Валынцы
вёска ў Дрысенскім раёне Віцебскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Валы́нцы[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Дрысе. Цэнтар сельсавету Дрысенскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 771 чалавек. Знаходзяцца за 21 км на паўднёвы захад ад Дрысы, за 4 км ад прыпыначнага пункту Беніслаўскага (лінія Полацак — Бігосава).
Валынцы — даўняе мястэчка[2] гістарычнай Полаччыны, адукацыйны цэнтар. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Сьвятога Юр’я ў стылі віленскага барока, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.
Remove ads
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Упершыню Валынцы ўпамінаюцца ў пачатку XVII ст., калі кароль і вялікі князь Стэфан Баторы перадаў іх Полацкаму езуіцкаму калегіюму з мэтаю заснаваньня тут духоўнай сэмінарыі. Паселішча ўваходзіла ў склад Полацкага ваяводзтва.

У XVIII ст. Валынцы знаходзіліся ў валоданьні Забельскіх-Шчытаў, якія ў 1716 годзе збудавалі непадалёк ад мястэчка драўляны касьцёл Сьвятога Юр’я. У 1731 годзе пры касьцёле пачаў дзеяць кляштар дамініканаў[3]. У 1746 годзе кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў мястэчку прывілей на штогадовыя кірмашы[4]. У 1749—1766[5] гадох манахі-дамініканы збудавалі пышны архітэктурны комплекс — мураваны касьцёл і кляштар з аптэкай (вядомы як Забельскі касьцёл паводле назвы суседняга фальварку), а таксама школу для шляхецкіх і мяшчанскіх дзетак. Кіраваў будоўляй вядомы віленскі архітэктар Ян Гляўбіц. Пры кляштары ўтварыўся першы ва Ўсходняй Эўропе школьны тэатар[6].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Валынцы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Дрысенскім павеце Віцебскай губэрні. З 1813 году кляштар стаў рэзыдэнцыяй візытара (куратара навучальных установаў) Літоўскай правінцыі дамініканскага ордэна. У 1-й палове XIX ст. у Валынцах жыў і навучаўся пісьменьнік А. Вярыга-Далеўскі. Па забароне расейскімі ўладамі Уніі ў 1839 годзе мясцовыя вернікі, не жадаючы далучацца да Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы), перайшлі пад апеку касьцёла[5]. Неўзабаве расейскія ўлады ліквідавалі кляштар і зачынілі калегіюм. На 1904 год пад назвай Валынцы існавалі мястэчка (84 двары), слабада (31 двор) і пагост (3 двары), штогод праводзіліся кірмашы. У 1908 і 1912 гадох у мястэчку прайшлі сельскагаспадарчыя выставы.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Валынцы занялі войскі Нямецкай імпэрыі[7].
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Валынцы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Валынцы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам раёну, з 1929 году — сельсавету. У 1930-я гады бальшавікі зачынілі касьцёл і царкву. Статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусьветную вайну Валынцы значна пацярпелі.
У 1944—1950 гадох савецкія ўлады зьнішчылі помнік архітэктуры віленскага барока — касьцёл Сьвятога Юр’я і кляштар дамініканаў. На 1995 год у вёсцы было 394 двары. У 2006 годзе Валынцы атрымалі афіцыйны статус «аграгарадку».
- Мястэчка на старых здымках
- Касьцёл, 1912 г.
- Касьцёл, 1913 г.
- Касьцёл з боку апсыды, 1913 г.
- Інтэр’ер касьцёла, 1913 г.
- Царква, 1913 г.
- Агульны выгляд, 1941 г.
- Агульны выгляд, 1941—1944 гг.
- Касьцёл з боку апсыды, 1944 г.
Remove ads
Насельніцтва
Дэмаграфія
- XIX стагодзьдзе: 1838 год — 376 чал. (206 муж. і 170 жан.), зь іх шляхты 4 муж. і 12 жан., духоўнага стану каталіцкага 37 муж., мяшчанаў-хрысьціянаў 12 муж. і 10 жан., мяшчанаў-юдэяў 68 муж. і 72 жан., сялянаў зямянскіх 55 муж. і 64 жан., аднадворцаў 2 муж., адстаўных салдатаў 3 муж., дваровых людзей 25 муж. і 12 жан.[8]
- XX стагодзьдзе: 1904 год — 601 чал.[9]; 1995 год — 990 чал.[10]; 1999 год — 927 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2009 год — 791 чал.; 2010 год — 771 чал.
Інфраструктура
У Валынцах працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, лякарня, амбуляторыя, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Remove ads
Эканоміка
ААТ «Прудзінкі» — мяса-малочная спэцыялізацыя.
Турыстычная інфармацыя
Інфраструктура
У Валынцах штогод праводзіцца фэст народнай песьні «Зьбіраем зорны карагод». Дзее краязнаўчы музэй імя Яна Чэрскага.
Славутасьці
- Забудова гістарычная (канец XIX — пачатак XX ст.: фрагмэнты)
- Школа жыдоўская (канец XIX — пачатак XX ст.)
Страчаная спадчына
- Касьцёл Сьвятога Юр’я і кляштар дамініканаў (1749—1766)
- Царква Сьвятых Барыса і Глеба (XIX ст.)
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads