Асьвея
мястэчка ў Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Гэтая назва мае некалькі сэнсаў. Калі вас цікавяць іншыя сэнсы, глядзіце таксама Асьвея (Дубінкаўскае), Асьвейскае возера.
Асьве́я[2] — мястэчка ў Беларусі, на паўднёвым беразе Асьвейскага возера. Уваходзіць у склад Дрысенскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 1200 чалавек[1]. Знаходзіцца за 40 км ад Дрысы, за 37 км ад чыгуначнай станцыі Верхнядзьвінск (лінія Полацак — Дзьвінск).
Асьвея — даўняе места гістарычнай Полаччыны. Да нашага часу тут захаваліся руіны палаца Гільзэнаў і Шадурскіх і шпіталь місіянэраў, помнікі архітэктуры XVIII ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы ў стылі барока, помнік архітэктуры XVIII ст, зруйнаваны савецкімі ўладамі.
Remove ads
Назва
На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Асьвея ўтварыўся ад слова зьвей — 'зьвеяны пясок, не замацаваны расьліннасьцю' (пераважна на беразе возера, ракі)[3].
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Першы пісьмовы ўпамін пра Асьвею (Асьвей) зьмяшчаецца ў дамове паміж вялікім князем Аляксандрам і маскоўскім гаспадаром Іванам III і датуецца 1503 годам. Неўзабаве ў 1505 годзе Аляксандар перадаў паселішча ваяводу полацкаму Станіславу Глябовічу, пазьней яно перайшло ў валоданьне роду Кішкаў.
У XVI стагодзьдзі Асьвея — цэнтар воласьці Полацкага ваяводзтва. У 1606 годзе ваявода віцебскі Станіслаў Кішка прадаў маёнтак канцлеру Льву Сапегу.
Двойчы ў 1616 і 1633 гадох Асьвея пацярпела ад маскоўскіх захопнікаў[4]. У 1695 годзе паселішча атрымала статус места. У XVII—XVIII стагодзьдзях праз Асьвею праходзіў гандлёвы шлях з Маскоўскай дзяржавы ў Інфлянты, Жамойць, Прусію, двойчы на год (2 траўня і 28 чэрвеня) тут праводзіліся кірмашы.
У 1749 годзе Асьвея перайшла ў валоданьне ваяводы менскага Яна Аўгуста Гільзэна, аўтара «Кронікі інфлянцкай», вядомага дабрачынца каталіцкага будаваньня на Полаччыне. У 1759 годзе пры мясцовым кляштары міласэрных сясьцёр пачаў працаваць шпіталь.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Асьвея апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Дрысенскім павеце. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1782 годзе на беразе Асьвейскага возера Я. Гільзэн збудаваў сядзібу. Увесну 1847 году ў мястэчку і ваколіцах адбыліся выступленьні сялянаў супраць прыгону. У другой палове ХІХ стагодзьдзя ў Асьвеі было 406 дамоў. На 1905 год у мястэчку дзеяла расейская народная вучэльня.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Асьвею занялі войскі Нямецкай імпэрыі[5].
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Асьвея абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Асьвею вярнулі БССР, дзе яна стала цэнтрам раёну. У 1959 годзе паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу (з 1962 году ў складзе Верхнядзьвінскага раёну). У Другую сусьветную вайну з 1 ліпеня 1941 да 17 ліпеня 1944 году Асьвея знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
У 2007 годзе Асьвея атрымала афіцыйны статус «аграгарадку».
- Мястэчка на старых здымках
- Палац Шадурскіх, да 1915 г.
- Касьцёл, 1913 г.
- Інтэр’ер касьцёла, 1913 г.
Remove ads
Насельніцтва
Дэмаграфія
- XIX стагодзьдзе: 1839 год — 566 чал. (297 муж. і 269 жан.), у тым ліку шляхты 15 муж. і 16 жан., духоўнага стану каталіцкага 9 муж. і 8 жан., духоўнага стану праваслаўнага 2 муж. і 2 жан., равінаў 12 муж. і ? жан., купцоў-хрысьціянаў 9 муж. і 12 жан., мяшчанаў-хрысьціянаў 65 муж. і 58 жан., мяшчанаў-юдэяў 350 муж. і 341 жан., сялянаў зямянскіх 515 муж. і 519 жан., аднадворцаў 15 муж. і 12 жан., адстаўных салдатаў 13 муж. і 9 жан., дваровых людзей 118 муж. і 72 жан.[6]; 1886 год — 2223 чал., у тым ліку 754 хрысьціяніны і 1469 юдэяў[7]; 1897 год — 2830 чал.[4]
- XX стагодзьдзе: 1905 год — 3,7 тыс. чал.[4]; 1969 год — 3,8 тыс. чал.[4]; 1991 год — 1,9 тыс. чал.; 1995 год — 2 тыс. чал.[8]; 1998 год — 1,9 тыс. чал.[9]; 1999 год — 1,6 тыс. чал.
- XXI стагодзьдзе: 2006 год — 1,4 тыс. чал.; 2009 год — 1325 чал.[10] (перапіс); 2016 год — 1206 чал.[11]; 2017 год — 1211 чал.[12]; 2018 год — 1200 чал.[1]
Інфраструктура
У Асьвеі працуюць сярэдняя школа, спэцыяльная школа-інтэрнат, лякарня, дом культуры, бібліятэка, шэраг крамаў, сталоўка, аптэка.
Забудова
Вуліцы і пляцы
З урбананімічнай спадчыны Асьвеі да нашага часу гістарычную назву захавала вуліца Себеская. Паводле старых плянаў, у мястэчку існавалі вуліцы Вялікасельская, Ручаёвая, Рыская і Школьная.
Эканоміка
Прадпрыемствы будаўнічых матэрыялаў, лёгкай, харчовай, паліўнай прамысловасьці.
Турыстычная інфармацыя

Інфраструктура
Асьвея — зона адпачынку дзяржаўнага значэньня[13].
Славутасьці
- Сядзібна-паркавы комплекс Шадурскіх (1782; у руінах)
- Царква Сьвятога Юрыя (XIX ст.)
- Кляштар (шпіталь) місіянэраў (1759)
Страчаная спадчына
- Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (1765)
- Сынагога Вялікая
- Сынагога Малая
Галерэя
- Краявіды Асьвеі
- Асьвейскае возера
- Руіны палаца Шадурскіх
- Калідор шпіталю місіянэраў
- Царква Сьвятога Юрыя
Асобы
- Генрых Гароднік (нар. 1911) — пісьменьнік
- Іван Якроўскі (1844—1902) — інжынэр-тэхноляг, дасьледнік у галіне фізыкі, хіміі, мэтэаралёгіі, паветраплаваньня
- Яўген Ясьвін (нар. 1935) — мастак
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads