Імёны ліцьвінаў

From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Імёны старажытных ліцьвінаў (літвінаў, ліцьвіноў) — засьведчаныя ў пісьмовых крыніцах асабовыя імёны тытульнага народу Вялікага Княства Літоўскага — ліцьвінаў.

Германскія імёны

Паходжаньне

Thumb
Маестатная пячаць Жыгімонта Кейстутавіча з гатычным надпісам на лаціне: + s(igillum) + maiestatis + incliti + principis + d(omi)ni + sigismu(n)di + dei gracia + magni ducis lithwanie + russe[1]

Даўнюю традыцыю атаясамліваньня мясцовых літоўскіх (беларускіх) формаў зь іх германскімі адпаведнікамі засьведчыла напісаньне імя Жыгімонта Люксэмбурскага ў выкананым на загад караля і вялікага князя Казімера Ягайлавіча кірылічным надпісе ў Сьвятакрыскай капліцы Кракаўскага каралеўскага замка (1471 год): «…з пакаленьня Цэсарскага продка пранайясьнейшага Жыгімонта Пана земь Ракускай, Чэскай, і Вугорскай»[2][3][a]. Тым часам яшчэ вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч (1365—1440) ва ўласных лацінамоўных дакумэнтах азначаў сябе германскім імём Sigismundus[5]. Гэтае ж імя пасьлядоўна ўжывалі ў лацінамоўных дакумэнтах вялікія князі з дынастыі Ягайлавічаў — Жыгімонт Стары і Жыгімонт Аўгуст.

Thumb
Партрэт вялікага князя Вітаўта (лац. Vitoldus) зь Берасьця

На тоеснасьць імя Вітаўт з германскім імём Witold (Witolt), вядомым за шмат гадоў да зьяўленьня літоўскага вялікага князя, а таксама на сьведчаньне атаясамліваньня гэтых імёнаў — адпаведную германскаму імю лацінізацыю імя Вітаўта (Witoldus) — зьвяртае ўвагу польскі лінгвіст Юзэф Рэчэк(d). Ён жа зазначае, што германскія імёны на -old (або -аld) бытавалі ў Польшчы яшчэ ў XIII—XIV стагодзьдзях[6]. Тым часам сярод паноў Малдаўскага княства пашырылася імя Витолтъ (цалкам адпаведнае германскаму Witolt), якое прыйшло ў Малдову не зь Вялікага Княства Літоўскага. Прытым гэтая форма імя ў малдаўскім пісьменстве адзначаецца раней за яе зьяўленьне ва ўкраінскім пісьмовых крыніцах[7].

Гісторык Павал Урбан у сваёй кнізе «Старажытныя ліцьвіны» зьвяртае ўвагу на тое, што прускі храніст Віганд Марбурскі пісаў пра герцага Альгерда з Гогенштайну[b], тым часам пра аднаго з каралёў Ангельшчыны Альгерда[c] VIII стагодзьдзя пісаў аўтар хронікі Ўсходняй Фрызіі[9]. Спэцыяліст у галіне анамастыкі Аляксандра Суперанская(ru) тлумачыць імя Альгерд з германскіх моваў[10], такое ж тлумачэньне даецца ў беларускім «Слоўніку асабовых уласных імёнаў», выдадзеным у 2011 годзе[11]. Павал Урбан таксама зьвяртае ўвагу на тое, што аўтар хронікі Ўсходняй Фрызіі пад 1422 годам упамінае Любарта з Шмаленбургу[d], а пад 1417 годам — іншага Любарта зь Мюнстэру. Апроч таго, па 1328 годзе магістар Любарт Бол дзеіў у адной зь філіяў Тэўтонскага ордэну, што месьцілася ў месьце Утрэхце (Нідэрлянды). Германскае паходжаньне імя Любарт (Lubart, Lubard, Lubert) сьцьвяржаецца ў этымалягічным слоўніку старапольскіх асабовых імёнаў, выдадзеным Польскай акадэміяй навук[13].

Тое, што ліцьвіны былі «аднаго народу» з готамі і гепідамі, «на што імёны іх князёў і каралёў ясна паказваюць», адзначаў Мацей Стрыйкоўскі ў сваёй Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі. Ён падаваў усходнегерманскія імёны і імёны ліцьвінаў у іх германскіх формах (Algimunt, Germunt, Romunt, Narimunt, Dowmunt, Skirmunt), у тым ліку літоўскае імя Rodiswid і гепідзкае Rodiswida[e][18]. На тоеснасьць імёнаў ліцьвінаў зь імёнамі германцаў (герулаў і лянгабардаў) таксама зьвяртаў увагу Альбэрт Каяловіч у выдадзенай у 1650 годзе лацінамоўнай «Гісторыі Літвы»[f]. У гэтай жа працы ён упамінае Сьвінтарога «in campo Swintoroha», у імі якога ўжывае неўласьцівае для летувіскай мовы фрыкатыўнае г (h), а іншыя імёны ліцьвінаў пасьлядоўна падае ў іх германскіх формах — Olgerdus, Vitoldus, Gastoldus, Rimundus, Germundus, Sigismundus і г. д. На вялікае падабенства імёнаў ліцьвінаў зь імёнамі германцаў (готаў) таксама зьвяртаў увагу Эварыст Андрэй Курапатніцкі(pl) ў выдадзеным у 1789 годзе гербоўніку Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага[g]. На германскі характар імёнаў ліцьвінаў і меркаванае германскае паходжаньне валадароў Літвы (падобна валадарам Русі) зьвяртаў увагу дацкі гісторык Фрэдэрык Шырн(da)[h][21]. Германскае (паўночнагерманскае) паходжаньне шэрагу літоўскіх шляхецкіх прозьвішчаў (у тым ліку на Жамойці) сьцьвярджалася ў артыкулах «Жамойць» Усеагульнай энцыкляпэдыі Самуэля Аргельбранда (1868 год)[i] і «Літва» Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў (1884 год)[j][k].

Высунутыя ў рэчышчы палітыкі летувізацыі тлумачэньні імёнаў ліцьвінаў зь летувіскай мовы рашуча адпрэчваў народжаны на Віленшчыне лінвіст Уладзіслаў Юргевіч (1818—1898), які азначыў іх як «кур’ёзныя»[25]. Для народжанага на Берасьцейшчыне гісторыка Юзэфа Эдварда Пузыны (1878—1949), які паходзіў з старажытнага княскага роду Пузынаў, не выклікала сумневаў германскае (паўночнагерманскае) паходжаньне цэлага шэрагу імёнаў ліцьвінаў. Ён жа крытыкаваў прыпісваньне тым імёнам балтыйскага паходжаньня[l]. Тое, што імёны літоўскіх князёў і баяраў мелі паўночнагерманскае, а не жамойцкае паходжаньне, адзначаў народжаны і выхаваны на Ашмяншчыне дзяржаўны дзяяч Сярэдняй Літвы генэрал Люцыян Жалігоўскі[27].

Францускі лінгвіст-германіст Раймонд Шмітляйн (1904—1974), які ў 1934—1938 гадох выкладаў ва ўнівэрсытэце Вітаўта Вялікага ў Коўне, у сваім дакладзе[28] на Першым Міжнародным кангрэсе тапанімікі і антрапанімікі ў Парыжы (1938 год) зазначыў, што «нават сёньня амаль усе літоўскія шляхецкія імёны маюць гоцкае паходжаньне»[m][29]. На падставе ўласных шматгадовых дасьледаваньнях ён прыйшоў да высновы, што многія літоўскія ўласныя імёны альбо будуюцца паводле германскіх, альбо ёсьць запазычанымі з германскіх[30]. У 1948 годзе Раймонд Шмітляйн падкрэсьліваў, што гіпатэтычныя балтыйскія этымалёгіі, якія з канца XIX стагодзьдзя распрацоўвалі пэўныя аўтары (у тым ліку Казімер Буга і Райнгольд Траўтман) ня маюць ніякай навуковай вартасьці[n][31].

Пераканаўчасьць пададзенай Раймондам Шмітляйнам аргумэнтацыі наконт літоўскіх імёнаў з асновай -монт- (Жыгімонт ды іншыя) засьведчыў амэрыканскі лінгвіст Альфрэд Зэн[32]. Па працяглым маўчаньні зь летувіскага боку[33], у 1966 годзе на старонках летувіскага савецкага часопісу «Baltistica» зьявілася рэцэнзія летувіскага савецкага тапаніміста Аляксандраса Ванагаса[34] з рэзкай крытыкай гэтых высноваў і наступнай заявай: «што да повязі літоўскай антрапаніміі з германскай, то трэба падкрэсьліць складанасьць гэтага пытаньня». Аднак прытым Ванагас мусіў быў прызнаць, што «падабенства паміж некаторымі найбольш старажытнымі літоўскімі і германскімі антрапонімамі сапраўды існуе»[35].

У 1989 годзе навуковая супольнасьць Летувы фактычна прызнала, што сэнс складаных імёнаў сярэднявечнай літоўскай шляхты цяжка патлумачыць з пункту гледжаньня летувіскай мовы[36][o].

Летувіскі эміграцыйны лінгвіст Ёзас Юркенас(lt) у сваёй манаграфіі, выдадзенай у 2003 годзе, спасылаецца на дасьледаваньні Раймонда Шмітляйна і прызнае наяўнасьць вялікай колькасьці падобных адзінак у старажытнай літоўскай («балтыйскай») і германскай антрапаніміі, а таксама зазначае: «мабыць, падабенства пералічаных адзінак у большасьці выпадкаў ня ёсьць толькі фармальным» і што «выпадковае падабенства вялікай колькасьці адзінак такой даўжыні ўяўляецца малаімаверным»[38][p] (Гаўдземунда — Gaudemund, Вільгейда — Williheid, Скірмунт — Sciremunt, Тэўтыгерд — Teutgerdis, Таўтвід — Teutwidis, Румбольд — Rumbold, Германт — Germont, Валімонт — Walmont, Мундыгерд — Mundgerd, Мунтвіл — Muntwil, Талімунт — Talamund, Эйсмунт — Eismund, Саргоўд — Saregaud, Відзігайла — Widigail, Бірыбольд — Beribald, Вісігерд — Visigerd, Вільгерд — Vilgerd, Керстын — Kerstin, Гендрута — Genedrudis, Монтвін — Mondawin, Відзімонт — Widimunt, Вілімонт — Willimunt, Гаштольд — Gastold, Нарталт — Nartolt, Барталт — Bartolt ды іншыя). Тое, што вялікая колькасьць германскіх адпаведнікаў не дазваляе лічыць такія супаданьні выпадковасьцю, Юркенас адзначыў яшчэ ў 1976 годзе[40].

Спэцыяліст у галіне анамастыкі Ігар Капылоў зьвяртае ўвагу на тое, што навуковая супольнасьць не прымае летувіскіх этымалёгіяў імёнаў ліцьвінаў[41][42][43]. Лінгвіст і літаратуразнаўца-мэдыявіст Аляксандар Бразгуноў разглядае літоўскі анамастыкон як славянска-заходнебалтыйскую рэцэпцыю германска-кельцкага[q] іменаслова. Ён зьвяртае ўвагу на тое, што гіпотэзу пра летувіскі генэзіс імёнаў літоўскіх князёў і баяраў трэба адкінуць як навукова непраўдападобную з наступных прычынаў[45]:

  • Нерэпрэзэнтатыўнасьць лексычнага фонду летувіскай мовы для вытлумачэньня падобных імёнаў[r] (прытым абсалютная большасьць словаў, запісаных у сучасным Вялікім слоўніку летувіскай мовы, нідзе не фіксуецца да XIX стагодзьдзя[s][50])
  • Перадача ў летувіскай мове націскнога о праз а[t]
  • Брак у двухасноўных летувіскіх словах злучальных галосных[u]
  • Перакручваньне генэтычных асноваў імёнаў у летувіскай перадачы[v]

Увогуле, сучасныя беларускія мовазнаўцы адзначаюць слушнасьць меркаваньня пра германска-кельцкае паходжаньне імёнаў ліцьвінаў[52].

Менскі дасьледнік Алёхна Дайліда зьвяртае ўвагу на тое, што ўсе імёны сярэднявечнай літоўскай шляхты натуральна тлумачацца з усходнегерманскіх моваў і многія зь іх маюць поўныя адпаведнікі сярод усходнегерманскіх імёнаў. Сярод германскіх рысаў імёнаў ліцьвінаў ён адзначае захаваньне спалучэньняў -ск- і -св- (Скірмунт, Свальгед), уласьцівае для германскіх моваў і неўласьцівае для ўсходнебалтыйскіх, наяўнасьць дыфтонгу -эй- (Эйвільд, Эймант), якога няма ў летувіскай мове, а таксама ўласьцівыя для германскіх імёнаў канчаткі -ен (Гердзень, Тройдзень, Віцень), -уд/-ут (Гердуд, Кейстут, Яўнут) і -іла, -ула (Вайдыла, Віршула), якіх няма ў балтыйскіх імёнах[53]. На карысьць унутранага ўсходнегерманскага (гоцкага) уплыву ў Літве і яго ўзьдзеяньня на ўрадавым узроўні сьведчыць наяўнасьць вялікай колькасьці рэліктаў усходнегерманскай мовы ва ўрадавай лексыцы Вялікага Княства Літоўскага (сок, дзякла, скарб, скарга, шкода, харугва, скрыня, грунт, копа, бонда, рум ды іншае) — як і германізмаў у базавай лексыцы беларускай мовы (буда, дах, рада, дзякуй, боты, гмах, кошт, струмень, гвалт, варта, мусіць, трапіць, рахаваць ды іншае)[54]. Як падсумоўвае Алёхна Дайліда, «„Балтыйская“ тэорыя не пацьверджана нічым наогул (у тым ліку і імёнамі). Балтыйская тэорыя не адлюстроўвае ніякіх гістарычных рэаліяў, яна была проста снасткай палітычнага змаганьня езуітаў проці літоўскай Рэфармацыі і палітычнай моцы Літоўскага гаспадарства. Разам з разбуральнай праграмай Контрарэфармацыі, распачатай па выбуху эвангеліцкага адраджэньня ў Літве, езуіты распачалі таксама цэлую ідэалягічную праграму перакручваньня гісторыі Літвы: заміж сапраўднай гісторыі славянізацыі германскае шляхты Літвы (выкладзенай у літоўскіх летапісах і добра вядомай езуітам) езуіцкая тэорыя мусіла апавядаць пра паходжаньне літоўскае шляхты і створанага ёй гаспадарства ад мясцовых паўдзікіх балтыйскіх плямёнаў, што рабіла адзіным „цывілізацыйным“ чыньнікам гісторыі Літвы выняткова Каталіцкую Царкву (з той жа мэтай езуіцкая прапаганда пачала пашыраць гратэскныя, чыста фантастычныя плёткі пра „балтыйскае паганства“ Літвы, якое нібы было галоўнай рэлігіяй ВКЛ да Крэўскай уніі). Калі за часоў ВКЛ гэтая тэорыя мела выгляд маргінальных калянавуковых практыкаваньняў, не прынятых літоўскай шляхтай, то па падзелах Рэчы Паспалітай гэтая езуіцкая прапагандысцкая схема сталася ў XIX стагодзьдзі адзінай „навуковай“ вэрсіяй гісторыі Літвы»[55].

Параўнальная табліца з германскімі адпаведнікамі

Больш інфармацыі №, Імя ...
Remove ads

Славянскія імёны

Ужо ў XIV — першай палове XV стагодзьдзяў адначаліся славянскія імёны ліцьвінаў: Кумец, Круглец, Няжыла, Рачко, Некраш, Неруш, Воўчка, Жук, Качан, Братоша, Лугіна, Радзім, Чапурна ды іншыя[65].

Пазьней сярод ліцьвінаў пашырыліся такія славянскія імёны, як Дабрагост, Дабяслаў, Завіша, Прадслаў (Прадслаў Даўгердавіч, Прадслаў Даўкінтавіч, Прадслаў Шадзіборавіч), Станіслаў, Судзівой, Уладзіслаў ды іншыя. Як зазначае менскі дасьледнік Алёхна Дайліда, баярын-ліцьвін мог мець славянскае імя, а сыну зноў даць германскае: напрыклад, былі такія імёны, як Мантыгайла Жукевіч, Радзівіл Багданавіч, Даўмонт Воўкавіч, Юндыл Рачковіч. З Попісу войска Вялікага Княства Літоўскага 1528 году відаць, што бальшыню шляхты Літоўскае зямлі (у вузкім сэнсе) складалі шляхцічы з такімі славяна-германскімі імёнамі, — з чаго відаць, што чыста ўся германская шляхта Літвы цалкам славянізавалася[66].

Разам з тым, сярод славянскага з паходжаньня баярства часам сустракаліся германскія (гоцкія) імёны: Бутрым Якубавіч Неміровіч, Гетаўт Каленікавіч. Апроч таго, сустракаліся імёны ліцьвінаў, утвораныя ў выніку спалучэньня германскіх і славянскіх асноваў (Станквилъ[ak] Монвиловичъ[68][69], Stazwiłowei[70][71][al]).

Remove ads

Царкоўныя імёны

З пашырэньнем уплыву ў Вялікім Княства Літоўскім Канстантынопальскай і Рымскай цэркваў сярод ліцьвінаў пачалі бытаваць адпаведныя царкоўныя імёны. Ужо ў 1390 годзе пры двары Ягайлы служыў ліцьвін (лац. Lythuano) Барыс, лоўчыя ліцьвін Кузьма і ліцьвін Цімуш[74]. Ліцьвін Барыс таксама ўпамінаецца ў 1394 годзе поруч зь вялікім князем Вітаўтам[75]. Менскі дасьледнік Алёхна Дайліда зьвяртае ўвагу на тое, што царкоўныя імёны часта ўжываліся ў народных формах: Іван — Івашка, Дзьмітры — Міцько, Мацьвей — Матысь або Мацко, Аляксей — Алёхна, Юры — Юшко ды іншыя[76].

Апроч таго, сярод ліцьвінаў даволі рана пачало бытаваць імя Барташ (Барташ Монтаўтавіч, Барташ Табаравіч ды іншыя), якое ёсьць агульнай для славянаў і германцаў народнай формай царкоўнага імя Барталамей[77].

З часам імёны кананізаваных Канстантынопальскай і Рымскай цэрквамі сьвятых цалкам выціснулі большасьць сваіх германскіх і славянскіх папярэднікаў, якія працягнулі бытаваць у патранамічных прозьвішчах і прыдомках.

Балтыйскія імёны

Адзначаецца магчымасьць бытаваньня сярод ліцьвінаў імёнаў балтыйскага паходжаньня, бо ліцьвіны сутыкаліся з балтыйскімі плямёнамі, жылі побач або ўперамешку зь імі. Таксама і выхадцы з балтыйскіх плямёнаў маглі запазычыць імёны ліцьвіноў[78][am].

Сярод прыкладаў балтыйскіх з паходжаньня імёнаў можна адзначыць імя Жыбенцяй (Жибентяи; ад лет. žibinti 'паліць, асьвятляць', žibintas 'ліхтар') — аднаго з забойцаў вялікага князя Кейстута[81].

Remove ads

Глядзіце таксама

Заўвагі

  1. Таксама паводле Хронікі літоўскай і жамойцкай, «за прозьбаю кроля рымскага Жыгімонта»[4]
  2. лац. «Algardus comes de Hoensteyn»[8]
  3. Allegart
  4. Lubbert tho Schmalenbrugge[12]
  5. Апроч таго, Мацей Стрыкоўскія падаваў такія вядомыя за яго часам імёны ліцьвінаў, як Videswid (адзначалася старажытнае германскае імя Wytsuit[14]), Moriwid (адзначалася германскае імя Marvid[15]), Gyligin (адзначалася германскае імя Giligin[16]), Aligin (адзначалася старажытнае германскае імя Alikin[17])
  6. лац. «Quis enim Zivibundum, Algimundum, Narimundum audiens, non facile cogitet Herulum quempiam aut Longobardum nominari? Haec porro nomina Litvaniae principum sunt»[19]
  7. польск. «…bo wiadomo, że Gottowie z Gettami jeden narod, a dla viekszego dowodu jedneż prawie imiona Gottskie i Litewskie przytaczam Narymund, Doumund, Algimund, Pisimond, Germond, te są stare tey prowincyi nazwiska Gottskim podobne: Torysmond, Trasimond, Hunimond, Zygmont, i moc innych»[20]
  8. дац. «Hos de gamle litauiske Fyrster og Stormænd træffer man Navne som Gastold, Gedigold, Ringold, Rumbold, Witold, Dovmund, Narimund, Olgimund, Rimund, Skirmund, Skomund, Widimund, og maaskee kan det antages, at de herskende Slægter i Litauen havde været af germansk Oprindelse, som jo de varægiske Slægter, der grundede deres Herredømme i Rusland, vides at have stammet fra Skandinavien»
  9. польск. «Ślady najazdu skandynawskiego pozostały do dziś na Żmudzi w podaniach i nazwie skandynawskiego brzmienia szlacheckich rodzin, np. Misztolt, Dowgird, Norwid, Dowkont i t. p.»[23]
  10. Апроч таго, у ліцьвінаў бытавалі германскія імёны, якія раней адзначаліся ў рускіх князёў і баяраў: Ольг (Алег), Яскольд (Аскольд), Ясмант (Асмунд), Валадзімер, Валтар (Валадар), Гедзень, Глеб, Дзір, Івар, Ігар, Лют, Улеб, Якун ды іншыя. Увогуле, яшчэ ў 1865 годзе датычна вялікіх князёў літоўскіх (Ягайлы і Вітаўта) адзначаўся неўласьцівы жамойтам «касмапалітычны характар нарманскіх князёў — прыбылых у Літву»[24]
  11. польск. «Dla mnie nie ulega wątpliwości, że cały szereg imion litewskich został prawie żywcem przejęty z języków skandynawskich. Do takich imion zaliczam w pierwszym rzędzie następująae: Olgierd = Algard, Lingweni = Langewin, Witold ~ Witowt = Withoud, Wojszwil = Wajswiltis = Wissewalde = Wsiewołod, wreszcie, nasz Budiwid = Putuwer = Butywidas = Budwietis = Botwid. <…> Nadto uważam za pochodne z języków skandynawskich imiona kończące się na wil względnie wiłaś, jak Dawiłas, Gintwiłas, Gerdwiłas, Radziwiłas etc. lub na mont (mantas) jak Narymont, Jamont, Skomont, Dowmont etc. Te ostatnie wydają mi się kształtowane według germańskiego wzoru jak Edmund, Egmont, Zygmunt. Przypisywanie tym imionom pochodzenia rdzennie bałtyckiego wydaje mi się bezcelowem naciąganiem rzeczywistości»[26]
  12. франц. «Aujourd’hui encore, la presque totalité des noms de noblesse lituaniens sont d’origine gotique»
  13. франц. «Tout ce qui a été dit depuis cinquante ans à ce sujet par Bezzenberger, Gerullis, Trautmann, Būga et Salys est absolument dénué de valeur»
  14. У адпаведным выданьні (энцыкляпэдыя «Литва») гэта тлумачылася тым, што г.зв. «старажытныя летувіскія» двухасноўныя імёны (у адрозьнасьць ад аналягічных славянскіх) нібы гістарычна страцілі сваю сэмантыку, тым часам летувіская мова (якую параўноўваюць з санскрытам і старажытнагрэцкай мовай) лічыцца адной з найбольш архаічных моваў, бо яна ў найбольшай ступені захавала асаблівасьці праіндаэўрапейскай мовы[37]
  15. Ёзас Юркенас тлумачыць гэта альбо вынікам агульнага параджальнага працэсу, альбо вынікам узаемнага ўплыву «балтыйскіх» і германскіх антрапанімічных радоў[39]. Аднак ён не падае хоць-якіх гістарычных сьведчаньняў або іншых аргумэнтаў на карысьць гіпатэтычнага ўплыву «старажытных балтаў» на старажытных германцаў
  16. Пра падабенства вялікай колькасьці кельцкіх і германскіх складаных антрапонімаў пісаў яшчэ нямецкі лінгвіст Ганс Краэ(en)[44]
  17. Напрыклад, імя Гедзімін нібы мусіць тлумачыцца ад летувіскіх словаў «журыцца» і «думка», імя Даўспрунг — ад «шмат» і «душыцца», імя Любарт — ад «спыняць» і «лаяць», імя Гедыгоўд — ад «журыцца» і «лавіць», імя Скіргайла — ад «вылучаць» і «шкадаваць»[46]. Дасьледнік Уладзімер Ягораў зьвяртае ўвагу на тое, што дзеля тлумачэньня зь летувіскай мовы імёнаў з асновамі -віт- і -від- (Вітаўт, Віцень, Відзімонт, Будзівід і г. д.) летувіскія аўтары ўжываюць форму дзеяслова ў трэцяй асобе мінулага часу (išvydo), тым часам у інфінітыве (išvysti — убачыць) і аснове цяперашняга часу (išvyst-) гэтага ж дзеяслова няма спалучэньня vyd-[47]. Дасьледнік Іван Ласкоў зьвяртае ўвагу на тое, што ў балтыйскіх мовах азначэньне заўсёды мусіць стаяць перад азначаным словам, таму пры тлумачэньні імёнаў з другой асновай -таўт- (Вітаўт, Бутаўт, Гастаўт, Гетаўт, Контаўт і г. д.) зь летувіскай мовы азначанае слова мае быць tauta — «народ», якое ні пры якіх азначэньнях ня можа быць імем чалавека, таму гэтыя імёны для летувісаў — чужыя[48]
  18. Напрыклад, слова mantà з асноўным значэньнем 'рухомая маёмасьць', ад якога ў рэчышчы палітыкі летувізацыі спрабуюць выводзіць германскую іменную аснову -мунд- (-мунт-, -монт-), упершыню зьяўляецца толькі ў слоўніку 1894 году ў форме monta[49], тым часам адзіны выдадзены ў Вялікім Княстве Літоўскім летувіскі слоўнік Канстанціна Шырвіда не фіксуе летувіскіх словаў gailas (зь нібы застарэлым значэньнем 'моцны', якое спрабуюць зьвязваць з асновай -гайл-), gedauti (-гед-), girdė́ti (-герд-), mintis (-мін-), tauta (-тэўт-)
  19. Як паказвае Іван Ласкоў, у беларускай мове (з улікам уласьцівага ёй аканьня) не магла адбывацца замена націскнога «а» на «о», то бок пры запісе «на слых» замена «Мант» на «Монт» была немагчымай. Адпаведна, летувіскія формы «Жыгімантас», «Нарымантас» і падобныя не маглі быць першаснымі[48]
  20. Імёны Гедз-і-мін, Альг-і-монт, Кар-ы-бут, Кар-ы-гайла, Мант-ы-гайла, Радз-і-віл, Таўц-і-віл ды іншыя маюць неўласьцівыя для летувіскай мовы злучальныя галосныя[48]
  21. Напрыклад, імя Ягайла перарабляецца ў Ёгаля, каб патлумачыць яго ад лет. joti 'ехаць конна' і galia 'моц', імя Явойша — у Ёвайша, каб патлумачыць ад «ехаць конна» і «гасьцінны» і г. д.[51]
  22. Адпаведнікі зь перастаноўкай іменных асноваў прызнае летувіскі эміграцыйны лінгвіст Ёзас Юркенас(lt)[56]
  23. Вылучаным пазначаюцца імёны, якія маюць поўныя германскія адпаведнікі
  24. У дужках даюцца характэрныя варыяцыі імя паводле напісаньня ў гістарычных крыніцах
  25. Азначалася ў Польшчы, дзе германскія імёны бытавалі ўжо ў XIII ст.
  26. У інвэнтарах ВКЛ таксама азначаюцца наступныя чаргаваньні: Адам / Ядам (Адамава / Ядамава, Адамовіч / Ядамовіч)[57], Андрэй / Яндрэй, Анікей / Янікей[58]
  27. Азначалася ў Ноўгарадзе
  28. Старэйшая рыфмаваная хроніка пра «Барвіна з земляў вэнэдаў» — Генрыха Борвіна I
  29. Германска-славянскае імя, якое азначалася ў Чэхіі
  30. У гэтай зафіксаванай у крыніцах форме адбыўся пераход gaud у goz (coz)[59]
  31. Менгеды (пазьней Мэнгдэны)(de)нямецкі, пазьней інфлянцкі шляхецкі род, які паходзіць з Вэстфаліі
  32. У гэтай зафіксаванай у крыніцах форме адбыўся пераход had у haus)[60]
  33. Імя Convilius можа быць супольным для кельтаў і германцаў — як і імя Ratwilius[61]
  34. у гэтай зафіксаванай у крыніцах форме g перайшло ў i
  35. Апроч пададзеных у табліцы імёнаў, летувіскі лінгвіст Ёзас Юркенас таксама сьцьвярджае германскія адпаведнікі для наступных імёнаў (не падаючы спасылак на іх гістарычныя ўпаміны або з спасылкай на адзінкавы ўпамін у летувізаванай форме): Альвік — Alwih; Вінвіл — Vinovil; Вінмонт — Winemunt[62]; Бергаўд — Bercautius; Гельгаўд — Celgaud; Гудваль — Walagaudius; Мангаўд — Manegaud[63], таксама расейская мовазнаўца Тацяна Тапарова (дачка Ўладзімева Тапарова) такім жа спосабам сьцьвярджае наступныя адпаведнікі: Таўтвальд — Theudoald; Вірвальда — Verald[64]
  36. У XIX стагодзьдзі на Троччыне адзначаліся шляхецкія прозьвішчы Стангвіла (Stangwiło) і Стонгвіл, Стэнгвіла або Стэнгвіл (Stongwił, Stengwiło, Stengwił)[67]
  37. Сярод іншага, у XIX ст. на Віленшчыне адзначалася прозьвішча Winsław (Win-sław)[72], а на Інфлянтах у XVII ст. — імя Rumsław (Rum-sław)[73]
  38. Адно з найстарэйшых сьведчаньняў запісу германскіх, славянскіх і царкоўных імёнаў у іх жамойцкіх (летувіскіх) формах — укладзеная ў 1506 годзе ў Планянах (Жамойць) лацінамоўная ўгода, сьведкамі якой выступілі «Gorgys Golgontanys, Gabrialos Stanyonos, Janvsys Mychalanys, Rimos Mylgynanys, Barthlomyeyos Jacvbanys, Bvtrimos Mikanys, Mylvydos Seneythanys»[79]. Пазьней падобным жа спосабам жамойты запазычвалі хрысьціянскія імёны: напрыклад, у попісе войска Вялікага Княства Літоўскага 1567 году ўпамінаюцца Петросъ Янойтисъ, Стасюсъ Матеяйтись, Лавриносъ Станойтисъ, Миколаюсъ Кгрицойтисъ, Яносъ Шимкойтисъ, Петрашусъ Мартинойтисъ, Якубосъ Янойтисъ, Бенедыктасъ Ромашкойтисъ, Лукашусъ Янойтисъ, Миколисъ Кирдванисъ, Бартошусъ Венцлавойтисъ, Шимонасъ Янойтисъ, Павилосъ Петройтисъ, Андреюcъ Миколаяйтисъ, Щепаносъ Юцайтисъ, Селвестрасъ Велинайтисъ, Петрасъ Матеевичъ ды іншыя жамойцкія баяры зь летувізаванымі хрысьціянскімі імёнамі[80]
Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads