жылы комплекс Беларускай занальнай досьледнай станцыі птушкагадоўлі. Трэці мікрараён месьціцца за чыгуначнай магістральлю і зьяўляецца прамысловым цэнтрам Заслаўя. У гэтай зоне збудавалі вялікую колькасьць шматпавярховых жылых будынкаў, крамаў, дзьве агульнаадукацыйныя сярэднія школы, дом дзіцячай творчасьці, тры дашкольныя ўстановы.
Вуліцы і пляцы
Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
Бялова вуліца | Радашкавіцкая вуліца |
Савецкая вуліца | Віленская вуліца Ракаўская вуліца (ад Рынку на паўночны захад)[18] Лагойская вуліца (ад Рынку на паўночны ўсход) |
З урбананімічнай спадчыны Заслаўя да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Вакзальная, Вялікая (іншая гістарычная назва — Менская), Замкавая, Паштовая і Рынкавая (таксама называлася Замкавай). Гістарычны Рынак цяпер называецца Рынкавым пляцам (афіцыйна — Рынкавай плошчай).
Remove ads
Эканоміка
Прадпрыемствы харчовай, паліграфічнай, дрэваапрацоўчай, хімічнай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасьці.
Турыстычная інфармацыя
Інфраструктура
Заслаўе — цэнтар турызму дзяржаўнага значэньня[19]. 31 сьнежня 1986 году ўтварыўся Гістарычна-культурны запаведнік «Заслаўе», у 2001 годзе музэй-запаведнік атрымаў статус дзяржаўнай установы.
Славутасьці
У 1993 годзе ў Заслаўі паставілі помнік Рагнедзе і Ізяславу, у 2014 годзе — помнік князю Ізяславу[20].
- Гарадзішча «Замэчак» (X—XVIII стагодзьдзі)
- Замчышча, рэшткі муроў замкавай брамы (XI—XVIII стагодзьдзі)
- Кальвінскі збор, збудаваны пасярод Заслаўскага замка (XVI ст., цяпер царква Праабражэньня Гасподняга Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату)
- Касьцёл Найсьвяйцейшай Панны Марыі (1774—1779)
- Могілкі юдэйскія
Страчаная спадчына
- Кляштар дамініканаў (1684)
- Палацава-паркавы комплекс Празьдзецкіх (XVIII ст.)
Remove ads
Галерэя
- Краявіды Заслаўя
- Руіны замкавай брамы
- Музэй, дом завозьнікаў
- Музэй, паравы млын
- Музэй, сьвіран
- Вуліца Вялікая
Асобы
- Язэп Каранеўскі (1887—1937) — дзяржаўны дзяяч, пэдагог, публіцыст, другі рэктар БДУ
- Уладзімер Марзон (1881—1954) — хірург
- Хвядос Шынклер (1903—1942) — беларускі пісьменьнік
Заўвагі
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads