Аркадзь Куляшоў
беларускі пісьменнік (1914—1978) From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Арка́дзь Алякса́ндравіч Куляшо́ў (24 студзеня (6 лютага) 1914[1], Саматэвічы, Магілёўская губерня — 4 лютага 1978[2], Нясвіж, Мінская вобласць) — беларускі паэт, перакладчык. Народны паэт Беларусі (1968).
Remove ads
Біяграфія
Паходжанне. Раннія гады
Нарадзіўся 6 лютага 1914 года ў в. Саматэвічы ў сям’і настаўнікаў. Маці — Кацярына Фамінічна Ратабыльская, бацька — Аляксандр Мікалаевіч Куляшоў. Дзед Аркадзя Куляшова па бацькавай лініі, Фелікс Мільта, быў сынам арганіста італьянскага паходжання, які служыў ва ўніяцкай царкве вёскі Стараселле[3]. Схільнасць бацькоў да спеваў і музыкі паўплывала на станаўленне Аркадзя Куляшова паэтам.
У восем гадоў Куляшоў захапіўся творчасцю расійскага паэта Міхаіла Лермантава. Ён прачытаў паэму «Мцыры», якая зрабіла на яго такое вялікае ўражанне, што Аркадзь Куляшоў вырашыў пачаць пісаць. Так назбіраў два сшыткі вершаў, якія аб’яднаў назвай «Собрание сочинений Кулешова-Несчастного». Сшыткі з раннімі вершамі не захаваліся[4]. Мовай зносін у сям’і Куляшовых была беларуская. Першая кніжка, якую ён прачытаў на роднай мове, — «Жалейка» Янкі Купалы[5].
Вучоба. Літаратурная дзейнасць


З 1921 года Аркадзь Куляшоў вучыўся ў Саматэвіцкай сямігодцы, якую скончыў у 1928 годзе. У 1924 годзе бацькі Куляшова развяліся, і ён стаў самастойна жыць у сваёй хаце, працягваў вучобу ў школе. Прыглядала за ім старэнькая жанчына, якую ў паэме «Далёка да акіяна» ён называе Тадораўнай[6].
У 1928 годзе паступіў у Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум. Незадоўга да дзяржаўных экзаменаў пакінуў вучобу. Разам з сябрамі па тэхнікуме, Змітраком Астапенкам і Юліем Таўбіным адпраўляецца ў падарожжа на Каўказ і ў Крым[7]. У 1930 годзе пераехаў у Менск. Тут паступіў на першы курс літаратурнага факультэта Беларускага вышэйшага педагагічнага інстытута, дзе правучыўся толькі адзін курс, бо ўцягнуўся ў літаратурнае жыццё[3].
Стаў сябрам Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП). У лютым 1931 года ўваходзіў у творчую групу пры БелАПП, якая называлася «Ударны пост»[8]. Працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена» (1934), на Беларускім радыё (1934—1936). Сябра Саюза пісьменнікаў БССР з 1934 года. Быў літаратурным кансультантам у кабінеце маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР (1936—1937, разам з Кузьмом Чорным).
У 1937 годзе быў рэпрэсаваны і расстраляны брат жонкі Аркадзя Куляшова, пісьменнік Платон Галавач. Увесь год самога Аркадзя Куляшова адмаўляліся друкаваць, а ў Саюзе пісьменнікаў прапаноўвалі развесціся з жонкай, на што той не пайшоў. У тым жа годзе былі рэпрэсаваныя сябры Куляшова з Мсціслаўскага тэхнікума, літаратуры Змітрок Астапенка і Юлій Таўбін, Куляшоў у 1965 годзе надрукаваў прысвечаны ім цыкл «Маналог»[9]. Як згадваў Панцеляймон Панамарэнка, у 1938 годзе НКУС даслаў яму вялікі спіс беларускіх дзеячаў для арышту, у спісе быў у тым ліку Аркадзь Куляшоў, аднак праз сустрэчу са Сталіным Панамарэнка змог скасаваць загад на арышты[9].
Другая сусветная вайна. Пасляваенны перыяд
Напад Германіі на СССР у часе Другой сусветнай вайны сустрэў на радзіме. Калі вярнуўся ў Мінск, сям’і не застаў. 24 чэрвеня з’ехаў з Мінска і быў скіраваны ў ваенна-палітычнае вучылішча пад Вялікім Ноўгарадам. З ліпеня 1941 года працуе ў армейскай газеце «Знамя Советов», піша вершы і гумарыстычныя нізкі на рускай мове. Са снежня 1943 года і да заняцца Беларусі савецкай арміяй — у Беларускім штабе партызанскага руху.
У часе нямецкай акупацыі бацька Аркадзя Куляшова, Аляксандр Мікалаевіч Куляшоў, быў абраны сельскім старастам у вёсцы Малы Хоцімск. Пазней ён быў звезены на прымусовую працу ў Германію. Пэўны час пасля вайны Аркадзь Куляшоў трапляў пад крытыку за пасаду бацькі ў час нямецкай адміністрацыі[9].
У 1945—1946 — рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва», у 1958—1967 — начальнік сцэнарнага аддзела, галоўны рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм» (разам з Алесем Кучарам). У 1961 у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1947—1978). З 1974 года персанальны пенсіянер рэспубліканскааг значэння.
Быў вялікім аматарам шахмат[10], удзельнічаў у рэспубліканскіх шахматных турнірах. У 1946 годзе ўвайшоў у кіраўніцтва адноўленай пасля вайны шахматна-шашачнай секцыі пры спорткамітэце БССР[11].
Памёр у ноч на 4 лютага 1978 года ў санаторыі ў Нясвіжы, пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.
Remove ads
Творчасць

Першы верш надрукаваў у 1926 годзе ў клімавіцкай акруговай газеце «Наш працаўнік». У рэспубліканскім друку першыя вершы з’явіліся ў 1927 годзе ў часопісе «Чырвоны сейбіт».
У 14-гадовым узросце Аркадзь Куляшоў напісаў свой хрэстаматыйны верш «Алеся» («Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая»), прысвечаны свайму першаму каханню. Сапраўдная Алеся была старэйшая за Аркадзя на два гады, іх шляхі разышліся, паэт сустрэўся з Алесяй толькі праз 50 гадоў[12]. Кампазітар Ігар Лучанок напісаў музыку да песні, якая ўвайшла пасля ў рэпертуар ансамбля «Песняры».
Выйшлі кнігі паэзіі «Росквіт зямлі» (1930), «Па песню, па сонца!..» (1932), «Медзі дождж» (1932), паэмы «Аманал» (1933), «Гарбун» (1935), зборнікі «Мы жывём на граніцы» (1938), «Радзіме і правадыру» (1938), «У зялёнай дуброве» (1940), «Добры чалавек» (1941). У нізцы вершаў «Сонечнае заўтра» (1931) — узбагачэнне лірызму, спалучэнне ўзнёсласці з жывымі малюнкамі жыцця. Паэма «У зялёнай дуброве» (1938) узнаўляла ў народна-песенным ключы атмасферу згуртаванасці і таварыскасці людзей. У паэмах «Баранаў Васіль» (1937), «Хлопцы апошняй вайны» (1940), цыкле «Юнацкі свет» (1939—40) глыбокі роздум пра лёс маладога пакалення, якое ўвайшло ў жыццё ў 1930-я гады, пафас патрыятызму і інтэрнацыяналізму, узмацненне гераічнага пачатку, тэмы міру і бяспекі Радзімы[13].
Галоўным героем гэтай паэтычнай нізкі «Юнацкі свет» ёсць сам паэт, які выступае ў ролі абагульненага, тыпізаванага вобраза. Праграмным творам цыкла стаў верш «Мая Бесядзь» (1940). Прытчава-легендарны зачын з’яўляецца ў вершы фонам, на якім раскрываецца галоўная ідэя твора: сцвярджэнне паэтам таго, што толькі напружаная праца можа прынесці плён для чалавека і грамадства.
Ваенны час істотна змяніў матывы і вобраз лірычнага героя куляшоўскай паэзіі. У 1942 годзе Аркадзь Куляшоў стварае верш «Над брацкай магілай». Аўтар апісвае ў ім момант пахавання палеглых байцоў. Падзеі адбываюцца ў тых месцах, дзе ваяваў паэт, і маюць фактычную аснову. Паэма «Сцяг брыгады», вершы «Балада аб чатырох заложніках», «Над брацкай магілай», «Ліст з палону», «Віцебская махорка», «Маці», «Быль аб цымбалах і цымбалісце» сталі класікай беларускай паэзіі перыяду Другой сусветнай вайны. У іх паэт паказаў гераізм і трагедыю народа, яго любоў да краіны і вернасць воінскаму абавязку. У вершах знайшлі адлюстраванне нязгасныя ў пакутныя часы пачуцці кахання, сяброўскай вернасці і мацярынскай вялікай любові. Асноўным жанрам паэзіі Аркадзя Куляшова перыяду вайны становіцца балада. Паэма і вершы склалі кнігу («Сцяг брыгады», Масква, 1943).
Пасля надрукаваны «Прыгоды цымбал» (1945), зборнікі «На сотай вярсце» (1945), «Вершы» (1946), «Паэмы» (1947), «Выбраныя вершы і паэмы» (1948), «Камуністы» (1949), паэмы «Простыя людзі» (1949), «Выбраныя творы» (1947, 1951), паэма «Новае рэчышча» (1951, на рускай мове апублікавана ў зборніку «Коммунисты», 1949), «Вершы і паэмы» (1954, 1966), «Граніца» (1954), паэма «Грозная пушча» (1956, 3-е дапрацаванае выданне ў 1963), «Новая кніга» (1964), «Сасна і бяроза» (1970), паэма «Далёка да акіяна» (1972), «Мая Бесядзь» (1973).
Постаць нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага прыцягнула ўвагу Аркадзя Куляшова ў паэме «Хамуціус», (1975). Пазней выйшлі паэмы «Хуткасць» (1976), «Крылы» (1985), «Профілі» (1987), зборнік вершаў і паэм «Маналог» (1989).
У 1961 годзе Аркадзь Куляшоў напісаў невялікі верш, у якім паспрабаваў выявіць сваё разуменне сэнсу чалавечага існавання. Гэта твор, які пачынаецца радкамі «Спакойнага шчасця не зычу нікому…». У ім, як выразна відаць з самой назвы, паэт уступае ў канфлікт з агульнапрынятай чалавечай аксіёмай: «Хачу жыць спакойна і шчасліва»[14].
Паэтычная творчасць Аркадзя Куляшова вельмі разнастайная і шматпланавая як у тэматычных, так і ў жанравых адносінах. Аўтар цесна суадносіць ідэйную накіраванасць сваіх вершаў з часам іх напісання, імкнецца адлюстраваць у іх эпоху, пачынаючы ад праблем мясцовых і вырастаючы да асэнсавання глабальных агульначалавечых аспектаў. Сярод самых папулярных пасляваенных кніг беларускіх аўтараў былі «Выбраныя вершы і творы» (1948) Аркадзя Куляшова[15]. Пазней выдадзены Зборы твораў у 2-х (1957, 1964), 4-х (1966—1967), 5-ці тамах (1974—1977).
Суаўтар сцэнарыяў фільмаў «Чырвонае лісце» (з Алесем Кучарам, пастаўлены ў 1958), «Першыя выпрабаванні» (паводле трылогіі Якуба Коласа «На ростанях», з Максімам Лужаніным, пастаўлены ў 1960—1961) і «Запомнім гэты дзень» (з Максімам Лужаніным, пастаўлены ў 1967).
Аркадзь Куляшоў вядомы ў беларускай літаратуры таксама як перакладчык. У яго перакладах выйшлі раман Густава Эрыксана «Валацужная Амерыка» (1932), паэма Аляксандра Пушкіна «Цыганы» (1937) і раман у вершах «Яўген Анегін» (1949), паэма Алексіса Парніса «Казанне пра Белаяніса» (1959), «Выбраная паэзія» Міхаіла Лермантава (1969), паэма «Энеіда» Івана Катлярэўскага (1969), «Спеў аб Гаяваце» Генры Лангфела (1969), зборнік вершаў Кайсына Куліева «Кніга зямлі» (1974), «Выбранае» Сяргея Ясеніна (з Рыгорам Барадуліным, 1976), асобныя творы Тараса Шаўчэнкі, Уладзіміра Маякоўскага, Аляксандра Твардоўскага, Міхаіла Ісакоўскага, Аляксандра Пракоф’ева, Максімам Рыльскага, Андрэя Малышкі, Мікалая Нагнібеды, Расула Гамзатава і іншых.
Remove ads
Бібліяграфія
Кнігі паэзіі
- «Росквіт зямлі» (1930)
- «Па песню, па сонца!..» (1932)
- «Медзі дождж» (1932)
Зборнікі
- «Мы жывём на граніцы» (1938)
- «Радзіме і правадыру» (1938)
- «У зялёнай дуброве» (1940)
- «Добры чалавек» (1941)
- «На сотай вярсце» (1945)
- «Вершы» (1946)
- «Паэмы» (1947)
- «Выбраныя вершы і паэмы» (1948)
- «Коммунисты» (1949, на рускай мове[16])
- «Выбраныя творы» (1947, 1951)
- «Новая кніга» (1964)
- «Сасна і бяроза» (1970)
- «Мая Беседзь» (1973)
- «Хуткасць» (1976)
- «Крылы» (1985)
- «Профілі» (1987)
- «Маналог» (1989, вершы і паэмы)
Паэмы
- «Аманал» (1933)
- «Габрун» (1935)
- «Баранаў Васіль» (1941)
- «Сцяг брыгады» (1943)
- «Прыгоды цымбал» (1945)
- «Простыя людзі» (1949)
- «Новае рэчышча» (1951, у 1949 годзе была апублікаваная на рускай мове ў зборніку «Камуністы»[16])
- «Грозная пушча» (1958)
- «Далёка ад акіяна» (1972)
- «Варшаўскі шлях» (1973, прысвечаная Аляксандру Твардоўскаму)
- «Хамуціус» (1975, пра лёс Кастуся Каліноўскага)
Узнагароды
Узнагароджаны дзвюма ордэнамі Леніна, ордэнам Чырвонага Сцяга, дзвюма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1946) за паэму «Сцяг брыгады», Дзяржаўнай прэміі СССР (1949) за паэму «Новае рэчышча», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1970) за пераклады вершаў і паэм Міхаіла Лермантава, «Энеіды» Івана Катлярэўскага і «Спева аб Гаяваце» Генры Лангфела, прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1968). Заслужаны работнік культуры Украінскай ССР (1973).
Remove ads
Памяць
Імя Куляшова носяць вуліцы ў Мінску, Гродне, Магілёве, Касцюковічах, Смаргоні, Лунінцы, Дзятлаве, Рэчыцы, Мсціславе, Хоцімску, Новых Саматэвічах. Працуе Літаратурны музей Аркадзя Куляшова.
У 1978 годзе імя Аркадзя Куляшова была прысвоена Магілёўскаму дзяржаўнаму педагагічнаму інстытуту. У 1979 годзе згодна пастановы Саюза пісьменнікаў Беларусі заснавана Літаратурная прэмія імя Аркадзя Куляшова за творы паэзіі і драматургіі.
Remove ads
Сям’я
- Жонка — Аксана Фёдараўна Куляшова (дзявочае прозвішча Шчарбовіч-Вячор) (1912—2005)[17].
Remove ads
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads