Узброеныя сілы Вялікага Княства Літоўскага
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Узброеныя сілы Вялікага Княства Літоўскага — арганізаваныя вайсковыя сілы Вялікага Княства Літоўскага з сярэдзіны XIII ст. да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе.

Гісторыя і арганізацыя

XIII—XV ст.
Узброеныя сілы Вялікага Княства Літоўскага з’явіліся адначасова са ўзнікненнем самой дзяржавы ў сярэдзіне XIII стагоддзя. Па прынцыпах фарміравання былі падобнымі да ўзброеных сіл суседніх зямель — складаліся з дружын і народнага апалчэння. Народнае апалчэнне, мабілізацыя ўсіх ваеннаабавязаных краіны (expeditio generalis) або аднаго ці некалькіх рэгіёнаў дзяржавы (пазней паветаў і ваяводстваў) збіралася толькі ў выпадку неабходнасці дапамогі ў абароне, пераследу ворага і падобнага. Пераслед ворага быў абавязкам кожнага мужчыны, здольнага насіць зброю, гэты старадаўні ўжо ў канцы XIV ст. звычай-абавязаў называўся пагоняй. Узбраенне, дасведчаннасць і эфектыўнасць народных апалчэнняў была кепскай, а магчымасці ўтрымаць масу нематытываваных ваяроў разам працягля час у дзяржавы не было.
Да XV ст. дружынная кавалерыя адыгрывала галоўную ролю, пяхота цанілася менш. Конны баярын і яго 2 і болей баявых слуг (збраяносцы, пешыя або конныя, стралкі з лука ці арбалета) складалі галоўную баявую адзінку таго часу — кап’ё («кап’е» складалася з ўласна феадала і яго 2-10 баявых слуг — пахолкаў; таксама, «кап’ё» магло быць сфарміравана з некалькі незаможных баяр з розным узбраеннем і іх слуг-пахолкаў). 70-150 коп’яў складалі харугву. Дружыны былі асноўнай ударнай сілай, здольнай весці бой у конным і пешым парадку. Пазней баяры склалі значную частку шляхты — ваенна-служылага стану Вялікага Княства Літоўскага. Баяры-шляхта сярэдняга дастатку, апроч саміх сябе, выстаўлялі ў войска 2-3 і болей ваяроў у «добрых даспехах і на клячы». Усе збіраліся ў зямельныя (рэгіянальныя, пазней павятовыя) падраздзяленні пад сцягамі (харугвамі) адпаведных зямель, або князёў.
Буйныя феадалы адпраўлялі на вайну свае асабістыя падраздзяленні служылых баяр пад уласнымі харугвамі. Выстаўлялі ваяроў і станы, чый статус быў паміж шляхтай і сялянствам — былыя ваенныя слугі і збяднелыя баяры — путныя баяры, панцырныя баяры, ардынскія слугі, замкавыя слугі і іншыя. За вайсковую службу яны вызваляліся ад падаткаў і павіннасцяў з зямлі або плацілі іх меней[1]. Татары ВКЛ паводле умовы іх пасялення, былі абавязаны асабіста служыць вялікаму князю[2]
Паспалітае рушэнне XV—XVIII ст.
У XV—XVI стагоддзях узрасло значэнне баярскага (шляхецкага) войска. У выпадку вайны кожны князь, пан, баярын і татарын, незалежна ад велічыні маёнтка, павінен быў адпраўляцца ў паход сам у поўнай зброі. Акрамя таго, кожны землеўладальнік, у залежнасці ад матэрыяльнага становішча, быў абавязаны выстаўляць пэўную колькасць вершнікаў («коней») і пехацінцаў (драбаў), таксама ў поўнай зброі. За права валодання зямлёй феадал, паводле Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1529 года, адпраўляў на вайну аднаго «каня» з 2400 моргаў («конь» — узброены вершнік, незаможныя баяры самі выступалі гэтым «канём», заможныя выстаўлялі некалькі «коней», якімі апроч ўласна іх былі іх залежныя баяры, ваенныя слугі або наёмнікі). Форма арганізацыі войска паводле зямельнага абавязку шляхты і мяшчанства называлася паспалітам рушэннем.[3]
Большую частку баярскага апалчэння ВКЛ складалі цяжкаўзброеныя вершнікі (рыцарства — капійнікі). Яны былі ўзброены дзідамі і мячамі, мелі надзейны ахоўны рыштунак, цяжкіх коней. Іншая частка — стральцы — мела лукі або арбалеты. Ваяры складалі невялікія атрады — коп’і, якія аб’ядноўваліся ў харугвы. Яны выступалі пад уласнымі сцягамі-харугвамі. Харугвы камплектаваліся па тэрытарыяльным прынцыпе або выстаўляліся буйнымі землеўладальнікамі. Да бою харугвы шыхтаваліся звужанымі наперадзе калонамі. Спераду размяшчаліся цяжкаўзброеныя капейнікі, за імі лягчэйшыя і стральцы. Да канца XVI стагоддзя шляхецкае апалчэнне Княства складалася практычна выключна з коннікаў. Пяхота выкарыстоўвалася ў асноўным для аховы абозаў, пры будаўніцтве дарог для перамяшчэння войска або ў крытычныя моманты бітвы. Каб ператварыць абоз у непрыступны табар, павозкі ставіліся кругам, іх маглі акоўваць жалезам і звязвацца ланцугамі. З 1382 г. у ВКЛ вядома і пачала выкарыстоўвацца артылерыя.[4]
У пачатку XVI стагоддзя ў ваеннай справе адбыліся значныя змены. Масава з’явілася агнястрэльная зброя — гакаўніцы, марціры і гарматы, іх пачалі ўжываць пры аблогах і ў бітвах. З’явілася спецыяльнасць артылерыстаў — «пушкароў», якія абслугоўвалі гарматы і рабілі для іх «порахі». Найбольш вядомы вялікалітоўскі артылерыст — Казімір Семяновіч, тэарэтык артылерыі, але ў Княстве з прычыны нястачы дзяржаўных інвестыцый, моцнай дзяржаўнай артылерыі стварыць не здолелі, пад патрэбы прыцягвалася магнацкая. У 1609—1611 гадах пры аблозе Смаленска ВКЛ мела 30 гармат з Рыгі і Слуцка, маскоўцы — 170 гармат. У 1676 гадах артылерыя ВКЛ мела 47 гармат. Тым самым часам радзівілаўскія Слуцк — 53, а Нясвіж — 50 гармат. Аднак Паўночная вайна 1700—1721 гадоў вынішчыла гарматны парк паўсюль у ВКЛ. Толькі Радзівілы здолелі падняцца да корпуса артылерыі ў 1760-я гады.[5]
Неабходнасць вядзення войнаў з лёгкімі і хуткімі вершнікамі праціўніка, з татарамі і маскоўцамі, спарадзіла новыя віды кавалерыі — гусараў, пяцігорцаў, казакаў. Паспалітае рушэнне збіралася доўга, таму былі неабходны сталыя гарнізоны ў памежных замках, якім плаціў і забяспечваў ежай і ўсім неабходным або вялікі князь, або магдэбурскі горад, або магнат. Узбагачэнне шляхты і рост яе правоў, стаў грунтам яе жадання перакласці абавязак асабістага ўдзелу у вайне на найманыя войскі. Разам з тым вайсковая-«рыцарская» служба вылучала і ставіла шляхту вышэй за іншыя станы грамадства, сяляне былі вызваленыя ад службы і шляхта заставалася асноўным служылым станам, нехта з сям’і абавязаны быў служыць, калі не бацька то дарослыя сыны, браты, або выдаваць грошы на павятовую харугву.
Remove ads
Попісы і прафесіяналізацыя войска
У 1528[6], 1565, 1567 гадах праводзілі попісы войска Вялікага Княства Літоўскага[7]
Для ўліку колькасці і планавання кампаній, праверкі наяўнасці зброі ў шляхты, асабістай навучанасці і баявога заладжвання атрадаў праводзілі попісы і агляды ў паветах і ўсяго ВКЛ. Віленскім земскім прывілеем 1565 года вызначаны дзень штогадовых збораў павятовай шляхты — 8 верасня. Пасля 1613 года былі вызначаны 4-дзённыя зборы, раз на 2 гады — 8 верасня.
Няяўка на попіс каралася штрафам у 200 коп літоўскіх грошай (500 злотых), а падчас вайны — канфіскацыяй маёмасці. Выплата штрафу не вызваляла ад асабістага з’яўлення на чале почту (неакрэсленага памеру). Удовы, дзеці, або хворыя (пацверджаныя сведкамі і пад прысягай) — выстаўлялі або дарослых братоў і сыноў, або замену адпаведна маёмасці ў павеце ў яго рушэнне. Паны радныя, ураднікі, князі і паняты маглі ставіць почты асобна ад павета у «адпаведнасці даўнім звычаям» або на ласку гаспадарскую. Касцёл таксама выстаўляў почты з ўладанняў на земскім праве
Сойм абвяшчаў попіс, харунжы павета ехаў на чале свайго павета на месца збору, дзе ён іх перапісаўшы перадаваў або кашталяну ваяводства, або павятовым маршалкам (для няваяводскіх паветаў) пасля, усе разам, сустрэўшыся з ваяводам, рушылі на месца агульнадзяржаўнага збору паспалітага рушэння і, перадаўшы спіс, атрымлівалі вырак гетмана па адсутных. Нягледзячы што дзяржава паводле дэмаграфічных паказчыкаў у сярэдзіне 16 ст. магла выставіць 70 000 ваяроў[8][9], у рэчаіснасці да войска на попісы не даходзіла і 50 000[10]. Прыбытку скарба 3 млн злотых у 1625—1627 гадах хапала на аплату 5000 жаўнераў, а добраахвотнікаў-наймітаў у ВКЛ па пачатку 17 ст. рэдка было больш за 3000 з усей Рэчы Паспалітай. выключэннем быў ўдзел абывацеляў ВКЛ у разрабаванні Маскоўскай дзяржавы падчас Смуты. Пік мабілізацыі шляхецкага грамадства і наём знешніх ваяроў адбыўся падчас Патопу. У 1661 годзе яно склала 23 000. Аднак велізарныя страты, магнацкая алігархія і шляхецкае свавольства зменшылі магчымасць аплачваць утрыманне дзяржаўнага войска, Пасля 1717 года войска было рэдукавана да 6000 і больш не павялічвалася аж да паўстання 1794 года[11]
Згодна з правам паспалітае рушэнне нельга было выкарыстоўваць па-за межамі краіны. калі Інфлянцкая вайна пачаткова была абарончай для ВКЛ, шляхта служыла з абавязку абароны ўласнага краю, але калі выбарны кароль — Стэфан Баторый пажадаў вывесці польскую земскую службу за межы пад Пскоў, яна пагадзіліся служыць толькі за аплату з каралеўскага скарбу. Гэта быў прэцэдэнт, які распаўсюдзіўся на войска ВКЛ падчас вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй ў Інфлянтах, бо шведы не ўрываліся у межы ВКЛ, а вайна вялася фармальна за шведскую карону Жыгімонта Вазы, кароль быў вымушаны пагадзіцца і разлічвацца са шляхтай, якая наймалася на службу, як за вайну «на яго патрэбу у чужым краі» не за кошт саміх абавязаных, а са сродкаў дзяржавы і яго двара (каралеўскіх эканомій, падаткаў і іншага). Большасць войска працягвала вербавацца на службу магнацкімі дамамі і складалася са шляхты, таму шляхта (к адрозненні ад замежных наймітаў) у выпадку канфліктаў інтарэсаў з дзяржавай, мела права і магчымасці адстойваць іх праз з’езды, соймы і канфедэрацыі[12]
Уніфікацыя і прафесіяналізацыя відаў кавалерыі і пяхоты ў Польшчы адбылася ў часы Стэфана Баторы, а ў ВКЛ пры Жыгімонце Вазе. Вясной 1601 года былі апісаны камплекты ўзбраення для гусараў, пяцігорцаў, казакаў, пяхоты[13]. Такім чынам утвараліся тактычныя адзінкі (роты і палкі) якія маглі разам выконваць аднолькавыя функцыі на полі бою і падчас маршаў. Без пэўнага камплекту ваяр не мог паступіць на службу. У адпаведнасці з наяўным у яго камплектам ўзбраення налічвалася аплата за службу і выдавалася забеспячэнне.
Прыватныя атрады называліся почтамі. У іх склад уваходзіў пан-таварыш і пачтовыя-пахолкі. Найманыя атрады называліся ротамі. Ротамі кіравалі ротмістры[14]. Ім падначальваліся, але былі роўняй, таварышы, якія наймаліся самі і прыводзілі іншых паводле кантракту (прыпаведнага ліста) на службу ў роту або полк. У выпадку канфедэрацыі таварыства выбірала ротмістраў, палкоўнікаў праз якіх дзяржава разлічваліся з войскам.
Выбранецкая пяхота (па 1 з 20 дымоў) была уведзена ў Польшчы з 1578 года, а ў ВКЛ з 1595 года. Сваякі выбранца вызваляліся ад падаткаў і забяспечваліся вёскай, ідучы на службу выюранцы павінны былі мець ежу на месяц, быць апрануты, мець рушніцы, шаблі, сякеры. Пяхота была рэфармавана на венгерскі, а потым на нямецкі манер, адмовілася ад доўгіх пік і зрабіла стаўкі на гакаўніцы — мушкеты, модныя, але на той час яшчэ малаэфектыўныя. У 1607 годзе і «польскую» (паняцце ўжывалася як скарот ад Рэчы Паспалітай і не меў жорсткіх этнічных маркераў, напрыклад пад Кірхольмам было дзве «польскія» харугвы выбранцоў з пад Шавеля і Берасця)[15] пяхоту закранула падвышэнне ставак. Жолд вырас на злоты: ротмістрам выбранцоў да 20 злотоых, паручнікам 10 злотых, дзясятнікам выбранцоў і музыкам да 4 злотых, а шэраговым выбранцам да 3 злотых.
Набор войска пачынаўся загадам гаспадара, які пасля Люблінскай уніі пацвярджаў сойм, адбываўся пасля рассылкі віцаў, прыпаведных лістоў, паводле абавязку абараняць горад і найму на службу. Гарады выстаўлялі свае дзясяткі і сотні пяхоты і кавалерыю — казакаў у агульнае войска, калі ім нічога не пагражала, бо іх перашаснай задачай і абавязкам была абарона саміх сябе. Акрамя таго на дзяржаўную і прыватную службу наймалі пяхоту з запарожскіх казакаў, шкотаў, галандцаў, англічан, немцаў. З іх падчас вайсковых рэформ Вазаў, пад інструктажам нямецкіх, галандскіх і італьянскіх афіцэраў, войска ВКЛ пераймала еўрапейскія практыкі і выгляд — фармавалася пяхота замежнага ўзору. Прычым кавалерыя ВКЛ у гэты перыяд граміла шведаў і немцаў, але нанятыя рэйтары ці пяхота з немцаў, у 1600 −1620-я атрымлівалі такі ж жолд як айчынныя гусарыя (20-30 зл. за чвэрць.)
Аснову ўзбраення першых гусараў складалі дзіда і шчыт, пачаткова яны былі эмігрантамі з Балкан, але, паколькі Стэфан Баторый падчас войнаў з Масквой, паабяцаў ім самую вялікую аплату, туды запісалася эліта ВКЛ у сваіх высакаякасных цяжкіх рыцарскіх даспехах, на каштоўных канях і з даўгімі дзідамі. Так гусары Рэчы Паспалітай, у адрозненні ад сваіх прататыпаў, сталі выкарыстоўваць поўныя абарончыя даспехі і ператварыліся ў цяжкую капійную кавалерыю. Пяцігорцы і рэйтары былі лягчэйшымі за гусар, цяжкімі і сярэднімі вершнікамі, не ўжывалі дзід для атакі, а карысталіся белай зброяй, стрэльбамі і пісталетамі. Розніца паміж імі была, што адны былі ва ўсходнім даспеху, другія — у заходнім. Лёгкую конніцу складалі лісоўчыкі, татары і казакі. Татары мелі сцяганыя халаты, часам панцыры (кальчугі) і рагаціны. Асаблівасцю казакаў быў лук, часам у спалучэнні з кароткай дзідай і адсутнасць засцерагальнага ўзбраення. Для ВКЛ гэта від лёгкай кавалерыі не прывязаны да тэрыторыі.
У 1617 годзе ў інфлянцкім войску ВКЛ, на год раней за кароннае, з’явілася французскія найміты — драгоны — цяжкая пяхота на конях, задача якой было пад’язджаць пад абстрэлам, спешвацца і браць умацаванні. Пры Уладзіславе Вазе працэс рэфармавання арміі набыў завершаныя формы была створана пяхота «замежнага» і «народнага» узору.
У 17 ст. вырасла моц палявой артылерыі, а інжынерныя абарончыя умацаванні станавіліся непераадольныя для кавалерыйскай атакі, таму ўтрыманне элітнай кавалерыі шмат каштавала самаму рыцарству і дзяржаве, а дысцыпліна войска была слабай — пасля Патопу большасць кавалерыі пачалі складаць рэйтары, казакі і драгуны[16].
Хранічнай праблемай войска ВКЛ было тое што чвэрць прыбыткаў з каралеўшчын, якая павінна была ісці ў спецыяльны фонд — кварту, на наём войска, туды рэдка даходзіла. Войска збіралася толькі на вайну — потым распускалася. Яно было шляхецкім, а не масавым-рэкруцкім як у суседзяў ужо з 17 ст. Шляхта стварала канфедэрацыі і зрывала кампаніі. Афіцэрскі корпус быў нешматлікі і закрыты для асоб простых станаў. Выдаткі дзяржавы на ўмацаванні, арсеналы былі мінімальнымі, бо ў мірныя гады падаткі на гэта сойм звычайна не ўхваляў, а гарады і кароль эканомілі. Арміі кожнага з суседзяў і прыватныя атрады магнатаў былі большымі за 6100 ставак дзяржаўнага войска вызначанага ВКЛ пасля Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў. Каралі саксонскай дынастыі Вецінаў увялі у Рэчы Паспалітай батальёны, масай кавалерыі сталі драгуны, да стрэльбаў пяхоты дадалі штыкі, але не маглі павялічыць іх колькасць войскаў[17].
Крызіс дзяржаўнасці сярэдзіны 18 ст.[18] сведчыў, што наспелі рэформы па мадэрнізацыі войскаў. У 1765 годзе соймам абрана Вайсковая камісія Вялікага Княства Літоўскага — калегіяльны орган па пытаннях арганізацыі і забеспячэння арміі.
Пасля рэформ 1786 года
Структура
Пытанні арганізацыі і забеспячэння арміі кантралявала Вайсковая камісія Вялікага Княства Літоўскага. Армія Вялікага Княства Літоўскага разглядалася побач арміі Каралеўства Польскага як корпусы агульнай арміі Рэчы Паспалітай.
У 1786—1795 гадах армія Княства складалася з гвардыі, корпуса інжынераў, корпуса артылерыі, пярэдняй стражы і корпуса пяхоты і кавалерыі. Корпус пяхоты і кавалерыі (Корпус войскаў ВКЛ) складаўся з двух дывізій змешанага тыпу, якія фарміраваліся па тэрытарыяльным прынцыпе, кожная ў сваёй вайсковай акрузе. Тым жа часам Корпус пяхоты і кавалерыі Кароны складаўся з чатырох дывізій. Армія камплектавалася з добраахвотнікаў і прыгонных сялян праз рэкруцкі набор.
- Гвардыя
- Рэгімент пешай гвардыі
- Рэгімент коннай гвардыі
- Корпус інжынераў
- Корпус артылерыі
- Пярэдняя варта
- Корпус пяхоты і кавалерыі
- 1-я дывізія
- 1-я пяхотная брыгада
- 2-я пяхотная брыгада
- 1-я брыгада народнай кавалерыі
- 2-я дывізія:
- 1-я пяхотная брыгада
- 3-ці пяхотны рэгімент польнай булавы
- 4-ы пяхотны рэгімент польнай булавы
- 2-я пяхотная брыгада
- 7-ы пяхотны рэгімент фузілёраў
- 8-ы пяхотны рэгімент Радзівілаў
- 2-я брыгада народнай кавалерыі
- 1-я пяхотная брыгада
- 1-я дывізія
У кавалерыі таварышы і паштовыя, у пяхоце шэраговыя, фузілёры, пешыя стралкі.
Строй
Дзяржаўная пяхота ў ВКЛ 17 ст. насіла шэры ці сіні колер вопраткі. Сукно, боты і зімовыя кажухі забяспечвала дзяржава. Шляхта і іх почты, а таксама гарадскія ваяры насілі вопратку гербавых колераў.
Народная кавалерыя, пяхота і артылерыя ўжывалі строй узору 1786—1789 гадоў. У кавалерыі строй аднолькавы (уведзены ў 1786 годзе). У пяхоты ў кожным палку свой колер прыборнага сукна, строй узору 1789 года. У кавалерыі і пяхоты курткі гранатавыя, у артылерыстаў і пешых стралкоў — зялёныя. На галаве шараговых — шапка (каскет — фр. casquette) з Арлом і літарамі SAR, у кавалерыі — рагатыўкі, у пешых стралкоў — капелюшы. Пагоня ўжывалася на вальтрапах, набойніцах, партупеях, спражках. Цэшка ў арміі Княства — белая.
Уплыў традыцый войска ВКЛ на вайсковае мастацтва Еўропы.
Пастаянныя перамогі кавалерыі ВКЛ над шведамі палявых бітвах у пачатку 17ст. прымусілі Густава ІІ Адольфа распрацаваць лінейную тактыку з апорай на агнястрэльную моц пяхоты і інжынерныя ўмацаванні, якая стала пануючай у Еўропе пасля Трыццацігадовай войны.
Дзякуючы адданай службе Аляксандра Улана Асанчуковіча і 8 харугваў літоўскіх татараў у Паўночную вайну 1700—1721 гадоў Аўгусту Моцнаму пры двары саксонскіх каралёў у пачатку 18 ст. з’явіўся новы від кавалерыі — [[:pl:Ułani|уланы]]. Узбраенне і рыштунак літоўскіх татар сталі узорам для лёгкай кавалерыі 19-20 ст. ва усім свеце, а іх шапкі сталі ўзорам для будучых вайсковых шапак — канфедэратак
Артэфакты ў музеях
У Венскім Сусветным музеі захоўваецца 4 даспехі Радзівілаў і Стэфана Баторыя, ёсць яны і ў Метраполітан музеі, у Варшаве ў Музеі Войска польскага і Нацыянальным музеі захоўваюцца шаблі, даспехі, гарматы з земляў ВКЛ, захоўваецца куртка афіцэра корпуса артылерыі Княства і шапка шэраговага 4-га пяхотнага рэгіменту.
Удзел у кампаніях
Remove ads
Пасадовыя асобы
Найважнейшыя бітвы



- 22 верасня 1236 г. — Бітва пры Саўле. Жамойты і земгалы разграмілі крыжакоў з Ордэна мечаносцаў. Вялікі магістр ордэна Фольквін фон Наумбург і 48-60 рыцар памерлі.
- 13 ліпеня 1260 г. — Бітва на Дурбэ. Жамойты і куршы разграмілі крыжакоў Тэўтонскага ордэна і яго хаўруснікаў з Лівонскага ордэна. Загінулі лівонскі ландмайстар Бурхард фон Горнхаўзен і маршал Генрых Ботэль і 150 рыцараў.
- 16 лютага 1270 г. — Бітва пры Карусе. Войскі Княства на чале з Трайдзеням на лёдзе Балтыйскага мора разграмілі лівонскіх крыжакоў, падтрыманых датчанамі. Загінуў лівонскі ландмайстар Ота фон Лютэнберг, правадыр датчан Эйларт, 52 рыцары і каля 600 звычайных жаўнераў.
- 5 сакавіка 1279 г. — Бітва пад Ашэрадэнам. Войскі Княства пад кіраўніцтвам Трайдзеня разграмілі лівонскіх крыжакоў. Лівонскі ландмайстар Эрнст фон Ратцбург і 71 рыцар былі забітыя.
- 1321 — Бітва на рацэ Ірпень. Войска Вялікага княства Літоўскага разграміла войска Кіеўскага княства. Гэтая бітва ўсталявала ўладу ВКЛ на некалькі стагоддзяў над сучаснымі ўкраінскімі землямі — Галіччынай, Падоллем, Валынню, Брацлаўшчынай і Кіеўшчынай.
- восень 1362 — Бітва на Сініх Водах. Бітва была галоўнай падзеяй y наступленні ВКЛ на падпарадкаваныя татарам землі паўднёва-заходняй Русі. Гэтая перамога аддала Альгерду ўсё Падолле, а ў стратэгічным выніку — і Кіеўшчыну.
- 12 жніўня 1399 г. — Бітва на Ворскле. Бітва паміж саюзным войскам вялікага князя Вітаўта і хана Тахтамыша, з аднаго боку, і войскам Залатой Арды на чале з ханамі Цімур-Кутлукам і Эдзігеем.
- 15 ліпеня 1410 г. — Грунвальдская бітва. Бітва паміж злучаным войскам Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага і войскам Дзяржавы Тэўтонскага ордэна. Хаўруснае войска Польскага Каралеўства і ВКЛ узяло поўную перамогу. Загінулі 18 тысяч нямецкіх рыцараў, воінаў і чэлядзі, яшчэ 14 тысяч былі ўзяты ў палон, а ўратавалася толькі трохі больш за 1400 чалавек. Былі ўзятыя ўсе гарматы і 52 сцягі крыжацкага войска. Перамога пераламіла ход Вялікай вайны.
- 1 верасня 1435 г. — Бітва пад Вількамірам, памёр магістр Лівонскага ордэна Франк Керскорф. Зыход бітвы фактычна вырашыў вынік усёй вайны на карысць Жыгімонта Кейстутавіча.
- 14 ліпеня 1500 г. — Бітва на Ведрашы. Разгром войскаў ВКЛ войскамі Вялікага Княства Маскоўскага. Вялікі гетман літоўскі Канстанцін Астрожскі трапіў у палон.
- 6 жніўня 1506 г. — Клецкая бітва. Бітва паміж войскам ВКЛ на чале з Міхаілам Глінскім і войскам крымскіх татар. Перамога войска ВКЛ дазволіла вызваліць каля 40 тыс. нявольнікаў, якіх татары збіраліся весці ў Крым, было узята 30 тыс. коней. Хан Менглі-Гірэй пад уражаннем ад вынікаў бітвы стаў на пэўны час саюзнікам ВКЛ.
- 8 верасня 1514 г. — Бітва пад Оршай. Войска ВКЛ пад кіраўніцствамі Канстанціна Астрожскага перамагло пераўзыходнае ў некалькі разоў войска Вялікае Княства Маскоўскае. Маскоўскі бок страціў 40 тыс. забітымі, у палон трапілі 10 ваяводаў, 17 вайскаводаў, 2 тыс. «дзяцей баярскіх» і больш за 2 тыс. ваяроў.
- 26 студзеня 1564 г. — Бітва на Уле. Вынікам бітвы і наступнай перамогі літвінаў на Дуброўне пад Оршай быў зрыў вялікага маскоўскага паходу 1564 года. Маскоўскі ваявода Пётр Шуйскі быў забіты мясцовымі жыхарамі.
- 27 верасня 1605 г. — Бітва пад Кірхгольмам. Поўную перамогу ў бітве з шведамі ўзяло войска Рэчы Паспалітай і ВКЛ. У выніку была знятая аблога Рыгі, і шведы адступілі з ужо занятых імі земляў Інфлянтаў. Бітва ўваходзіць у лік вядомых поўных перамог, вядомых перамог меншымі сіламі, у лік значных перамог войска ВКЛ і ў лік бітв, дзе вырашальную ролю адыграла гусарыя.
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads
