Літва (зямля)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Літва, Літоўская зямля (у тапанімічным сэнсе) — назва зямлі (тэрыторыі) ва Усходняй Еўропе ў XI—XVIII стст.
Першапачатковая лакалізацыя

Паводле меркаванняў некаторых даследчыкаў, першапачаткова (да сярэдзіны XIII ст.) пад назвай «Літва» («Літоўская зямля») разумелася тэрыторыя балцкага этнапалітычнага аб’яднання «літва», якое размяшчалася ў верхнім цячэнні ракі Віліі, на паўночным захадзе Рэспублікі Беларусь і паўднёвым усходзе Літоўскай Рэспублікі: раёны вакол сучасных населеных пунктаў Вільнюс, Тракай, Варэна, Ліда, Ашмяны, Гальшаны, Крэва, Смаргонь, Валожын, Астравец[1][2][3][4]. На думку іншых даследчыкаў, першапачатковая Літва (Літоўская зямля) была шырэйшай і ахоплівала таксама тэрыторыі гістарычных Нальшчан і Дзяволтвы, якія, мяркуецца, былі не самастойнымі аб’яднаннямі, а толькі складовымі часткамі балцкага правадырства «літва». На поўдні і ўсходзе межавала з усходнеславянскімі землямі — Полацкай дзяржавай і Гарадзенскім княствам. З апошнім было звязана ўзвышэнне гэтай тэрыторыі і яе князёў у ХІІІ ст.
Паводле меркавання Міколы Ермаловіча, Літва яшчэ да сярэдзіны XIII ст. знаходзілася паміж Слонімам і Мінскам (цалкам на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь), а толькі пасля назва «Літва» («Літоўская зямля») разам з уладай вялікіх князёў літоўскіх распаўсюдзілася на іншыя тэрыторыі ўсходніх балтаў у выключна палітычным сэнсе. Аднак канцэпцыя лакалізацыі летапіснай Літвы Міколы Ермаловіча была ўспрынята шэрагам гісторыкаў вельмі крытычна.
Remove ads
«Літва» як гістарычная вобласць Вялікага Княства Літоўскага
З пачаткам тэрытарыяльнага росту Вялікага Княства Літоўскага (з сярэдзіны XIII ст.) і далейшым пашырэннем уладанняў першых вялікіх князёў літоўскіх (Міндоўга, Войшалка і іх пераемнікаў) назва «Літва» ахоплівае землі на ўсходзе сучаснай Літвы, Нальшаны, Дзяволтву, Упіту (тэрыторыі, пазней вядомыя як Аўкштота), а таксама распаўсюджваецца на ўсе землі Верхняга Панямоння (тэрыторыі вакол Навагрудка, Слоніма, Ваўкавыска і Гродна), але не ўключае землі Жамойці[5]. У пісьмовых крыніцах Жамойць згадваецца як асобная гістарычная вобласць. Прычыны і наступствы распаўсюджання назвы «Літва» на ўсе гэтыя землі выклікаюць навуковыя дыскусіі: напрыклад, пераасэнсаванне першапачатковага значэння тэрміна, ці мелі дадзеныя працэсы этнічныя наступствы[6].
У XIV — першай палове XVI ст. назва «Літва» з’яўляецца не толькі кароткім абазначэннем Вялікага Княства Літоўскага, але і назвай цэнтральнага рэгіёна дзяржавы (гістарычная вобласць). Так, сучаснікі называлі Літвой тэрыторыю на ўсход ад ракі Нявежыс (вакол гарадоў Алітус, Укмярге, Анікшчэй, Рокішкіс) і на захад ад лініі Браслаў — Лагойск — Мінск — Нясвіж — Ганцавічы — Івацэвічы — Пружаны ўключна[7]. Такі сэнс назвы «Літва» аддзяляў яе ад паняцця «Русь» (зямель «рускіх» княстваў, уключаных у склад ВКЛ у XIV ст., а не ў XIII ст.) і ад гістарычнай вобласці Жамойць[8]. Напрыклад, у 1440 г. сын Ягайлы вялікі князь літоўскі Казімір (1440—1492) тытулаваўся як «великий князь Казимир, королевич всее Литовское земли и Жомойтское и многих Руских земель»[9], а ў Жалаванай грамаце аб пашырэнні праў і прывілеяў феадалам ВКЛ ад 2 мая 1447 г.[10] пазначыў сябе як «мы, Казимир, с божьей милости выбраный король польскый и великий князь литовский, и рускый, и жемоитскый и иных земель»[11]. У ВКЛ вылучалі і такія рэгіёны як Палессе і Падляшша[12].
Пазней дадзенае значэнне хароніма яшчэ больш пашыраецца: у XVII—XVIII стст. назва «Літва» ужо трывала выкарыстоўваецца пры азначэнні ўсёй заходняй і цэнтральнай частак ВКЛ (акрамя Жамойці) і яго насельніцтва (раёны вакол гарадоў Трокі, Вільня, Горадня, Наваградак, Менск, Слуцк, Берасце, Пінск, Мазыр, Бабруйск, Барысаў, Браслаў і інш.), адсоўваючы на ўсход арэал назвы «Русь» (у дачыненні толькі да падзвінскіх і падняпроўскіх паветаў і ваяводстваў), што захавалася да падзелаў Рэчы Паспалітай і ў пазнейшы час[8][13].
Remove ads
Карты
- Карта балцкіх зямель і княстваў у сярэдзіне XIII ст. (паводле Вячаслава Насевіча) // Персональный сайт белорусского историка Вячеслава Носевича
- «Літоўская зямля» («Уласна Літва») у складзе Вялікага Княства Літоўскага ў XIV ст. (паводле Аляксандра Краўцэвіча) // prastora.by
Гл. таксама
Зноскі
- Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 381, 390.
- Краўцэвіч, А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — С. 104—105, 203.
- Краўцэвіч, А. Праблема лакалізацыі сярэднявечнай Літвы… С. 7, 9, 22; Краўцэвіч, А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага… С. 107; Белы, А. Хроніка «Белай Русі»… С. 158.
- Краўцэвіч, А. Праблема лакалізацыі сярэднявечнай Літвы; Дзярновіч, А. Пошукі Айчыны: «Літва» і «Русь» у сучаснай беларускай гістарыяграфіі Архівавана 15 красавіка 2022..
- Спиридонов, М. Ф. «Литва» и «Русь» в Беларуси в 16 в. Архівавана 12 лістапада 2013.; Краўцэвіч, А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага… С. 106—109; Беларусы : у 10 т. / Рэдкал.: В. К. Бандарчык [і інш.]. — Мінск : Беларус. навука, 1994—2007. — Т. 4 : Вытокі і этнічнае развіццё. — С. 69—71.
- Грамата датавана 2 мая 1457 г., але выказваюцца меркаванні, што там памылка і ў сапраўднасці грамата выдана 2 мая 1447 г.
- Акты, относящиеся к истории Западной России… Т. 1, 1846. — С. 73—77.
- Спиридонов, М. Ф. «Литва» и «Русь» в Беларуси в 16 в. Архівавана 12 лістапада 2013.; Беларусы : у 10 т. / Рэдкал.: В. К. Бандарчык [і інш.]. — Мінск : Беларус. навука, 1994—2007. — Т. 4 : Вытокі і этнічнае развіццё… С. 73, 97.
- Белы, А. Белая Русь… С. 307; Спірыдонаў, М. Ф. Уступ / М. Ф. Спірыдонаў // Гістарычны атлас Беларусі. — Т. 1. — С. 21, 28; Беларусы : у 10 т. / Рэдкал.: В. К. Бандарчык [і інш.]. — Мінск : Беларус. навука, 1994—2007. — Т. 4 : Вытокі і этнічнае развіццё… С. 46, 94—95.
Remove ads
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads