Глухавічы

былая вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Глу́хавічы[1] — былая вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласьці. Уваходзіла ў склад Чамярыскага сельсавету.

Хуткія факты

Пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджваньня жыхары (236 сем'яў) пераселены ў 1986 годзе ў чыстыя месцы. Вёска ліквідавана 20 жніўня 2008 году[2].

Remove ads

Геаграфія

Разьмяшчэньне

За 5 км на паўднёвы ўсход ад Брагіна, 29 км ад чыгуначнай станцыі [Хвойнікі]] (на галінцы Васілевічы — Хвойнікі ад лініі Каленкавічы — Гомель), 134 км ад Гомеля.

Транспартная сістэма

Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтадарозе Камарын — Брагін.

Пляноўка складаецца з просталінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, да якой на захадзе пад вострым кутом далучаецца кароткая просталінейная, шыротная вуліца. Забудова двухбаковая, драўляная, сядзібнага тыпу.

Гісторыя

Карона Каралеўства Польскага ў Рэчы Паспалітай

Thumb
Герб Карыбут князёў Вішнявецкіх.
Thumb
Фрагмэнт запісу князя Ярэмія Вішнявецкага 1638 г.
Thumb
Фрагмэнт тарыфу падымнага 1640 г.
Thumb
Герб Побуг роду Канецпольскіх.

Найранейшая вядомая згадка пра

село Глуховичи з людми отчизными, куничниками, з даню грошовою и медовою, з дубровами, з лесами, з чертежами, полми и сеножатми и з ловы пташними

ўтрымліваецца ў лісьце ад 15 сакавіка 1574 году[a] князя Аляксандра Аляксандравіча Вішнявецкага брату князю Міхаілу Аляксандравічу Вішнявецкаму аб разьдзеле айчызнага маёнтку Брагін Кіеўскага павету Каралеўства Польскага. Уладальнікам яго стаў князь Міхаіл[4]. Адміністрацыйна ўвесь Брагінскі маёнтак тады і да разбораў Рэчы Паспалітай належаў да Кіеўскага, пазьней Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва Кароны Польскай[b].

У 1628 годзе з 16 дымоў (×6 — каля 96 жыхароў) сяла Глухавічы князь Канстанцін Вішнявецкі, апякун дзяцей нябожчыка князя Міхаіла, за 6 пабораў забясьпечваў выплату роўна па 3 злотых ды з 10 агароднікаў (≈60 чалавек) па 1 злотаму і 6 грошаў[5].

Надалей паловай Брагінскага замку і места з прылегласьцямі, сярод якіх фальварак і сяло Глухавічы, валодаў, а ў 1638 годзе заставіў на чатыры гады за 65 000 злотых пану Мікалаю Лосятынскаму князь Ярэмі Міхал, сын Міхаіла, Вішнявецкі[6]. Паводле тарыфу падымнага «dwoiego» Кіеўскага ваяводзтва 1640 году, князь Ярэмі Вішнявецкі з 39 дымоў «z sioła Hłuchowicz» выплачваў 39 злотых[7].

Thumb
Губаровічы, Глухавічы, Сьцежарнае ў 1686-1687 гг.

У 1683 годзе з 41 дыму (каля 246 жыхароў[c]) вёскі Глухавічы пані Бруханьскай выплачваліся 20 злотых[8]. Ад лістападу 1686 да самых «świątek zielonych» у 1687 годзе Глухавічы, у якіх разам з Губарэвічамі і Сьцежарным Брагінскага маёнтку ваяводзіча бэлзскага Яна Канецпольскага налічвалася 77 дымоў, мусілі ўтрымоўваць 80 казакоў і 30 коней палкоўніка Войска Запароскага Паўла Апостала Шчуроўскага. У выніку, скарга на «нязносныя крыўды, шкоды, крыміналы, наезды і забоі» разглядалася ў Оўруцкім гродзкім судзе. Тады вяскоўцы справілі для пастаяльцаў 25 вазоў, кожны з хамутом, раменнай шляёй, касой, сякерай, рыдлёўкай, біклагай, мазьніцай з двума гарцамі дзёгцю; яшчэ зь іх выбралі здор, гарэлку, рыбу, алей, соль, кашулі і абутак, легуміну[d], вёдры аўса, вепрукоў, падсьвінкаў, кур, гусей, вала, «pułkownikowi wilka». Да стратаў прылічаны і забіты сотнікам Кіяшкам губаровіцкі войт Іван, дзедзічны падданы. Як вынік, для пана Канецпольскага тыя страты дасяглі сумы ў 994 злотых. Але гэта ня ўсё. Яшчэ казакі забілі селяніна, згвалтавалі некалькіх белагаловых[e], рабавалі каморы і харчовыя ямы вяскоўцаў[9].

Да 1708 году жыхары вёскі Глухавічы былі прыхаджанамі брагінскай Мікалаеўскай царквы. Аднак, зь ініцыятывы застаўнага ўладальніка, мазырскага маршалка[f] пана Антонія Аскеркі была ўладкаваная царква ў Губарэвічах і створаны асобны прыход, да якога далучаныя верныя з Глухавічаў[11]. У «Тарыфе падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва 1714 г.» Глухавічы названыя сярод паселішчаў Брагінскіх добраў, якія заставаліся ў пасэсіі мазырскага чашніка пана Аскеркі[g].

1 верасьня 1719 году серадзкі ваявода Ян Канецпольскі выдаў пану Зыгмунту Шукшце з жонкай Эльжбэтай даўгавую расьпіску на 1500 злотых, забясьпечаных прыбыткамі зь вёсак Глухавічы, Губарэвічы, Сьцежарнае і Пучын[13]. 3 сьнежня т. г. Я. Канецпольскі, апошні дзедзіч, які меў роднасную сувязь з малодшай, каралеўскай, галіной князёў Вішнявецкіх, спачыў. На 1 сакавіка 1720 году ўжо выдадзены фундуш Глухавіцкай царкве ад імя дзедзіча з старэйшай галіны роду князя Міхала Сэрвацыя Вішнявецкага. З дакумэнту вынікае, што заснаваную царкву ў Глухавічах пад тытулам Сьв. Міхаіла, паяднаную з рымскім касьцёлам[h], мусіў узначаліць сьвятар Якаў Бярнацкі, а да прыходу яе, акрамя Глухавічаў, мелі належаць жыхары вёсак Губарэвічы, Пучын, Сьцежарнае, Хатуча, Юркевічы (Юркавічы)[14].

11 жніўня 1721 году Аляксандар Бандынэлі, войскі мельніцкі, абвінавіціў З. Шукшту ў тым, што ён падбіў глухавіцкага сьвятара Якуба Бярнацкага сагнаць з поля ва ўрочышчы Дзяканаўскім настаяцеля брагінскай Мікалаеўскай царквы Якіма Давідовіча, хоць угодзьдзі тыя былі падараваныя царкве яшчэ князямі Вішнявецкімі. А здарылася тое, што 2 жніўня Я. Бярнацкі, узяўшы ў дапамогу Мікіту, Касьяна, Уласа Канавалаў і яшчэ зь дзесятак сялян глухавіцкіх, наехаў на сенажаць і айца Давідовіча za brodę porwawszy, pięścią bił, tłukł, za włosy na ziemię obaliwszy, targał, włosy wyrwał, pokrwawił, зь сенажаці сагнаў і касіць ня даў, а яшчэ хацеў зьвязаць і да панскага двара адвезьці[15].

У 1722 годзе сужэнства Шукшты, пасэсары, пачалі ўзводзіць будынак уніяцкай царквы на месцы імі ж пастаўленай раней праваслаўнай капліцы[i]. Што праўда, скончылі тое будаўніцтва парахіяне ў супрацы з прыёрам цыстэрцыянаў Кімбараўскага кляштару Vallis Umbrosae Бэнэдыктам Ражанскім[16].

Thumb
Глухавіцкі прыход у 1740 г.

У 1734 годзе Глухавічы знаходзіліся ў заставе ў айцоў цыстэрцыянаў кімбараўскіх[17], хоць рэальным уладальнікам усяго Брагінскага маёнтку на той час былі ўжо не пасэсары-крэдыторы, а князь Міхал Сэрвацы Вішнявецкі, які з 1733 года пачаў звацца яшчэ і «графам на Брагіне»[18].

У візыце Брагінскага ўніяцкага дэканату на 24 студзеня 1740 году засьведчана, што прыход Глухавіцкай Сьвята-Міхайлаўскай царквы, які ўзначальваў сьвятар Пётар Война, складалі верныя з 83 двароў у Глухавічах, 17 у Хатучы, 16 у Сьцежарным, 3 у хутары Зарэччы, 4 у хутары Цюткі, 24 у Юркевічах, 6 у хутары Пучыне. Усяго — 153 двары. Душ, дапушчаных да споведзі, — 539[19]. Згодна з Генэральнай візытай 1743 году, прыход складалі жыхары 110 двароў, душ да споведзі — каля 449[20].

Thumb
Астраглядавіцкая парафія ў 1748 г.
Thumb
Глухавіцкі прыход у 1752 г.

У 1748 годзе Глухавічы названыя ў ліку паселішчаў, частка жыхароў якіх (галоўным чынам, шляхта) належала да рыма-каталіцкай Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[21]. На 1752 год да Глухавіцкага прыходу, настаяцелям якога заставаўся П. Война, належалі верныя з 84 двароў у Глухавічах, 18 у Хатучах, 8 у Пучыне, 4 у Казялузцах. Душ да споведзі — нібыта каля 600[22].

Thumb
Герб Равіч паноў Ракіцкіх.
Глухавічы і грунт царкоўны ў эксплікацыі да мапы Брагінскага графства 1783 г.

У 1754 годзе з 79 двароў (×6 — каля 474 жыхароў) вёскі Глухавічы вялебных айцоў цыстэрцыянаў выплачваліся «do grodu»[j] 12 злотых і 9 грошаў, «na milicję»[k] 49 зл. і 6 гр.[23]. У тым жа 1754 г. Брагінскае графства была куплена ў княгіні Эльжбэты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай за 550 000 злотых панам Францішкам Антоніем, сынам Мікалая, Ракіцкім, войскім ашмянскім (†1759).

Перапіс габрэйскага насельніцтва 1765 году засьведчыў пражываньне ў фальварку Глухавічы 11, у аднайменнай вёсцы 7 плацельшчыкаў пагалоўшчыны, прыналежных да Брагінскага кагалу. У 1778 г. іх было ўжо толькі 3, а ў 1784 г. — 4[24]. Падобна, выбух гайдамацка-сялянскай Каліеўшчыны ў 1768 годзе паўплываў на колькасьць габрэяў у ваколіцах паселішча.

Глухавічы і грунт царквы Глухавіцкай згаданыя ў эксплікацыі да мапы Брагінскага графства, датаванай 27 днём жніўня 1783 году[l].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Глухавічы апынуляся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 г. у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету спачатку Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 г. Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[25] У расейскай рэвізіі 1795 году запісана, што сяло Глухавічы паноў Людвіка і Рафала Алаізія Ракіцкіх, кашталянічаў менскіх, паводле эканома Базыля Солтана, налічвала 83 двары з 243 падданымі мужчынскага і 249 жаночага полу[26].

У дзёньніку архіяпіскапа менскага і бабруйскага Міхаіла Галубовіча занатавана, што 19 верасьня 1860 году ён: «Раніцой ад’ехаў у Брагін. Ракіцкі вадзіў мяне па цэрквах, а я зацягнуў яго, неахвочага, да дабрачыннага Айца. Намагаўся памірыць іх. Заўважыў, што Ярэміч і жонка дужа катэгарычныя і непрыхільныя да Ракіцкага. Выступілі з папрокамі. Нягледзячы на гэта, граф абяцаў скончыць вясною дом і здаць ссыпку. Па абедзе з Ракіцкім паехаў у Глухавічы. Ён паказаў мне тры карціны, набытыя ў Варшаве, а калі я пахваліў «Татараў», дык прасіў, каб гэтую карціну прыняў на памяць. Тут таксама былі Аскерка і валынскі Прозар. З жонкай мяне не пазнаёміў – нібыта хворая, у ложку. Сапраўды, у яе быў павятовы лекар Філіповіч»[27].

Ад парэформавага пэрыяду адміністрацыйна Глухавічы належалі да Брагінскай воласьці.

На 1909 год у 151-м двары сяла Глухавічы было 909 жыхароў, у аднадворным фальварку — 13 жыхароў[28].

Найноўшы час

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Глухавічы, аднак, у складзе Брагінскай воласьці апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[29].

Remove ads

Насельніцтва

  • 1986 год — жыхары (236 сем'яў) пераселены.
  • 2004 год — жыхароў няма.

Асобы

  • Рыгор Мігай — Герой Сацыялістычнай Працы
  • Міхаіл Паўлючэнка — акадэмік НАН Беларусі, доктар хімічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі БССР[30].

Заўвагі

  1. Не з XV ст., як пісаў С. В. Марцэлеў[3]
  2. У іншым выпадку (у другі пабор?) сказана пра 20 дымоў (каля 120 жыхароў) і пра выплату тых жа 20 злотых.
  3. Салодкая выпечка альбо слодычы, вырабленыя з ужываньнем зьбітых яек і цукру з рознымі дадаткамі.
  4. Так называлі замужніх жанчын, якім этыкет не дазваляў паказвацца на людзях зь непакрытай галавой.
  5. Тады яшчэ мазырскага чашніка[10]. А ўжо на момант падачы скаргі (з улікам больш позьніх учынкаў пазванага) ад імя панства Бандынэлі 7 кастрычніка 1715 г. пан Антоні стаў маршалкам.
  6. Са спасылкай на С. Урускага выдаўцы сьцьвярджаюць нібы пасэсарам быў Станіслаў Аскерка. Але больш пераканаўчымі ўяўляюцца зьвесткі за 1708, 1711 і 1715 гг. судовай справы, у якой вялося пра маршалка Антонія[12].
  7. Г. зн. уніяцкую
  8. Імаверна, тады яна ўважалася за прыпісную ў прыходзе царквы Раства Найсьвяцейшай Багародзіцы ў Губаровічах.
  9. Да Оўруцкага замку.
  10. Пераважна на барацьбу супраць гайдамакаў.
  11. Грунт сяла Глухавічаў названы ніжэй у цэлым сьпісе.
Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads