Ліра (прэмія)
музычная прэмія Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
«Лі́ра» — нацыянальная музычная прэмія Беларусі ў галіне папулярнай музыкі, заснаваная 24 сьнежня 2010 году на прапанову Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
У 1994 годзе папярэдніцай гэтай беларускай музычнай прэміі была «Залатая ліра»[1]. Зь 2014 году ладзіцца на тэлеканале «Агульнанацыянальнае тэлебачаньне», цяпер праз 2 гады.
Remove ads
Найлепшая беларускамоўная песьня
Remove ads
Мінуўшчына
15 кастрычніка 2010 году старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі паведаміў, што Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прапанавала стварыць у сьнежні рэспубліканскі тэлеконкурс «Нацыянальная музычная прэмія». Узнагароды мелі ўручыць у намінацыях: «Найлепшая песьня году», «Найлепшы выканаўца», «Найлепшы гурт», «Адкрыцьцё году» і «За ўклад у разьвіцьцё беларускай эстрады»[2]. 24 сьнежня 2010 году Савет міністраў Рэспублікі Беларусь ухваліў Пастанову № 1885 "Аб зацьвярджэньні Палажэньня аб рэспубліканскім конкурсе «Нацыянальная музычная прэмія ў галіне эстраднага мастацтва». У 2-м пункце Палажэньня ў якасьці мэты конкурсу называлася «прасоўваньне творчасьці таленавітых беларускіх эстрадных выканаўцаў, а таксама кампазытараў, паэтаў-песеньнікаў, гукарэжысэраў, аранжыроўшчыкаў, прадусараў і журналістаў». Паводле 3-га пункту, "конкурс можа праводзіцца па наступных намінацыях: 3.1. намінацыі, пераможцы ў якіх вызначаюцца экспэртнай радай з улікам вынікаў інтэрнэт- і смс-галасаваньня (6): «Найлепшая песьня году», «Найлепшы выканаўца», «Найлепшы калектыў выканаўцаў», «Адкрыцьцё году», «Найлепшы кампазытар» і «Найлепшы паэт-песеньнік»; 3.2. намінацыі, пераможцы ў якіх вызначаюцца экспэртнай радай (10): «Найлепшая беларускамоўная песьня году», «Найлепшы музычны альбом», «Найлепшая аранжыроўка», «Найлепшая канцэртная праграма», «Найлепшы канцэрт за мяжой», «Найлепшы кліп году», «Найлепшы журналіст», «Найлепшы гукарэжысэр», «Найлепшы прадусар» і «За ўнёсак у разьвіцьцё беларускай эстрады». Згодна з 4-м пунктам «конкурс праводзіцца штогод у пэрыяд са студзеня па сьнежань», а «пераможцы конкурсу вызначаюцца па выніках іх дзейнасьці за бягучы год». Вынікі конкурсу падводзяцца ў сьнежні. Паводле 6-га пункту, "арганізатарамі конкурсу зьяўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і ЗАТ «Сталічнае тэлебачаньне», якія забясьпечваюць «падрыхтоўку і трансьляцыю гала-канцэрту». Пагатоў "выраб тэлевізійнай вэрсіі гала-канцэрту, анансаваньне і інфармацыйнае забесьпячэньне конкурсу ажыцьцяўляе ЗАТ «Сталічнае тэлебачаньне» аднаасобна, як і «стварэньне інфармацыйна-рэклямных ролікаў, іх пракат на тэлебачаньні і радыё». Згодна з 7-м пунктам "склад арганізацыйнага камітэту зацьвярджаецца Мінкультуры па ўзгадненьні з ЗАТ «Сталічнае тэлебачаньне». У 8-м пункце згадавалася, што Аргкамітэт «вызначае намінацыі, па якіх праводзіцца конкурс», і «зацьвярджае склад адборачнай камісіі, экспэрнай рады і падліковай камісіі». Паводле 3-й Главы Палажэньня, спаборніцтва праводзяць у 3 этапы. У намінацыях, што прадугледжваюць інтэрактыўнае галасаваньне ў этэры радыёвяшчаньня і на сайтах радыёстанцыяў, вылучэньне ў 1-м этапе ажыцьцяўляецца па выніках такога галасаваньня. Адборачная камісія вылучае на 1-м этапе па 3 канкурсанты для кожнай іншай намінацыі, сярод якіх экспэртная рада на 2-м этапе выбірае пераможцу. У заключным 3-м этапе падліковая камісія складае сумы балаў экспэртнай рады і і інтэрактыўнага галасаваньня ў час гала-канцэрту канкурсантаў у намінацыях з такім галасаваньнем. Згодна з 26-м пунктам «пераможца ў намінацыі „Найлепшая песьня году“ атрымлівае грашовую прэмію ў памеры 95 базавых велічыняў (3,325 млн рублёў; $1111) і сэртыфікат на стварэньне музычнага кліпу. У намінацыі ўзнагароджваюцца выканаўца і аўтары песьні». У іншых намінацыях зь інтэрактыўным галасаваньнем узнагароджвалі 77 базавымі велічынямі (БВ). Паводле 27-га пункту, «пераможца ў намінацыі „Найлепшая беларускамоўная песьня году“ атрымлівае грашовую прэмію ў памеры 73 базавых велічыняў» (2,555 млн рублёў; $853). У намінацыі «За ўклад у разьвіцьцё беларускай эстрады» ўзнагарода складала 70 БВ, у іншых намінацыях — па 62 БВ. Узнагароду за «Найлепшы музычны альбом» дзялілі выканаўца і прадусар, а за «Найлепшы кліп году» — «сцэнарыст, рэжысэр, апэратар і мантажор»[3].
1 красавіка 2011 году начальнік кіраўніцтва мастацтваў Мінкультуры Міхаіл Казловіч удакладніў, што на гала-канцэрце пры канцы году адзнака будзе на 50% складацца зь меркаваньняў прафэсійнага журы і на 50% з вынікаў галасаваньня гледачоў[4]. 1 лістапада 2011 году 1-ы намесьнік міністра культуры Беларусі Уладзімер Карачэўскі паведаміў, што для ўдзелу ў конкурсе заяўкі варта накіраваць ад 15 лістапада ў Моладзевы тэатар эстрады. Карачэўскі абвясьціў, што гледачы змогуць прагаласаваць за творцаў, якія спаборнічаюць за 5 з 16 узнагародаў. На 2011 год вызначылі наступныя намінацыі: «Найлепшая песьня на беларускай мове», «Найлепшая песьня году», «Найлепшы жаночы сьпеў», «Найлепшы мужчынскі сьпеў», «Найлепшы музычны гурт», «Адкрыцьцё году», «Найлепшы аўтар музыкі», «Найлепшы аўтар словаў», «За ўклад у разьвіцьцё беларускай эстрады», «Найлепшы альбом году», «Найлепшы канцэрт году», «Найлепшы кліп году», «Найлепшы журналіст» (музычны крытык), «Найлепшы прадусар», «Найлепшы гастрольны тур» і «Зорачка году» (найлепшы юны выканаўца). Скульптар Андрэй Хацяноўскі распрацаваў дызайн статуэткі для ўручэньня пераможцам, якая спалучала беларускі ўзор, зорку і ноты[5]. Намесьнік кіраўніка «Сталічнага тэлебачаньня» («СТБ») Павал Каранеўскі паведаміў, што кампазытар Яўген Алейнік напісаў для ўручэньня прэміі музыку, што спалучыла клясычны, папулярны і фальклёрны кірункі. Каранеўскі прызнаў, што да конкурсу прымаюцца і заяўкі беларускіх выканаўцаў замежжа[6]. Да разгляду прымаліся песьні створаныя ад сьнежня 2010-га да лістапада 2011-году. У экспэртную раду ўвайшло 100 чалавек. Рэжысэрамі гала-канцэрту ў менскім Палацы Рэспублікі, які прызначылі на 13 сьнежня, выступілі Вячаслаў Панін і Аляксандар Вавілаў. Білеты на канцэрт каштавалі 20—50 тыс. рублёў ($2,4—$5,9)[7]. 1 сьнежня 2011 году кіраўніца прадусарскага цэнтру «СТБ» Настасься Гузель-Гудзіева паведаміла, што на сайце тэлеканала пачалося галасаваньне на «Прыз глядацкіх сымпатыяў»[8]. Экспэртную раду ўзначаліў Анатоль Ярмоленка. На конкурс паступіла 545 заявак[9]. 13 сьнежня 2011 году ў намінацыі «Лепшая песьня на беларускай мове» перамагла Алена Ланская зь песьняй «Белая ластаўка» (музыка Ўладзімера Кандрусевіча, словы Вольгі Болдыравай)[10]. Пераможцамі ў 15 астатніх намінацыях сталі: «Найлепшая песьня году» — Зьміцер Калдун («Караблі»), «Найлепшы жаночы сьпеў» — Іна Афанасьева, «Найлепшы мужчынскі сьпеў» — Аляксей Хлястоў, «Найлепшы музычны гурт» — «Троіца», «Адкрыцьцё году» — Тэа, «Найлепшы аўтар музыкі» — Леанід Шырын, «Найлепшы аўтар словаў» — Ніна Багданава, «Найлепшы альбом году» — гурт «Сундук» (Ганна Хітрык, «Том першы»), «Найлепшая аранжыроўка» — Саша Нэма, «Найлепшы канцэрт году» — Ядвіга Паплаўская і Аляксандар Ціхановіч («Любоў-лёс» у Летнім амфітэатары 4 траўня 2011 году), «Найлепшы гастрольны тур» — гурт «Джэй Морс» («Электрыфікацыя ўсёй краіны»), «Найлепшы кліп году» — гурт «Лайтсаўнд» («Пабачымся ў Вэгасе»), «Найлепшы журналіст» — Алег Клімаў, «Найлепшы прадусар» — Максім Алейнікаў (гурт «Топлес»), «За ўклад у разьвіцьцё беларускай эстрады» — Уладзімер Мулявін (пасьмяротна, ансамбль «Песьняры») і «Зорачка году» — Лідыя Заблоцкая. Таксама адмысловыя ўзнагароды атрымалі: «Аўтарскі дэбют» — гурт «Праспэкт», «Найлепшая пастаноўка нумару» (за яркі сцэнічны вобраз) — Венера, «Найлепшы дуэт» — Вадзім Галыгін і Ільля Міцько (песьня «Толькі ты») і «За разьвіцьцё традыцыі беларускай песьні» — Міхаіл Фінберг[11]. «Прыз глядацкіх сымпатыяў» атрымала Ірына Відава за песьню «Апошні раз»[12].
16 лістапада 2012 году намесьнік міністра культуры Ўладзімер Карачэўскі паведаміў, што 2-ю Нацыянальную музычную прэмію мелі ўручыць у 19 намінацыях[13]. Прыём заявак доўжыўся 2 тыдні да 1 сьнежня[14]. 12 сьнежня 2012 году на гала-канцэрце ў менскім Палацы спорту пераможцам раздалі ўзнагароды ў намінацыях: «Найлепшая беларускамоўная песьня» — Анатоль Ярмоленка («Прыяжджайце да нас у Беларусь»), «Найлепшая песьня году» — Ларыса Грыбалёва («Ня крыўдзі мяне»), «Найлепшы поп-выканаўца» — Саша Нэма, «Найлепшы-рок выканаўца» — гурт «Open Space», «Найлепшы джаз-выканаўца» — гурт «Apple Tea», «Найлепшы этна-фольк-выканаўца» — гурт «Стары Ольса»[a], «Адкрыцьцё году» — гурт «Аёва», «Найлепшы аўтар музыкі» — Герман («У цішыні сьвітаньня»), «Найлепшы аўтар словаў» — Яраслаў Ракіцін («Чуеш, я іду да цябе»), «Найлепшы музычны альбом» — гурт «Цягні-Штурхай(ru)» («Мне з табой пашанцавала»), «Найлепшы аранжыроўшчык» — Юры Вашчук, «Найлепшы канцэрт году» — гурт «Безь Білета» («Зорка»), «Найлепшы гастрольны тур» — Аляксандар Саладуха («Берагі»), «Найлепшы кліп году» — гурт «Лермант» («Прыгажосьць»), «Найлепшы журналіст» — Сяргей Андрыянаў, «Найлепшая музыка для кіно» — гурт «Драм Экстазі» (музыка для фільма «Салетра № 7»), «Найлепшы прадусар» — Уладзімер Кубышкін, «За ўклад у разьвіцьцё сучаснай музыкі» — Якаў Навуменка (пасьмяротна) і «Зорачка году» — Аляксандра Лакціёнава[16]. Таксама ўручылі адмысловыя ўзнагароды: «Дэбют году» — Юлія Жыдкая, «Юбілей году» — Аляксандар Ціхановіч, «Крэатыў году» — Аляксандар Саладуха, «Надзея году» — Алена Ланская і «Дублёры году» — удзельнікі праекту «Сьпеўныя гарады» з Рагачова. На конкурс падалі каля 1000 заявак[17].
1-21 лістапада 2013 году правялі збор заявак на 3-ю Нацыянальную музычную прэмію. Песьні, абнародаваныя з 1 лістапада 2012 году па 31 кастрычніка 2013-га, прымалі на электронную пошту: nmpremia@ctv.by. Узнагароджаньне прызначылі на 16 сьнежня ў Палацы Рэспублікі[18]. Білеты на гала-канцэрт каштавалі 50—150 тыс. рублёў ($5,3—$15,9)[19]. 16 сьнежня 2013 году прэміяй узнагародзілі ў наступных намінацыях: «Найлепшая беларускамоўная песьня» — гурт «Ілі-ілі» за песьню «Танчыць», «Найлепшая песьня году» — Іна Афанасьева («Падаў першы сьнег», муз. Яўген Алейнік, словы Юлія Быкава), «Найлепшая поп-выканаўца» — Алена Ланская, «Найлепшы рок-выканаўца» — гурт «beZ bileta», «Найлепшы джаз-выканаўца» — гурт «Apple tea», «Найлепшы этна-фольк-выканаўца» — аркестар «Харошкі», «Найлепшы аўтар музыкі» — Леанід Шырын і Юры Вашчук («Беларусь вялікая»), «Найлепшы аўтар словаў» — Павал Берташ («Ты больш не мая», вык. Аляксей Хлястоў), «Найлепшы музычны альбом» — гурт «Крыві» («Траўка-мураўка»), «Найлепшы аранжыроўшчык» — Сьвятаслаў Пазьняк («Летняя», вык. Іскуі Абалян), «Найлепшы канцэрт году» — Прэзыдэнцкі аркестар Беларусі (рок-праект «Дым над вадой»), «Найлепшы гастрольны тур» — Гюнэш Абасава («Што ў гэтым сэрцы»), «Найлепшы кліп году» — «У нескладовае» («Станцыя», рэжысэр Зьміцер Вайценка), «Найлепшы журналіст» — Тацяна Мушынская (часопіс «Мастацтва»), «Найлепшая песьня для кіно» — «Сьляды апосталаў» у аднайменным фільме (муз. Максім Алейнікаў і Фелікс Луцкі, словы Алена Ярмаловіч, вык. Валер Дайнека), «За ўклад у разьвіцьцё сучаснай музыкі» — Эдуард Ханок, «За найлепшую харэаграфію» — «Трэнд дэлюкс», «Новыя імёны» — Юлія Фомкіна, «Народны гіт» — ансамбль «Верас» і «Найлепшы юны выканаўца» — Ільля Воўкаў[20]. На конкурс падалі каля 300 заявак[21].
30 кастрычніка 2014 году Нацыянальная музычная прэмія атрымала назву «Ліра». Адбор сталі праводзіць на «Агульнанацыянальным тэлебачаньні» («АНТ»), на сайце якога разьмясьцілі гіт-парад з амаль 70 песьняў. На 22 лістапада прызначылі пачатак 5 адборачных канцэртаў. На студзень 2015 году заплянавалі ўзнагароджаньне. У 4 намінацыях адбор прадугледжваў галасаваньне прафэсійнага журы і гледачоў: «Найлепшы музычны твор на беларускай мове», «Найлепшы выканаўца», «Найлепшая песьня году» і «Найлепшы кліп году». Яшчэ ў 9 намінацыях пераможцаў выбіралі толькі судзьдзі: «Найлепшы аўтар музыкі», «Найлепшы аўтар словаў», «Найлепшы аранжыроўшчык», «Прадусар году», «Найлепшы арганізатар канцэртаў», «Найлепшы музычны тэлепраект у сфэры эстраднай творчасьці», «Адкрыцьцё году», «Мэцэнат культуры Беларусі ў сфэры папулярнай эстраднай творчасьці» і «За ўнёсак у разьвіцьцё эстраднай папулярнай музыкі»[22]. Сярод 65 песьняў на конкурсе 10 былі беларускамоўнымі[1]. 31 студзеня 2015 году ў Палацы Рэспублікі статуэтку бронзавай дзівы ўручылі Тэа як «найлепшаму выканаўцу году», і за песьню «Чызкейк» у намінацыі «Найлепшая песьня году». Аляксандра Ціхановіча і Ядвігу Паплаўскую ўзнагародзілі «За ўклад у беларускую эстраду». Таксама зьявіліся намінацыя «Стыль году»[23].
27 кастрычніка 2016 году, пасьля гадавога перапынку, Міністэрства культуры Беларусі абвясьціла пра пачатак адбору на прэмію «Ліра» у 12 намінацыях. Прымаліся песьні, абнародаваныя са студзеня па сьнежань 2016 году. Узнагарода складала 77 базавых велічыняў. На сайце тэлеканала «АНТ» распачалі галасаваньне ў 6 намінацыях: «Найлепшая песьня на беларускай мове», «Найлепшая выканаўца», «Найлепшы выканаўца», «Найлепшы калектыў выканаўцаў», «Найлепшая песьня году» і «Найлепшы кліп году». Журы выбірала пераможцаў у 3 намінацыях: «Найлепшы аўтар музыкі», «Найлепшы аўтар словаў» і «Найлепшы аранжыроўшчык». Арганізатары спаборніцтва вызначалі пераможцаў на прапанову журы ў астатніх 3-х намінацыях: «Адкрыцьцё году», «Стыль году» і «Нашыя за мяжой»[24]. 27 студзеня 2017 году вызначылі фіналістаў, якімі ў намінацыі «Найлепшая песьня на беларускай мове» сталі: Кірыл Ермаковіч зь песьняй «Той дзень» (словы Р. Каладко, музыка Л. Шырын), гурт «Джэй Морс» зь песьня «Блізка» (словы і музыка Ўладзімер Пугач) і дуэт «Наві» зь песьняй «Гісторыя майго жыцьця» (словы і музыка Арцём Лук'яненка)[25]. 9 лютага 2017 году гурт «Джэй Морс» атрымаў музычную прэмію «Ліра-2016» у 2 намінацыях «Найлепшы калектыў выканаўцаў» і «Найлепшая песьня году», якой упершыню стала беларускамоўная песьня «Блізка». У намінацыі «Найлепшая песьня на беларускай мове» перамог дуэт «Наві» зь песьняй «Гісторыя майго жыцьця». Іна Афанасьева і Саша Нэма сталі найлепшымі выканаўцамі ў жаночай і мужчынскай намінацыі. Зьміцер Калдун перамог у намінацыі «Нашыя за мяжой»[26]. У намінацыі «Адкрыцьцё году» — гурт «Радыёхваля», «Найлепшы кліп году» — гурт «Безь Білета» («Адрас — плянэта Зямля», рэж. Міхаіл Бычанок), «Найлепшы аўтар музыкі» — Алена Атрашкевіч, «Найлепшы аўтар словаў» — Алег Жукаў, «Найлепшы аранжыроўшчык» — Сьвятаслаў Пазьняк, «Стыль году» — гурт «Правакацыя», мэцэнат культуры — ААТ «Амкадар»[27].
Remove ads
Крытыка
Напачатку 2013 году Зьміцер Падбярэскі з радыё «Свабода» ў сваёй калонцы на Хартыі’97 панаракаў, што арганізатары прэміі ў сваіх намінацыях «не заўважаюць» дастаткова папулярных, але часткова зацэнзураваных у краіне артыстаў: Сяргея Міхалка, Лявона Вольскага, Аляксандара Кулінковіча[28]. Ён жа на запыт БелаПАН раскрыў заганную практыку масавага выкарыстаньня фанаграмы на канцэртах, у той час як самі журналісты агенцыі знайшлі доказы плагіяту ў асобных сьпевах нумароў выступоўцаў[29].
У 2014 годзе Аляксандар Чарнуха, рэдактар «Ultra-music.com», па выніках асьвятленьня трох цырымоніяў рэзка негатыўна ацаніў рэалізацыю прысваеньня ўзнагародаў музычнай прэміі: «Год за годам мы назіралі за каласальнымі недапрацоўкамі, памылкамі й прафанацыямі: узнагароду за найлепшую песьню году атрымлівае Ларыса Грыбалёва, якая сядзіць у журы, Ірыну Дарафееву блытаюць з Іскуі Абалян, у Валера Дайнэка абрываецца фанаграма, і аказваецца, што ён не ведае слоў песьні»[30].
Сьпявачка Ірына Відава(ru), уладальнік прыза глядацкіх сімпатыяў у 2011 годзе, у шэрагу калонак на БелаПАН згаджалася з крытыкай рэалізацыі ўручэньня прэміі ад шэрагу журналістаў, прыводзячы й свае прыклады халатнасьці арганізатараў, і акцэнтавала ўвагу на неабходнасьці большай празрыстасьці ў галасаваньнях, плюралізму ў працэсе намінаваньня канкурсантаў і фармаваньні складу журы, сталасьці ў правілах конкурсу, прыцягненьня спэцыялістаў альтэрнатыўных тэлеканалаў і СМІ да яго арганізацыі, тым ня менш выводзячы значнасьць і важнасьць праекту ў нацыянальным маштабе ў цэлым[31][32][21].
У 2013 годзе заснавальнік музычнага парталу «Experty.by» Зьміцер Безкаравайны адзначыў, што прэмія ёсьць «вялікі праект, які паказваюць па тэлебачаньні», й «за перамогу на якім людзі атрымліваюць грошы», аднак паставіў пад сумнеў якасны склад яе журы на прыкладзе аналізу другой цырымоніі[33], што разам з іншымі недахопамі падрывае яе нацыянальны статус[34].
Ён жа на запыт Тараса Тарналіцкага з «Белорусов и рынка» сьцвердзіў меркаваньне інтэрвіюэра аб тым, што эканамічныя праблемы дабраліся й да айчыннай эстрады з адменаю «дырэктыўнай і штучнай» цырымоніі ў 2015 году: «Ёсьць загад — робіць які-небудзь прызначаны тэлеканал. Няма загаду — ніхто не робіць. Гэта паказчык узроўню прафэсійных узаемаадносінаў унутры эстраднай супольнасьці Беларусі, яе расьпешчанасьці дзяржаўнай увагаю. За прэміяю не стаіць ні прафэсійная супольнасьць, як у многіх краінах, ні ініцыятыўная група. Мінкульт жа не павінен увязвацца ў падобныя праекты»[35].
Павал Сьвярдлоў, рэдактар «KYKY.ORG», у аглядзе ўсіх музычных прэміяў Беларусі на 2013 год апісаў другую цырымонію як дзейства, якое «нагадвала раздачу дзяржаўных прэміяў СССР», аднак «з той розніцаю, што сярод ляўрэатаў не-не, ды й праскоквалі прадстаўнікі альтэрнатыўнай сцэны»[34].
Remove ads
Заўвагі
- Гурт вярнуў узнагароду Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь назад у 2020 годзе, бо «дзяржава пачала адкрыты генацыд свайго ж народу» (гл. Пратэсты ў Беларусі (2020))[15]
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads