Багрымавічы
вёска ў Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Багры́мавічы[1] — вёска ў Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласьці. Багрымавічы ўваходзяць у склад Пціцкага сельсавету. Знаходзіцца ля правага берага ракі Пціч, у 1 км ад месца яе ўпадзеньня ў Прыпяць.
Remove ads
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае



Вядома, што жыхары сяла Багрынавічы мелі грамату на карыстаньне грунтам Піліпаўшчына яшчэ ад вялікага князя літоўскага Сьвідрыгайлы і атрымаць яе маглі не пазьней 1432 года, пасьля чаго манарх заняўся войнамі і было не да разгляду гаспадарчых пытаньняў, тым больш зваротаў даньнікаў. У апісаньні Мазырскага замку 1552 года сказана, што сяло дало назву нядзелі[a] і належала да Бчыцкай воласьці. На той час у Багрынавічах налічвалася 12 гаспадарак[3]. У рэвізіі Мазырскага староства, выкананай каралеўскімі камісарамі панамі Рыгорам Валовічам і Мікалаем Нарушэвічам да 8 кастрычніка 1560 году, тэкст якой вядомы з актавай кнігі 1777 году, была вызначана мяжа сяла Бахрынавічы (Bachrynowicze) воласьці Пчыцкай (Pczycka) замку ЯКМ Мазырскага. Шырыня таго грунту ўздоўж склала дзьве мілі, а ўпоперак — паўтары мілі. Асобна адзначаныя багатыя рыбныя ловы на рэках Прыпяці, Пцічы і азёрах, гоны бабровыя на Пцічы аж да Прыпяці.[4]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Багрымавічы — у складзе Мазырскага павету Кіеўскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага, пасьля падпісаньня акту Люблінскай уніі ўлетку 1569 года — у тым жа павеце Менскага ваяводзтва.
Прынамсі, у XVIII ст. існавала нягродавае, вылучанае з Мазырскага, Багрымавіцкае староства[5]. Недзе ад 1738 году[b], паводле кансэнсу караля Аўгуста ІІІ, староства трымаў пан Рафал Алаіз Аскерка. У 1760 годзе тую каралеўшчыну пераняў яго сын Антоні Яўхім[6]. На 1789 год у складзе Багрымаўскага староства паноў Аскеркаў названыя вёскі Багрымавічы, Рог, Хусна (Хуснае), Каленкавічы, Гулевічы, Буда і Бабровічы[c][7].
Расейская імпэрыя

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Багрымавічы — у межах Расейскай імпэрыі. З траўня 1795 году сяло знаходзілася ў складзе адноўленага Мазырскага павету Менскага намесьніцтва, ад сьнежня 1796 году – Менскай губэрні[8]. Паводле энцыкляпэдыі «Гарады і вёскі Беларусі», у 1795 годзе ў Багрымавічах было 19 двароў, 154 жыхары.
У 1816 годзе ў сяле было 22 двары. На 1834 год — 141 жыхар. Да 1842 году тут дзейнічала прыходзкая царква, вядомая яшчэ з крыніцаў XVIII ст. У ходзе рэформы П. Д. Кісялёва ў межах Багрымавіцкага казённага маёнтку была ўтворана воласьць[d] з управай, згаданая ў 1848 годзе. Насельніцтва — 395 дзяржаўных сялянаў, 2 аднадворцы, 2 пасяленцы «разного звания»[9]. У 1858 годзе ў паселішчы налічвалася 29 двароў.
У парэформавы пэрыяд Багрымавічы адміністрацыйна належалі да Капаткевіцкай воласьці Мазырскага павету. На 1879 год вяскоўцы заставаліся прыхаджанамі Пакроўскай царквы ў Капаткевічах[10]. У 1886 годзе ў сяле было 40 двароў, 298 жыхароў, царква[e][11]. Згодна зь перапісам 1897 году, у Багрымавічах налічваўся 71 двор з 466 жыхарамі, існавалі хлебазапасны магазын, прыстань, карчма. На 1909 год вёска мела 90 двароў і 692 жыхары[12].
Найноўшы час
9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Багрымавічы, аднак, у складзе Капаткевіцкай воласьці апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка – у Мазыры. Ад 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[13].
1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Багрымавічы ўвайшлі ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі. У 1921 годзе ў вёсцы было 117 гаспадарак і 694 жыхары. З 20 жніўня 1924 года — у межах Пціцкага сельсавету Капаткевіцкага раёну Мазырскай акругі БССР. У 1930 годзе арганізаваны калгас. З 20 лютага 1938 года вёска — у Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.
Напярэдадні Другой сусьветнай вайны ў Багрымавічах налічвалася 150 двароў з 523 жыхарамі. У сакавіку 1944 году нямецкія акупанты спалілі 102 двары і зьнішчылі 124 чалавекі[14]. 45 вяскоўцаў загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны.
З 8 студзеня 1954 года — у Гомельскай вобласьці. Па дадзеных перапісу 1959 году ў вёсцы пражывала 720 жыхароў. 25 сьнежня 1962 года Капаткевіцкі раён быў скасаваны, Пціцкі сельсавет зь вёскай Багрымавічы апынуліся ў складзе Петрыкаўскага раёну. Пасьля спыненьня сплаву лесу па рацэ Пціч на мяжы 1960—1970 гадоў і закрыцьця сплаўнога ўчастка паселішчаа пачало паступова занепадаць. У 2004 годзе ў вёсцы пражывалі 130 жыхароў.
Remove ads
Заўвагі
- Нядзелі ці чэргі (у складзе кожнай адно вялікае альбо некалькі меншых паселішчаў), на якія падзяляліся воласьці, як даводзілася несьці замкавую службу, выконваць работы на карысьць замку. Па нядзелях разьмяркоўваліся і плацёжныя павіннасьці[2]. Да гэтай адзінкі належала і сяло Капатковічы, большае за самыя Багрынавічы.
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads