Слабудка
вёска ў Пружанскім раёне Берасьцейскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Слабу́дка[3] — вёска ў Пружанскім раёне Берасьцейскай вобласьці. Уваходзіць у склад Пружанскага сельсавету. Знаходзіцца за 6 км на поўдзень ад Пружанаў, 7 км ад чыгуначнай станцыі Аранчыцы на лініі Баранавічы — Берасьце.
Remove ads
Гісторыя
Заснаваньне вайсковага гарадку
У лістападзе 1894 року на загад цара Мікалая II тут была раскватараваная 38-я артылярыйская брыгада 19-га армейскага корпусу, пераведзеная з Каўкаскае ваеннае акругі. Тэрыторыя для артылярыйскіх кашараў была загадзя выкупленая ў памешчыка Трамбіцкага зь Лінова[4], на ёй паўсталі кашары, стайні, склады, жылыя дамы для афіцэрскага складу, праваслаўная царква Мікалая Цудатворцы, пракладзеныя дарогі, закладзены парк. 27 лютага 1900[4] месца разьмяшчэньня брыгады атрымала назву «Міхайлаўскі штаб» у гонар вялікага князя Міхаіла Раманава, чацьвёртага сына імпэратара Мікалая I і Аляксандры Фёдараўны[1].
Пры Міхайлаўскім штабе дзейнічалі вучэбная каманда і школа падпрапаршчыкаў. Працавала мэтэастанцыя пад кіраўніцтвам афіцэра Язэпа Стаброўскага (заснавальніка гісторыка-краязнаўчага музэю ў Слоніме).
Першая сусьветная вайна
З пачаткам Першае сусьветнае вайны і абвяшчэньнем у Расеі мабілізацыі на тэрыторыі гарадку пачалося фармаваньне 75-й артылярыйскай брыгады, якую набіралі ў тым ліку і зь мясцовых жыхароў[5]. 8 жніўня 1914 року 38-я артылярыйская брыгада пакінула вайсковы гарадок, накіраваўшыся на заходні фронт. 75-я артбрыгада ўвайшла ў склад гарнізону крэпасьці Івангарад на Паўднёва-Заходнім фронце.
У верасьні 1915, пасьля адступленьня расейскіх войскаў, гарадок заняты нямецкімі і аўстрыйскімі войскамі. На месцы Міхайлаўскага штабу быў разгорнуты навучальны цэнтар армейскае групы(de) Войрша. Паводле згадак нямецкага жаўнера Густава Ратая, у лютым 1917 року ў «Пружаны-лягеры» (там называлася месца за немцамі) мешкалі тры нямецкія, два аўстрыйскія батальёны і афіцэрская школа[1]. У 1916 у ёй навучаўся, між іншага, будучы генэрал Лётар Фройтэль[5]. Дзейнічалі таксама кулямётныя курсы, аўстрыйскі інфэкцыйны шпіталь.
Па заключэньні Берасьцейскага міру ў «Пружанскім лягеры» паўстаў нямецкі канцэнтрацыйны лягер, дзе ўтрымліваліся асобы, якіх палічылі рэвалюцыянэрамі, парушальнікі дысцыпліны, ваеннапалонныя — агулам больш за 400 асобаў. Іх прыцягвалі да гаспадарчых працаў. Напрыканцы 1918 року, па заключэньні Камп’енскага замірэньня, «Пружанскі лягер» стаў месцам збору перамешчаных асобаў[5].
Міжваенная Польшча
За польскім часам вядомая пад назвай «Кашары артылярыйскія» (польск. Koszary artyleryjskie) альбо «Кашары імя Рамуальда Траўгута» ў гміне Лінова Пружанскага павету Палескага ваяводзтва[6]. Чыгуначная станцыя на вузкакалейцы ад Пружаны да Аранчыцаў (збудаваная за нямецкім часам). 15 чэрвеня 1921 року тут разьмясьціўся 20-ы артылярыйскі полк(pl) Войска Польскага, вядзецца электрыфікацыя і пашырэньне гарадку. У 1924 року з Наваградку ў «Кашары артылярыйскія» пераведзены 25-ы полк вялікапольскіх уланаў. Дзеля забесьпячэньня гаспадарчае жыцьцядзейнасьці побач з гарнізонам пасяляюцца каляністы-асаднікі і мясцовыя сяляне. Калёнія атрымала назву Слабодка (польск. Słobódka) паводле найменьня тыпу сярэднявечнага паселішча[7]. У гарадку пабудаваны касьцёл (не захаваўся), дадатковыя кашары для жаўнераў і афіцэраў. Дзейнічалі пякарня, лазьня, пральня, электрастанцыя, кінатэатар, пошта, тэлефон і нават казіно[8]. У 1937—39 роках пабудаваная школа; дагэтуль клясы разьмяшчаліся ў адной з кашараў артпалку.
23 сакавіка 1939 20-ы артылерыйскі і 25-ы ўланскі палкі былі прыведзеныя ў баявую гатоўнасьць і выступілі ў заходнім кірунку.
Савецкі час
Уночы з 17 на 18 верасьня 1939 року сем’і польскіх вайскоўцаў пакінулі кашары. 19 верасьня яны акупаваныя часткамі Чырвонай арміі. Праваслаўная царква была разабраная, касьцёл прыстасаваны пад Дом культуры. Была адчыненая новая школа з украінскай мовай навучаньня (пазьней — зь беларускай і расейскай)[9].
З 15 студзеня 1940 вайсковы гарадок «Кашарка» ў складзе Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці. На ягонай тэрыторыі раскватараваліся войскі 32-е танкавае брыгады (з сакавіка 1941 — 30-я танкавая дывізія). Перад пачаткам вайны ў складзе дывізіі налічвалася 174 лёгкія танкі Т-26, якія 23 чэрвеня прынялі першы бой з нацысцкімі войскамі і, атрымаўшы паразу, адышлі ад Пружанаў[1].
У часе Другой сусьветнай вайны нацысты расстралялі тут больш за 3000 савецкіх ваеннапалонных, падпольнікаў і мірных жыхароў Пружанскага, Бярозаўскага і Камянецкага раёнаў. У школе разьмяшчаўся штаб нямецкае часткі[7].
Па вайне ў гарадку створаныя вайсковыя шпіталі для жаўнераў і афіцэраў Савецкай арміі. Пэўны час ваенны гарадок працягваў называцца «Кашарка» паводле польскае традыцыі. У 1956 року пад кіраўніцтвам падпалкоўніка Пербудагава распачатае будаўніцтва шматпавярховак для сем’яў вайскоўцаў. Ад ягонага прозьвішча зьявілася неафіцыйная назва гарадку — «Пербудагаўка»; пазьней, за камандзірам Мажаевым — «Шанхай». Час прысваеньня ваеннаму гарадку назвы суседняе вёскі дакладна невядомы.
Паводле перапісу 1970 року ў Слабудцы 156 жыхароў.
Вайсковыя часткі
У чэрвені 1960 року ў ваенны гарадок Слабудка быў перадысьлякаваны 2-і дывізіён 379-га ракетнага палку войскаў супрацьпаветранае абароны (пазьней — 105-е зэнітнае ракетнае брыгады войскаў СПА). 4 студзеня 1993 року 105-я зрбр расфармаваная[10].
1 сьнежня 1960 Слабудка стала месцам дысьлякацыі вайскоўцаў 403-га ракетнага палку 31-й ракетнай дывізіі (штаб у Пружанах) 50-й ракетнае арміі (Смаленск)[11]. Самі ж стартавыя пазыцыі ракетаў знаходзіліся пад Ружанамі, куды ў 1962 року пераехаў і полк[12].
У траўні 1966 року са складу 1-е гвардзейскае танкавае арміі Групоўкі савецкіх войскаў у Нямеччыне выведзеная 233-я Сьвірская ордэна Багдана Хмяльніцкага ракетная брыгада. Перадысьлякаваная ў Слабудку і ўлучаная ў склад 28-й агульнавайсковае арміі Беларускае ваеннае акругі. На яе ўзбраеньні знаходзіўся ракетны комплекс апэратыўна-тактычнага прызначэньня 9К-72 з ракетай 8К-14, якая мела дальнасьць палёту да 300 км, а з 1985 брыгада пераўзброеная на ракетны комплекс 9К-714 «Ока»[13]. У 1988 року ў адпаведнасьці з дамоваю між СССР і ЗША пра ліквідацыю ракетаў сярэдняе і меншае далечыні вывезеныя і ліквідаваныя на палігоне ля Сары-Азеку(ru)[14] (Казаская ССР) 26 баявых і 10 вучэбных ракет АТР-23 (рас. ОТР-23), 12 пускавых установак 9П71 і 12 транспартна-зараджаючых машынаў 9Т230[15]. 12 верасьня 1988 ракетная апэрацыйная база Слабудка ліквідаваная, управа брыгады пераведзеная ў Заслонава Лепельскага раёну[16].
У 1989 року ў Слабудку з Чэхаславаччыны выведзены 1257-ы асобны пантонна-моставы батальён Цэнтральнае групы войскаў. Расфармаваны ў 1993.
На цяперашні час у Слабудцы застаўся 1199-ы зьмяшаны артылерыйскі полк[17][18].
Сучаснасьць
У 1998 року тэрыторыя вайсковага гарадку №55 «Слабудка» плошчаю 254 га ўлучаная ў склад вёскі[19].
Remove ads
Насельніцтва
- 1999 год — 1287 жыхароў
- 2005 год — 1244 жыхары, 475 двароў[20]
- 2010 год — 973 жыхары
Транспарт
Аўтамабільныя дарогі Р81 Пружаны — мяжа Рэспублікі Польшча і Н562 Каштанаўка — Слабудка[21].
Славутасьці
- Могілкі аўстрыйскіх ды нямецкіх жаўнераў (1915—1918) і помнік з надпісам па-нямецку: «І той, хто сьмерць сустрэў у барацьбе сьвятой, у чужой зямлі сьпіць, як у сваёй роднай». У 1929 року палякі ўсталявалі надмагільлі зь імёнамі ўсіх загінулых; большасьць зь іх зьнішчаная за савецкім часам[5].
- Магіла ахвяраў фашызму (1941—1944) на месцы найбольш масавага пахаваньня ў лесе. У 1965 року пастаўлены абэліск
- Братэрская магіла 180 савецкіх жаўнераў (1941—1944)
- Цяжкі танк ІС-3, знойдзены ў 2003 року на тэрыторыі былога вайсковага палігону. Верагодна, вывезены[22]
Страчаная спадчына
- Касьцёл (1920-я). За савецкім часам прыстасаваны пад клюб; зруйнаваны напрыканцы 70-х[1].
- Царква (1896)[23].
- Вайсковыя забудовы канца XIX стагодзьдзя: кашары, Міхайлаўскі штаб, вайсковыя збудаваньні. Большасьць будынкаў імпэрскай эпохі былі зруйнаваныя ў 1970-я пад час рэканструкцыі вайсковага гарадку. Плянавалася перадача рэшты інвэстарам дзеля разьвіцьця малога бізнэсу і аграэкатурызму. Тым ня меней, нягледзячы на невялікую адлегласьць ад раённага цэнтру, большасьць будынкаў да прызначанага Камітэтам дзяржкантролю тэрміну 1 студзеня 2010 року так і не знайшла новых гаспадароў[24]. У выніку пачалося зьнішчэньне пабудоваў: частка казармаў была зьнішчаная ў 2010[25] і 2011[26] роках. Цяпер плянуецца падрыў рэшты збудаваньняў.
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads