Акадэмія нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь
вышэйшая навучальная ўстанова Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Акадэ́мія нацыяна́льнай бясьпе́кі Рэспу́блікі Белару́сь — вышэйшая навучальная ўстанова Беларусі, заснаваная ў сьнежні 1946 году ў якасьці Львоўскай школы падрыхтоўкі апэратыўных працаўнікоў (цяпер Украіна).
На 2022 год АНБ Беларусі месьцілася ў Партызанскім раёне Менску па вуліцы Зьмітрака Бядулі, д. 2 (мікрараён Захарава-Пуліхава).
Remove ads
Задачы і функцыі
Паводле 13-га артыкула Статуту Акадэміі нацыянальнай бясьпекі Беларусі 2022 году, асноўнымі задачамі АНБ былі:
- падрыхтоўка адмыслоўцаў з вышэйшай адукацыяй у галіне забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі;
- павышэньне кваліфікацыі і перападрыхтоўка кіраўнічых працаўнікоў і адмыслоўцаў у гэтай галіне;
- ладжаньне і правядзеньне фундамэнтальных і дастасоўных навуковых дасьледаваньняў у гэтай галіне;
- падрыхтоўка навуковых працаўнікоў найвышэйшай кваліфікацыі ў гэтай галіне;
- ладжаньне і правядзеньне ідэалягічнай і выхаваўчай працы;
- ладжаньне і ажыцьцяўленьне навуковай і інавацыйнай дзейнасьці;
- удзел у выкананьні задачаў, ускладзеных на органы дзяржаўнай бясьпекі[2].
Згодна з 14-м артыкулам Статуту АНБ выконвала 11 функцыяў:
- адукацыя ў галіне забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі;
- унясеньне прапановаў аб адкрыцьці падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі паводле спэцыяльнасьцяў адмыслоўцаў для органаў дзяржбясьпекі і іншых сілаў забесьпячэньня нацбясьпекі;
- вызначэньне зьместу, формаў і спосабаў навучаньня і выхаваньня, якія забясьпечваюць якасьць адукацыі ў адпаведнасьці з адукацыйнымі стандартамі;
- ідэалягічная і выхаваўчая праца з асабовым складам АНБ;
- удзел у навуковай і навукова-тэхнічнай, досьледнай і інавацыйнай дзейнасьці, навукова-мэтадычным забесьпячэньні адукацыі ў галіне нацбясьпекі;
- удзел у падрыхтоўцы праектаў нарматыўных прававых актаў у галіне нацбясьпекі, ва ўкараненьні вынікаў навуковых дасьледаваньня ў дзейнасьць КДБ і іншых сілаў забесьпячэньня нацбясьпекі;
- міжнародная супраца ў галіне адукацыі і навукі, вонкавага гандлю, у тым ліку ў дачыненьні адмысловых тавараў і паслугаў;
- даходная дзейнасьць;
- ахова інфармацыі, распаўсюд і наданьне якой абмяжоўваецца, забесьпячэньне бясьпекі, усталяваньне рэжыму аховы тэрыторыі і прапускнога рэжыму ў адпаведнасьці зь мясцовымі прававымі актамі КДБ Беларусі;
- паліграфічная і выдавецкая дзейнасьць;
- дзейнасьць у галіне сувязі[2].
Remove ads
Будова і асабовы склад
У 16-м артыкуле Статуту АНБ Беларусі 2022 году да кіраўніцтва залічаліся начальнік АНБ і 3 ягоныя намесьнікі, зь якіх адзін першы. Паводле 17-га артыкула, асноўнымі падразьдзяленьнямі былі: факультэты з курсантамі і слухачамі, аддзяленьні і асяродкі, катэдры, навучальна-мэтадычныя і навукова-дасьледчыя падразьдзяленьні. Згодна з 18-м артыкулам забесьпячальныя падразьдзяленьні ажыцьцяўлялі тэхнічнае абслугоўваньне АНБ[2].
Паводле 22-га артыкула Статуту АНБ Беларусі, пастаянны склад утваралі вайскоўцы і цывільны пэрсанал АНБ. Зьменны склад утваралі навучэнцы: курсанты і слухачы, дактаранты, ад'юнкты і сушукальнікі. У 26-м артыкуле згадвалася, што лекарскую дапамогу зьменнаму складу АНБ аказвала ўстанова аховы здароўя Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі. Згодна з 27-м артыкулам зьменны склад АНБ зь ліку вайскоўцаў іншых вайсковых фармаваньняў, асобаў начальніцкага і шараговага складу ваенізаваных установаў мелі ўтрымлівацца іх уласнымі фармаваньнямі і ўстановамі грашовым забесьпячэньнем (заробкам), харчаваньнем і маёмасьцю харчовай службы, рэчавай маёмасьцю (форменнай вопраткай) і лекарскім абслугоўваньнем[2].
На 2012 год дзейнічала 5 факультэтаў, зь іх 3 асноўныя: падрыхтоўкі (супрацоўнікаў з вышэйшай адукацыяй цягам 2-х гадоў), памежных войскаў і мытны. Дадаткова існавалі 2 факультэты перападрыхтоўкі і павышэньня кваліфікацыі, а таксама аддзяленьне кіраўнічага складу для Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю Беларусі[3].
Remove ads
Навучаньне і навука
Паводле 30-га артыкула Статуту АНБ Беларусі 2022 году, АНБ ажыцьцяўляў адукацыйныя праграмы як за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і на платнай падставе. Згодна з 33-м артыкулам «мовы навучаньня і выхаваньня ў АНБ — беларуская і расейская, пры патрэбе — замежныя». У 35-м артыкуле згадваліся вочная, завочная і аддаленая формы навучаньня, а таксама сушукальніцтва. Паводле 37-га артыкула, тэрмін атрыманьня 2-й вышэйшай адукацыі ў АНБ складаў прынамсі 2 гады. Згодна з 42-м артыкулам начальнік АНБ зацьвярджаў Палажэньне аб Навуковай радзе АНБ, якое вызначала яе паўнамоцтвы, склад і дзейнасьць у галіне ладжаньня навуковай дзейнасьці, павышэньня выніковасьці навуковых дасьледаваньня і ўкараненьня атрыманых вынікаў. У 43-м артыкуле прадугледжвалася стварэньне Радаў абароны дысэртацыяў[2].
На 2012 год навучальныя дысцыпліны падзяляліся на: грамадзкія, правазнаўчыя і апэратыўна-вышукавыя. У навучальнай нагрузцы пераважала вывучэньне замежных моваў, псыхалёгіі і права. Дзейнічала бібліятэка адмысловай літаратуры і 2 Рады абароны дысэртацыяў. Выдавалі часопіс «Працы Інстытуту нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь», які Найвышэйшая атэстацыйная камісія Беларусі прызнала прыдатным для абнародаваньня навуковых артыкулаў[3].
Кіраваньне і маёмасьць
Згодна з 44-м артыкулам Статуту АНБ Беларусі 2022 году прэзыдэнт Беларусі прызначаў і вызваляў ад вайсковай пасады начальніка АНБ на прапанову старшыні КДБ Беларусі. Паводле 50-га артыкула, матэрыяльна-тэхнічную базу АНБ складалі зямельныя дзялянкі і будынкі, збудаваньні і ўзбраеньне, вайсковая тэхніка і транспартныя сродкі, а таксама абсталяваньне. У 57-м артыкуле прадугледжвалася пераўтварэньне АНБ паводле рашэньня прэзыдэнта Беларусі[2]. У Астрошыцкім сельсавеце Лагойскага раёну каля аўтамагістралі М3 месьцілася палявая навучальная база АНБ.
Remove ads
Міжнародная супраца
У 55-м артыкуле Статуту АНБ Беларусі 2022 году згадвалася, што міжнародную супрацу АНБ ажыцьцяўляла ў рамках міжнародных дамоваў Беларусі, дамоваў АНБ і ўстановаў замежнай дзяржавы, а таксама міжнародных праграмаў і праектаў у галіне адукацыі і навукі[2]. На 2012 год ажыцьцяўлялі перападрыхтоўку і павышэньне кваліфікацыі супрацоўнікаў Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі. Дзейнічалі дамовы аб супрацы з Парлямэнцкай асамблеяй Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы і «Цэнтрам дастасоўнай псыхафізыялёгіі» ў Маскве[3].
Remove ads
Мінуўшчына
27 сьнежня 1946 году міністар дзяржаўнай бясьпекі СССР Віктар Абакумаў падпісаў Загад № 563 аб стварэньні Львоўскай школы падрыхтоўкі апэратыўных працаўнікоў (Украінская ССР). 5 красавіка 1952 году школа атрымала № 302. 15 ліпеня 1952 году яе пераўтварылі ў Львоўскую сярэднюю спэцыяльную школу, чые выпускнікі сталі атрымліваць дыплём аб сярэдняй правазнаўчай адукацыі. 20 лістапада 1954 году старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Іван Сяроў падпісаў Загад № 753 аб перамяшчэньні Львоўскай сярэдняй спэцыяльнай школы № 302 у Магілёў (Беларуская ССР) да 1 сьнежня 1954 году. У 1956 годзе Магілёўская сярэдняя спэцыяльная школа (ССШ) № 302 пачала падрыхтоўку апэратыўных працаўнікоў выключна на аснове вышэйшай адукацыі. У 1957—1960 гадоў рыхтавалі супрацоўнікаў КДБ зь веданьнем замежнай мовы, а таксама іх перападрыхтоўку. У выніку Магілёўская ССШ № 302 стала адной з 2-х у Савецкім Саюзе навучальных установаў, якія рыхтавалі супрацоўнікаў для тэрытарыяльных органаў КДБ[4].
21 жніўня 1961 году старшыня КДБ Аляксандар Шалепін падпісаў Загад № 142 аб перамяшчэньні Магілёўскай ССШ № 302 у Менск да 1 верасьня 1961 году. У выніку да навучаньня курсантаў сталі прыцягваць акадэмічных выкладнікаў. 18 верасьня 1964 году Савет міністраў СССР ўхваліў Распараджэньне аб пераўтварэньні Менскай ССШ № 302 у Найвышэйшыя курсы КДБ. 13 лістапада 1964 году адпаведны Ўказ № 321 падпісаў старшыня КДБ Уладзімер Сямічасны. У выніку перайшлі на гадавы тэрмін навучаньня апэратыўных працаўнікоў. У 1988 годзе сталі выдаваць дыплём аб вышэйшай спэцыяльнай адукацыі[4].
15 студзеня 1992 году Вярхоўны Савет Беларусі ўхваліў Пастанову № 1416-ХІІ аб пераводзе Найвышэйшых курсаў КДБ у падпарадкаваньне Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі[4]. 19 жніўня 1993 году Кабінэт міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову «Аб стварэньні часьце памежных войскаў», паводле якога Найвышэйшыя курсы КДБ Беларусі пачалі рыхтаваць памежнікаў паводле больш як 20 спэцыяльнасьцяў[3]. 1 красавіка 1994 году Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету Беларусі ўхваліў Пастанову № 59 с аб пераўтварэньні Найвышэйшых курсаў КДБ Беларусі ў Інстытут нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь (ІНБ Беларусі)[4]. 29 верасьня 1994 году на факультэце памежных войскаў ІНБ Беларусі стварылі катэдру тактыкі і падрыхтоўкі памежных войскаў, а 16 кастрычніка 1995 году — кіраўніцтва апэратыўнай дзейнасьцю (адмысловую катэдру)[3]. У 1994 годзе запрацавала ад’юнктура. На 1999 год налічвалася 11 катэдраў[5]. У 1998 годзе на факультэце памежных войскаў ІНБ стварылі навукова-дасьледчую лябараторыю, якую 21 красавіка 2001 году пераўтварылі ў Цэнтар памежных дасьледаваньняў. Адначасна ў 2001 годзе стварылі цыкль падрыхтоўкі ахоўнікаў дыпляматычных прадстаўніцтваў Беларусі[3].
У 1999 годзе ў ІНБ Беларусі стварылі дактарантуру. 15 красавіка 2004 году Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт ухваліў Рашэньне № 788 аб уліку ІНБ Беларусі ў Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў за № 100783435. 1 лютага 2006 году старшыня Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў беларусі падпісаў Загад аб стварэньня навукова-дасьледчага аддзелу псыхалягічнага суправаджэньня на факкультэце памежных войскаў[3]. У 2006 годзе ІНБ Беларусі выпусьціў 1000 адмыслоўцаў з улікам перападрыхтоўкі і павышэньня кваліфікацыі. На 2010 год налічвалася 3 факультэты[6].
На 2022 год ІНБ Беларусі ўлучаў 12 катэдраў і 3 асноўныя факультэты, 2 навукова-дасьледчыя аддзелы і дактарантуру. У Інстытуце выкладалі 26 дацэнтаў і 21 кандыдат навук, 9 прафэсароў і 8 дактароў навук, а таксама акадэмік. Сярод іх былі гісторыкі і грамадазнаўцы, заслужаныя дзеячы мастацтваў і палітолягі, сябры Саюзу пісьменьнікаў Беларусі і правазнаўцы, псыхолягі і майстры спорту міжнароднай клясы, філёзафы і эканамісты. ІНБ Беларусі рыхтаваў адмыслоўцаў у галіне нацыянальнай бясьпекі зь ліку вайскоўцаў-кантрактнікаў КДБ Беларусі, падбор і накіраваньне на навучаньне якіх ажыцьцяўлялі тэрытарыяльныя падразьдзяленьні КДБ. Умовамі паступленьня былі: беларускае грамадзянства і вышэйшая адукацыя, вайсковая служба паводле закліку і працоўны стаж ад году, а таксама адсутнасьць судзімасьці[4]. 10 кастрычніка 2022 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 355 «Аб Акадэміі нацыянальнай бясьпекі» (АНБ), у якую перайменаваў ІНБ Беларусі. Да Ўказу № 355 прыкладаўся Статут АНБ Беларусі[7].
Начальнікі
- Епіфан Буслоўскі (1954—1972)
- Віктар Воранаў (1972—1979)
- Іван Лысакоўскі (1979—1988)
- Уладзімер Собалеў (1988—1992)
- Станіслаў Князеў (да 11 кастрычніка 2001)
- Мікалай Рабчонак (з 11 кастрычніка 2001)
- Ігар Бахматаў (10 ліпеня 2008[8] — 22 студзеня 2010)
- Ігар Кузьняцоў (22 студзеня 2010 — 23 траўня 2014)[9]
- Іван Корж (23 траўня 2014 — 8 лістапада 2016)[10]
- Алег Сталярчук (8 лістапада 2016 — 30 чэрвеня 2018)[11]
- Вячаслаў Язерскі (30 чэрвеня 2018[12] — 22 красавіка 2020)
- Ігар Паўлюшчанка (ад 22 красавіка 2020 году)[13]
Выпускнікі
- Станіслаў Цаплін (1957) — выканаўца абавязкаў старшыні КДБ Летувіскай ССР (травень—жнівень 1991);
- Ансельмас Армонас (1962) — старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Летувіскай ССР (жнівень—кастрычнік 1991);
- Анатоль Стройкін (1964) — старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Таджыцкай ССР (1991);
- Сат Такпакбаеў (1964) — 4-ы міністар абароны Казахстану (1999—2001);
- Усуп Мукамбаеў (1969) — 3-і старшыня Вярхоўнага Савету Кыргыстану (1997—2000);
- Горык Акапян (1971) — 7-ы кіраўнік Службы нацыянальнай бясьпекі Армэніі (2004—2016);
- Генадзь Лавіцкі (1971) — 2-і старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі (1994);
- Уладзімер Радчанка (1971) — 3-і і 5-ы старшыня Службы бясьпекі Ўкраіны (1995—1998, 2001—2003);
- Рэйн Сілар (1971) — старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Эстонскай ССР (1990—1991);
- Урал Латыпаў (1974) — 3-і кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі (2001—2004);
- Мікалай Патрушаў — 13-ы сакратар Савету бясьпекі Расеі (зь 2008 году);
- Сяргей Іваноў (1976) — 11-ы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Расеі (2011—2016)
- Анатоль Тозік (1980) — намесьнік старшыні Савету міністраў Беларусі (2010—2014);
- Нартай Дутбаеў (1982) — 8-ы старшыня Камітэту нацыянальнай бясьпекі Казахстану (2001—2006);
- Леанід Цібілаў (1982) — 3-і прэзыдэнт Паўднёвай Асэтыі (2012—2017);
- Адзіль Шаяхметаў (1982) — 10-ы старшыня Камітэту нацыянальнай бясьпекі Казахстану (2009—2010);
- Гельдымухамед Ашырмухамедаў (1983) — 8-ы міністар нацыянальнай бясьпекі Туркмэністану (2004—2007);
- Сьцяпан Сухарэнка (1985) — 6-ы старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі (2005—2007)[14];
- Іван Церцель (1994) — 10-ы старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі (зь 2020 году)
Remove ads
Крыніцы
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads