Войска Вялікага Княства Літоўскага
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Войска Вялікага Княства Літоўскага — арганізаваныя вайсковыя сілы Вялікага Княства Літоўскага з сярэдзіны XIII ст. да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе.

Узброеныя сілы ВКЛ у сваім развіцці прайшлі тры этапы: княжыя дружыны і масавае ўсеагульнае рушэнне — «пагоня» (XII—XV стст.); паспалітае рушэнне, падмацаванае прафесійным шляхецкім войскам (XV—XVII стст.); прафесійнае войска, нанятае магнатамі і дзяржавай (XVII—XVIII стст.).
Remove ads
Гісторыя і арганізацыя

XIII—XV ст.
Узброеныя сілы Вялікага Княства Літоўскага з’явіліся адначасова са ўзнікненнем самой дзяржавы ў сярэдзіне XIII стагоддзя. Па прынцыпах фарміравання былі падобнымі да ўзброеных сіл суседніх зямель — складаліся з дружын і народнага апалчэння. Народнае апалчэнне, мабілізацыя ўсіх ваеннаабавязаных краіны (expeditio generalis) або аднаго ці некалькіх рэгіёнаў дзяржавы (пазней паветаў і ваяводстваў), збіралася толькі ў выпадку неабходнасці дапамогі ў абароне, пераследу ворага і падобнага. Пераслед ворага быў абавязкам кожнага мужчыны, здольнага насіць зброю, гэты старадаўні ўжо ў канцы XIV ст. звычай-абавязак называўся пагоняй. Пад такой назвай яго фіксуе прывілей 1387 года караля Уладзіслава Ягайлы. Узбраенне, дасведчанасць і эфектыўнасць народных апалчэнняў былі кепскімі ў параўнанні з княжымі дружыннікамі (armigeri) і наймітамі, а магчымасці ўтрымаць масу нематываваных ваяроў разам працяглы час не дзеля ўласнай абароны ў дзяржавы не было.

Да XV ст. дружынная кавалерыя адыгрывала галоўную ролю, пяхота цанілася менш. Конны баярын і яго 2 і болей баявых слуг (збраяносцы, пешыя або конныя, стралкі з лука ці арбалета) складалі галоўную баявую адзінку таго часу — кап’ё. «Кап’ё» складалася з уласна феадала і яго 2-4 баявых слуг — пахолкаў; таксама «кап’ё» магло быць сфарміравана з некалькіх незаможных баяр з розным узбраеннем і іх слуг-пахолкаў. 70-150 коп’яў складалі харугву. Дружыны былі асноўнай ударнай сілай, здольнай весці бой у конным і пешым парадку. Пазней баяры склалі значную частку шляхты — ваенна-служылага стану Вялікага Княства Літоўскага. Баяры-шляхта сярэдняга дастатку, апроч саміх сябе, выстаўлялі ў войска 2-3 і болей ваяроў у «добрых даспехах і на клячы». Усе збіраліся ў зямельныя (рэгіянальныя, пазней павятовыя) падраздзяленні пад сцягамі (харугвамі) адпаведных зямель, або князёў.
Буйныя феадалы адпраўлялі «на ласку гаспадарскую» на вайну свае асабістыя падраздзяленні служылых баяр пад уласнымі гербавымі харугвамі. Прыватныя атрады князеў і паноў называліся почтамі. Выстаўлялі ваяроў і станы, чый статус быў паміж шляхтай і сялянствам: былыя ваенныя слугі і збяднелыя баяры — путныя баяры, панцырныя баяры, ардынскія слугі, замкавыя слугі і іншыя. За вайсковую службу яны вызваляліся ад падаткаў і павіннасцяў з зямлі або плацілі іх меней[1]. Татары ў ВКЛ, паводле ўмоў іх пасялення, былі абавязаны асабіста служыць вялікаму князю; пазней, калі іх надзелы-трыманні-маёнткі пераходзілі да хрысціян, тыя таксама выстаўлялі з іх лёгкага конніка[2].
Паспалітае рушэнне XV—XVII ст.
У XV—XVI стагоддзях узрасло значэнне баярскага (рыцарскага) войска. У выпадку вайны кожны князь, пан, баярын і татарын, незалежна ад велічыні зямельнага трымання або маёнтка, павінен быў сам ісці ў паход у поўнай зброі. Акрамя таго, кожны землеўладальнік, залежна ад матэрыяльнага стану, быў абавязаны выстаўляць пэўную колькасць вершнікаў («коней») і пехацінцаў (драбаў), таксама ў поўнай зброі. За права валодання зямлёй феадал, паводле Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1529 года, адпраўляў на вайну аднаго «каня» з 2400 моргаў («конь» — узброены вершнік, незаможныя баяры самі выступалі гэтым «канём», заможныя выстаўлялі некалькі «коней», якімі апроч уласна іх былі іх залежныя баяры, ваенныя слугі або наёмнікі). З 1502 года — 1 вершнік («конь») выстаўляўся з 10, пазней — з 8-9 сялянскіх службаў. Форма арганізацыі войска паводле зямельнага абавязку шляхты і мяшчанства называлася паспалітам рушэннем (лац.: militia)[3].
Большую частку баярскага апалчэння Княства складалі цяжкаўзброеныя вершнікі (рыцарства — капійнікі). Яны былі ўзброены доўгімі коп’ямі-дзідамі для тараннага ўдару і кароткімі (вошчапамі, суліцамі, рагацінамі для мятання і бою на кароткай дыстанцыі), мячамі і кляўцамі, мелі надзейны ахоўны рыштунак, цяжкіх коней. Іншая частка — стральцы — мела лукі або арбалеты (кушы). Ваяры складалі невялікія атрады — коп’і, якія аб’ядноўваліся ў харугвы (сцягі). Харугвы камплектаваліся па тэрытарыяльным прынцыпе або выстаўляліся буйнымі землеўладальнікамі (князямі). Да бою харугвы шыхтаваліся звужанымі наперадзе калонамі. Спераду размяшчаліся цяжкаўзброеныя капейнікі, за імі лягчэйшыя і стральцы. Да канца XVI стагоддзя шляхецкае апалчэнне Княства складалася практычна выключна з коннікаў. Пяхота выкарыстоўвалася ў асноўным для аховы замкаў і абозаў, пры будаўніцтве палявых умацаванняў, дарог і грэбляў для перамяшчэння войска або ў крытычныя моманты бітвы. Каб ператварыць абоз у абаронены табар, павозкі ставіліся колам або замкнёным перыметрам, іх маглі акоўваць жалезам і звязваць ланцугамі. З 1382 года вядома пра выкарыстанне ў Княстве артылерыі.[4]
У пачатку XVI стагоддзя ў ваеннай справе адбыліся значныя змены. Масава пачала ўжывацца агнястрэльная зброя — гакаўніцы, марціры і гарматы, як пры аблогах, так і ў палявых бітвах. Як палявое тактычнае пастраенне кавалерыя і пяхота пачала ўжываць караколі-контмаршы: калі шэрагі стральцоў змяняюць адзін другога пасля залпу з агнястрэльнай зброі. З’явілася вайсковая спецыяльнасць артылерыстаў — «пушкароў», якія абслугоўвалі гарматы і рабілі для іх «порахі». Найбольш вядомыя вялікалітоўскія вайсковыя тэарэтыкі сярэдзіны XVII ст. — артылерыст Казімір Семяновіч[5] і матэматык, картограф і архітэктар Юзаф Нарановіч-Наронскі. Аднак у Вялікім Княстве з прычыны ваенных рабаванняў і знішчэння інфраструктуры, нястачы дзяржаўных інвестыцый не атрымалася стварыць моцную дзяржаўную артылерыю і фартыфікацыю. Пад дзяржаўныя вайсковыя патрэбы прыцягвалі прыватныя арсеналы. У 1609—1611 гадах пры аблозе Смаленска вялікалітоўскія войскі мелі 30 гармат з Рыгі і Слуцка, а маскоўцы — 170 гармат. У 1676 гадах артылерыя Княства мела 47 гармат. Тым самым часам радзівілаўскія Слуцк — 53, а Нясвіж — 50 гармат. Аднак Паўночная вайна 1700—1721 гадоў вынішчыла гарматны парк паўсюль у Княстве. Толькі Радзівілы здолелі падняць колькасць прыватнага парку гармат да корпуса артылерыі ў 1760-я гады.[6]
Неабходнасць вядзення войнаў з лёгкімі і хуткімі вершнікамі праціўніка, з татарамі і маскоўцамі, спарадзіла новыя віды кавалерыі — гусараў, пяцігорцаў, казакаў. Паспалітае рушэнне збіралася вельмі працяглы час, таму былі неабходны сталыя гарнізоны ў памежных замках, якім плаціў, забяспечваў ежай і ўсім неабходным або вялікі князь, або горад, або магнат. З сярэдзіны XVI ст. на небяспечных памежжах з Масквой і татарамі пачалі фармавацца тэрыторыі, дзе нешляхецкае насельніцтва са статусам казакаў і баяр несла вайсковую службу і карысталася асаблівым прававым статусам. Узбагачэнне шляхты і рост яе правоў сталі грунтам яе жадання перакласці абавязак асабістага ўдзелу ў вайне на найманыя войскі. Але войны былі працяглымі, на далёкіх тэрыторыях, а замежныя найміты былі дарагімі. Сяляне былі вызвалены ад абавязку ўдзелу ў абароне. Вайсковая-«рыцарская» служба вылучала і ставіла шляхту вышэй за іншыя станы грамадства. Нехта са шляхецкай сям’і абавязаны быў служыць: калі не бацька, то сыны, браты, калі ў сям’і не было дарослых мужчын — жанчыны давалі грошы на павятовую харугву.
Remove ads
Прафесіяналізацыя войска
Для ўліку колькасці і якасці войска, што неабходна для планавання кампаній, праверкі наяўнасці зброі ў шляхты, асабістай навучанасці і баявога заладжвання атрадаў праводзілі попісы і агляды па паветах і агульныя попісы ўсяго ВКЛ. У 1528[7], 1565, 1567 гадах праводзілі попісы войска Вялікага Княства Літоўскага[8]
Другі статут ВКЛ 1566 г. увеў неабходнасць абавязковага атрымання каралём згоды вальнага сойма дзеля абвяшчэння паспалітага рушання. Віленскім земскім прывілеем 1565 года вызначаны дзень штогадовых збораў павятовай шляхты — 8 верасня. Пасля 1613 года былі вызначаны 4-дзённыя зборы раз на 2 гады, таксама 8 верасня.
Няяўка на попіс каралася штрафам у 200 коп літоўскіх грошай (500 злотых польскіх), а падчас вайны — канфіскацыяй маёмасці. Выплата штрафу не вызваляла ад асабістага з’яўлення на чале почту (неакрэсленага памеру). Удовы, дзеці або хворыя (пацверджаныя сведкамі і пад прысягай) — выстаўлялі або дарослых братоў і сыноў, або замену адпаведна маёмасці ў павеце ў яго рушэнне. Паны радныя, ураднікі, князі і паняты маглі ставіць почты асобна ад павета ў «адпаведнасці даўнім звычаям» або «на ласку гаспадарскую». На 1567 год почты магнатаў складалі 26 % ад агульнай колькасці войска ВКЛ[6]. Касцёл таксама выстаўляў почты з уладанняў на земскім праве.
Сойм абвяшчаў попіс, харунжы павета ехаў на чале свайго павета на месца збору, дзе ён іх, перапісаўшы, перадаваў або кашталяну ваяводства, або павятовым маршалкам (для неваяводскіх паветаў); пасля ўсе разам, сустрэўшыся з ваяводам, рушылі на месца агульнадзяржаўнага збору паспалітага рушэння і, перадаўшы спіс, атрымлівалі вырак гетмана па адсутных. У Інфлянцкай 1558—1570 гг. і Полацка-Пскоўскай кампаніі 1579—1582 гг., ці пад Хоцімам 1620—1621 гг. — паспалітае рушанне складала да 80 % войска.
У сярэдзіне XVI ст. паводле дэмаграфічных паказчыкаў магло быць выстаўлена 70 000 ваяроў[9][10], але да войска на попісы не даходзіла і 50 000[1]. Прыбытку скарба ў 3 млн злотых у 1625—1627 гадах хапала на аплату 5000 жаўнераў, а добраахвотнікаў-наймітаў у ВКЛ на пачатку XVI ст. рэдка было болей за 3000 з усёй Рэчы Паспалітай. Выключэннем стаў удзел абывацеляў ВКЛ у разрабаванні Маскоўскай дзяржавы падчас Смуты, але гэты ўсплёск актыўнасці суправаджаўся вялізарным крызісам з нявыплатамі, канфедэрацыямі і рабаваннем уласнай тэрыторыі ВКЛ. Пік мабілізацыі шляхецкага грамадства і наёму знешніх ваяроў на службу адбыўся падчас Патопу. У 1661 годзе колькасць войска склала 23 000. Аднак велізарныя дэмаграфічныя і эканамічныя страты пасля Патопу, магнацкая алігархія і шляхецкае свавольства зменшылі магчымасць аплачваць утрыманне дзяржаўнага войска.
Пасля 1717 года дзяржаўнае войска рэдукавалі (зменшана колькасць аплочаных са скарбу жаўнерскіх і афіцэрскіх ставак) да 6 100 і больш не павялічвалі аж да паўстання 1794 года.[6] У прыватных арсеналах і скарбах магнатаў назапашваліся большыя сродкі для ўтрымання большага колькасцю, лепш узброенага і навучанага войска, чым магла сабраць і выставіць дзяржава.
Набор войска на вайну з часоў Сярэднявечча пачынаўся загадам гаспадара, які пасля Люблінскай уніі пацвярджаў сойм. Кароль рассылаў па паветах і гарадах тры віцы «да ўсіх каму ведаць належала», прыпаведныя лісты да будучых ротмістраў, прыгадваючы абавязак абараняць краіну і абгаворваючы ўмовы або ўдзелу ў абавязковай абароне, або найму на службу. Гарады выстаўлялі свае дзясяткі і сотні пяхоты і кавалерыю (казакаў) у агульнае войска, калі ім нічога не пагражала, бо іх перашаснай задачай і абавязкам была абарона саміх сябе.
Згодна з правам, паспалітае рушэнне збіралася выключна дзеля абароны, яго нельга было выкарыстоўваць па-за межамі краіны. Кожны наступны ўладар пасля Генрыка Валуа пацвярджаў у сваіх умовах абрання, што не будзе выводзіць паспалітае рушанне за мяжу без згоды сойма, а калі такі дазвол будзе атрыманы, аплочваць службу як наёмнікам «у пяць грыўнаў» усім жаўнерам са сваей кішэні[11]. Калі Інфлянцкая вайна спачатку была абарончай для ВКЛ, шляхта служыла з абавязку абароны ўласнага краю, але калі выбарны кароль Стэфан Баторый пажадаў вывесці земскую службу за межы Рэчы Паспалітай — пад Пскоў, шляхта пагадзіліся служыць «у чужым краі» толькі за асобную аплату з каралеўскага скарбу. Гэта быў прэцэдэнт, які распаўсюдзіўся на войска ВКЛ падчас вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй у Інфлянтах, бо шведы не ўрываліся ў межы ВКЛ, а вайна вялася фармальна за шведскую карону Жыгімонта Вазы; кароль быў вымушаны пагадзіцца і разлічвацца са шляхтай, якая наймалася на службу, як за вайну «на патрэбу караля яго міласці ў чужым краі» не за кошт саміх абавязаных, а са сродкаў дзяржавы і яго двара (каралеўскіх эканомій, падаткаў і іншага). Большасць жаўнераў працягвала вербавацца на службу магнацкімі дамамі і складалася са шляхты, якая, у адрозненне ад замежных наймітаў, у выпадку канфліктаў інтарэсаў з дзяржавай мела права і магчымасці адстойваць іх праз з’езды, соймы і канфедэрацыі[12]

Уніфікацыя тактычных якасцяў і прафесіяналізацыя відаў кавалерыі і пяхоты ў Польшчы адбылася ў часы Стэфана Баторыя, а ў ВКЛ пры Жыгімонце Вазе. Вясной 1601 года былі апісаны камплекты ўзбраення для гусараў, пяцігорцаў, казакаў, пяхоты[13]. Такім чынам утвараліся тактычныя адзінкі (роты і палкі), якія маглі разам выконваць аднолькавыя функцыі на полі бою і падчас маршаў. Без пэўнага камплекту зброі і каня ваяр не мог паступіць на дзяржаўную службу. У адпаведнасці з наяўным у яго камплектам узбраення налічвалася аплата за службу (гусарыя, рэйтар, пяцігорац, казак, татарын, пяхотнік). Аплата гусарскай службы за чвэрць года на працягу 1600—1632 гадоў вырасла з 18 да 30 злотых. Жаўнеры пачалі жыць са сваёй прафесіі.
Найманыя атрады называліся ротамі. Ротамі кіравалі ротмістры[14]. Ім падначальваліся, але былі роўняй, таварышы, якія наймаліся самі і прыводзілі іншых паводле кантракту (прыпаведнага ліста) на службу ў роту або полк. У выпадку стварэння канфедэрацыі таварыства выбірала ротмістраў, палкоўнікаў, праз якіх жаўнерскае кола вяло перамовы і дзяржава разлічваліся з войскам. Статут 1588 года замацаваў уведзеную ў 1535 годзе вышэйшую судовую ўладу гетмана і распаўсюдзіў на шляхту паспалітага рушэння раней ужыванае толькі да наймітаў права гетмана караць горлам (смерцю) парушальнікаў дысцыпліны. У 1620 годзе вальны сойм пацвердзіў ужыванне гетманскіх артыкулаў 1609 года да паспалітага рушэння, што фармальна ўраўнала статус найманага і айчыннага жаўнерства[15].
Выбранецкая пяхота (1 чалавек з 20 дымоў) была ўведзена ў Польшчы з 1578 года, а ў ВКЛ з 1595 года. Сваякі выбранца вызваляліся ад падаткаў і забяспечваліся вёскай; ідучы на службу, выбранцы павінны былі мець ежу на месяц, быць апрануты, мець рушніцы, шаблі, сякеры. Агулам пяхота ВКЛ у XVI—XVII ст. пад кіраўніцтвам замежных інструктараў змянялася на венгерскі, а потым на нямецкі манер, адмовілася ад доўгіх пік (яны былі нязручнымі ў транспарціроўцы, а вялікалітоўская пяхота ў полі была заўсёды пад абаронай сваёй кавалерыі, больш шматлікай за яе) і зрабіла стаўку на рушніцы — мушкеты, модныя, але на той час яшчэ малаэфектыўныя стрэльбы. У ВКЛ праз усю гісторыю была айчынная і найманая з «немцаў» пяхота. У 1607 годзе і «польскую пяхоту» (паняцце ўжывалася як скарот ад Рэчы Паспалітай і не мела жорсткіх этнічных маркераў, напрыклад пад Кірхольмам было дзве «польскія» харугвы выбранцоў з-пад Шавеля і Берасця)[13] закранула падвышэнне ставак. Жолд вырас на злоты: ротмістрам выбранцоў да 20 злотых, паручнікам 10 злотых, дзясятнікам выбранцоў і музыкам да 4 злотых, а шараговым выбранцам да 3 злотых.

Баявыя якасці выбранцоў, аднак, былі нізкімі, і іх часцей ужывалі для сапёрных работ, чым у палявых бітвах. Лепшымі былі ўзбраенне і вывучка замежных прафесіянальных наймітаў. На іх аснове, збольшага пры Уладзіславе Вазе ў 1630-я гады, была створана пяхота «айчыннага» і «чужаземнага ўзору» (нямецкага аўтараменту). Першая апраналася ў традыцыйную вопратку сваіх народаў, другая — у нямецкую, але абедзве набіраліся ўжо збольшага з грамадзян Рэчы Паспалітай. Яны былі ўзброеныя і дзейнічалі, як і іншыя заходнееўрапейскія фармацыі свайго часу. Удзельнікі Смаленскай вайны Уладзіслава Вазы ў 1630—1633 гадах у большасці былі ўключаны ў дзяржаўны кампут (23 000 ставак на 1632 год), то-бок атрымлівалі забеспячэнне і аплату за службу ад дзяржавы.
У XVII−XVIII ст. пяхотныя і рэйтарскія палкі складаліся з 1000—2000 порцый (900—1800 жаўнераў) і называліся рэгіментамі, пазней батальёнамі. Яны складаліся з 8-10 кампаній-рот па 80-170 байцоў. Пяхота ваявала контрмаршам, даючы залп і адыходзячы за спіны наступнаму шэрагу для перазарадкі мушкетаў. Штаб рэгіменту складаўся з палкоўніка, падпалкоўніка, маёра, кватэрмістра, сакратара, аўдытарa, капеляна, вахмістра (кіраўніка варты), лекара, профаса (кіраўніка палкавой жандармерыі), кіраўніка табару, добаша (барабаншчыка) палка і іх памочнікаў. У складзе кожнай кампаніі быў яе штаб (малая прымапіяна) у складзе капітана, паручніка, харужага, зброймістра (каптэнармуса), фельчара, двух сержантаў, фуражэра, які забяспечваў харчаванне, трох капралаў, некалькіх добашаў (часам трубачоў, дудароў і іншых музык) i пісара кампаніі.[16]
Акрамя таго, на дзяржаўную і прыватную службу наймалі пяхоту з запарожскіх казакаў, шкотаў, галандцаў, англічан, немцаў. «Айчынныя» атрады войскаў ВКЛ з іх, падчас вайсковых рэформ Вазаў, пад інструктажам нямецкіх, галандскіх і італьянскіх афіцэраў пераймалі еўрапейскія практыкі і выгляд. Пра ўпартасць манархаў у справе рэфармавання сведчыць той факт, што хаця кавалерыя ВКЛ у гэты перыяд граміла шведаў і немцаў ва ўсіх палявых бітвах, але нанятыя рэйтары або пяхота з немцаў у 1600−1620-я гады атрымлівалі такі самы жолд, што і айчынная эліта ў гусарыі (па 20-30 злотых за чвэрць года).
Remove ads
Віды і роды войск

Аснову ўзбраення першых гусараў складалі дзіда і шчыт, пачаткова яны былі лёгкай кавалерыяй — эмігрантамі з Балкан, спрактыкаванымі ў бітвах з туркамі, але, паколькі Стэфан Баторый падчас войнаў з Масквой паабяцаў іх фармацыям самую вялікую аплату, туды запісалася эліта ВКЛ у сваіх высакаякасных цяжкіх нямецкіх рыцарскіх даспехах, на каштоўных канях і з даўгімі дзідамі. Так гусары Рэчы Паспалітай, у адрозненне ад сваіх балканскіх прататыпаў, сталі выкарыстоўваць поўныя абарончыя даспехі і ператварыліся ў лепшую на кантыненце цяжкую капійную кавалерыю.

Пяцігорцы і рэйтары былі лягчэйшымі за гусар, цяжкімі і сярэднімі вершнікамі, не ўжывалі дзід для атакі, а карысталіся белай зброяй, стрэльбамі і пісталетамі. Розніца паміж імі была, што адны былі ў добрым усходнім (каўказкім) абарончым даспеху, другія — у заходнім. Лёгкую стралецкую конніцу складалі лісоўчыкі, татары і казакі. Татары мелі сцяганыя халаты, часам панцыры (кальчугі) і рагаціны. Зброяй казакаў быў лук, часам у спалучэнні з кароткай дзідай і адсутнасць засцерагальнага ўзбраення. Для ВКЛ гэта від лёгкай кавалерыі і пяхоты, а не прывязаны да асобнай тэрыторыі, як на Украіне.
У 1617 годзе ў інфлянцкім войску ВКЛ, на год раней за кароннае, з’явілася французскія найміты — драгуны (драгоны)— цяжкая пяхота на конях, задачай якой было пад’язджаць пад абстрэлам, спешвацца і браць варожыя ўмацаванні.
За XVII ст. вырасла моц палявой артылерыі, а інжынерныя абарончыя ўмацаванні станавіліся непераадольнымі для кавалерыйскай атакі, таму ўтрыманне элітнай кавалерыі задорага каштавала самаму рыцарству і дзяржаве[17]. Дысцыпліна шляхецкага войска была слабой, «рыцарства» адмаўлялася капаць зямлю і лазіць пад абстрэлам па драбінах на штурмы варожых бастыенаў «як халопы». Так ці іначай, у баях шмат гусар загінула, і іх даспехі трапілі да ворага — пасля Патопу большасць кавалерыі пачалі складаць рэйтары, казакі і драгуны[6].
З прычыны супраціўлення шляхты Рэчы Паспалітай узмацненню ролі манарха праз яго апору на нешляхецкае прафісійнае войска, выбранецкая рэформа ў ВКЛ і Польшчы не развілася ў масавую рэкруцкую нацыянальную пяхоту, артылерыя і будаўніцтва замкаў не атрымалі вялікіх дзяржаўных інвестыцый. Спроба стварыць флот на Балтыцы пры Жыгімонце Вазе датычылася не ВКЛ, а Швецыі, Польшчы і Прусіі і скончылася правалам, а флот курляндскіх васалаў належаў ім, а не каралю і агульнай дзяржаве — Рэчы Паспалітай.
Хранічнай праблемай войска ВКЛ было тое, што чвэрць прыбыткаў з каралеўскіх эканомій, якая павінна была ісці з часоў Жыгімонта Вазы ў спецыяльны ваенны фонд — кварту, на наём і аплату забеспячэння войска, туды рэдка даходзіла. Фінансаванне арміі заставалася ў руках соймаў, якія маглі, пільнуючы інтарэсаў асобных палітыкаў, не ўхваляць падаткаў, а магнаты атрымлівалі вызваленні ад падаткаў для каралеўскіх эканомій, якія былі ў іх у арэндзе. Войска збіралася толькі на вайну — потым распускалася. Шляхта часта стварала канфедэрацыі і зрывала ваенныя кампаніі.
Калі за XVI—XVIII ст. у Еўропе адбываўся пераход да кадравай — рэкруцкай арміі, афіцэрскі корпус Рэчы Паспалітай праз карумпаванасць магнацкіх родаў быў нешматлікім і закрытым для асоб простых станаў і дробнай шляхты. Выдаткі дзяржавы на ўмацаванні, арсеналы былі мінімальнымі, бо ў мірныя гады падаткі на вайсковыя патрэбы сойм звычайна не ўхваляў, а гарады і кароль эканомілі. Каралі саксонскай дынастыі Вецінаў увялі ў Рэчы Паспалітай батальёны, швадроны і іншыя еўрапейскія тактычныя злучэнні, масай кавалерыі сталі ўланы, кірасіры, драгуны, на стрэльбы пяхоты замацавалі штыкі (багнэты), але з-за супраціву суседзяў і магнатаў каралі не маглі павялічыць колькасць дзяржаўных войскаў ВКЛ[1].
Крызіс дзяржаўнасці і пастаянная прысутнасць замежных войскаў на тэрыторыі краіны ў сярэдзіне XVIII ст.[18] сведчылі, што наспелі рэформы па мадэрнізацыі войскаў. У 1765 годзе вальным соймам была абраная Вайсковая камісія Вялікага Княства Літоўскага — калегіяльны орган па пытаннях арганізацыі і забеспячэння арміі. У тым жа годзе на грошы Станіслава Панятоўскага была заснаваная першая вышэйшая дзяржаўная вайсковая навучальная ўстанова Рэчы Паспалітай — Рыцарская школа. Нахабныя дзеянні расіян і прусакаў на землях Рэчы Паспалітай і ў знешняй палітыцы прывялі да паўстання Барскай канфедэрацыі і баявых дзеянняў 1768−1772 г. Па задушэнні паўстання інтэрвентамі і першым падзеле, аднак, справа рэфармавання войска аднавілася.
Remove ads
Пасля рэформ 1786 года
Структура
Пытанні арганізацыі і забеспячэння арміі кантралявала Вайсковая камісія Вялікага Княства Літоўскага. Армія Вялікага Княства Літоўскага і армія Каралеўства Польскага разглядаліся як корпусы агульнай арміі Рэчы Паспалітай.
У 1786—1795 гадах армія Княства складалася з гвардыі, корпуса інжынераў, корпуса артылерыі, пярэдняй стражы і корпуса пяхоты і кавалерыі. Корпус пяхоты і кавалерыі (Корпус войскаў ВКЛ) складаўся з двух дывізій змешанага тыпу, якія фарміраваліся па тэрытарыяльным прынцыпе, кожная ў сваёй вайсковай акрузе. Тым жа часам Корпус пяхоты і кавалерыі Кароны складаўся з чатырох дывізій. Армія камплектавалася з добраахвотнікаў і прыгонных сялян праз рэкруцкі набор.
- Гвардыя
- Рэгімент пешай гвардыі
- Рэгімент коннай гвардыі
- Корпус інжынераў
- Корпус артылерыі
- Пярэдняя варта
- Корпус пяхоты і кавалерыі
- 1-я дывізія
- 1-я пяхотная брыгада
- 2-я пяхотная брыгада
- 1-я брыгада народнай кавалерыі
- 2-я дывізія:
- 1-я пяхотная брыгада
- 3-ці пяхотны рэгімент польнай булавы
- 4-ы пяхотны рэгімент польнай булавы
- 2-я пяхотная брыгада
- 7-ы пяхотны рэгімент фузілёраў
- 8-ы пяхотны рэгімент Радзівілаў
- 2-я брыгада народнай кавалерыі
- 1-я пяхотная брыгада
- 1-я дывізія
У кавалерыі таварышы і паштовыя, у пяхоце шараговыя, фузілёры, пешыя стралкі.
Стварэнне прафесійнай арміі і яе павелічэнне скончыла прайграная вайна за незалежнасць і яе працяг — спроба агульнага бясстанавага паўстання пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі і Я. Ясінскага, падтрыманага рэгулярнай арміяй ВКЛ і Польшчы.
Remove ads
Строй, сімволіка і спадчына


Дзяржаўная пяхота ў ВКЛ XVII ст. мела шэры ці сіні колер вопраткі (барвы). Сукно, боты і зімовыя кажухі забяспечвала дзяржава. Шляхта і іх почты, а таксама гарадскія ваяры насілі вопратку ўласных гербавых колераў у мірны час.
На вялікім дзяржаўным сцягу і павятовых харугвах ВКЛ з Сярэднявечча прысутнічала выява Пагоні[19] на тле белага і чырвонага колеру. І ў Польшчы, і ў ВКЛ гербавая фігура белага колеру, шчыт чырвоны. Таму яшчэ да моды на нацыянальныя сцягі гэтыя колеры часцей за ўсё прысутнічалі на прапарцах кавалерыі і павязваліся матузкамі паверх даспеха для арыентацыі ў бітвах.
Са зменай моды і адміраннем цяжкога даспеху, нацыянальная (народная) кавалерыя XVIII ст., дзяржаўная пяхота і артылерыя апрануліся ў еўрапейскія мундзіры, колер якіх быў зафіксаваны юрыдычна ў строях узору 1786—1789 гадоў. У кавалерыі аднолькавыя мундзіры былі ўведзены ў 1786 годзе. У пяхоты паводле строю ўзору 1789 года ў кожным палку меўся свой колер прыборнага сукна. У кавалерыі і пяхоты былі курткі гранатавыя (польск.: granatowy — цёмна-сіні), у артылерыстаў і пешых стралкоў — зялёныя. На галаве шараговых — шапка (каскет, фр.: casquette) з Арлом і літарамі SAR (Stanislaus Augustus Rex), у кавалерыі — рагатыўкі (канфедэраткі, правобразам якіх былі шапкі ўланаў — татараў ВКЛ), у пешых стралкоў — капелюшы. Пагоня ўжывалася на вальтрапах, набойніцах, партупеях, спражках. Цэшка ў арміі Вялікага Княства была белая.
Remove ads
Уплыў традыцый войска ВКЛ на вайсковае мастацтва Еўропы
Пастаянныя перамогі гусарыі і агулам кавалерыі ВКЛ над шведамі ў палявых бітвах у пачатку XVII ст. прымусілі Густава ІІ Адольфа распрацаваць лінейную тактыку (гл. Армія Густава II Адольфа) з апорай на агнястрэльную моц пяхоты і інжынерныя ўмацаванні, якая стала пануючай у Еўропе пасля Трыццацігадовай вайны.

Дзякуючы адданай службе Аляксандра Улана Асанчуковіча і 8 харугваў літоўскіх татараў у Паўночную вайну 1700—1721 гадоў Аўгусту Моцнаму пры двары саксонскіх каралёў у пачатку XVIII ст. з’явіўся новы від кавалерыі — уланы[20]. Узбраенне і рыштунак літоўскіх татар сталі ўзорам для лёгкай кавалерыі XVIII—XX ст. ва ўсім свеце.
Традыцыі вайсковасці ВКЛ працягнулі «літоўскія» і «беларускія» палкі і афіцэры на службе расійскіх імператараў і Напалеона.
Remove ads
Артэфакты ў музеях
У Этналагічным музеі (Вена) захоўваюцца чатыры даспехі Радзівілаў і Стэфана Баторыя, у стакгольмскім музеі Ліўрусткамарэн — парадны даспех Жыгімонта Аўгуста. У Варшаве ў Музеі Войска польскага і Нацыянальным музеі захоўваюцца шаблі, даспехі, гарматы з земляў ВКЛ, куртка афіцэра корпуса артылерыі Княства і шапка шараговага 4-га пяхотнага рэгіменту.

Remove ads
Удзел у баявых дзеяннях
- Войны Залатой Арды з Вялікім Княствам Літоўскім
- Вайна Тэўтонскага ордэна з Вялікім Княствам Літоўскім
- Вялікая вайна (1409—1411)
- Грамадзянская вайна ў Вялікім Княстве Літоўскім у 1430-х гадах
- Польска-тэўтонская вайна (1519—1521)
- Войны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім
- Войны Расіі з Рэччу Паспалітай
- Паўстанне Налівайкі
- Вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй (1600—1629)
- Бітва пад Хацінам (1621)
- Паўстанне Хмяльніцкага
- Вайна Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667)
- Паўночная вайна (1655—1660)
- Вайна Рэчы Паспалітай з Асманскай імперыяй (1672—1677)
- Бітва пад Венай (1683)
- Грамадзянская вайна ў Вялікім Княстве Літоўскім (1696—1702)
- Паўночная вайна (1700—1721)
- Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 года
- Паўстанне 1794 года
- Вайна шостай кааліцыі
Remove ads
Камандныя ўрады і пасады
Найважнейшыя бітвы



- 16 лютага 1270 г. — Бітва пры Карусе. Войскі Княства на чале з Трайдзенем на лёдзе Балтыйскага мора разграмілі лівонскіх крыжакоў, падтрыманых датчанамі. Загінуў лівонскі ландмайстар Ота фон Лютэнберг, правадыр датчан Эйларт, 52 рыцары і каля 600 звычайных жаўнераў.
- 5 сакавіка 1279 г. — Бітва пад Ашэрадэнам. Войскі Княства пад кіраўніцтвам Трайдзеня разграмілі лівонскіх крыжакоў. Лівонскі ландмайстар Эрнст фон Ратцбург і 71 рыцар былі забітыя.
- 1321 — Бітва на рацэ Ірпень. Войска Вялікага княства Літоўскага разграміла войска Кіеўскага княства. Гэтая бітва ўсталявала ўладу ВКЛ на некалькі стагоддзяў над сучаснымі ўкраінскімі землямі — Галіччынай, Падоллем, Валынню, Брацлаўшчынай і Кіеўшчынай.
- восень 1362 — Бітва на Сініх Водах. Бітва была галоўнай падзеяй y наступленні ВКЛ на падпарадкаваныя татарам землі паўднёва-заходняй Русі. Гэтая перамога аддала Альгерду ўсё Падолле, а ў стратэгічным выніку — і Кіеўшчыну.
- 12 жніўня 1399 г. — Бітва на Ворскле. Бітва паміж саюзным войскам вялікага князя Вітаўта і хана Тахтамыша, з аднаго боку, і войскам Залатой Арды на чале з ханамі Цімур-Кутлукам і Эдзігеем.
- 15 ліпеня 1410 г. — Грунвальдская бітва. Бітва паміж злучаным войскам Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага і войскам Дзяржавы Тэўтонскага ордэна. Хаўруснае войска Польскага Каралеўства і ВКЛ узяло поўную перамогу. Загінулі 18 тысяч нямецкіх рыцараў, воінаў і чэлядзі, яшчэ 14 тысяч былі ўзяты ў палон, а ўратавалася толькі трохі больш за 1400 чалавек. Былі ўзятыя ўсе гарматы і 52 сцягі крыжацкага войска. Перамога пераламіла ход Вялікай вайны.
- 1 верасня 1435 г. — Бітва пад Вількамірам, памёр магістр Лівонскага ордэна Франк Керскорф. Зыход бітвы фактычна вырашыў вынік усёй вайны на карысць Жыгімонта Кейстутавіча.
- 14 ліпеня 1500 г. — Бітва на Ведрашы. Разгром войскаў ВКЛ войскамі Вялікага Княства Маскоўскага. Вялікі гетман літоўскі Канстанцін Астрожскі трапіў у палон.
- 6 жніўня 1506 г. — Клецкая бітва. Бітва паміж войскам ВКЛ на чале з Міхаілам Глінскім і войскам крымскіх татар. Перамога войска ВКЛ дазволіла вызваліць каля 40 тыс. нявольнікаў, якіх татары збіраліся весці ў Крым, было ўзята 30 тыс. коней. Хан Менглі-Гірэй пад уражаннем ад вынікаў бітвы стаў на пэўны час саюзнікам ВКЛ.
- 8 верасня 1514 г. — Бітва пад Оршай. Войска ВКЛ пад кіраўніцтвам Канстанціна Астрожскага перамагло пераўзыходнае ў некалькі разоў войска Вялікае Княства Маскоўскае. Маскоўскі бок страціў 40 тыс. забітымі, у палон трапілі 10 ваяводаў, 17 вайскаводаў, 2 тыс. «дзяцей баярскіх» і больш за 2 тыс. ваяроў.
- 26 студзеня 1564 г. — Бітва на Уле. Вынікам бітвы і наступнай перамогі літвінаў на Дуброўне пад Оршай быў зрыў вялікага маскоўскага паходу 1564 года. Маскоўскі ваявода Пётр Шуйскі быў забіты мясцовымі жыхарамі.
- 27 верасня 1605 г. — Бітва пад Кірхгольмам. Поўную перамогу ў бітве з шведамі ўзяло войска Рэчы Паспалітай і ВКЛ. У выніку была знятая аблога Рыгі, і шведы адступілі з ужо занятых імі земляў Інфлянтаў. Бітва ўваходзіць у лік вядомых поўных перамог, вядомых перамог меншымі сіламі, у лік значных перамог войска ВКЛ і ў лік бітв, дзе вырашальную ролю адыграла гусарыя.
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads
