Крыўча
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Кры́ўча — вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласьці. Уваходзіць у склад Малажынскага сельсавету.
Remove ads
Гісторыя
Карона Каралеўства Польскага

Найранейшая згадка пра паселішча датаваная 15-м сакавіка 1574 году, калі маёнтак Брагін быў падзелены паміж унукамі князя М. В. Збараскага князямі Аляксандрам і Міхаілам Аляксандравічамі Вішнявецкімі[1]. Тады
Село Кривча з людми отчизными, куничниками, з даню грошовою и медовою, з дубровами, с чертежами, лесами, полми и сеножатми
дасталося князю Міхаілу.
Потым Крыўча згаданая ў 1628 годзе, калі, як занатавана ў адпаведным тарыфе падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва, князь Канстанцін Карыбут Вішнявецкі, апякун дзяцей нябожчыка князя Міхаіла, з 3 дымоў (×6 — каля 18 жыхароў) sioła Krywicza мусіў плаціць па 3 злотыя[2]. Адміністрацыйна ўвесь Брагінскі маёнтак у той час і да разбораў Рэчы Паспалітай належаў да Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва Кароны Польскай.


У 1638 годзе князь Ярэмі Міхал, сын Міхаіла, Вішнявецкі заставіў на чатыры гады за 65 000 злотых пану Мікалаю Лосятынскаму сваю палову Брагінскага замку і места з фальваркам Глухавічы, 22 сёламі, сярод якіх — Krzywica, ды яшчэ з 3 хутарамі[3].
28 чэрвеня 1687 года хутар Крыўча названы ў справе Оўруцкага гродзкага суда сярод паселішчаў часткі Брагінскага маёнтку ваяводзіча бэлзскага, каралеўскага палкоўніка Яна Канецпольскага, якія трывалі працяглы (ад лістапада 1686 г. да самых świątek zielonych) пастой рэестравых казакоў запарозскага палкоўніка Паўла Апостала Шчуроўскага. У 1 двары (≈ 6 жыхароў) тут разьмясьціўся казак без каня. Хутарцы выдалі легуміны 3 вядры ды 5 злотых[4].
У «Тарыфе падымнага падатку Оўруцкага павету 1734 г.», складзеным на падставе папярэдняй люстрацыі, засьведчана, што futor Krzywce належаў да часткі Брагінскага маёнтку, якую трымаў у заставе яшчэ ад серадзкага ваяводы пана Яна Канецпольскага пан Аляксандар Антоні Бандынэлі, падкаморы дорпацкі[5]. Але ў 1733 годзе А. Бандынэлі пакінуў сьвет жывых, а князь Міхал Сэрвацы Вішнявецкі ці не ўпершыню падпісаўся, акрамя іншага, «графам на Брагіне»[6]; такім чынам, большасьць ранейшых заставаў, што да брагінскіх добраў, была спыненая.


У 1754 годзе з 8 двароў (×6 — каля 48 жыхароў) брагінскай вёскі Крыўчы, выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замку) 1 злоты і 6 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 4 зл. і 24 гр.[7]. У тым жа 1754 г. Брагінскае графства была куплена ў княгіні Эльжбэты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай за 550 000 злотых панам Францішкам Антоніем, сынам Мікалая, Ракіцкім, войскім ашмянскім (†1759).
Вёска Крыўча прысутная ў эксплікацыі да мапы Брагінскага графства, датаванай 27 днём жніўня 1783 году.
Расейская імпэрыя
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Крыўча апынулася ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 г. у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету спачатку Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 г. Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[8]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах расейскай рэвізіі 1795 году, даведваемся, што вёскі Крыўча, Юркавічы, Цюцькі, Зарэчча, Сьцяжарнае, Дублін, Сьпярыжжа, якія належалі Людвіку і Алаізію Ракіцкім, былі ў арэндзе ў пана Дыяніза Козела[9]. У самым канцы XVIII ст. браты Ракіцкія вызначыліся з падзелам бацькоўскай фартуны. Рафалу і яго нашчадкам дастаўся Брагін з прылегласьцямі, таму Людвік стварыў у Гарадзішчы новую рэзыдэнцыю для сваёй часткі Брагінскіх добраў, сярод якіх быў і фальварак Крыўча з аднайменнай вёскай[10].
Найноўшы час
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Крыўча ў складзе Брагінскай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападзкага[11].
Remove ads
Насельніцтва
- 2004 год — 40 гаспадарак, 107 жыхароў
- * 2019 год — 33 двары, 80 жыхароў[12]
Заўвагі
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads