Сураж
мястэчка ў Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Су́раж[2] — мястэчка ў Беларусі, пры ўтоку ракі Касплі ў Дзьвіну. Цэнтар сельсавету Віцебскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 769 чалавек[1]. Знаходзіцца за 43 км ад Віцебску, на аўтамабільнай дарозе Віцебск — Вяліж.
Сураж — даўняе места гістарычнай Віцебшчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага.
Remove ads
Назва
На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Сураж мог прыйсьці з Крыму (ад папярэдняй назвы места Судак) і мае значэньне, аналягічнае сучаснаму слову «супернік»[3].
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Сураж узьнік у пачатку XVI стагодзьдзя як умацаваны пункт на ўсходзе Вялікага Княства Літоўскага[4]. У 1560 годзе скончылася ўзьвядзеньне Сураскага замка, пад сьценамі якога ўжо існавала места[5].


5 чэрвеня 1570 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст пашырыў на Сураж сыстэму мескага права, якая склалася на Віцебшчыне. 20 сьнежня 1576 году[5] кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў яму мескі герб: «у срэбным полі чырвоны крэпасны мур з трыма вежамі»[6] («замокъ и три вежы»[5]). У 1590 годзе Сураж стаў цэнтрам староства. Места і замак неаднаразова цярпелі ад захопніцкіх набегаў з усходу: у 1616 і 1633 гадох войскі Маскоўскай дзяржавы спалілі пасад Суражу[7].
Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Суражу ліцьвінамі: «литвин торговый человек суроженин Мишко Васильев» (1628 год)[8], «литвин торговый человек суроженин Васька с сыном с своим с Мишкою» (1629 год)[9].
У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскія войскі захапілі Сураскі замак, які пазьней вызвалілі войскі ВКЛ. На 1771 год у месьце было 7 вуліцаў і больш за 120 будынкаў[5].
Пад уладай Расейскай імпэрыі


У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Сураж апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1776 годзе стаў цэнтрам павету. У 1864 годзе з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады адкрылі тут народную вучэльню, выкладаньне ў якой вялося на расейскай мове. На 1870 год у месьце было 357 будынкаў (зь іх 2 камяніцы); дзеялі 2 драўляныя цэрквы і 2 юдэйскія дамы малітвы; працавалі павятовая 2-клясная школа, мужчынская і жаночая народныя вучэльні, жыдоўская школа, 21 крама[10].
У 1866 годзе Сураж стаў пазаштатным местам Віцебскага павету[4]. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, тут працавалі 2-клясная павятовая і народная вучэльні, прыстань. У пачатку XX стагодзьдзя ў месьце было 11 мураваных і каля 440 драўляных будынкаў, 69 крамаў, 2 царквы[4].
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Сураж абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе годзе Сураж вярнулі ў БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну і сельсавету. У 1938 годзе Сураж атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 12 ліпеня 1941 да 28 кастрычніка 1942 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху; на паўночным усходзе знаходзіліся г. зв. «Віцебскія вароты».
У 1960—1962 гадох Сураж уваходзіў у склад Віцебскага раёну, у 1962—1965 гадох — Лёзьненскага раёну, з 1965 году — зноў Віцебскага. 19 красавіка 2010 году мястэчка ўзнагародзілі вымпэлам «За мужнасьць і стойкасьць у гады Вялікай Айчыннай вайны»[11].
- Мястэчка на старых здымках
- Школа, 1938 г.
- Мост цераз Касплю, 1942 г.
- Мост цераз Касплю, 1942 г.
- Неідэнтыфікаваная вуліца, 1941—1942 гг.
Remove ads
Насельніцтва
Дэмаграфія

- XVIII стагодзьдзе: 1771 год — 600 чал.[5]; 1780 год — 328 муж. мяшчанаў-хрысьціянаў і 6 муж. мяшчанаў-юдэяў[10]
- XIX стагодзьдзе: 1808 год — 1712 чал., зь іх паводле стану: мяшчанаў 1589, ураднікаў 48; шляхты 10; купцоў 65[4]; 1870 год — 1738 чал., у тым ліку 26 каталікоў і 738 юдэяў[10]; 1897 год — 2731 чал.
- XX стагодзьдзе: 1901 год — 4,4 тыс. чал.; 1938 год — 3 тыс. чал.; 2000 год — 1285 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2001 год — 1,2 тыс. чал.[12]; 2006 год — 1,1 тыс. чал.[13]; 2009 год — 1039 чал.[14] (перапіс); 2016 год — 818 чал.[15]; 2017 год — 795 чал.[16]; 2018 год — 769 чал.[1]
Адукацыя
У Суражы працуюць сярэдняя і музычная школы, дашкольная ўстанова.
Культура
Дзеюць бібліятэка, дом культуры, цэнтар дзіцячай творчасьці.
Эканоміка
Прадпрыемствы харчовай прамысловасьці.
Турыстычная інфармацыя
Славутасьці
- Замчышча (XVI ст.)
- Могілкі юдэйскія
- Помнікі: землякам, палеглым у Другую сусьветную вайну; расстраляным дзецям-закладнікам у двары школы
Страчаная спадчына
- Замак (1563)
- Сынагога (ХІХ ст.)
- Царква Сьвятога Спаса (1836)
- Царква Сьвятога Мікалая (XVIII ст.)
- Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла (1839)
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads