Баляслаў Ліманоўскі

польскі палітычны дзеяч From Wikipedia, the free encyclopedia

Баляслаў Ліманоўскі
Remove ads

Баляслаў Лукаш Тадэвуш Ліманоўскі (пол. Bolesław Łukasz Tadeusz Limanowski, псеўданімы «Янко Покань», «Тадэвуш», 18 кастрычніка 1835, Падгор'е, Люцынскі павет, Віцебская губерня - 1 лютага 1935, Варшава)[4] — польскі гісторык, сацыёлаг, палітык, які пісаў пра вызваленчы рух і гісторыю беларускага народа[5]. Сенатар Сената Польскай Рэспублікі 1-га, 2-га і 3-га склікання (1922–1935).

Хуткія факты Баляслаў Ліманоўскі, Дата нараджэння ...
Thumb
Кацярына Ліманоўская (1880)
Remove ads

Біяграфія

Дзяцінства і юнацтва

Продкі яго бацькі, Вінцэнта (1771–1847), паходзілі са шляхецкага роду Ліманоўскіх, а маці, Кацярыны (1807-1892) - са шляхецкага роду Віславух, якія пераехалі са свайго радавога гнязда ў Кобрынскім павеце Гродзенскай губерні ў Себежскі павет Віцебскай губерні. Дзед, Аляксандр Ліманоўскі, быў суддзёй павятовага суду ў Дрысе. Бацька, Вінцэнт Ліманоўскі, пасля сканчэння вайсковай кар'еры у 1820 г. набыў маёнтак Падгор'е ў Люцынскім павеце Віцебскай губерні ў графа Міхаіла Плятэра. Паступова шляхам куплі ён пашырыў свае зямельныя ўладанні ў Люцынскім і суседнім Себежскім паветах, якія дасягнулі каля 1,5 тыс. га[6][7].

Баляслаў быў чацвёртым з сямі дзяцей Вінцэнта і Кацярыны Ліманоўскіх. У маленстве (да сямі гадоў) выхоўваўся ў бабулі па матчынай лініі спачатку ў вёсцы Ясы Себежскага павета, а потым у Друі, пасля чаго вярнуўся да бацькоў у Падгор'е[8].

У раннім дзяцінстве атрымаў хатнюю адукацыю. У 1847 г., пасля смерці бацькі, пад апекай старэйшага брата Аляксандра[8] яго адправілі на навучанне ў гімназію ў Маскве, якую скончыў у 1854 г. Пасля заканчэння гімназіі паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Удзельнічаў у польскім студэнцкім гуртку самаадукацыі "Агул". У 1858 г. гэтая арганізацыя накіравала яго ў Дэрпат для ўстанаўлення кантактаў з мясцовым польскім студэнцкім асяродкам. У Дэрпцкім універсітэце спачатку працягваў вывучаць медыцыну, але ў сакавіку 1859 г., калі яму заставалася некалькі месяцаў да сканчэння навучання, запісаўся на філасофскі факультэт і пачаў вучобу нанава. Далучыўся да студэнцкай польскай зямляцкай арганізацыі ў Дэрпаце "Канвент Палонія". У тым жа годзе ён быў вымушаны перапыніць вучобу па сямейных абставінах і вярнуўся дадому. Пасля некалькіх месяцаў вядзення хатняй гаспадаркі вярнуўся ў Дэрпат, каб працягнуць вучобу[9][4].

Пачатак рэвалюцыйнай дзейнасці

У верасні 1860 г., пачуўшы пра стварэнне польскіх легіёнаў у Францыі, перапыніў вучобу і адправіўся ў Парыж. З лістапада 1860 г. да сакавіка 1861 г. навучаўся ў Польскай ваеннай школе пад кіраўніцтвам генерала Людвіка Мераслаўскага, якая рыхтавала інструктараў для польскага легіёна на выпадак паўстання. Наведваў таксама лекцыі ў Сарбоне і Калеж дэ Франс. У снежні 1860 г. у выданні "Przegląd Rzeczy Polskich" апублікаваў сваю першую друкаваную працу «Лісты з Інфлянтаў». У 1861 г. у львоўскім выданні "Dziennik Literacki" выйшаў яго артыкул пра Эмілію Плятэр на падставе матэрыялаў з Польскай бібіліятэкі ў Парыжы[10][4].

У Парыжы зблізіўся з групай моладзі, якая паходзіла з земляў былога Вялікага Княства Літоўскага, сярод якой набыла папулярнасць думка аб вяртанні ў родныя мясціны для непасрэднай падрыхтоўкі паўстання, чаму садзейнічалі звесткі пра патрыятычныя маніфестацыі ў Польскім Каралеўстве. У канцы сакавіка - красавіку здзейсніў падарожжа праз Берлін, Уроцлаў, Кракаў, Варшаву, Коўна, Дэрпат, пасля чаго накіраваўся ў Вільню. У хуткім часе там быў арганізаваны рэвалюцыйны камітэт на чале з Баляславам Ліманоўскім і Бенедыктам Дыбоўскім[10][4].

8 мая 1861 г. прыняў удзел у пасля патрыятычнай маніфестацыі ў Віленскім кафедральным саборы, пасля чаго быў арыштаваны царскімі ўладамі як яе галоўны арганізатар. Быў сасланы ў Архангельскую губерню, спачатку ў горад Мезень, дзе працаваў у канцылярыі земскага суда, а праз восем месяцаў — у Архангельск, дзе працаваў у губернскай канцылярыі. У высылцы актыўна займаўся самаадукацыяй, падрыхтаваў дзве гістарычныя публікацыі ў афіцыйным выданні "Архангельские губернские ведомости"[4].

Пасля пачатку паўстання 1863-1864 гг. спрабаваў уцячы з высылкі, але быў арыштаваны і асуджаны на два тыдні турмы, пасля чаго страціў працу і жыў за кошт часовых заробкаў. У 1866 г. па стане здароўя яго перавялі ў Варонежскую губерню, дзе ён пасяліўся ў Паўлаўску. Там ён займаўся рэпетытарствам і пісаў лісты ў варшаўскія выданні, якія, аднак, не публікаваліся. Таксама там пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, Вінцэнтынай Шарскай. Улетку 1867 г. быў вызвалены па амністыі і, не маючы магчымасці вярнуцца ў родныя мясціны, з'ехаў у Варшаву[4].

Варшаўскі і львоўскі перыяды

Знаходзячыся ў Варшаве, займаўся рознымі відамі дзейнасці, працаваў у тым ліку рэпетытарам, журналістам і рабочым на фабрыцы жалезных вырабаў. У 1868-1869 гг. працаваў гувернёрам у Галензаве каля Любліна. Рыхтаваў артыкулы для штотыднёвага часопіса «Przegląd Tygodniowy», прысвечаныя пераважна сацыяльнай тэматыцы[11].

Пасля кароткага знаходжання ў родных мясцінах (на што атрымаў дазвол уладаў) вырашыў адправіцца ў Францыю праз Галіцыю, спадзеючыся на хуткі пачатак вайны з Прусіяй і ўтварэнне на французкім баку польскага легіёна. Аднак, калі ён прыбыў у Львоў у 1870 г., французкае войска ўжо панеслі моцныя паражэнні ў франка-прускай вайне. Ён застаўся ў Львове, дзе працаваў карэктарам і журналістам у шэрагу львоўскіх польскамоўных выданняў "Dziennik Lwowski", "Gazeta Polska", "Gazeta Narodowa"[12][4].

У Львове далучыўся да сацыялістычнага руху. Супрацоўнічаў з рамесніцка-рабочай асацыяцыяй «Gwiazda» ("Зорка"), дзе ў 1871 г. прачытаў два даклады, апублікаваныя пад назвай «Па рабочым пытанні»[13]. Устанавіў сувязі з шэрагам польскіх і ўкраінскіх сацыялістаў, у тым ліку з Расійскай імперыі. У 1876 г. па просьбе паплечнікаў пераклаў працу Фердынанда Ласаля «Рабочая праграма» (выдадзена ў 1878 г.). Пры падтрымцы Станіслава Мендэльсана напісаў і апублікаваў кнігу «Сацыялізм як неабходны этап гістарычнага развіцця» (Львоў, 1879)[4].

У 1872 г. узнавіў навучанне філасофіі ў Львоўскім універсітэце, а ў 1875 г. атрымаў доктарскую ступень на падставе апублікаванай у тым жа годзе дысертацыі "Сацыялогія Агюста Конта"[14].

У 1877 г. за свае сацыялістычныя погляды быў звольнены з рэдакцыі "Gazety Narodowej". Пасля гэтага на кароткі час выехаў у Варшаву і звяртаўся да расійскіх уладаў з просьбай аб магчымасці вяртання ў родны маёнтак. Атрымаўшы адмову, вярнуўся ў Львоў. У чэрвені 1877 г. быў арыштаваны ў Львове аўстрыйскімі ўладамі па абвінавачванні ва ўдзеле ў тайным таварыстве. Яго вызвалілі за адсутнасцю доказаў пасля 70-дзённага арышту, але загадалі пакінуць Аўстра-Венгрыю[4].

Швейцарскі перыяд

У кастрычніку 1878 г. пераехаў у Жэневу. Спачатку актыўна ўдзельнічаў у суполцы польскіх сацыялістаў (у якую ўваходзілі таксама Станіслаў Мендэльсан, Казімеж Длускі і Шымон Дыкштэйн), якая выдавала часопіс «Równość». У 1879 г. на грошы, атрыманыя ад сям'і ў выніку спадчынных пагадненняў, набыў набор шрыфтоў і заснаваў у Жэневе польскую друкарню. Выдаваў серыю «Сацыял-дэмакратычная бібліятэка», у якой публікаваў свае ўласныя тэксты і творы іншых аўтараў[4].

Выступаў за спалучэнне ідэй сацыялізму і польскага патрыятызму, што выклікала рознагалоссі з іншымі членамі рэдакцыі часопіса «Równość», якую ў выніку пакінуў у 1880 г. У 1881 г. разам з Зыгмунтам Баліцкім і Эразмам Кабыляньскім заснаваў Сацыялістычнае аб'яднанне «Польскі народ», якое спрабавала пашырыць свой уплыў у Галіцыі. Ад імя аб'яднання ў 1881 г. удзельнічаў у Міжнародным сацыялістычным кангрэсе ў Куры (Швейцарыя)[4].

У 1885 годзе пераехаў у швейцарскі горад Тун, дзе пэўны час трымаў разам з партнёрамі фотастудыю[4]. У 1887-1889 гг. жыў у Цюрыху. Актыўна займаўся у гэты перыяд навуковай дзейнасцю, вынікам чаго сталі яго фундаментальныя працы "Гісторыя нацыянальнага руху ў 1861-1864 гг." (Львоў, 1882), "Гісторыя грамадскага руху ў другой палове XVIII ст." (Львоў, 1888), "Гісторыя грамадскага руху ў ХІХ ст." (Львоў, 1890).

У 1887 г. часова ўступіў у склад ранняй нацыянальна-дэмакратычнай арганізацыі "Польская Ліга". У 1888-1889 гг. быў адным з арганізатараў Нацыянальна-сацыялістычнай гміны, якая аб'ядноўвала польскіх эмігрантаў, што спалучалі ў сваіх поглядах сацыялізм і польскі патрыятызм. Ад імя гэтай арганізацыі выступаў на Міжнародным сацыялістычным кангрэсе ў Парыжы ў 1889 г.[4]

Парыжскі перыяд

У кастрычніку 1889 г. пераехаў у Парыж, дзе да 1892 г. меў адміністрацыйную працу ў фірме, што займалася фатаграфіяй.

У лістападзе 1892 г. прыняў актыўны ўдзел у з'ездзе польскіх сацыялістычных арганізацый, якія дзейнічалі ў Польскім Каралеўстве і на эміграцыі, у Парыжы, у выніку якога была створана Замежны саюз польскіх сацыялістаў, што лічыцца пачаткам дзейнасці Польскай сацыялістычнай партыі. Цалкам падтрымаў праграму партыі, якая спалучала сацыялістычныя і польскія незалежніцкія ідэі[15].

У сувязі са стратай працы спрабаваў у 1893 г. вярнуцца ў Галіцыю, але яму было адмоўлена ў дазволе з боку аўстрыйскіх уладаў. У 1894 г. уладкаваўся клеркам у амерыканскай страхавой кампаніі «New York» у Парыжы, дзе працаваў да 1907 г. Адначасова працягваў займацца навуковай дзейнасцю, пісаў артыкулы ў часопісы. Найбольш значнымі яго працамі парыжскага перыяду былі «Стагадовая барацьба польскай нацыі за незалежнасць» (1894) і «Гісторыя польскай дэмакратыі ў перыяд пасля падзелаў» (Цюрых, 1901). Удзельнічаў у працы Парыжскага кангрэса ІІ Інтэрнацыянала ў верасні 1900 г.[16].

Кракаўскі перыяд

Пастаянна намагаўся атрымаць дазвол аўстрыйскіх уладаў на выезд у Галіцыю. Атрымаўшы, нарэшце, такі дазвол, восенню 1907 г. пераехаў у Кракаў. Пры дапамозе брата Люцыяна займаўся адміністраваннем шматкватэрнага дома, супрацоўнічаў са шматлікімі польскімі перыядычнымі выданнямі. Прымаў удзел у палітычных мерапрыемствах польскіх сацыялістаў, а таксама міжнародных сацыялістычных кангрэсах. Пасля расколу Польскай сацыялістычнай партыі падтрымаў ППС-Рэвалюцыйную фракцыю. Падчас Першай сусветнай вайны падтрымліваў дзейнасць польскіх ваенна-палітычных сіл на баку Аўстра-Венгрыі[17].

Дадзены перыяд быў вельмі плённым у навуковым плане. Сярод важнейшых прац можна вылучыць "Станіслаў Ворцэль" (1910), "Гісторыя рэвалюцыйнага руху ў Польшчы 1846 г." (1913), "Стодваццацігадовая барацьба польскага народа за незалежнасць" (1916).

У незалежнай Польшчы

Thumb
Баляслаў Ліманоўскі (злева) напасяджэнні Сената
Thumb
Пахаванне Баляслава Ліманоўскага, прамова Уладзіслава Рачкевіча
Thumb
Магіла Баляслава Ліманоўскага на Старых Павонзкаўскіх могілках

У маі 1919 г. пераехаў у Варшаву. Прымаў удзел у палітычным жыцці незалежнай Польшчы. У красавіку 1919 г. удзельнічаў у аб'яднаўчым з'ездзе Польскай сацыялістычнай партыі. Ад гэтай партыі ён тройчы абіраўся ў Сенат Польскай Рэспублікі 1-га, 2-га і 3-га склікання (1922-1935). Крытычна ставіўся да ўрадаў, у якіх удзельнічалі нацыянальныя дэмакраты, а таксама да "санацыйнага" рэжыму[4]. Паслядоўна выступаў у абарону прынцыпаў дэмакратыі, парламентарызму і грамадзянскіх свабод. Пасля ўстанаўлення аўтарытарнага "санацыйнага" рэжыму выступаў за кансалідацыю ўсіх левых і цэнтрысцкіх палітычных сіл у барацьбе за дэмакратыю.

У 1923 г. атрымаў ганаровую ступень доктара права ва Універсітэце Яна Казіміра ў Львове[18]. У 1934 г. Варшаўскі ўніверсітэт прысвоіў яму ганаровую ступень доктара[19]. З 1927 г. ганаровы член Польскага гістарычнага таварыства[20].

Па прычыне старэчага ўзросту і пагаршэння здароўя навуковая актыўнасць у гэты перыяд знізілася. Апошняй значнай працай стала кніга "Развіццё польскай сацыялістычнай думкі" (1929).

Памёр у Варшаве 1 лютага 1935 г. Пахаваны на Павонзкіх могілках у Варшаве (алея Заслужаных-1-16)[21].

Remove ads

Сям'я і дзеці

Быў жанаты двойчы.

З 3 кастрычніка 1874 г. быў жанаты на Вінцэнце Шарскай (1838–1885), з якой у яго было трое сыноў:

  • Мечыслаў (1876-1948), геолаг і тэатральны рэжысёр, прафесар геаграфіі ў Віленскім універсітэце імя Стэфана Баторыя;
  • Зыгмунт (1877–1943), эканаміст і статыстык, актыўны дзеяч Польскай сацыялістычнай партыі;
  • Вітольд (1881-1903).

Другой жонкай з 1887 года была Марыя Ганеўская (1860–1906), з якой нарадзіўся сын Станіслаў (1888-1927), урач.

Remove ads

Погляды

Сацыялогія

Баляслаў Ліманоўскі быў прыхільнікам пазітывісцкай сацыялогіі. На яго погляды паўплывалі Агюст Конт, Герберт Спенсер, Паўль фон Ліленфельд і іншыя. Ён падзяляў фундаментальную ідэю пазітывізму на тое, што грамадства — гэта арганічнае цэлае. Услед за Контам ён падзяляў сацыялогію на агульную сацыялогію, якая вывучае ўмовы фарміравання, існавання і развіцця грамадства, і спецыяльную сацыялогію, якая аналізуе асобныя кампаненты грамадства і вывучае іх функцыі. Ліманоўскі лічыў сацыялогію абстрактна-канкрэтнай навукай:

«(...) задача сацыялогіі — вывучаць агульныя з'явы грамадскага жыцця, паколькі яны з'яўляюцца асновай для праяваў і развіцця розных форм існавання грамадстваў, шляхам вывядзення з заканамернасцей, якія назіраюцца ва ўзаемнай сувязі гэтых з'яў, пэўных канкрэтных законаў, прычым мы імкнемся да такога агульнага закона, які б выступаў як фундаментальны, з якога можна было б вывесці ўсе астатнія. Мы вывучаем сацыяльнае жыццё ў грамадстве, а дакладней, у грамадствах. Мы разглядаем яго ў канкрэтных формах існуючых або мінулых грамадстваў, каб падняцца да абстрактных абагульненняў у сферы грамадскага жыцця. Такім чынам, сацыялогія — гэта абстрактна-канкрэтная навука»[22].

Быў прыхільнікам тэорыі арганіцызму ў даследаванні сацыяльных адносін. Разглядаў народ як найвышэйшы арганізм, створаны сацыяльнай эвалюцыяй. Як найважнейшая сацыялагічная катэгорыя, народ знаходзіць сваё месца як у агульнай, так і ў спецыяльнай сацыялогіі[23].

Агульная сацыялогія

Важнейшы тэзіс агульнай сацыялогіі палягае ў тым, што грамадства па сваёй прыродзе з'яўляецца арганічным цэлым. Ліманоўскі, аднак, лічыў, што гэты тэзіс павінен мець вельмі абмежаваную эўрыстычную сілу і не павінен разглядацца дагматычна. Другім важным палажэннем агульнай сацыялогіі з'яўляецца тое, што арганізм мае гістарычны характар, выступае прадуктам універсальнай эвалюцыі і ў сувязі з гэтым падпарадкоўваецца працэсам дыферэнцыяцыі і інтэграцыі. Менавіта спецыфічная здольнасць чалавека да стварэння культуры і цывілізацыі адрознівае яго ад жывёл.

Важнае месца ў агульнай сацыялогіі Ліманоўскага займае пытанне аб фактарах грамадскага развіцця. Паводле Ліманоўскага, гэтымі фактарамі з'яўляюцца прымус і дагавор, які садзейнічае сацыяльнай інтэграцыі[23].

Тэорыя нацыі

Паводле Баляслава Ліманоўскага, нацыя — гэта арганічная супольнасць, заснаваная на пагадненні паміж яе членамі. Яна з'яўляецца вынікам натуральнага грамадскага развіцця. Нацыя характарызуецца найвышэйшай унутранай салідарнасцю, а таксама раўнавагай паміж індывідуальнай свабодай і калектыўнай салідарнасцю[23].

Спецыяльная сацыялогія

Ліманоўскі прытрымліваўся канцэпцыі Конта, згодна з якой спецыяльная сацыялогія падзяляецца на статыку і дынаміку. Функцыя сацыяльнай статыкі заключаецца ў даследаванні характэрных рысаў народу як сацыяльнай сістэмы. Цэнтральнай катэгорыяй сацыяльнай статыкі з'яўляецца паняцце сацыяльнага рэсурсу. Агульная статыка грунтуецца на палажэнні, што рэальнымі суб'ектамі гістарычнага працэсу з'яўляюцца толькі групы са стабільнымі і моцнымі сацыяльнымі сувязямі, гэта значыць арганічныя супольнасці, якія дзейнічаюць ва ўмовах працэсаў агульнай эвалюцыі. У сваю чаргу, такія формы, як сацыяльны рэсурс або культура, з'яўляюцца прадуктамі гэтай эвалюцыі, цалкам залежнымі ад першапачатковых супольнасцей[23].

Гісторыя

Ліманоўскі з'яўляецца аўтарам шэрагу фундаментальных гістарычных прац.

Пры даследаванні гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, Баляслаў Ліманоўскі падкрэсліваў перавагу рускага элемента ў фарміраванні і развіцці дзяржаўнасці, выкарыстоўваў тэрмін «Літоўска-Руская дзяржава»:

«Русь, якая была вышэй за Літву па ўзроўні сацыялізацыі, прынесла сваё права, «Рускую праўду» і  мову»[24].

Станоўча ацэньваў Рэфармацыю ў ВКЛ як фактар развіцця адукацыі і пісьменства. У той жа час крытычна ставіўся да гістарычнай ролі езуітаў, якія

«патуралі забабонам паноў і шляхты, развівалі рэлігійны фанатызм і наўмысна адцягвалі моладзь ад самастойнага мыслення»[24].

Ключавым станоўчым момантам у гісторыі ВКЛ лічыў Люблінскую ўнію, хаця падкрэсліваў яе саслоўную абмежаванасць. Таксама станоўча ацэньваў Брэсцкую царкоўную ўнію[24].

У даследаваннях падзелаў Рэчы Паспалітай дыскутаваў з тэзісам аб культурна-цывілізацыйнай адсталасці гэтай дзяржавы як прычыне падзелаў. Даводзіў, што падзелы адбыліся ва ўмовах хуткіх сацыяльна-палітычных рэформ у Рэчы Паспалітай, а прычынай падзелаў была перадусім агрэсіўная палітыка суседніх дзяржаў. Няўдачы пазнейшых паўстанняў, накіраваных на аднаўленне Рэчы Паспалітай, звязваў з эгаістычнай пазіцыяй шляхты, якая не была гатова пайсці на саступкі сялянам. У той жа час падкрэсліваў важнае месца сацыяльных пераўтварэнняў у праграме паўстання 1863-1864 гг., выказваючы асаблівую прыхільнасць да групоўкі "чырвоных". Не падзяляў песімістычнай трактоўкі гісторыі паўстання, звязанай з яго паражэннем; сцвярджаў яго вялікае значэнне ў справе развіцця польскай нацыянальнай свядомасці, асабліва сярод ніжэйшых сацыяльных слаёў - сялян і рабочых. На яго думку, з таго часу роля вядучай рухаючай сілы вызваленчага руху перайшла ад шляхты да шырокіх народных мас. Польскі сацыялістычны рух разглядаўся як непасрэдны прадаўжальнік рэвалюцыйна-дэмакратычных традыцый нацыянальна-вызваленчага руху ХІХ ст.[15]

Палітычныя погляды

Быў прыхільнікам спалучэння ідэй дэмакратычнага сацыялізму і польскага патрыятызму. З ідэолагаў сацыялізму найбольшы ўплыў на погляды Баляслава Ліманоўскага мелі ідэі Фердынанда Ласаля; марксістам сябе ніколі не лічыў. Рэалізацыя сацыялістычных ідэй бачылася магчымай толькі ў незалежнай нацыянальнай дзяржаве:

"Незалежнасць нацыі з'яўляецца найвышэйшай патрэбай і першаснай неабходнасцю ..., без яе не можа быць палітычнай свабоды, а без гэтага любыя памкненні да сацыялістычных пераўтварэнняў у грамадска-палітычным ладзе народа застануццца марнымі"[4].

Remove ads

Погляды на Беларусь

На светапогляд Баляслава Ліманоўскага моцна паўплываў досвед жыцця ў родных мясцінах у паўднёва-ўсходняй частцы гістарычных Інфлянтаў - шматэтнічнага рэгіёну, дзе пражывалі беларусы, палякі, латышы, расійцы, яўрэі. Дэклараваў сваю прыналежнасць адначасова да Літвы і да Інфлянтаў. У сваіх успамінах, узгадваючы пра першы побыт у Вільні ў 1860 г., падкрэсліваў, што Вільня

"мела для мяне вялікае значэнне як сталіца Літвы, хаця ў той жа час, як разважлівы інфлянцец, лічыў сваёй сталіцай Рыгу"[25].

На пачатку 1860-х гг. ідэнтыфікаваў сябе як літвін. У паняцці "літвін" і "інфлянцец" укладаў не этнічны, а гісторыка-палітычны сэнс. Напярэдадні паўстання 1863-1864 гг. сфарміраваліся яго погляды на адроджаную Рэч Паспалітую як на федэрацыю ўсіх народаў, якія яе насяляюць:

"Сапраўды жадалі аднаўлення Рэчы Паспалітай у яе даўніх межах, але былі пры гэтым перакананымі рэспубліканцамі-федэралістамі і не толькі хацелі забяспечыць правы для ўсіх народнасцяў, якія ўваходзілі ў яе склад, але як народнікі падтрымлівалі пачуццё нацыянальнай самастойнасці ў літоўска-рускім народзе"[26].

Узамаадносіны паміж народамі ў будучай Рэчы Паспалітай павінны былі, на яго думку, грунтавацца на наступных прынцыпах:

- дэмакратычны федэралізм як форма палітычнага аб'яднання;

- прызнанне беларусаў, украінцаў, літоўцаў і латышоў самастойнымі народамі, якія маюць права на ўласнае дзяржаўна-палітычнае і нацыянальна-культурнае развіццё;

- падтрымка нацыянальных рухаў гэтых народаў прагрэсіўнай польскай інтэлігенцыяй[26]. У гэтай сувязі спасылаўся на ідэалізаваны вобраз Эміліі Плятэр, якая

"любіла як латышскі, так і беларускі народы, і спачувала іх нядолі"[27].

У 1860-1870-х гг. карыстаўся літаратурным псеўданімам "Янко Плакань", які выводзіўся ад імя знаёмага беларускага селяніна. У лісце да ўкраінскага грамадска-палітычнага дзеяча Міхаіла Драгаманава ад 28 лістапада 1878 г. адмаўляў абвінавачванні ў памкненнях да паланізацыі народаў былой Рэчы Паспалітай. У гэтым лісце сцвярджаў, што з'яўляецца перыхільнікам дэмакратычнага сацыялізму, які „не дазваляе захопаў, панавання або гегемоніі аднаго народу над іншым, прымусовага цывілізатарства” i імкнецца да поўнага самакіравання кожнага народа:

„Таму з майго боку пра дэнацыяналізацыю не магло быць і гаворкі. Аднак межы 1772 года — гэта іншая справа. Я не хачу і не адважваюся нічога прадбачыць у гэтай справе. Адзінае і канчатковае рашэнне ў гэтай справе належыць самім народам. Скінуўшы з сябе ярмо, якое ляжыць на іх, яны вырашаць свабодным і ўсеагульным галасаваннем, ці аддзяляцца ім адзін ад аднаго, ці заставацца ў цесна звязанай федэратыўнай сістэме. Што да мяне, то я прызнаю, што як паляк, народжаны сярод латышскага насельніцтва, шчыра жадаю, каб унія, калісьці заключаная ў Любліне пануючымі саслоўямі, была адноўлена самімі народамі”[28].

У якасці мадэлі для будучай Рэчы Паспалітай прыводзіў Швейцарыю[28]. Істотнай праблемай для развіцця нацыянальных рухаў беларусаў, як і шэрагу іншых народаў былой Рэчы Паспалітай, была, з яго пункту гледжання, адсутнасць заўважнай праслойкі адукаваных слаёў грамадства. Таму пытанне станаўлення гэтых нацыянальных рухаў разглядалася ў непарыўнай сувязі з праблемамі агульнага сацыяльнага развіцця і ў першую чаргу з надзяленнем зямлёй сялянства, што стала б штурштком для паляпшэння матэрыяльнага ўзроўню жыцця асноўнай масы насельніцтва і садзейнічала б вылучэнню сярод яго адукаваных слаёў. У гэтай сувязі Ліманоўскі падкрэсліваў значэнне сялянскага пытання нацыянальна-вызваленчай барацьбе народаў Рэчы Паспалітай:

"для дэмакратаў 1848 i 1863 гг. было зразумела, што разам з ліквідацыяй сялянскай залежнасці і з прызнаннем для іх грамадзянскіх правоў павінна наступіць адраджэнне літоўскай і беларускай народнасці"[29].

Ліманоўскі адзначаў станоўчую ролю польскіх паўстанняў у працэсе фарміравання нацыянальнай самасвядомасці беларусаў і літоўцаў, адзначаў беларускае паходжанне шэрагу выбітных дзеячоў польскага нацыянальна-вызваленчага руху (Тадэвуш Касцюшка, Рамуальд Траўгут). Высока ацэньваў ажыўленне літоўскага, латышскага і беларускага нацыянальных рухаў падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг., разлічваў на перспектывы цеснага супрацоўніцтва паміж імі і польскім нацыянальным рухам[30]. У 1912 г. быў апублікаваны артыкул Ліманоўскага "Літва і Беларусь", які быў сугучны з аднайменнай працай Лявона Васілеўскага. Фармулюючы рытарычнае пытанне „ці зможа беларускае насельніцтва стварыць уласную нацыю?” сцвярджаў, што верыць

„у будучыню беларускага народу, паколькі ўнутры яго адбываецца ўзрастанне нацыянальнай свядомасці”.

Нягледзячы на тое, што пажаданай формай будучага дзяржаўна-палітычнага саюзу лічыў федэрацыю Беларусі, Літвы і Латвіі з Польшчай, дапускаў перспектыву незалежнай ад Польшчы беларуска-літоўска-латышскай федэрацыі[31]. Стварэнне ўнітарнай дзяржавы ў міжваеннай Польшчы Ліманоўскі разглядаў як крах сваіх федэралістычных ідэй. У гэтых умовах ён лічыў неабходным забеспячэнне правоў нацыянальных меншасцяў, недапушчальнасць дыскрымінацыі па нацыянальнай прыкмеце. У цэнтралізатарскай палітыцы ён акрамя таго бачыў пагрозу для дэмакратыі. У сваёй сенатарскай прамове ад 16 мая 1924 г. рашуча выступіў супраць дыскрымінацыі беларусаў і ўкраінцаў у судова-адміністрацыйнай і адукацыйнай сферах, разглядаў асімілятарскую палітыку тагачасных урадаў як здраду ідэалам паўстання 1863-1864 гг., працяг палітыкі Бісмарка і Сталыпіна, вынікам чаго стала

"распальванне нянавісці сярод беларусаў, якія былі найбольш братэрскімі для нас"[32].

27 ліпеня 1924 г. у дыскусіі па моўным пытанні Ліманоўскі падкрэсліваў, што, насуперак меркаванням некаторых колаў, беларусы — гэта нацыя са сваёй культурай, парламенцкім прадстаўніцтвам у польскім сойме і асобнай дзяржаўнай арганізацыяй у межах СССР, існаванне якой уплывае і на беларусаў у Польшчы. Ацэньваючы шанцы на супрацоўніцтва, ён сцвярджаў, што з беларусамі

«нам лягчэй за ўсё дасягнуць паразумення, але мы павінны дзейнічаць сумленна, адкрыта і без падману»[32].

Яшчэ раз Ліманоўскі выступіў з крытыкай палітыкі нацыянальнай дыскрымінацыі ў сваім артыкуле ў сакавіку 1928 г. "У справе крыўдаў нашых братніх славянскіх народаў у Рэчы Паспалітай", патрабаваў прызнання тэрытарыяльнай аўтаноміі для нацыянальных меншасцяў у Польшчы[33].

Remove ads

Асноўныя публікацыі

    • O kwestii robotniczej, Lwów 1871.
    • Socjalizm jako konieczny objaw dziejowego rozwoju, Lwów 1879;
    • Ferdynand Lassalle i jego polemiczno-agitacyjne pisma, Genewa 1882;
    • Polityczna a społeczna rewolucja, Genewa 1883;
    • Historia powstania narodu polskiego w 1863 i 1864, Lwów 1882 t. I, t. II
    • Historia ruchu społecznego w drugiej połowie XVIII stulecia, Lwów 1888;
    • Historia ruchu społecznego w XIX stuleciu, Lwów 1890;
    • Stuletnia walka narodu polskiego o niepodległość, Zurych 1894;
    • Historia Litwy pokrótce opowiedziana, Paryż 1895;
    • Historii demokracji polskiej w epoce porozbiorowej, Zurych 1901;
    • Demokracja w Polsce, Kraków 1903;
    • Żywot Stanisława Staszica, Kraków 1904;
    • Naród i państwo. Studium socjologiczne, Kraków 1906;
    • Stanisław Worcell. Życiorys, Kraków 1910;
    • Emilia Plater, Warszawa 1910;
    • Szermierze wolności, Kraków 1911;
    • Historia ruchu rewolucyjnego w Polsce w 1846, Kraków 1913;
    • Studwudziestoletnia walka narodu polskiego o niepodległość, Kraków 1916;
    • Socjologia, Kraków 1919;
    • Polityka wynaradawiająca rządu pruskiego w stosunku do ludności polskiej, Częstochowa 1919;
    • Hugo Kołłątaj, Warszawa 1920;
    • Rozwój polskiej myśli socjalistycznej, Warszawa 1929;
    • Pamiętniki, Warszawa 1961.
Remove ads

Ордэны і ўзнагароды

Баляслаў Ліманоўскі ў фільме

У польскім мастацкім фільме «Смерць прэзідэнта» (1977) рэжысёра Ежы Кавалёровіча ролю Баляслава Ліманоўскага сыграў Мар'ян Гадлеўскі.

Бібліяграфія

  • Мазоўка Н.К. Ліманоўскі Баляслаў // Беларуская Энцыклапедыя. - Т. 9. - Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1999. - С. 260.
  • Смалянчук А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864-1917 г. - Гродна: ГрДУ, 2001.
  • Bardach J. Inflanty, Litwa, Białoruś w twórczości Bolesława Limanowskiego. Studium z dziejów kwestii narodowej // Przegląd Historyczny. - T. 65. - 1974. - Z. 3. - S. 479-503.
  • Grygajtis K. U źródeł polityki federacyjnej: Bolesław Limanowski // Sprawy Polityczne. - 2001. - Nr 6. - S. 119-127.
  • Handelsman M. Bolesław Limanowski jako badacz historii powszechnej. - Warszawa, 1936.
  • Kurczewska J. Naród w socjologii i ideologii polskiej. Analiza porównawcza wybranych koncepcji z przełomu XIX i XX wieku. - Warszawa: PWN, 1979.
  • Myśliński J. Grupy polityczne Królestwa Polskiego w Zachodniej Galicji 1895-1904. - Warszawa: Książka i Wiedza, 1987.
  • Myśliński J. Studia nad polską myślą społeczno-polityczną w Zachodniej Galicji 1905-1914. - Warszawa: Książka i Wiedza, 1970.
  • Nestor polskiego socjalizmu czy tylko demokrata?: studia o Bolesławie Limanowskim / pod red. S. Michalkiewicza i Z.A. Żechowskiego. - Katowice: UŚ, 1987.
  • Niemojewski M.A. "Historya Litwy pokrótce opowiedziana" Bolesława Limanowskiego : późny głos pozytywizmu warszawskiego w kwestii litewskiej // Pozytywiści warszawscy. - Warszawa, 2020. - S. 357-375.
  • Próchnik A. Bolesław Limanowski. - Warszawa, 1934.
  • Pytel J. Bolesław Limanowski - współtwórca Polskiej Partii Socjalistycznej // Przegląd Socjalistyczny. - 2015. - Nr 3. - S. 98-105.
  • Samborska-Kukuć D. Inflanty Polskie Bolesława Limanowskiego // Acta Universitatis Łodziensis. Folia Litteraria Polonica. - 2013. - Nr 4. - S. 73-86.
  • Sztumski J. Bolesław Limanowski – życie i twórczość // Limanowski B. Socjalizm jako konieczny objaw dziejowego rozwoju. - Warszawa, 1989.
  • Śliwa M. Bolesław Limanowski: człowiek i historia. - Kraków: Wydawnictwo Naukowe WSP, 1994.
  • Wereszycki H. Limanowski Bolesław // Polski Słownik Biograficzny. - T. 17. - 1972. - S. 340-346.
  • Wiatr J. Naród i państwo. Socjologiczne problemy kwestii narodowej. - Warszawa: Książka i Wiedza, 1969.
  • Żechowski Z. Socjologia Bolesława Limanowskiego. - Poznań 1964.
  • Żychowski M. Bolesław Limanowski, 1885-1935. - Warszawa: Książka i Wiedza, 1971.
Remove ads

Зноскі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads