Вялі́кі Лес[1] — былая вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласьці. Да астатняга часу Вялікі Лес уваходзіў у склад Буркоўскага сельсавету.

Хуткія факты
Вялікі Лес
трансьліт. Vialiki Lies
Дата заснаваньня: перад 1641 годам
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Брагінскі
Сельсавет: Буркоўскі
Насельніцтва:
  • 0 чал. (2019)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2344
Паштовы індэкс: 247635
СААТА: 3203846020
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 51°54′7″ пн. ш. 30°10′34″ у. д.
Вялікі Лес на мапе Беларусі ±
Thumb
Вялікі Лес
Вялікі Лес
Thumb
Вялікі Лес
Вялікі Лес
Закрыць

Гісторыя

Карона Каралеўства Польскага

Thumb
Герб Карыбут князёў Вішнявецкіх.
Thumb
Урывак з тэксту «darowizny Brahinia» пані Крысьціны з князёў Вішнявецкіх Даніловічавай 1641 г.

Сяло Вялікі Лес вядомае з тэксту «darowizny Brahinia» князю Ярэмію Міхалу, сыну Міхаіла, Вішнявецкаму ад пані Крысьціны, дачкі князёў Адама і Аляксандры з Хадкевічаў Вішнявецкіх, Даніловічавай, датаванай 20-м ліпеня 1641 году[lower-alpha 1][3]. Гэтае сяло Брагінскага маёнтку было памежным зь сялом Лаханю Астраглядавіцкіх добраў пана Мікалая Абрагамовіча. Адміністрацыйна належала да Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва Кароны Польскай.

Наступная зьвестка пра wieś Wielki Las той часткі Брагінскіх добраў, якую трымаў пан Чэрскі, сустрэтая ў люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павету 1683 года. Якая сума выплачвалася зь яе 5 дымоў ня ўказана[4].

Згодна з «Тарыфам падымнага падатку Оўруцкага павету 1734 г.», складзеным на падставе папярэдняй люстрацыі, вёска Вялікі Лес — у палове Брагінскага маёнтку, якую дагэтуль шмат гадоў трымаў у заставе ад паноў Канецпольскіх дорпацкі падкаморы пан Аляксандар Антоні Бандынэлі[5]. А. Бандынэлі спачыў у 1733 годзе і менавіта тады князь Міхал Сэрвацы з старэйшай галіны і апошні ў родзе Вішнявецкіх ці не ўпершыню падпісаўся як «hrabia... na Brahiniu»[6].

На 1754 год з 13 двароў (×6 — прыблізна 78 жыхароў) хутару Вялікі Лес Брагінскага маёнтку выплачвалася «do grodu» (Оўруцкага замка) 2 злотых і паўгроша, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 8 злотых і 2 грошы[7]. У тым жа годзе маёнтак Брагін быў куплены ў княгіні Эльжбэты, дачкі Міхала Сэрвацыя, Вішнявецкай Міхалавай Замойскай за 550 000 злотых панам Францам Антоніем, сынам Мікалая, Ракіцкім, войскім ашмянскім.

Thumb
Герб Равіч паноў Ракіцкіх.
Thumb
Вялікі Лес і Рыжкаў у сялецкай мэтрыцы 1764 г.
Thumb
Хутар Вялікі Лес у эксплікацыі да мапы Брагінскага графства 1783 г.

10 ліпеня 1764 году ў мэтрычнай кнізе царквы Сялецкага базыльянскага манастыра было ахрышчанае немаўля імем Іван, сын Пятра і Параскевы Казлёнкаў з Рыжкава, а кумамі выступілі Хведар Бардак[lower-alpha 2] і Пелагія Бандарова зь Вялікага Лесу[8].

Хутар Вялікі Лес згаданы ў эксплікацыі да мапы Брагінскага графства, датаванай 27 днём жніўня 1783 году.

Пад уладай Расейскай імпэрыіі

Thumb
Вялікі Лес і Бардакі на мапе Ф. Ф. Шубэрта 1850 г. з наступнымі ўдакладненьнямі.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Вялікі Лес у складзе Рэчыцкай акругі апынуўся ў межах Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 г. у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 г. Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[9]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 году, даведваемся, што вёска Вялікі Лес, хутары Рыжкаў, Бандары, Унігаўка, Пажаркі, вёска Шкураты і інш., якія належалі Людвіку і Алаізію Ракіцкім, «по праву заставному», былі ў валоданьні рэчыцкага лоўчага пана Андрэя Солтана[10].

На 1816 годзе ў вёсцы Вялікі Лес было 17 двароў, у якіх пражывала 29 душ мужчынскага і 39 душ жаночага полу[11]. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 43 жыхары вёскі Вялікі Лес былі прыхаджанамі Брагінскай Сьвята-Мікалаеўскай царквы[12].

У парэформавы пэрыяд Вялікі Лес – у Мікуліцкай воласьці. Згодна зь ведамасьцю Мікуліцкай Богаяўленскай царквы 1875 году, вёска Вялікі Лес, у якой было 10 двароў, 40 душ мужчынскага і 28 жаночага полу верных, належала да яе прыходу[13].

Згодна зь перапісам 1897 году, у паселішчы налічвалася 19 двароў, 124 жыхары[2]. У ведамасьці Мікуліцкай царквы за 1903 год у Вялікім Лесе засьведчаная наяўнасьць 16 і 3/4 двара, у якіх жылі 67 асобаў мужчынскага і 66 жаночага полу верных[14]. На 1909 год у даведніку «Список населённых мест Минской губернии» згаданая вёска Лес Вялікі з 49[lower-alpha 3] дварамі і 144 жыхарамі, якая месьцілася за 5 вёрст ад сяла Мікулічаў, цэнтру воласьці[15].

Найноўшы час

9 лютага 1918 г., яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Вялікі Лес у складзе Мікуліцкай воласьці, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка – у Мазыры. Ад 18 траўня тут дзейнічала "варта Украінскай Дзяржавы" гетмана Паўла Скарападзкага[16].

Thumb
Вялікі Лес на мапе 1924-26 гг. Побач замест Бардакоў — Байдакі.

1 студзеня 1919 г., згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Вялікім лесе было 15 двароў з 75 жыхарамі. У чэрвені 1943 году акупанты спалілі вёску, загубіўшы 11 чалавек[17]. 12 вяскоўцаў загінулі і прапалі бязь вестак на франтах[18].

1 сьнежня 2009 году вёска Вялікі Лес перададзеная зь ліквідаванага Мікуліцкага сельсавету ў Буркоўскі сельсавет[19].

На 2021 год тут жыхароў няма[20].

Насельніцтва

  • 1999 год — 12 чалавек
  • 2004 год — 4 чалавекі
  • 2010 год — 2 чалавекі

Заўвагі

  1. Не з XIX ст., як пісаў С. В. Марцэлеў[2]
  2. Запіс прозьвішча тут выкананы надта мудрагеліста, але ў інвэнтары 1721 г. названы ўрочнік Хвеська Бардак з суседняга зь Вялікім Лесам хутару Лаханія (Бардакі)
  3. Магчыма, не 49, а 19 двароў. У гэтым выданьні нярэдкія недакладнасьці.

Крыніцы

Літаратура

Wikiwand in your browser!

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.

Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.