Глухавічы

былая вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Глу́хавічы[1] — былая вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласьці. Уваходзіла ў склад Чамярыскага сельсавету.

Хуткія факты

Пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджваньня жыхары (236 сем'яў) пераселены ў 1986 годзе ў чыстыя месцы. Вёска ліквідавана 20 жніўня 2008 году[2].

Remove ads

Геаграфія

Разьмяшчэньне

За 5 км на паўднёвы ўсход ад Брагіна, 29 км ад чыгуначнай станцыі [Хвойнікі]] (на галінцы Васілевічы — Хвойнікі ад лініі Каленкавічы — Гомель), 134 км ад Гомеля.

Транспартная сістэма

Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтадарозе Камарын — Брагін.

Пляноўка складаецца з просталінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, да якой на захадзе пад вострым кутом далучаецца кароткая просталінейная, шыротная вуліца. Забудова двухбаковая, драўляная, сядзібнага тыпу.

Гісторыя

Карона Каралеўства Польскага ў Рэчы Паспалітай

Thumb
Герб Карыбут князёў Вішнявецкіх.
Thumb
Фрагмэнт запісу князя Ярэмія Вішнявецкага 1638 г.
Thumb
Фрагмэнт тарыфу падымнага 1640 г.

Магчыма, найранейшая згадка пра «село Глуховичи з людми отчизными, куничниками, з даню грошовою и медовою, з дубровами, з лесами, з чертежами, полми и сеножатми и з ловы пташними» ўтрымліваецца ў лісьце ад 15 сакавіка 1574 году[a] князя Аляксандра Аляксандравіча Вішнявецкага брату князю Міхаілу Аляксандравічу Вішнявецкаму аб разьдзеле айчызнага маёнтку Брагін Кіеўскага павету Каралеўства Польскага. Уладальнікам яго стаў князь Міхаіл[4]. Адміністрацыйна ўвесь Брагінскі маёнтак тады і да разбораў Рэчы Паспалітай належаў да Кіеўскага, пазьней Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва Кароны Польскай[b].

У 1628 годзе з 16 дымоў (×6 — каля 96 жыхароў) сяла Глухавічы князь Канстанцін Вішнявецкі, апякун дзяцей нябожчыка князя Міхаіла, забясьпечваў выплату роўна па 3 злотых ды з 10 агароднікаў (≈60 чалавек) па 1 злотаму і 6 грошаў[5].

Надалей паловай Брагінскага замку і места з прылегласьцямі, сярод якіх фальварак і сяло Глухавічы, валодаў, а ў 1638 годзе заставіў на чатыры гады за 65 000 злотых пану Мікалаю Лосятынскаму князь Ярэмі Міхал, сын Міхаіла, Вішнявецкі[6]. Паводле тарыфу падымнага «dwoiego» Кіеўскага ваяводзтва 1640 году, князь Ярэмі Вішнявецкі з 39 дымоў «z sioła Hłuchowicz» выплачваў 39 злотых[7].

Thumb
Губаровічы, Глухавічы, Сьцежарнае ў 1686-1687 гг.

У 1683 годзе з 41 дыму (каля 246 жыхароў[c]) вёскі Глухавічы пані Бруханьскай выплачваліся 20 злотых[8]. Ад лістападу 1686 да самых «świątek zielonych» у 1687 годзе Глухавічы, у якіх разам з Губарэвічамі і Сьцежарным Брагінскага маёнтку ваяводзіча бэлзскага Яна Канецпольскага налічвалася 77 дымоў, мусілі ўтрымоўваць 80 казакоў і 30 коней палкоўніка Войска Запароскага Паўла Апостала Шчуроўскага. У выніку, скарга на «нязносныя крыўды, шкоды, крыміналы, наезды і забоі» разглядалася ў Оўруцкім гродзкім судзе. Тады вяскоўцы справілі для пастаяльцаў 25 вазоў, кожны з хамутом, раменнай шляёй, касой, сякерай, рыдлёўкай, біклагай, мазьніцай з двума гарцамі дзёгцю; яшчэ зь іх выбралі здор, гарэлку, рыбу, алей, соль, кашулі і абутак, легуміну[d], вёдры аўса, вепрукоў, падсьвінкаў, кур, гусей, вала, «pułkownikowi wilka». Да стратаў прылічаны і забіты сотнікам Кіяшкам губаровіцкі войт Іван, дзедзічны падданы. Як вынік, для пана Канецпольскага тыя страты дасяглі сумы ў 994 злотых. Але гэта ня ўсё. Яшчэ казакі забілі селяніна, згвалтавалі некалькіх белагаловых[e], рабавалі каморы і харчовыя ямы вяскоўцаў[9].

Да 1708 году жыхары вёскі Глухавічы былі прыхаджанамі брагінскай Мікалаеўскай царквы. Аднак, зь ініцыятывы застаўнага ўладальніка, мазырскага маршалка[f] пана Антонія Аскеркі была ўладкаваная царква ў Губарэвічах і створаны асобны прыход, да якога далучаныя верныя з Глухавічаў[11]. У «Тарыфе падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва 1714 г.» Глухавічы названыя сярод паселішчаў Брагінскіх добраў, якія заставаліся ў пасэсіі мазырскага чашніка пана Аскеркі[g]. 1 верасьня 1719 году серадзкі ваявода Ян Канецпольскі выдаў пану Зыгмунту Шукшце з жонкай даўгавую расьпіску на 1500 злотых, забясьпечаных прыбыткамі зь вёсак Глухавічы, Губарэвічы, Сьцежарнае і Пучын[13].

У 1734 годзе Глухавічы знаходзіліся ў заставе ў айцоў цыстэрцыянаў кімбараўскіх[14], хоць уладальнікам усяго Брагінскага маёнтку на той час быў ужо князь Міхал Сэрвацы Вішнявецкі, бо з 1733 года пачаў звацца яшчэ і «графам на Брагіне»[15].

У 1754 годзе з 79 двароў (×6 — каля 474 жыхароў) вёскі Глухавічы вялебных айцоў цыстэрцыянаў выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замку) 12 злотых і 9 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 49 зл. і 6 гр.[16]. У тым жа 1754 г. Брагінскае графства была куплена ў княгіні Эльжбэты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай за 550 000 злотых панам Францішкам Антоніем, сынам Мікалая, Ракіцкім, войскім ашмянскім (†1759).

Перапіс габрэйскага насельніцтва 1765 году засьведчыў пражываньне ў фальварку Глухавічы 11, у аднайменнай вёсцы 7 плацельшчыкаў пагалоўшчыны, прыналежных да Брагінскага кагалу. У 1778 г. іх было ўжо толькі 3, а ў 1784 г. — 4[17]. Падобна, выбух гайдамацка-сялянскай Каліеўшчыны ў 1768 годзе паўплываў на колькасьць габрэяў у ваколіцах паселішча.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Глухавічы апынуляся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 г. у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету спачатку Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 г. Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[18] У расейскай рэвізіі 1795 году запісана, што сяло Глухавічы паноў Людвіка і Рафала Алаізія Ракіцкіх, кашталянічаў менскіх, паводле эканома Базыля Солтана, налічвала 83 двары з 243 падданымі мужчынскага і 249 жаночага полу[19].

Найноўшы час

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Глухавічы, аднак, у складзе Брагінскай воласьці апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[20].

Remove ads

Насельніцтва

  • 1986 год — жыхары (236 сем'яў) пераселены.
  • 2004 год — жыхароў няма.

Асобы

  • Рыгор Мігай — Герой Сацыялістычнай Працы
  • Міхаіл Паўлючэнка — акадэмік НАНБ|Акадэміі навук Беларусі, доктар хімічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі БССР[21].

Заўвагі

  1. Не з XV ст., як пісаў С. В. Марцэлеў[3]
  2. У іншым выпадку (у другі пабор?) сказана пра 20 дымоў (каля 120 жыхароў) і пра выплату тых жа 20 злотых.
  3. Салодкая выпечка альбо слодычы, вырабленыя з ужываньнем зьбітых яек і цукру з рознымі дадаткамі.
  4. Так называлі замужніх жанчын, якім этыкет не дазваляў паказвацца на людзях зь непакрытай галавой.
  5. Тады яшчэ мазырскага чашніка[10]. А ўжо на момант падачы скаргі (з улікам больш позьніх учынкаў пазванага) ад імя панства Бандынэлі 7 кастрычніка 1715 г. пан Антоні стаў маршалкам.
  6. Са спасылкай на С. Урускага выдаўцы сьцьвярджаюць нібы пасэсарам быў Станіслаў Аскерка. Але больш пераканаўчымі ўяўляюцца зьвесткі за 1708, 1711 і 1715 гг. судовай справы, у якой вялося пра маршалка Антонія[12].
Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads