Дзяржаўная дума Расійскай імперыі 1-га склікання
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Дзяржаўная Дума Расійскай імперыі 1-га склікання (рас. Государственная Дума Российской империи 1-го созыва) — першы прадстаўнічы орган у Расійская імперыі, утвораны ў выніку выбараў. Скліканне Думы стала саступкай царскай улады ва ўмовах рэвалюцыі 1905—1907 гг. Дзейнасць І Думы была спробай пераўтварэння Расіі з самадзяржаўнай у парламенцкую манархію. Дума 1-га склікання правяла адну сесію і праіснавала 72 дні (з 27 красавіка па 9 ліпеня 1906 г., пасля чаго была распушчана імператарам.
Remove ads
Паўнамоцтвы
Да 1906 г. у Расійскай імперыі адсутнічалі прадстаўнічыя органы ўлады на дзяржаўным узроўні. Скліканне такога органа стала адным з галоўных патрабаванняў ва ўмовах рэвалюцыі, якая пачалася ў 1905 г. Упершыню абяцанне склікання Дзяржаўнай Думы было дадзена імператарам Мікалаем ІІ у Маніфесце 6 жніўня 1905 г., падрыхтаваным міністрам унутраных спраў Аляксандрам Булыгіным («Булыгінская дума»). Паводле яго, Дума разглядалася як законадарадчы орган з вельмі абмежаванымі паўнамоцтвамі і колам асоб, надзеленых выбарчым правам. Гэты праект выклікаў моцную крытыку з боку грамадскасці, і ў выніку ўзмацнення пратэстаў імператар у Маніфесце 17 кастрычніка 1905 г. абяцаў наданне Думе заканадаўчых паўнамоцтваў:
«Устанавіць як непарушнае правіла, што ні адзін закон не можа ўступіць у сілу без адабрэння Дзяржаўнай Думы, і каб абраным народам была прадастаўлена магчымасць удзельнічаць у наглядзе за правільнасцю дзеянняў прызначаных Намі ўлад»[1].
Паўнамоцтвы Думы былі канчаткова вызначаны законам ад 20 лютага 1906 г., які рэгуляваў парадак працы Думы, і «Асноўнымі дзяржаўнымі законамі» ад 23 красавіка 1906 г. Згодна з гэтымі дакументамі паўнамоцтвы Думы былі даволі абмежаванымі. Дума абіралася на 5 гадоў; імператару было нададзена права яе датэрміновага роспуску. Працягласць пасяджэнняў Думы і тэрміны іх перапынкаў вызначаліся ўказамі імператара. Дума магла прымаць законы, прапанаваныя ёй урадам, а таксама зацвярджаць дзяржаўны бюджэт. Правам заканадаўчай ініцыятывы і запытаў да міністраў наконт незаконных дзеянняў уладаў маглі карыстацца думскія групы ў складзе не менш чым 30 дэпутатаў. У перыяд паміж сесіямі імператар мог аднаасобна прымаць законы, якія падлягалі зацвярджэнню Думай падчас сесій[2]. Дзяржаўная дума станавілася ніжняй палатай парламента. Ролю верхняй палаты выконваў Дзяржаўны савет. Палова членаў савета прызначалася непасрэдна царом, палова — выбіралася на 9 гадоў ад праваслаўнага духавенства, губернскіх земскіх сходаў (там, дзе іх не было, як у Беларусі — ад сходаў мясцовых буйных землеўладальнікаў), губернскіх дваранскіх сходаў, Акадэміі навук, універсітэтаў, Савету гандлю і мануфактур. Законапраект, прыняты Думай, паступаў на разгляд Дзяржсавета і толькі пасля яго станоўчага рашэння і зацвярджэння царом, станавіўся законам. Паводле «Асноўных дзяржаўных законаў» вярхоўная ўлада заставалася ў руках імператара; ён фарміраваў Савет міністраў, які нёс перад ім адказнасць. Толькі імператару належала выключнае права ініцыятывы па пераглядзе «Асноўных дзяржаўных законаў», прызначэння і звальнення вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў, кіравання знешняй палітыкай і войскам, абвяшчэння вайны і заключэння міру[3][4].
Remove ads
Выбары

Закон аб выбарах у Дзяржаўную думу быў апублікаваны 11 снежня 1905 г. Выбары не былі прамымі і павінны былі праводзіцца па курыяльнай сістэме: усяго было створана 4 курыі: землеўладальніцкая, гарадская, сялянская і рабочая, якім была прадастаўлена магчымасць выбраць пэўную колькасць выбаршчыкаў. Былі ўстаноўлены наступныя квоты: адзін выбаршчык на 2 тысячы жыхароў у землеўладальніцкай курыі, на 4 тысячы — у гарадской, на 30 тысяч — у сялянскай, на 90 тысяч — у рабочай курыі[5].
Не ўсе жыхары імперыі мелі права голасу. Каб мець права голасу, трэба было адпавядаць наступным крытэрыям на тэрмін не пазней, чым за год да выбараў:
- для землеўладальніцкай курыі — быць уладальнікам не менш як 100—650 дзесяцін зямлі ў залежнасці ад мясцовасці, і мець нерухомасць коштам не менш чым 15 тысяч рублёў;
- для гарадской курыі — быць уладальнікам гарадской нерухомасці коштам не менш чым 1500 руб. (3 тыс. руб. для сталічных гарадоў), камерцыйных і прамысловых устаноў, плацельшчыкам кватэрнага падатку на суму або служачым;
- для сялянскай курыі — мець дом;
- для рабочай курыі — быць работнікам прадпрыемства, на якім працуе не менш за 50 мужчын[6].
Адметна, што на тэрыторыі Беларусі, дзе пераважалі дробныя прадпрыемствы, толькі 10-15 % рабочых атрымалі выбарчае права. З 71 губерні Расійскай імперыі ў 21 рабочыя не мелі свайго прадстаўніцтва, у тым ліку ў Віцебскай губерні, на той падставе, што колькасць «рабочага люду», якая там пражывала, у адносінах да ўсяго насельніцтва не давала ім магчымасці ўдзельнічаць у выбарах[5].
Акрамя таго, існавалі катэгорыі насельніцтва, якія былі цалкам пазбаўлены выбарчых правоў. Да іх адносіліся замежныя грамадзяне, асобы ва ўзросце да 25 гадоў, жанчыны, студэнты, вайскоўцы, якія знаходзіліся на дзейснай службе, «бродячие инородцы», асобы, прызнаныя вінаватымі ў злачынствах, асобы, знятыя з пасады па рашэнні суда (на працягу 3 гадоў з моманту зняцця), асобы, якія знаходзіліся пад следствам, банкруты (да высвятлення прычыны), асобы, якія знаходзіліся пад апекай (глуханямыя, псіхічна хворыя, прызнаныя марнатраўцамі), асобы, пазбаўленыя духоўнага сану ў сувязі з заганным ладам жыцця, асобы, выключаныя з саслоўных таварыстваў паводле сваіх прысудах, а таксама губернатары, віцэ-губернатары, гарадскія кіраўнікі і іх памочнікі (на даручаных ім тэрыторыях), паліцэйскія (якія працавалі ў выбарчай акрузе)[7].
Выбары праходзілі ў некалькі этапаў:
- для землеўладальніцкай курыі (у паветах і ўсіх іншых гарадах) — два або тры: асобы, маёмасць якіх адпавядала цэнзу, устаноўленаму для дадзенай мясцовасці, на павятовым з’ездзе землеўладальнікаў абіралі дэлегатаў у губернскі сход, дзе тыя ў сваю чаргу абіралі дэпутатаў Думы;
- для гарадской курыі — два этапы: у Маскве, Санкт-Пецярбургу і 24 буйных гарадах, указаных у выбарчым законе, выбаршчыкі абіралі дэлегатаў на гарадскія выбарчыя сходы, дзе тыя ў сваю чаргу абіралі дэпутатаў Думы; у іншых гарадах выбаршчыкі абіралі дэлегатаў на губернскія выбарчыя сходы, дзе тыя ўдзельнічалі ў выбарах дэпутатаў Думы;
- для рабочай курыі — тры этапы: 1) выбары дэлегатаў ад прадпрыемстваў з колькасцю 50-1000 рабочых (мужчынскага полу) або ад кожнай тысячы рабочых на буйных прадпрыемствах на гарадскія або губернскія сходы ўпаўнаважаных; 2) выбары дэлегатаў на гарадскіх або губернскіх сходах упаўнаважаных на гарадскія выбарчыя сходы; 3) выбары дэпутатаў Думы на губернскіх выбарчых сходах;
- для сялянскай курыі — чатыры этапы: 1) выбары дэлегатаў ад 10 двароў на валасны сход; 2) выбары дэлегатаў ад валасных сходаў (па два ад кожнага) на павятовы сход; 3) выбары дэлегатаў ад павятовых з’ездаў на губернскія або абласныя з’езды; 4) выбары дэпутатаў Думы на губернскіх або абласных выбарчых з’ездах[7].
Такім чынам, на апошнім этапе выбараў, на губернскіх або абласных (акружных) выбарчых сходах, непасрэдна дэпутатаў абіралі дэлегаты ўсіх саслоўяў (у 26 гарадскіх акругах дэпутатаў абіралі толькі прадстаўнікі гарадскіх і рабочых курый). Ад кожнай губерні, у залежнасці ад колькасці выбаршчыкаў, абіралася ад 2 да 15 дэпутатаў, ад вылучаных 26 гарадскіх акруг — ад 1 да 6.
Усяго было створана 135 выбарчых акруг, у тым ліку 26 гарадскіх (абраныя 34 дэпутаты), 33 тэрытарыяльна-саслоўныя, канфесійныя, тэрытарыяльна-канфесійныя і этнічныя акругі (40 дэпутатаў). Ад Еўрапейскай часткі Расійскай імперыі было абрана 412 дэпутатаў (79 %), адКаралеўства Польскага — 37 дэпутатаў (7 %), ад Каўказа — 29 (6 %), ад Сібіры і Далёкага Ўсходу — 25 (4 %), ад Цэнтральнай Азіі і Казахстана — 21 (4 %)[8].
Выбары праводзіліся ў асноўным у лютым-сакавіку 1906 г., а ў нацыянальных акругах і ўскраінах — пазней, так што да пачатку працы было абрана каля 480 дэпутатаў з 524, таму склад першай Думы паступова папаўняўся абранымі дэпутатамі.
У 70 % губерняў і абласцей імперыі на момант правядзення выбараў дзейнічала ваеннае або надзвычайнае становішча, што дазваляла ўладам трымаць у гарадах узмоцненыя аддзелы паліцэйскай варты, забараняць правядзенне апазіцыйных выбарчых сходаў, зачыняць апазіцыйныя перыядычныя выданні і г.д.[9]. Асабліва ўлады разлічвалі аказаць уплыў на электаральныя паводзіны сялянства, беручы пад увагу высокі ўзровень сярод яго непісьменнасці. Міністр унутраных спраў абавязваў падначаленыя яму структурныя падраздзяленні, земскіх начальнікаў прыняць належныя меры для недапушчэння пранікнення на перадвыбарчыя сялянскія сходы прадстаўнікоў апазіцыі і выбрання на іх «неблаганадзейных» кандыдатаў. Часам паліцыя арыштоўвала «неблаганадзейных» кандыдатаў. Так, напрыклад, у мястэчку Хіславічы Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні напярэдадні валасных выбараў было арыштавана каля 100 сялян. У Каменскай воласці Гродзенскага павета дэлегатам быў абраны А. Калеснік, які адразу ж быў арыштаваны паліцыяй і падчас наступнага этапа выбараў знаходзіўся ў турме. У Рагачоўскім павеце Магілёўскай губерні сяляне пайшлі на выбары толькі пад прымусам з боку земскіх начальнікаў[10].
Прадстаўнікі левых і крайне правых партый байкатавалі выбары. Левыя лічылі, што Дума не мае рэальнай улады, а крайне правыя ў цэлым негатыўна ставіліся да самой ідэі парламентарызму, выступаючы за непахіснасць самадзяржаўя. Нягледзячы на гэта, некаторыя сацыял-дэмакраты і эсэры ўдзельнічалі ў выбарах як незалежныя кандыдаты[11].
Нягледзячы на афіцыйную забарону, выбары байкатавалі рабочыя многіх буйных прадпрыемстваў, а таксама частка сялян. Так, напрыклад, сяляне Барысаўскага павета Мінскай губерні, якія даведаліся ад земскага начальніка, што няяўка на выбары будзе цягнуць за сабой штраф, адказалі:
«Лепш застацца дома, чым ехаць некуды за паноў шары качаць»[12].
Часта непісьменнасць або нізкі ўзровень пісьменнасці не дазвалялі сялянам зразумець сутнасць выбараў. Так, напрыклад, сялянскі дэлегат, абраны ад Пінскага павета Мінскай губерні, на пытанне, каго будуць выбіраць у Думу, адказаў:
«Ды мабуць таго самага цара, шчо і зараз»[13].
Remove ads
Склад


Усяго было абрана 497 дэпутатаў, з іх 11 мандатаў было анулявана, 1 падаў у адстаўку, 1 памёр, а 6 не паспелі прыбыць.
Дэпутаты размеркаваліся наступным чынам:
- па ўзросце: да 30 гадоў — 7 %; ад 30 да 40 гадоў — 40 %; ад 40 да 50 гадоў — 38 %, больш за 50 % — 15 %;
- па ўзроўні адукацыі: з вышэйшай адукацыяй 42 %, сярэдняй — 14 %, ніжэйшай — 25 %, хатняй — 19 % непісьменных — 2 чалавекі;
- па прафесіях: 121 земляроб, 10 рамеснікаў, 17 фабрычных рабочых, 14 купцоў, 5 фабрыкантаў і кіраўнікоў фабрык, 46 землеўладальнікаў і кіраўнікоў маёнткаў, 73 земскія, гарадскія і дваранскія служачыя, 6 святароў, 14 чыноўнікаў, 39 юрыстаў, 16 урачоў, 7 інжынераў, 16 прафесараў і прыват-дацэнтаў, 3 настаўнікі гімназіі, 14 вясковых настаўнікаў, 11 журналістаў і 9 чалавек невядомых прафесій[8].

Паводле партыйнай прыналежнасці, большасць месцаў занялі канстытуцыйныя дэмакраты — 176 дэпутатаў. Таксама былі абраныя 102 прадстаўнікі «Працоўнага саюза», 23 сацыялісты-рэвалюцыянеры, 2 члены Партыі вальнадумных, 33 члены Польскага кола, 26 членаў Партыі мірнага абнаўлення, 18 — Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (меншавікоў), 14 беспартыйных аўтанамістаў, 12 прагрэсістаў, 6 членаў Партыі дэмакратычных рэформаў, 100 беспартыйных[8].
Былі сфарміраваны наступныя фракцыі: кадэты — 174 дэпутатаў, акцябрысты — 16, трудавікі (члены «Працоўнага саюза») — 96, сацыял-дэмакраты (меншавікі) — 18 (спачатку меншавікі ўвайшлі ў фракцыю трудавікоў і толькі ў чэрвені, па рашэнні IV з’езда РСДРП, стварылі ўласную фракцыю); аўтанамісты — 70 чалавек (прадстаўнікі нацыянальных раёнаў, якія выступаюць за аўтаномію гэтых тэрыторый і іх прыхільнікі: Польскае кола, прадстаўнікі ўкраінскай, літоўскай, латышскай і іншых нацыянальных груп), прагрэсісісты — 12 (фракцыя была сфарміравана беспартыйнымі кандыдатамі з ліберальнымі поглядамі, блізкімі да кадэтаў). Незалежных кандыдатаў было 100, у тым ліку эсэры, якія афіцыйна не стварылі фракцыю з-за байкоту выбараў сваёй партыяй[14].
Старшынёй Думы быў абраны кадэт Сяргей Мурамцаў, прафесар грамадзянскага права і судаводства Маскоўскага ўніверсітэта. Таварышамі старшыні былі князь Пётр Далгарукаў і Мікалай Грэдэскул (абодва кадэты), сакратаром — князь Дзмітрый Шахоўскі.
Remove ads
Дзейнасць
Першае пасяджэнне Дзяржаўнай думы адбылося 27 красавіка 1906 года ў Таўрыйскім палацы ў Санкт-Пецярбургу.
З самага пачатку працы стала відавочнай канфрантацыя дэпутацкай большасці Дзяржаўнай думы з урадам Івана Гарамыкіна. За 72 дні Дума прыняла 391 запыт аб незаконных дзеяннях урада. Кадэты рэгулярна ўзнімалі пытанні аб амністыі для ўсіх палітычных зняволеных, адмене смяротнага пакарання, ліквідацыі Дзяржаўнага савета і ўстанаўленні адказнасці Савета Міністраў перад Думай. Большасць дэпутатаў падтрымала гэтыя патрабаванні, і 5 мая 1906 г. яны былі накіраваны старшыні Савета Міністраў І. Л. Гарамыкіну, які 13 мая ў сваім адказе адхіліў усе патрабаванні Думы[15].

Галоўным пытаннем у працы Першай Дзяржаўнай думы было зямельнае пытанне. 7 мая кадэтская фракцыя за подпісамі 42 дэпутатаў прапанавала свой законапраект. Паводле яго, складаўся дзяржаўны зямельны фонд, у які ўключаліся дзяржаўныя, царкоўныя і частка памешчыцкіх зямель, што здавалася ў арэнду або дрэнна выкарыстоўвалася ў гаспадарчых адносінах, якія перадаваліся ў фонд на аснове прымусовага выкупу па «справядлівай цане». З гэтага фонду прадугледжвалася надзяленне сялян зямлёй на правах арэнды па працоўнай ці па спажывецкай норме. На месцах для рэалізацыі рэформы павінны былі быць створаны зямельныя камітэты на аснове роўнага прадстаўніцтва ў іх сялян і памешчыкаў пры ўдзеле дзяржаўных чыноўнікаў[15].
23 мая фракцыя трудавікоў (104 чалавекі) прапанавала свой законапраект, які прадугледжваў стварэнне грамадскага зямельнага фонду, з якога зямля выдзялялася б у карыстанне па працоўнай норме, а таксама канфіскацыю зямлі ў землеўладальнікаў звыш «нормы працы» з выплатай апошнім устаноўленага ўзнагароджання. Праект прапаноўвалася рэалізаваць праз выбарныя мясцовыя зямельныя камітэты (на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога і тайнага галасавання). 6 чэрвеня 33 дэпутаты ўнеслі распрацаваны эсэрамі найбольш радыкальны аграрны законапраект аб неадкладнай сацыялізацыі ўсёй зямлі і ліквідацыі прыватнай уласнасці на зямлю. Дума большасцю галасоў адмовілася разглядаць такі радыкальны праект. Таксама 8 чэрвеня Савет Міністраў прыняў рашэнне аб роспуску Дзяржаўнай Думы ў выпадку працягу абвастрэння сітуацыі вакол аграрнага пытання, паколькі яго шырокае абмеркаванне ў Думе выклікала ўзмацненне грамадскіх спрэчак і стымулявала рэвалюцыйны рух[15].

Кадэцкая фракцыя таксама ўнесла законапраект аб недатыкальнасці дэпутатаў Думы, які прадугледжваў, што крымінальны пераслед дэпутата падчас сесіі магчымы толькі са згоды Думы (акрамя затрымання падчас або адразу пасля здзяйснення злачынства, але і ў гэтым выпадку Дума магла адмяніць затрыманне), а калі справа ўзбуджалася паміж сесіямі, то ўсе працэсуальныя дзеянні і затрыманне прыпыняліся да адкрыцця сесіі і вырашэння пытання Думай. Аднак дадзены законапраект не быў разгледжаны.
Некаторыя ліберальная настроеныя члены Савета міністраў прапаноўвалі ўвесці прадстаўнікоў кадэтаў у склад ураду. Аднак гэтая прапанова не атрымала падтрымкі ў большасці міністраў. Дзяржаўная Дума выказала недавер ураду, пасля чаго шэраг міністраў сталі байкатаваць яе пасяджэнні. Для дэманстрацыі пагарды да Думы да яе быў унесены першы ўрадавы законапраект аб выдзяленні 40 тыс. руб. на пабудову пальмавай аранжэрэі і ўзвядзенне пральні пры Юр’еўскім універсітэце. За ўвесь час працы Дума ўхваліла два законапраекты: аб адмене смяротнага пакарання і аб выдзяленні 15 млн руб. на дапамогу пацярпелым ад неўраджаю[7].
Remove ads
Разгон Думы і Выбаргская адозва
6 (19) ліпеня 1906 г. замест Івана Гарамыкіна цар прызначыў старшынёй Савета Міністраў Пятра Сталыпіна (які таксама захаваў пасаду міністра ўнутраных спраў). 8 ліпеня Мікалай II выдаў указ аб роспуску Дзяржаўнай думы, што было растлумачана ў маніфесце ад 9 ліпеня наступным чынам:
«Выбарныя ад насельніцтва, замест працы заканадаўчага будаўніцтва, ухіліліся ў неналежную ім вобласць і звярнуліся да расследавання дзеянняў пастаўленых ад Нас мясцовых уладаў, да ўказанняў Нам на недасканаласці Асноўных Законаў, змены якіх могуць быць прадпрынятыя толькі Нашай Манаршай воляй, і да дзеянняў, яўна незаконных, як зварот ад імя Думы да насельніцтва. Збянтэжанае такімі непарадкамі сялянства, не чакаючы законнага паляпшэння свайго становішча, перайшло ў цэлым шэрагу губерняў да адкрытага рабаўніцтва, раскрадання чужой маёмасці, недапарадкаванню закону і законным уладам. Але няхай Нашы падданыя памятаюць, што толькі пры поўным парадку і спакоі магчымае трывалае паляпшэнне народнага быту. няхай будзе вядома, што Мы не дапусцім ніякага сваволля або беззаконня і ўсёй сілай дзяржаўнай моцы прывядзём парушальнікаў закона да падпарадкавання Нашай Царскай волі. Заклікаем усіх добрамысных рускіх людзей аб’яднцца для падтрымання законнай улады і аднаўлення міра ў Нашай дарагой Айчыне»[16].
У маніфесце таксама абвяшчалася правядзенне новых выбараў па тых жа правілах, што і ў Першую Дзяржаўную думу.

9 ліпеня дэпутаты, якія прыбылі на пасяджэнне, выявілі, што дзверы Таўрычнага палаца зачыненыя, а побач да слупа прыбіты маніфест аб роспуску Думы. Некаторыя з іх (180 чалавек), галоўным чынам кадэты, трудавікі і сацыял-дэмакраты, сабраўшыся ў Выбаргу (як у бліжэйшым да Санкт-Пецярбурга горадзе ў Вялікім княстве Фінляндскім), прынялі зварот «Да народа ад народных прадстаўнікоў» (Выбаргская адозва). У ім гаварылася, што ўрад не мае права без згоды народных прадстаўнікоў спаганяць падаткі з народа або заклікаць народ на ваенную службу. Таму Выбаргская адозва заклікала да грамадзянскага непадпарадкавання: адмаўлення ад выплаты падаткаў і выканання вайсковай павіннасці[17]:
«Грамадзяне ўсёй Расіі!
Указам 8-га ліпеня Дзяржаўная Дума распушчана. Калі вы выбіралі нас сваімі прадстаўнікамі, вы даручалі нам дабівацца зямлі і волі. Выконваючы вашае даручэнне і наш абавязак, мы складалі законы для забеспячэння народу свабоды, мы патрабавалі выдалення безадказных міністраў, якія, беспакарана парушаючы законы, душылі свабоду; але перш за ўсё мы жадалі выдаць закон аб надзяленні зямлёй працоўнага сялянства шляхам звароту на гэты прадмет зямель казённых, удзельных, кабінетскіх, манастырскіх, царкоўных і прымусовага характару адчужэння зямель прыватнаўласніцкіх. Урад прызнаў такі закон недапушчальным, а калі Дума яшчэ раз настойліва пацвердзіла сваё рашэнне аб прымусовым адчужэнні, быў аб’яўлены роспуск народных прадстаўнікоў.
Замест цяперашняй Думы Урад абяцае склікаць іншую праз сем месяцаў. Цэлых сем месяцаў Расія павінна заставацца без народных прадстаўнікоў у такі час, калі народ знаходзіцца на краі спусташэння, прамысловасць і гандаль падарваныя. Калі ўся краіна ахоплена хваляваннем і калі міністэрства канчаткова даказала сваю няздольнасць задаволіць патрэбы народа. Цэлых сем месяцаў урад будзе дзейнічаць па сваёй волі і будзе змагацца з народным рухам, каб атрымаць паслухмяную, дагодлівую Думу, а калі яму ўдасца зусім задушыць народны рух, ён не збярэ ніякай Думы.
Грамадзяне! Стойце моцна за парушаныя правы народнага прадстаўніцтва, стойце за Дзяржаўную Думу. Ніводнага дня Расія не павінна заставацца без народнага прадстаўніцтва. У вас ёсць спосаб дабіцца гэтага: урад не мае права без згоды народнага прадстаўніцтва ні збіраць падаткі з народа, ні заклікаць народ на ваенную службу. А таму зараз, калі ўрад распусціў Дзяржаўную Думу, вы маеце права не даваць яму ні салдат, ні грошай. Калі ж урад, каб здабыць сабе сродкі, стане рабіць пазыкі, то такія пазыкі, зробленыя без згоды народнага прадстаўніцтва, з гэтага часу несапраўдныя, і рускі народ ніколі іх не прызнае і плаціць па іх не будзе. Такім чынам, да склікання народнага прадстаўніцтва не давайце ні капейкі ў казну, ніводнага салдата ў войска.
Будзьце цвёрдыя ў сваёй адмове, стойце за свае правы ўсё, як адзін чалавек. Перад адзінай і непахіснай воляй народа ніякая сіла выстаяць не можа.
Грамадзяне! У гэтай вымушанай, але непазбежнай барацьбе, вашыя выбарныя людзі будуць з вамі»[18].
Выбаргская адозва атрымала шырокае распаўсюджанне, але масавага супраціўлення рэжыму не выклікала. Рэвалюцыйныя партыі выступілі з лозунгам узброенага паўстання, аднак, арганізаваць яго не ўдалося. Асобныя выступленні матросаў і салдат (Свеаборгскае паўстанне, Кранштацкае паўстанне) былі падаўлены. Урад узмацніў рэпрэсіі. Новы прэм’ер-міністр Пётр Сталыпін увёў ваенна-палявыя суды, якія ў паскораным парадку распраўляліся з рэвалюцыянерамі. Падпісанты Выбаргскай адозвы былі асуджаныя на тры месяцы зняволення і пазбаўленыя права быць у будучыні абранымі дэпутатамі Дзяржаўнай Думы[19].
Remove ads
Прадстаўніцтва ад Беларусі ў І Дзяржаўнай Думе
Ад пяці заходніх губерняў (Віленская, Гродзенская, Мінская, Віцебская, Магілёўская) у склад Дзяржаўнай Думы былі абраны 36 дэпутатаў. Поўную перамогу на выбарах атрымала кадэцкая партыя. З яе падтрымкай былі абраныя 29 дэпутатаў. Сярод іх, аднак, пераважалі саюзнікі кадэтаў з ліку польскіх і яўрэйскіх арганізацый (Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі, Саюз дасягнення раўнапраўя яўрэяў у Расіі, сіяністы). 5 дэпутатаў (усе сяляне) былі абраныя як беспартыйныя, адзін адносіў сябе да правых і адзін — да сацыял-дэмакратаў[20]. Такім чынам, нягледзячы на адміністрацыйны ціск, абмежаванні для правядзення перадвыбарчых апазіцыйных мітынгаў, недэмакратычнае і дыскрымінацыйнае выбарчае заканадаўства, апазіцыя атрымала перамогу ў беларускіх губернях. Галоўнай прычынай гэтага былі абяцанні апазіцыі вырашыць набалелае для большасці грамадства, перадусім сялянства, аграрнае пытанне[21].
У ходзе работы Думы адбылася перагрупоўка дэпутатаў ад пяці заходніх губерняў. Прычым шэраг дэпутатаў удзельнічалі ў некалькіх фракцыях; некаторыя ў розных абставінах падтрымлівалі тыя альбо іншыя фракцыі З 29 дэпутатаў, якія прайшлі ў Думу пры падтрымцы кадэтаў, да кадэцкай фракцыі далучыліся толькі 11 (Гірш Брук, Аляксей Валковіч, Антон Курапацкі, Шмарыя Левін, Аляксандр Лядніцкі, Сямён Разэнбаўм, Антон Сакалоўскі, Мітрафан Сямёнаў, Рыгор Цвёрды, Віктар Янчэўскі)[22]. Блізкімі да кадэтаў былі фармальна беспартыйныя дэпутаты Майсей Астрагорскі і дзеяч латышскага нацыянальнага руху з Рэжыцкага павета Франц Трасун. Самая буйная група дэпутатаў ад пяці заходніх губерняў, найперш прыхільнікаў Канстытуцыйна-каталіцкай партыі далучылася да Саюза аўтанамістаў. На чале дадзенай групы стаў Аляксандр Лядніцкі, які адначасова заставаўся актыўным дзеячом кадэцкай фракцыі (гэтак жа як і Віктар Янчэўскі).
4 мая 1906 г. у межах Саюза аўтанамістаў паўстала дэпутацкая група з прадстаўнікоў заходніх губерняў, якая ў розных крыніцах фігуравала пад рознымі назвамі: «Территориальное коло» («Тэрытарыяльнае кола»), «Парламентская группа западных окраин» («Парламенцкая група заходніх ускраін»), «Группа северо-западных и юго-западных окраин» («Група паўночна-заходніх і паўднёва-заходніх ускраін»), «Территориальное окраинное коло» («Тэрытарыяльнае акраіннае кола»), «Koło Krajowe Litwy i Rusi» («Краёвае кола Літвы і Русі»), «Koło Poselskie Litwy i Rusi» («Дэпутацкае кола Літвы і Русі»). У яе склад уваходзілі 22 дэпутаты, у тым ліку 17 ад пяці заходніх губерняў (Аляксандр Лядніцкі, Геранім Друцкі-Любецкі, Яўстах Любанскі, Раман Скірмунт, Ян Вішнеўскі, Пётр Масоніус, Віктар Янчэўскі, Чэслаў Янкоўскі, Баляслаў Ялавецкі, Эдвард фон Роп, Канстанцін Александровіч, Міхаіл Гатавецкі, Міхаіл Грынцэвіч, Багдан Шахно, Пётр Перасвет-Солтан, Антоній Сангайла, Марцін Жукоўскі) і 5 ад Валынскай і Кіеўскай губерняў[23]. Кіраўнікамі дэпутацкай групы былі Аляксандр Лядніцкі, Геранім Друцкі-Любецкі, Чэслаў Янкоўскі і Фелікс Панятоўскі (апошні прадстаўляў Валынскую губерню). Большасць дэпутатаў гэтай групоўкі былі краёўцамі кансерватыўна-ліберальнага накірунку[24].
Да фракцыі трудавікоў далучыліся 8 дэпутатаў: Канстанцін Аляксандровіч, Міхаіл Гатавецкі, Марцін Жукоўскі (тры вышэй адзначаныя дэпутаты адначасова ўваходзілі ў «Тэрытарыяльнае кола»), Фёдар Буслоў, Сямён Кандрашук, Рыгор Філіпаў, Уладзімір Якубсон і Франц Трасун[25]. Да правых дэпутатаў належаў толькі Міхаіл Ярогін.
Дэпутаты ад Беларусі прынялі актыўны ўдзел у складанні адказу на «тронную прамову» Мікалая ІІ. У склад спецыяльнай камісіі з 33 дэпутатаў па падрыхтоўцы праекта адказу ўвайшлі князь Геранім Друцкі-Любецкі і селянскі дэпутат Фёдар Буслоў. У адказ былі ўключаны просьбы аб палітычнай амністыі, ліквідацыі ўзмоцненай і надзвычайнай аховы, ваеннага становішча, неабходнасці стварэння ўрада, які б карыстаўся даверам Думы. З патрабаваннямі шырокай амністыі палітычным вязням і адмены ваеннага становішча, уведзенага пасля падаўлення снежаньскіх выступленняў 1905 г., выступалі Аляксандр Лядніцкі, Пётр Масоніус, Франц Трасун, Васіль Каранькоў[26].
Сярод кадэтаў актыўны ўдзел у барацьбе за ўсталяванне прынцыпу адказнасці ўрада перад Думай прымаў Аляксандр Лядніцкі. У адной са сваіх прамоў ён заяўляў:
«Да таго часу, пакуль міністэрства не будзе абапірацца на давер палаты і не будзе ёй падпарадкавана, да таго часу нашы намаганні, накіраваныя на ўсталяванне парадку ў краіне, будуць марныя»[27].
Акрамя таго ў сваіх прамовах ён абгрунтоўваў такі пункт кадэцкай праграмы, як адмена смяротнага пакарання[27]. Супраць смяротнага пакарання выказваўся таксама віленскі біскуп барон Эдвард Роп, які прымкнуў да «Тэрытарыяльнага кола»[26].
Па большасці палітычных пытанняў кадэтаў падтрымлівала дэпутацкая група «Тэрытарыяльнае кола» («Парламенцкая група заходніх ускраін»). З другога боку, погляды яе членаў былі блізкія да пазіцый дэпутатаў ад польскіх губерняў (дэпутацкая група «Польскае кола з Каралеўства Польскага», у якой пераважалі польскія нацыянал-дэмакраты). Усіх іх аб’ядноўвалі патрабаванні ўстанаўлення ў Расійскай імперыі канстытуцыйнай манархіі і ўвядзення дэмакратычных свабод, ліквідацыі саслоўнага, нацыянальнага і рэлігійнага нераўнапраўя, культурна-нацыянальнай аўтаноміі народаў імперыі, што прадугледжвала права выкарыстання мясцовых моў у адміністрацыйных, судовых і адукацыйных установах, і дзяржаўна-палітычнай аўтаноміі для Каралеўства Польскага. Аляксандр Лядніцкі быў выбраны ў думскую камісію па распрацоўцы закона аб устанаўленні раўнапраўя усіх грамадзян імперыі, а таксама прызначаны судакладчыкам па «польскаму пытанню»[28].
Дэпутаты ад кадэтаў прысвячалі ўвагу ў сваіх прамовах абароне правоў яўрэйскага насельніцтва, неабходнасці ліквідацыі абмежавальных законаў. Быў асуджаны Беластоцкі пагром 1-3 чэрвеня 1906 г., які адбыўся падчас пасяджэння Думы. Найбольшую актыўнасць у гэтым накірунку праяўлялі Шмарыя Левін і Уладзімір Якубсон[27][29].
Але найбольшы рэзананс выклікала ў Думе аграрнае пытанне. Падставай для абмеркавання сталі прадстаўленыя законапраекты кадэтаў і трудавікоў. Адметна, што кадэцкія дэпутаты ад Беларусі не праявілі пры гэтым вялікай актыўнасці. Большасць дэпутатаў «Тэрытарыяльнага кола» па гэтым пытанні разышліся з кадэтамі: яны выступілі супраць прымусовага адчужэння часткі памешчыцкіх зямель. Аўтанамісты выступалі за наданне нацыянальным ускраінам аўтаноміі або шырокага абласнога самакіравання. Адпаведна вырашэнне аграрнага пытання павінна, на іх думку, адбывацца на мясцовым узроўні, з улікам мясцовых умоў і пры ўдзеле органаў мясцовага самакіравання. Вырашэнне зямельнага пытання ў Заходнім краі бачылася імі толькі пасля неабходнага рэфармавання сістэмы мясцовага самакіравання. Так, Раман Скірмунт у сваёй прамове абапіраўся на прынцып недатыкальнасці ўласнасці, сцвярджаў, што радыкальная аграрная рэформа прывядзе да паніжэння ўзроўню прадукцыйнасці працы ў сельскай гаспадарцы, да большага збяднення сялянства, якое страціць магчымасці дадатковых заробкаў у буйных маёнтках, бо дадатковае надзяленне зямлёй не здолее гэтага кампенсаваць. Некаторыя дэпутаты гэтай групы лічылі магчымым адчуджэнне часткі памешчыцкіх зямель на карысць малазямельных сялян толькі ў асобных выпадках і толькі за выкуп. Такую пазіцыю агугвалі падчас сваіх прамоў Раман Скірмунт, Эдвард Роп, Геранім Друцкі-Любецкі, Віктар Янчэўскі, Антоній Сангайла. Супраць любога магчымасці любога адчужэння зямель выступілі Пётр Масоніус, Баляслаў Ялавецкі, Чэслаў Янкоўскі, Ян Вішнеўскі, Багдан Шахно[30]. З такім пунктам гледжання не пагаджаліся сялянскія дэпутаты. Аграрны законапраект трудавікоў падпісалі 4 дэпутаты ад беларускіх губерняў (Фёдар Буслоў, Антон Сакалоўскі, Канстанцін Александровіч, Міхаіл Гатавецкі). Акрамя таго ў падтрымку радыкальнай агарнай рэформы выказаліся дэпутаты Міхаіл Грынцэвіч, Марцін Жукоўскі, Сямён Кандрашук, Васіль Каранькоў). У той жа час спецыфіка падворнага землекарыстання ў заходняй і цэнтральнай Беларусі (у адрозненне ад абшчыннага землекарыстання ў Расіі і ўсходняй часцы Беларусі) абумовіла крытыку ў прамовах Міхаіла Гатавецкага, Марціна Жукоўскага, Сямёна Кандрашука, Васіля Каранькова і Міхаіла Гатавецкага ідэі сацыялізацыі зямлі і ўраўняльнага землекарыстання. Яны прапаноўвалі замацаваць канфіскаваную ў памешчыкаў зямлю за сялянамі ва ўласнасць з дапамогай губернскіх, павятовых і валасных камісій, складзеных з мясцовага насельніцтва. Міхаіл Гатавецкі выказваў гэтую ідэю ў наступных словах[30]:
«У нас паўсюдна існуе падворнае карыстанне зямлёй на праве выключна ўласнасці, гэта ўласціва ўсяму мясцоваму насельніцтву, і іншая форма валодання, як, напрыклад, прапанавана ў праекце „42-х“, наша насельніцтва не задаволіць … Наш селянін хутчэй пагодзіцца атрымаць меншую колькасць зямлі, але ў поўную ўласнасць, чым больш, але з якімі-небудзь абмежаваннямі»[30].
Ва ўмовах нарастання канфрантацыі Думы з урадам некаторыя апазіцыйныя дэпутаты спалучалі парламенцкую дзейнасць з сувязямі з грамадскасцю (публікацыі, сустрэчы з выбаршчыкамі), што наштурхоўвалася на ціск з боку паліцыі і чарнасоценцаў. Так, напрыклад, 30 чэрвеня 1906 г. гомельскі паліцмайстар выклікаў да сябе прадстаўнікоў мясцовай яўрэйскай абшчыны і перасцярог ад удзелу ў плануемай сустрэчы з кадэцкім дэпутатам Рыгорам Цвёрдым; ён заявіў, што мясцовыя чарнасоценцы вырашылі ўзарваць бомбу падчас схода і забіць дэпутата, а паліцыя абараніць іх не зможа[31].
Пасля разгона Думы шэраг дэпутатаў ад заходніх губерняў, кадэтаў і трудавікоў, падпісалі Выбаргскую адозву: Гірш Брук, Фёдар Буслоў, Аляксей Валковіч, Шмарыя Левін, Аляксандр Лядніцкі, Сямён Разэнбаўм, Рыгор Цвёрды, Уладзімір Якубсон[32]. Прадстаўнікі «Тэрытарыяльнага кола», гэтак жа, як і «Польскага кола» не падпісалі адозву і падвяргалі крытыцы стратэгію кадэтаў. Раман Скірмунт выступаў супраць канфлікту з урадам, які, на яго думку, можа «разваліць канчаткова той прывід улады, які яшчэ існуе ў краіне і прывесці да анархіі»[30].
Спіс дэпутатаў ад заходніх губерняў у І Дзяржаўнай Думе
Віленская губерня
- Канстанцін Казіміравіч Александровіч — селянін Троцкага павета, трудавік, аўтанаміст
- Міхаіл Станіслававіч Гатавецкі — селянін Лідскага павета, трудавік, аўтанаміст
- Міхаіл Мікалаевіч Грынцэвіч — селянін Свянцянскага павета, беспартыйны
- Шмарыя Хаімавіч Левін — яўрэйскі культурны дзеяч, пісьменнік у Вільні, кадэт, сіяніст
- Эдвард Юльевіч Роп — віленскі рымска-каталіцкі біскуп, барон, землеўладальнік Свянцянскага павета, аўтанаміст
- Баляслаў Антонавіч Ялавецкі — дваранін, менеджэр на шэрагу гандлёва-прамысловых прадпрыемстваў, аўтанаміст
- Чэслаў Карлавіч Янкоўскі — дваранін, землеўладальнік Ашмянскага павета, пісьменнік, журналіст, рэдактар газеты «Kurier Litewski», аўтанаміст
Віцебская губерня
- Гірш Якаўлевіч Брук — яўрэйскі грамадска-культурны дзеяч, урач, журналіст, рэдактар газеты «Витебская жизнь», адзін са стваральнікаў Саюза дасягнення раўнапраўя яўрэяў у Расіі, кадэт, сіяніст
- Аляксей Ануфрыевіч Валковіч — грамадскі дзеяч у Віцебску, гласны гарадской думы, кадэт
- Пётр Ігнатавіч Перасвет-Солтан — дваранін-землеўладальнік, юрыст, аўтанаміст
- Франц Станіслававіч Трасун — рымска-каталіцкі ксёндз у Рэжыцкім павеце, дзеяч латышскага нацыянальнага руху, блізкі да кадэтаў
- Багдан Браніслававіч Шахно — дваранін-землеўладальнік, член Віцебскага сельскагаспадарчага таварыства, юрыст, аўтанаміст
- Рыгор Філіпавіч Філіпаў — селян Полацкага павета, блізкі да кадэтаў і трудавікоў
Гродзенская губерня
- Майсей Якаўлевіч Астрагорскі — юрыст, беспартыйны, блізкі да кадэтаў
- Марцін Марцінавіч Жукоўскі — селянін Беластоцкага павета, валасны старшыня, трудавік, аўтанаміст
- Сямён Пятровіч Кандрашук — селянін Кобрынскага павета, беспартыйны, трудавік
- Антон Васільевіч Курапацкі — селянін Гродзенскага павета, валасны суддзя, беспартыйны, кадэт
- Антоній Мікалаевіч Сангайла — рымска-каталіцкі ксёндз з Пружан, аўтанаміст
- Уладзімір Раманавіч Якубсон — яўрэйскі грамадскі дзеяч у Слоніме, юрыст, сіяніст, блізкі да сацыял-дэмакратаў і трудавікоў
- Міхаіл Міхайлавіч Ярогін — павятовы прадвадзіцель дваранства ў Беластоку, землеўладальнік, беспартыйны, падтрымліваў правых
Магілёўская губерня
- Марк Іванавіч Аўсяннікаў — селянін Рагачоўскага павета, беспартыйны
- Фёдар Яфімавіч Буслоў — чыгуначны служачы, актывіст Усерасійскага чыгуначнага саюза, трудавік
- Васіль Афанасьевіч Каранькоў — селянін Аршанскага павета, беспартыйны, блізкі да трудавікоў
- Антон Ільіч Сакалоўскі — селянін Мсціслаўскага павета, беспартыйны, блізкі да кадэтаў і трудавікоў
- Мітрафан Емяльянавіч Сямёнаў — селянін Сенненскага павета, беспартыйны, блізкі да кадэтаў
- Рыгор Мікалаевіч Цвёрды — дваранін, юрыст, грамадскі дзеяч у Магілёве, кадэт
- Аляксандр Якаўлевіч Хамянтоўскі — дваранін, землеўладальнік, блізкі да кадэтаў, аўтанаміст
Мінская губерня
- Ян Янавіч Вішнеўскі — дваранін, землеўладальнік, член Мінскага сельскагаспадарчага таварыства, аўтанаміст
- Сямён Іванавіч Гатоўчыц - селян Навагрудскага павета, беспартыйны
- Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі — князь, член Мінскага і Палескага сельскагаспадарчых таварыстваў, старшыня праўлення Мінскага камерцыйнага банка, аўтанаміст
- Яўстах Янавіч Любанскі — дваранін, буйны землеўладальнік, прадпымальнік, член Мінскага сельскагаспадарчага таварыства, аўтанаміст
- Аляксандр Робертавіч Лядніцкі — дваранін, юрыст, член Мінскага сельскагаспадарчага таварыства, кадэт, аўтанаміст
- Пётр Пятровіч Масоніус — дваранін, філосаф, педагог, псіхолаг, культурны дзеяч, журналіст, аўтанаміст
- Сямён Якаўлевіч Разэнбаўм — яўрэйскі грамадскі дзеяч, адзін з лідараў сіянісцкага руху, кадэт
- Раман Аляксандравіч Скірмунт — дваранін, буйны землеўладальнік і прадпрымальнік, член Мінскага сельскагаспадарчага таварыства, публіцыст, аўтанаміст
- Віктар Юзафавіч Янчэўскі — дваранін, землеўладальнік, гласны, пазней старшыня Мінскай гарадской думы, кадэт, аўтанаміст[33][34][35].
Рэакцыя на разгон Думы ў Беларусі
Выбаргская адозва атрымала шырокае распаўсюджанне, але ва ўмовах спаду рэвалюцыйнага руху, не выклікала, як і ў цэлым у Расійскай імперыі, масавага супраціўлення.
Беларускі паэт Якуб Колас адгукнуўся на разгон Думы сатырычным вершам «Мікалаю ІІ»:
Дзесяць год Мікола думаў
І прыдумаў ён Думу.
Пасадзілі разам з панам
Янку, Грыца і Кузьму.
Пасядзелі тыдняў з восем,
Узлаваўся Мікалай -
Дэпутатам даў па карку,
Ўзяў ды Думу разагнаў.
Да чаго ж мы дажыліся!
Эх, падвёў ты нас, царок!
Каб табе даў Бог на старасць
Лапці, торбу і кіёк.
Ані хлеба, ані солі,
Ні купіць нам, ні прадаць…
Эх, не вер цару ніколі -
Хоча зноў нас ашукаць.[36]
Сялянскі дэпутат Сямён Кандрашук пасля вяртання на радзіму (Кобрынскі павет) быў збіты сваімі зямлякамі «за вяртанне з Думы без зямлі»[37]. 15 ліпеня ў Брэсцкім павеце «за агітацыю сярод сялян» яго арыштавалі (прабыў у турме 6 месяцаў)[38].
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads