Ганцавічы
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Га́нцавічы — места ў Беларусі, на рацэ Цне. Адміністрацыйны цэнтар Ганцавіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 13 925 чалавек[1]. Знаходзяцца за 250 км ад Берасьця. Чыгуначная станцыя на лініі Лунінец — Баранавічы.
Remove ads
Remove ads
Назва
На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім «Ганцавічы» ёсьць вытворным ад прозьвішча Ганцэвіч[2]. Адзначаліся старажытныя германскія імёна Hanto і Hanco[3].
Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Hancewicze (1882 год)[4].
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Сучаснае места Ганцавічы ўзьнікла ў 2-й палове XIX ст. як паселішча пры чыгуначнай станцыі, якое атрымала назву ад суседняй вёскі Ганцавічаў (у наш час фактычна прылягае да места з паўднёвага захаду). Гэтая вёска ўпершыню ўпамінаецца ў сярэдзіне XVII ст. як шляхецкая ўласнасьць у Клецкай ардынацыі Радзівілаў[5]. Ганцавічы ўваходзілі ў Пінскі павет Берасьцейскага ваяводзтва. На 1652 год у аднайменным маёнтку было 24 валокі зямлі.
У 1773 годзе ўладальнік фальварку Ганцавічаў Г. Макавецкі вылучыў яго з маёнтку Круговічаў і прадаў наваградзкаму падваяводу Ю. Абуховіча. У гэты час у вёсцы было 15 сядзібаў, дзеяла царква Сьвятога Антонія. У 1777 годзе, паводле падатковага тарыфу, Ганцавічы знаходзіліся ў Клецкай парафіі і налічвалі 15 дымоў.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Ганцавічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Слуцкім павеце Менскай губэрні. У 2-й палове ХІХ ст. вёска знаходзілася ў валоданьні графа С. Чапскага.
У 1884 годзе з будаваньнем Палескай чыгункі зьявілася станцыя Ганцавічы, у ваколіцах якой пачалася прамысловая распрацоўка і перапрацоўка лесу, а таксама сыравіны па вытворчасьці шкла. У 1888 годзе ўва ўрочышчы Ельні маёнтку Ганцавічаў пры станцыі Ганцавічах пачалося будаваньне паравой лесапільні. Завод месьціўся там, дзе цяпер знаходзіцца аўтобусная станцыя. У 1899 годзе на тым месцы, дзе цяпер разьмяшчаецца Ганцавіцкі хлебазавод і Дом школьнікаў, працаваў шклозавод прамыславікоў В. Краеўскага і Столя, дзе выраблялася аконнае, люстэркавае і высакаякаснае бэмскае шкло.
У кастрычніку 1902 году Менская губэрнская ўправа зацьвердзіла плян забудовы мястэчка пры станцыі Ганцавічах. У ім адзначалася, што першапачаткова паселішча месьцілася ўва ўрочышчы Ельні пры станцыі Ганцавічах Палескай чыгункі Круговіцкай воласьці. Там жа ёсьць запіс, што паселішча ўтварылася ў 1898 годзе. Прычынай узьнікненьня, паводле дакумэнта, зьявілася пабудова завода Краеўскага і Столя, продаж лесу ў маёнтку Ганцавічах і Круговічах, а таксама ў маёнтку князя Радзівіла, разьмешчанага паблізу станцыі Ганцавічаў і ўрочышча Ельні. У паселішчы налічвалася 86 будынкаў, зь якіх адзін быў мураваным. На 1909 год на станцыі было 48 двароў.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ганцавічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР.
Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Ганцавічы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Круговіцкай гміне Лунінецкага павету Палескага ваяводзтва. У гэты час тут было 193 будынкі. У 1930-я гады у мястэчку дзеялі царква, касьцёл і дзьве сынагогі, працавалі пошта, тэлеграф, паліцэйскі пост, лекар і фэльчар. Існавалі гасьцініцы Сачалава, Слуцкага, Ганцэвіча, Ліса і Ўшэравіцкага (цана пакоя ў дзень ~1,5 злотага), быў рэстаран Красінскага (абед ~1 злоты), кавярня Грамбецкага. У 1934 годзе пажар зьнішчыў драўляны каталіцкі касьцёл (збудаваны ў 1921 годзе) і большую частку забудовы мястэчка.
У 1939 годзе Ганцавічы ўвайшлі ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 году сталі цэнтрам раёну і атрымалі афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У гэты час тут было 490 двароў. У Другую сусьветную вайну з 30 чэрвеня 1941 да 7 ліпеня 1944 году Ганцавічы знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй. У 1962—1966 гадох мястэчка было ў складзе Ляхавіцкага раёну. 6 сьнежня 1973 году Ганцавічы атрымалі статус места.
- Ганцавічы на старых здымках
- Рынак. Урачыстасьці, 3.05.1934 г.
- Рынак. Урачыстасьці, 3.05.1934 г.
- Мястэчка па пажары, 1934 г.
- Пачатак будаваньня касьцёла, 1934 г.
- Касьцёл, да 1939 г.
- Касьцельная вуліца, да 1939 г.
- Першая вуліца, да 1939 г.
- Чыгуначная вуліца, 15.04.1937 г.
Remove ads
Насельніцтва
Дэмаграфія
- XIX стагодзьдзе: 1897 год — 633 чал.[6]
- XX стагодзьдзе: 1909 год — 1026 чал.[7]; 1921 год — 1015 чал. (496 муж. і 519 жан.); 1935 год — 2,3 тыс. чал.; 1940 год — 2690 чал.; 1970 год — 5,2 тыс. чал.[8]; 1970 год — 4882 чал.[9]; 1973 год — 6,9 тыс. чал.; 1991 год — 14,5 тыс. чал.; 1997 год — 15,9 тыс. чал.[10]; 1998 год — 16,1 тыс.
- XXI стагодзьдзе: 2005 год - 14 722 чал.[11]; 2006 год — 14,7 тыс. чал.; 2008 год — 14,8 тыс. чал.; 2009 год — 13 894 чал.[12] (перапіс); 2015 год — 14 043 чал.[13]; 2016 год — 13 887 чал.[14]; 2017 год — 13 925 чал.[15]; 2018 год — 13 925 чал.[1]
Адукацыя
У Ганцавічах працуюць 5 дашкольных установаў, 3 сярэднія школы, гімназія, адзін ліцэй с/г вытворчасьці, адмысловая школа-інтэрнат.
Мэдыцына
Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць лякарня і паліклініка.
Культура
Дзеюць 2 бібліятэкі (адна зь іх дзіцячая), дом культуры, дом рамёстваў, краязнаўчы музэй, кінатэатар.
Забудова
Вуліцы і пляцы
Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
17 верасьня вуліца | Першая вуліца |
Гагарына вуліца | Другая вуліца |
Кастрычніцкая вуліца | Касьцельная вуліца |
Матросава вуліца | Шпітальная вуліца |
Савецкая вуліца | Трэцяя вуліца |
Чырвонаармейская вуліца | Чыгуначная вуліца[16] |
Гістарычны Рынак у наш час ня мае афіцыйнай назвы.
Эканоміка
Прадпрыемствы харчовай, будаўнічых матэрыялаў і лясной прамысловасьці.
- ААТ «Модуль»
- Філія «Ганцавіцкі хлебазавод» РУВП «Берасьцехлебпрам»
- ААТ «Ганцавіцкі райаграсэрвіс»
На поўнач ад Ганцавічаў разьмяшчаецца РЛС «Волга» (Азярэчча, Клецкі раён; 52°51′27″ пн. ш. 26°28′55″ у. д.), што ўваходзіць у склад расейскай сыстэмы папярэджаньня аб ракетным нападзе. На баявым дзяжурстве з 1 кастрычніка 2003 году. Станцыя дэцымэтровага дыяпазону дазваляе адсочваць пускі МБР на паўночна-заходнім ракетанебясьпечным кірунку. Паводле дамоваў, падпісаных 6 студзеня 1995 году, уся нерухомая маёмасьць і заняты «Волгай» і яе інфраструктурай пляц знаходзяцца ў карыстаньні расейскаму боку на 25 гадоў (да 2020 году).
Remove ads
Турыстычная інфармацыя
Інфраструктура
Дзее Ганцавіцкі краязнаўчы музэй, Дом рамёстваў. Спыніцца можна ў мескай гасьцініцы.
Зоны адпачынку знаходзяцца на усход ад Ганцавічаў у хваёвым бару каля ракі Цны (урочышча Горкі), а таксама на паўднёвай ускраіне места (пляж «Паўднёвы»).
Славутасьці
- Могілкі юдэйскія
- Сядзібна-паркавы комплекс Падарэўскіх (1840-я)
Страчаная спадчына
- Касьцёл Зьвеставаньня Паньне Марыі (1934—1935)
Remove ads
Асобы
- Алесь Кажадуб (нар. 1952) — беларускі пісьменьнік
- Максім Лынша (нар. 1985) — лёгкаатлет
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads