Бяроза (горад)
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Бяроза (да 1945 году — Бяроза Карту́ская) — места ў Беларусі, на рацэ Ясельдзе. Адміністрацыйны цэнтар Бярозаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 29 441 чалавек[1]. Знаходзіцца за 102 км на паўночны ўсход ад Берасьця, за 6 км ад чыгуначнай станцыі Бяроза-Картуская (лінія Берасьце — Баранавічы); на аўтамабільнай дарозе Кобрынь — Баранавічы.
Remove ads
Бяроза Картуская — даўняе мястэчка гістарычнай Берасьцейшчыны. Да нашага часу тут захаваўся адзіны на абшарах Вялікага Княства Літоўскага кляштарны комплекс картузаў, колішні нэкропаль чарэйска-ружанскай лініі роду Сапегаў, помнік архітэктуры XVII ст., часткова зруйнаваны расейскімі і савецкімі ўладамі. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаецца царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла, помнік архітэктуры XVIIII ст., часткова зруйнаваны Маскоўскім патрыярхатам. У 1934—1939 гадох, за польскім часам, у мястэчку дзеяў канцэнтрацыйны лягер для палітычных зьняволеных.
Remove ads
Назва
Тапонім Бяроза ўтварыўся ад назвы дрэва[2]. Азначэньне Картуская зьявілася з прычыны існаваньня тут кляштару картузаў[3]. За расейскім панаваньнем ужывалася назва Картуз-Бяроза (рас. Картуз-Береза). Мясцовыя варыянты назвы: Бэрэза, Быроза, на ідыш: Kartuz-Berezer, польск. Bereza Kartuska.
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Першы вядомы пісьмовы ўпамін пра Бярозу датуецца 1477 годам, калі Ян Гамшэй з сваёй жонкай Барбарай заснавалі тут касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы. Вёска ўваходзіла ў склад Сялецкай воласьці Берасьцейскага павету[4]. На мяжы XV—XVI стагодзьдзяў Бяроза стала асяродкам гандлю. Вялікі князь Жыгімонт Стары выдаў дазвол М. Гамшэю на правядзеньне ў мястэчку штотыднёвых таргоў зь пятніцы да суботы.

У пачатку XVII стагодзьдзя Ян Паўлавіч Гамшэй прадаў Бярозу Льву Сапегу, канцлеру Вялікага Княства Літоўскага. У 1614 годзе маёнтак набыў харунжы Марцін Німіра. У 1617 годзе Леў Сапега выкупіў паселішча ў Марціна Німіры.
Леў Сапега фундаваў у Бярозе новы касьцёл, якому ў 1620 годзе надаў чатыры валокі ў вёсцы Лявошках, замацаваныя паўторна ў 1632 годзе. 9 ліпеня 1629 году ён выдаў жыдам ліст на свабоднае пражываньне ў мястэчку Бярозе. У гэтым лісьце Леў Сапега дазволіў збудаваць школу «ў гэтым мястэчку Бярозе, у якім, збудаваўшы школу, маглі б спакойна праводзіць свае набажэнствы»[a]. Побач зь юдэйскім малітоўным домам і касьцёлам у Бярозе існавала царква. Першыя зьвесткі пра яе зьмяшчаюцца ў дакумэнце 1618 году, у якім апісваюцца межы зямель касьцёла, а таксама ідзе гаворка пра землі «рускага папа з царквы».
Па сьмерці Льва Сапегі ў 1633 годзе Бяроза, згодна з тэстамэнтам, перайшла да яго старэйшага сына Яна Станіслава, маршалка Вялікага Княства Літоўскага, па сьмерці апошняга — да ягонага брата Казімера Льва. Казімер Леў Сапега фундаваў некалькі касьцёлаў і кляштараў, сярод якіх быў картускі кляштар у Бярозе. Закладка першага нарожнага каменя зь вялікай урачыстасьцю адбылася ў 1648 годзе, дзе былі сам заснавальнік, а таксама біскуп луцкі Андрэй Гембінскі і рымскі нунцыюш ксёндз Ян дэ Торэс. Значэньне і статус Бярозы пад кіраўніцтвам картузаў не зьмянілася. Уладу ў мястэчку, згодна з загадам пракурора картузіі, выконваў кляштарны ўраднік.

У 1679 годзе кляштар атрымаў ад караля і вялікага князя Яна Сабескага прывілей на кірмаш у сьвята Адшуканьня Сьвятога Крыжа (паводле паданьня, кляштар заснавалі на месцы ў пушчы, дзе Леў Сапега знайшоў драўляны крыж у часе паляваньня), што спрыяла больш шырокім гандлёвым магчымасьцям мястэчка. Апроч кірмашу на Сьвятую Тройцу, у Бярозе Картускай адбываліся таргі ў дзень праваслаўнага Прычашчэньня.
За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў канцы красавіка 1706 году каля Бярозы Картускай адбылася сутычка паміж расейскім і швэдзкімі войскамі. Апошнія па пераходзе Ясельды занялі мястэчка і кляштар, якіх спалілі і разрабавалі. Швэды захапілі некалькі манахаў з кляштару, за якіх потым атрымалі выкуп.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Бяроза Картуская апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Пружанскім павеце Слонімскай, з 1797 году Літоўскай, з 1801 году Гарадзенскай губэрні. У 1-й палове XIX ст. у мястэчку штогод праводзіліся 8 кірмашоў, працавалі 36 крамаў, 2 гарбарныя і суконная мануфактуры. У 1819 годзе пісьменьнік і публіцыст Юльян Урсын Нямцэвіч апісаў Бярозу ў сваёй кнізе «Падарожжа да Літвы»[5]. На 1824 год у мястэчку было 130 мяшчанскіх будынкаў і 20 жыдоўскіх, дзеяў кляштар і 2 царквы, працавала фабрыка[6].
Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1832 годзе расейскія ўлады зачынілі кляштар картузаў за ўдзел манахаў у паўстаньнях 1794 і 1830—1831 гадоў. Інфраструктура кляштару, разам зь мястэчкам, перайшла да Ўправы дзяржаўнай маёмасьці Гарадзенскай губэрні. У пэрыяд 1860—1870-х гадоў паводле пастановы расейскіх уладаў значную частка будынкаў кляштару разабралі. Цэгла пайшла на пабудову вайсковых кашараў і царквы Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) у Бярозе Картускай, медзяныя лісты з касьцёла — у Горадню на дах царквы Аляксандра Неўскага расейскага вайсковага гарнізону.
На 1833 год у Бярозе Картускай было 204 драўляныя будынкі, працавалі 36 крамаў, суконная і 2 гарбарныя мануфактуры, штогод праводзілася 8 кірмашоў. Жыхары мястэчка падтрымалі нацыянальна-вызвольнага паўстаньне, 14 траўня 1863 году тут адбыліся сутычкі[6]. З 1866 году расейскія ўлады разьмясьцілі ў Бярозе 151-ы Пяцігорскі пяхотны полк. На 1886 год у мястэчку быў 101 двор, дзеялі царква, капліца і 6 юдэйскіх малітоўных дамоў, працавалі валасная ўправа, пачатковая школа, паштовая станцыя, паравы, ветраны і конны млыны, 15 шынкоў. Паводле вынікаў перапісу 1897 году — 5 цагляных і 1070 драўляных будынкаў, дзеялі 2 царквы (прыходзкая і на могілках), капліца і 5 юдэйскіх малітоўных дамоў, працавалі расейскія мужчынская і жаночая народныя вучэльні, фэльчарскі пункт, аптэка. Хуткаму росту мястэчку паспрыяла будаваньне Маскоўска-Берасьцейскай чыгункі.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Бярозу Картускую занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
- Старая графіка Бярозы Картускай
- Кляштар, 1743 г.
- Кляштар, 1750 г.
- Кляштар, XVIII ст.
- Абмеры кляштару, 1837 г.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бяроза Картуская абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[7].
14 лютага 1919 году Бярозу Картускую заняла польскае войска. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году яна апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. У 1934 годзе ў мурах былых расейскіх кашараў польскія ўлады зладзілі вязьніцу для палітычных зьняволеных — украінскіх нацыяналістаў з ОУН і камуністаў. У лягеры, якім кіраваў паліцэйскі інспэктар з Познані Ян Ґрэфнэр, трымалася да 800 вязьняў.
У 1939 годзе Бяроза Картуская ўвайшла ў склад Беларускай ССР, дзе 15 студзеня 1940 году стала цэнтрам раёну і атрымала статус места[8]. У гэты час тут працавалі лякарня, амбуляторыя, 7-гадовая беларуская і жыдоўская школы, дом культуры зь бібліятэкай, пошта, электрастанцыя, 3 паравыя млыны, смалярня, 2 лесапілкі і 3 цагельні.
23 чэрвеня 1941 году[9], у другі дзень вайны з СССР Бярозу занялі войскі Трэцяга Райху. За часамі нямецкай акупацыі тут існавала жыдоўскае гета. Нацысты забілі больш за 8 тысячаў чалавек. У ваколіцах Бярозы дзеялі савецкія партызанскія аддзелы пад камандаю дэсантаваных з Расеі дывэрсантаў. 16 ліпеня 1944 году места заняла Чырвоная армія. У 1944 годзе ў Бярозе пачалі працаваць малочны і лесаперапрацоўчы заводы, у 1945 годзе — тарфяны, цагельны і бэтонны заводы, завод з вырабу скураў. На 1950 год у месьце было 753 жылыя дамы і 61 барак[10]. 3 лістапада 1965 году адкрыўся Бярозаўскі краязнаўчы музэй, заснаваны ў 1961 годзе. У 1965—1967 гадох адбыўся ўвод у эксплюатацыю масласырзаводу. У 1967 годзе пачаў працаваць камбінат будаўнічых матэрыялаў, у 1969 годзе — завод жалезабэтонных вырабаў. 17 жніўня 1987 году да места далучылі вёску Самойлавічы.
У 1995 годзе каля Бярозы сілы супрацьпаветранай абароны Беларусі зьбілі паветраны шар з двума амэрыканскімі аэранаўтамі — удзельнікамі міжнароднай авіярэгаты. У 1998 годзе ў месьце збудавалі новы касьцёл. У 2014 годзе праводзілася рэстаўрацыя кляштарнай брамы, тым часам рэшта комплексу патрабуе неадкладнай кансэрвацыі.
- Мястэчка на старых здымках
- Кляштар. Шпіталь, 1925 г.
- Кляштар. Брама, 1925 г.
- Кляштар. Дом садоўніка, 1906 г.
- Касьцёл па руйнаваньні расейскімі ўладамі, 1906 г.
- Вуліца Сялецкая. Новы касьцёл, 1933 г.
- Вуліца Царкоўная. Царква па маскоўскай перабудове, 1915 г.
- Сынагога(de), 1925 г.
- Рынак, да 1939 г.
Remove ads
Насельніцтва
Дэмаграфія

- XIX стагодзьдзе: 1830 год — 584 муж., зь іх шляхты 6, духоўнага стану 28, мяшчанаў-юдэяў 161, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 389[11]; 1833 год — 1174 чал.; 1864 год — 1223 чал.; 1878 год — 2507 чал. (1121 муж. і 1386 жан.)[12]; 1886 год — 1222 чал., зь іх 1100 мяшчанаў; 1897 год — 4461 чал. (2606 мяшчанаў і 1855 сялянаў), а таксама 2273 расейскіх вайскоўцаў[6]
- XX стагодзьдзе: 1931 год — 4,5 тыс. чал.[13]; 23 чэрвеня 1940 году — 5 тыс. чал.[9]; 1950 год — 5150 чал.[10]; 1959 год — 5,6 тыс. чал.; 1968 год — 7,5 тыс. чал.[14]; 1992 год — 26 тыс. чал.[8]; 1995 год — 30,5 тыс. чал.[15]
- XXI стагодзьдзе: 2006 год — 29,5 тыс. чал.; 2009 год — 29 357 чал.[16] (перапіс); 2016 год — 29 408 чал.[17]; 2017 год — 29 451 чал.[18]; 2018 год — 29 441 чал.[1]
Адукацыя
У Бярозе працуюць 3 сярэднія, музычная і дзіцяча-юнацкая спартовая школы, 7 дашкольных установаў.
Мэдыцына
Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць лякарня і паліклініка.
Культура
Дзеюць дом культуры, кінатэатар, 2 бібліятэкі.
Зь Бярозы паходзіць рок-гурт BN — пераможца конкурсу «Басовішча».
Забудова
Плян
У канцы 1950-х гадоў распрацавалі першы генэральны плян забудовы Бярозы.
Вуліцы і пляцы
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
17 верасьня вуліца | Гмінная вуліца (частка) Біскупская вуліца (частка) | |
Камсамольскі сквэр | Рынак пляц | |
Кастрычніцкая вуліца | Тыльная вуліца | |
Кірава вуліца | Шырокая вуліца[19] | Юзэфа Пілсудзкага вуліца |
Леніна вуліца | Берасьцейскі тракт Берасьцейская шаша | Тадэвуша Касьцюшкі вуліца |
Максіма Горкага вуліца | Кутніцкая вуліца | |
Першамайская вуліца | Татарская вуліца | |
Пушкіна вуліца | Кляштарная вуліца | |
Савецкая вуліца | Царкоўная вуліца (частка) Зьдзітаўская вуліца (частка) | |
Сьвярдлова вуліца | Сялецкая вуліца | |
Чырвонаармейская вуліца | Пружанская вуліца[b] |
Remove ads
Эканоміка
Прадпрыемствы машынабудаваньня, будаўнічых матэрыялаў і харчовай прамысловасьці.
Турыстычная інфармацыя
Інфраструктура
Панарама кляштару картузаў
Дзее Бярозаўскі гістарычна-краязнаўчы музэй. Спыніцца можна ў гатэлі «Ясельда». Працуе дом паляўнічага «Смалярка»[20].
Славутасьці
- Забудова гістарычная (канец ХІХ — пачатак ХХ ст.; фрагмэнты)
- Касьцёл Сьвятога Крыжа і кляштар картузаў (1648—1689; руіны)
- Кашары (2-я палова XIX ст.)
- Могілкі хрысьціянскія: капліца Сапегаў (1869?)
- Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла (1772, пацярпела ад маскоўскай перабудовы сьпярша ў 1867 годзе, потым — у 2003 годзе; Сьвяты Пасад, цяпер у валоданьні Маскоўскага патрыярхату)
Страчаная спадчына
- Капліца могілкавая
- Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (1933)
- Могілкі юдэйскія (адно надмагільле захоўваецца ў Бярозаўскім гістарычна-краязнаўчым музэі)
- Сынагога (XIX ст.)
Remove ads
Галерэя
- Краявіды Бярозы
- Кляштар, руіны касьцёла
- Кляштар, шпіталь
- Кляштар, адноўленая брама
- Кашары
- Погляд з гістарычнага Рынку на царкву
- Новы касьцёл
- Адміністрацыя
Асобы
- Мікола Дубоўскі (1933—2013) — беларускі пісьменьнік[21][c]
- Якуб Кляцкін (1882—1948) — філёзаф
- Кадзя Маладоўскі (1894—1975) — паэтка, пісала на ідыш
- Міхась Пашкевіч (нар. 1986) — грамадзянскі актывіст
Глядзіце таксама
Заўвагі
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads