Касьцёл Сьвятога Юрыя і кляштар бэрнардынаў (Дуброўна)

From Wikipedia, the free encyclopedia

Касьцёл Сьвятога Юрыя і кляштар бэрнардынаў (Дуброўна)
Remove ads

Касьцёл Сьвятога Юрыя і кляштар бэрнардынаў — помнік архітэктуры пачатку XIX стагодзьдзя ў Дуброўне. Знаходзіцца ў заходняй частцы места, на ўзвышаным беразе ракі Задубровенкі пад адрасам вуліца Аршанская, 3. Твор архітэктуры барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Сьвятога Юрыя і кляштар бэрнардынаў
Thumb
Кляштар бэрнардынаў
КраінаБеларусь
МестаДуброўна
Каардынаты54°34′17.84″ пн. ш. 30°40′45.88″ у. д.
Ордэнская прыналежнасьцьБэрнардыны
Архітэктурны стыльБарока
ЗаснавальнікМікалай Глябовіч
Дата заснаваньня1630
СтатусДзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Касьцёл Сьвятога Юрыя і кляштар бэрнардынаў на мапе Беларусі
Thumb
Касьцёл Сьвятога Юрыя і кляштар бэрнардынаў
Касьцёл Сьвятога Юрыя і кляштар бэрнардынаў
Касьцёл Сьвятога Юрыя і кляштар бэрнардынаў на Вікісховішчы

Комплекс Дубровенскага бэрнардынскага кляштару складаўся з касьцёла і кляштарнага корпуса. Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады зруйнавалі касьцёл (захаваліся падмуркі).

Remove ads

Гісторыя

Thumb
Касьцёл і кляштар, каля 1760 г.
Thumb
Касьцёл (налева). 1840 г.

Бэрнардыны

Бэрнардыны (ад імя прапаведніка Бэрнарда Сіенскага памерлага ў 1450 годзе) — манахі францішкане Закону Братоў Меньшых Абзэрвантаў (Ordo Fratrum Minorum — OFM (лац.)) рэфармаванай галіны манаскага ордэна францішканаў — OFM (Ordo Fratrum Minorum) (лац.) у Каралеўстве Польскім і Вялікім Княстве Літоўскім[1].

Канстанцкі сабор у 1415 годзе задаволіў просьбу францішканскага прапаведніка Бэрнарда Сіенскага аб вяртаньні першапачатковага, больш строгага статута Францішка Асізскага. У 1431 годзе пры папе Эўгеніюшы IV-м францішканы-абзэрванты атрымалі права ўвесьці пасаду генэральнага вікарыя. Ім стаў Бэрнард Сіенскі.

У 1453 годзе па просьбе караля Казімера Ягайлавіча й кардынала Зьбігнева Алесьніцкага ў Кракаў прыбыў прапаведнік францішканаў-абзэрвантаў Яан Капістран і ў наступны год (04.12.1454) быў заснаваны ў Кракаве першы кляштар і касьцёл Сьвятога Бэрнарда Сіенскага[2]. Апраналіся манахі бэрнардыны ў сутану цёмна-шэрага колеру з капюшонам, плашч, насілі пояс з белай воўны.

Вялікае Княства Літоўскае

Thumb
Мапа Гірша Ляйбовіча. XVIII ст.

Першыя кляштары бернардынаў у Вялікім Княстве Літоўскім былі заснаваны ў XV ст. у Коўне (1468), Вільні (1469) і Полацку (1498).

Кляштар бэрнардынаў у Дуброўне быў заснаваны ў 1624—1630 годзе з фундацыі ўладальніка Дуброўна Мікалая Глябовіча[3][4].

У 1641—1716 гадох з фундацыі Юрыя Глябовіча праводзілася рэканструкцыя касьцёла і кляштару. Першапачаткова касьцёл і кляштар былі драўлянымі. Падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай ў 1654 годзе места Дуброўна й кляштар з касьцёлам былі спалены на загад цара Аляксея Міхайлавіча[5][6][7], і пазьней былі адноўлены з дрэва.

У канцы 17 ст. Дуброўна пераходзіць ад Глябовічаў да гетмана польнага ВКЛ і віленскага ваяводы Казімера Яна Сапегі. Паколькі ў час Паўночнай вайны 1700–21 гадоў Сапегі былі на баку швэдаў, Дуброўну разам з замкам занялі й спалілі калмыкі расейскага атрада капітана Салаўёва[8]. Пасьля гэтай вайны касьцёл і кляштар зноў былі адбудаваныя, але ўжо з цэглы.


Пад уладай Расейскай імпэрыі

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Дуброўна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Аршанскай правінцыі. Дуброўнай у той час валодаў ваявода полацкі Аляксандар Міхал Сапега (1730—1793)[a]. З 1777 г. Дуброўна знаходзілася ў Аршанскім павеце Магілёўскага намесьніцтва. У 1780 г. кляштар бэрнардынаў быў зачынены й бэрнардыны пакінулі Дуброўну. На іх месца ў 1785 годзе новы ўласьнік Рыгор Пацёмкін запрасіў айцоў Піяраў зь Віцебску, якім былі перададзены касьцёл і кляштар, дзе быў створаны калегіюм. Кляштар і Калегіюм Піяраў існаваў з 1785 па 1797 гг.[9][10]. Вядома, што ў ёй вучыўся Анёл Доўгірд — беларуска-польскі філёзаф, лёгік, псыхоляг, пэдагог. У 1792 годзе Францішак Ксавэры Любамірскі абмяніў Дуброўну ў князя Рыгора Пацёмкіна на маёнтак Сьмела ў Кіеўскім ваяводзтве. Францішак Ксавэры Любамірскі дамогся закрыцьця кляштара піяраў пераводу іх у Віцебск у 1797 годзе[11]. Паводле некаторых зьвестак замест піяраў у Дуброўна былі запрошаны манахі трапісты[12].

У 1801 годзе кляштар згарэў, аднак неўзабаве былі адбудаваныя – касьцёл асьвяціў ксёндз Ізідор Блажаловіч, які на той час зьяўляўся адміністратарам парафіі. На той час касьцёл насіў тытул Сьвятога Юрыя[13]. Пазьней Францішак Ксавэры Любамірскі наноў запрасіў бэрнардынаў, якія былі зноў выгнаны з Дуброўна пасьля Паўстаньне 1830—1831 гадоў. Кляштар быў зачынены, касьцёл стаў парафіяльным.

У 1860 годзе ў Дуброўне жылі 74 парафіяніна (35 мужчын і 39 жанчын)[14][15], а ўся парафія налічвала 819 вернікаў.

У ліпені 1865 года магілёўскі губэрнатар Беклямішаў інфармаваў Віленскага генэрал-губэрнатара аб неабходнасьці скасаваньня Горацкага касьцёла. 15 лістапада 1865 года выйшла прадпісаньне за № 3032 аб закрыцьці ў Магілёўскай губэрні 19 касьцёлаў, у тым ліку й Горацкага. 4 студзеня 1866 году Горацкі касьцёл быў зачынены і апячатаны, частка маёмасьці перададзена ў Дубровенскі касьцёл[16][17][18].

У 1895 годзе прыхаджан 506 мужчын і 489 жанчын[19]. На 1912 г. Дуброўна — гэта адна з найменшых парафій у Магілёўскай архідыяцэзіі, што налічвала 560 вернікаў[20].


Найноўшы час

13 студзеня 1930 г. парафіяльны касьцёл быў зачынены й аддадзены пад Дом культуры. Будынак кляштара перабудавалі пазбавіўшы барочных рысаў. Касьцёл быў перабудаваны пад кінатэатар. Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады зьнішчылі касьцёл. Застаўся толькі будынак кляштара, які займалі розныя ўстановы.

Рэспубліка Беларусь

Спусьцелы будынак былога кляштара бернардынаў у сярэдзіне 90-х гадоў перадалі раённаму аддзелу культуры й распрацавалі праект рэстаўрацыі кляштара. На працягу дзесяці гадоў ад 1996 году да 2007 году адбывалася рэстаўрацыя. Аднавілі тры франтоны, дах з чырвонай дахоўкі й вокны з рамамі. У 1999 годзе будаўнікі ўзьвялі тры франтоны з чырвонай цэглы й старажытны будынак набыў новы воблік. Завяршылі кладку перагародак унутры будынка, кладку вэнтыляцыйных шахт, устанавілі дадатковыя лесьвічныя пляцоўкі. Потым усе сілы будаўнікоў былі накіраваны на ўзьвядзеньне даху, які ўмацавалі дадатковымі драўлянымі канструкцыямі. Чарапіца чырвонага колеру, памерам 30–40см. Потым уставілі аконныя блёкі з рамамі. Але рэстаўрацыйныя работы прыпыніліся ў 2007 годзе на нявызначаны тэрмін[21].

1 ліпеня 2001 г. арганізавана парафія ў Дуброўне. 10 жніўня 2001 г. парафія была зарэгістравана дзяржаўнымі ўладамі, а ў Дуброўну праз шмат гадоў зноў вярнуліся браты бэрнардыны – айцец Сабін Яцэк Тлок і Адам Наталіс Фалькус. Аднак гарадзкія ўлады адмовіліся аддаць католікам спрадвеку належны ім бэрнардынскі кляштар, занядбаны за савецкімі часамі. 22 студзеня 2004 г. адбылася перарэгістрацыя парафіі, у гэтым жа годзе бэрнардыны выехалі з Дуброўны. 24 верасьня 2006 г. біскуп Уладзіслаў Блін асьвяціў пляц пад будову касьцёла. У 2007 г. быў закладзены фундамэнт і распачалася будова касьцёла. 26 красавіка 2016 г. біскуп Віцебскі Алег Буткевіч зьдзейсьніў асьвячэньне муроў касьцёла Маці Божай Фацімскай[22].

Remove ads

Архітэктура

Драўляны касьцёл

Першапачатковае архітэктурнае аблічча кляштара схематычна перадае выява на мапе Гірша Ляйбовіча 1760 году. Драўляны касьцёл — твор традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры. Гэта быў прастакутны зруб пад 2-схільным дахам. Абапал галоўнага фасада ўзвышаліся дзьве 3-ярусныя чацьверыковыя вежы з купальнымі завяршэньнямі і трыкутным франтонам пасярэдзіне. Да бакавога фасада касьцёла прылягаў П-падобны ў пляне двухпавярховы будынак кляштара, які разам з касьцёлам утвараў закрыты ўнутраны двор. Комплекс не зьбярогся.

Мураваны касьцёл

Мураваны касьцёл — помнік архітэктуры барока. Гэта была бязьвежавая базыліка зь фігурным франтонам.

Кляштар

Thumb
Франтон заходняга фасада

У кляштары выявіўся сынтэз традыцыйных прыёмаў мясцовага дойлідзтва і рысаў барока. Гэта 2-павярховы будынак з сутарэньнямі, які складаецца з двух узаемна пэрпэндыкулярных карпусоў: больш доўгага восьсю захад — усход і кароткага, арыентаванага на поўнач. Сьцены атынкаваныя.

Архітэктура будынка ляканічная. Дах двухсхільны зь люкарнамі. Адзінымі элемэнтамі дэкору выступаюць тонкія пілястры, нескладаны карніз і паяскі. Тарцовыя сьцены завяршаюцца высокімі трохкутнымі крывалінейнага абрысу, фігурнымі франтонамі. Тымпаны франтонаў падзяляюцца карнізнымі цягамі на 2 ярусы, зь люкарнай і двума пілястрамі ў першым ярусе.

Плян паверхаў галерэйна-калідорны. Цэнтральны вузел (месца злучэньня карпусоў) фармуюць вітыя ўсходы. Перакрыцьце першага паверху скляпеністае, другога — бэлькавае[23].

Remove ads

Галерэя

Гістарычныя здымкі

Сучасныя здымкі

Заўвагі

  1. Аляксандар Міхал Сапега — сын Казімера Лявона Сапегі (1697—1738), унук Аляксандра Паўла Сапегі (1672—1734), праўнук Казімера Яна Сапегі (1642—1720)

Крыніцы

Архівы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads