Ломыш
былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Лóмыш (Лóмуш)[2] — былая вёска ў Беларусі. Уваходзіла ў склад Судкоўскага сельсавету Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці.
Remove ads
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае

У мэтрычнай кнізе Тульгавіцкай Сьвята-Георгіеўскай царквы 1831 году запісана, што вёска Ломыш і хутар Буда паноў Александровічаў былі паезуіцкімі[3], г. зн. раней належалі самым езуітам. Ордэн быў скасаваны ў 1773 годзе, якім пакуль можна датаваць і найранейшую згадку пра паселішча. На Генэральнай мапе «Беларускія землі ў канцы XVIІІ ст.» другога тому Вялікага гістарычнага атлясу Беларусі Ломыш паказаны як паселішча ў Мазырскім павеце Менскага ваяводзтва Вялікага княства Літоўскага, што адпавядала рэальнасьці. Але зьвестка ў паказальніку да мапы[b] аб прыналежнасьці яго да маёнтку Нароўля паноў Аскеркаў[4] няслушная. Тут Ломыш памылкова атаясамлены зь вёскай, якая мела сугучную назву Ламачы і разам з суседнімі Кажушкамі сапраўды належала Аскеркам. У XVIII ст. паселішча пад назвай Ломыш яшчэ нідзе не згаданае.
Пад уладай Расейскай імпэрыі

Ад часоў другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) будучы Ломыш — у Рэчыцкай акрузе Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 года ў складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[5]. У крыніцы, заснаванай на зьвестках расейскай рэвізіі 1795 году, сказана, што вёска Антанін[c], хутар Каралін, сяло Тульгавічы з рудняй, вёскі Крышыцы, Хобнае, мястэчка і сяло Юравічы[d] былі ўласнасьцю мазырскага войта[e] Адама Стоцкага[6]. Тады ў 4 дварах жылі 4 падданых мужчынскага і 7 жаночага полу. Прозьвішчы — Дзьмітрэнка, Барысенка, Буглак[7]. У мэтрычных кнігах Тульгавіцкай Георгіеўскай царквы за 1796 год маюцца зьвесткі аб хросьце Міны, сына жыхара Антані́на Рыгора Трасьцянка (Трасьцяніка; кумам — аднавясковец Іван Барысенка), ды аб пахаваньні Ганны Міхедзіхі, якая таксама была — «жителка антонинска»[8]. Пазначана паселішча і на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 году.
Паводле шляхецкай рэвізіі 1811 году, жарунжы рэчыцкі Феліцыян, сын Адама, Стоцкі (58 г.) і яго сын Вінцэнты (18 г.) мелі ў дзедзічным валоданьні Тульгавічы, Юравічы, Крышычы, а таксама Антанін і Буду. У іхным фальварку Каралін жыў паручнік польскай службы Тадэвуш, сын Мікалая, Цельшэўскі (50 г.), які названыя Антанін і Буду трымаў у заставе[9]. У загалоўку да сялянскай рэвізіі 1816 году значацца Ломашы або Антонаў[10].
У наяўных мэтрычных запісах Тульгавіцкай царквы 1796 — 1822 гадоў няма ані згадкі пра Ломыш, але шматразова прысутная вёска Антанін. У пачатку кнігі 1823 году сустрэтая адзіная і апошняя зьвестка пра Антанін[11], а надалей тамсама і ў пазьнейшых мэтрыках — толькі Ломыш, з 1834 году — Ломыш (Стары Ломыш) і Новы Ломыш.
Згодна з энцыкляпэдыяй «Гарады і вёскі Беларусі», у 1831 годзе вёска Ломыш (Антонаў) Пятра Александровіча мела 16 двароў з 81 жыхаром, побач існаваў фальварак. На 1835 год у вёсцы Новы Ломыш было 11 двароў і 72 жыхары; разам з Будай яна належала да фальварку Марыянава Канстанціна Александровіча. У 1844 г. складзены інвэнтар маёнтку Ломыш зь вёскай Антонаў і часткай вёскі Новы Ломыш, у якіх налічвалася 19 двароў, 21 працаздольны жыхар мужчынскага і 26 жаночага полу, з 400 дзесяцінамі ворыва, 575 дз. сенажаці, 750 дз. лесу. Уладльнік — Пётар Александровіч[12]. У інвэнтары 1845 г. маёнтку Новы Ломыш Канстанціна Александровіча сказана, што да яго належалі паселішчы Слабодка[f] (11 двароў) і Буда (4 двары) з 109 жыхарамі, у фальварку было 5 дваровых; угодзьдзі агулам складалі 1096 і 2/3 дзесяціны[13]. У кліравой ведамасьці Тульгавіцкай царквы за 1847 год вёскі Стары Ломыш і Новы Ломыш, як і раней, названыя паезуіцкімі уладаньнямі. У 12 дварах першай жыло 48 мужчын і 50 жанчын, у 11 і 1/2 двара[g] другой — 46 мужчын, 54 жанчыны[14].

У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 71 жыхар вёскі Стары Ломыш і 85 жыхароў Новага Ломыша былі прыхаджанамі Георгіеўскай царквы ў Тульгавічах[15].
У парэформавы пэрыяд Ломыш адміністрацыйна належаў да Юравіцкай воласьці. Паводле кліравой ведамасьці Тульгавіцкай царквы за 1869 год, у 14 і 2/4 двара вёскі Стары Ломыш жылі 58 мужчын і 61 жанчына, у 10 і 2/4 двара вёскі Новы Ломыш — 42 мужчыны і 66 жанчын[16].
На пачатак 1870 году у Ломышы і Новым Ломышы — адпаведна 43 і 34 рэвізскія душы зь ліку сялянаў уласьнікаў, прыпісаных да аднайменнага сельскага таварыства[17].
У 1909 годзе ў вёсцы Ломыш налічвалася 70 двароў з 361 жыхаром[18].
Найноўшы час
9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Ломыш у складзе Юравіцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта |Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападзкага[19].

1 студзеня 1919 г. згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Юравіцкая воласьць Рэчыцкага павету ўвайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак, 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучаная да РСФСР.
Пасьля другога ўзбуйненьня БССР з 8 сьнежня 1926 году Ломыш стаў цэнтрам сельсавету ў складзе Юравіцкага раёну Рэчыцкай акругі. З 9 чэрвеня 1927 году — у Мазырскай акрузе. 10 лістапада 1927 года сельсавет быў скасаваны, а тэрыторыя далучана да Тульгавіцкага сельсавету. З 8 ліпеня 1931 году Ломыш па скасаваньні Юравіцкага апынуўся ў Хвойніцкім раёне. З 20 лютага 1938 году — у складзе Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.
Remove ads
Асобы
- Любоў Антанюк (Бендэга) (1949—2006) — спэцыяліст у галіне беларускага мовазнаўства, доктар філялёгіі (1992), прафэсар (1997).
Заўвагі
- Не XIX ст., як пісаў С. В. Марцэлеў[1].
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads