найбольшае прадпрыемства Азэрбайджану, заснаванае ў траўні 1920 году ў якасьці «Азнафты» From Wikipedia, the free encyclopedia
Дзяржа́ўная на́фтавая кампа́нія Азэрбайджа́нскай Рэспу́блікі (ДНКАР, азэрб. ARDNŞ) — найбольшае прадпрыемства Азэрбайджану, заснаванае ў траўні 1920 году ў якасьці «Азнафты».
азэрб. Azərbaycan Respublikası Dövlət Neft Şirkəti | |
Тып | дзяржаўнае прадпрыемства[d] |
---|---|
Заснаваная | Травень 1920 |
Заснавальнікі | Урад Азэрбайджанскай ССР |
Уласьнікі | Урад Азэрбайджану |
Краіна | Азэрбайджан |
Разьмяшчэньне | Баку |
Адрас | Нарыманаўскі раён, прасп. Гейдара Аліева, д. 121[1] |
Ключавыя фігуры | Роўнаг Абдулаеў, Юсіфзадэ Хошбахт[2] |
Галіна | нафтавая прамысловасьць |
Прадукцыя | авіягаза, аміяк, бутан, бэнзін, дызэльнае паліва, ізапрапілавы сьпірт, мазута,мачавіна, мэтаноль, нафта, нафтавы кокс, поліэтылен, прыродны газ |
Абарачэньне | 111,198 млрд манатаў[3] ($65,41 млрд[4]; 2018 год) |
Апэрацыйны прыбытак | 3,595 млрд манатаў ($2,114 млрд; 2018 год) |
Чысты прыбытак | 1,224 млрд манатаў ($720 млн; 2018 год) |
Лік супрацоўнікаў | 50 332 (2019 год)[5] |
Даччыныя кампаніі | «Азэрыгаз», «Азэрыхімія» |
Аўдытар | «Эрнст і Янг» (Ангельшчына) |
На 2020 год займалася пошукам, выведкай і распрацоўкай радовішчаў нафты і прыроднага газу. Ажыцьцяўляла здабычу, перапрацоўку і перавозку нафты, прыроднага газу і газавага кандэнсату. Пастаўляла нафту, нафтахімічныя вырабы і прыродны газ на замежны і ўнутраны рынкі. Улучала 3 вытворчыя аб’яднаньні, па адным нафта- і газаперапрацоўчым заводзе, завод глыбакаводных плятформаў, 2 трэсты, навукова-дасьледчы інстытут і 23 даччыныя юрыдычныя асобы[6]. Гандлёвыя прадстаўніцтвы працавалі ў 2 краінах Азіі — Грузіі (Тбілісі) і Турэччыне (Стамбул), а таксама ў 4 краінах Эўропы — Нямеччыне (Франкфурт-на-Майне), Румыніі (Бухарэст), Украіне (Кіеў) і Швайцарыі (Жэнэва і Цюрых)[7]. У 2018 годзе ДНКАР здабыла 6,525 млрд кубамэтраў прыроднага газу, што склала 21% газаздабычы Азэрбайджану[8]. Нафтаздабыча дасягнула 7,542 млн тонаў, што склала 19% агульнакраёвай[9].
На 2020 год Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі ўлучала 3 вытворчыя аб’яднаньні (ВА), 5 заводаў і 2 трэсты, навукова-дасьледчы інстытут і вышэйшую школу:
Таксама ДНКАР належалі ўчасткі 4 міжнародных трубаправодаў у межах Азэрбайджану:
На 2020 год Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі ўдзельнічала ў пагадненьнях аб падзеле здабычы нафты і газу на 10 радовішчах на сушы: 50% — Кюрсангі Гарабаглі[26]; па 25% — Балаханы, Зіг Хоўсан і Сураханы[27], па 20% — Кюроўдаг, Мурадханлі, Нэфтчала, Падар і Пірсахат; 15% — Мушоўдаг Каламедын. У моры ДНКАР дзяліла 5 радовішчаў: Апшэрон і Шафак-Асіман — па 50%[28], Бахар і Гум-Дэніз — 20%, Азэры-Чыраг-Гунашлі — 11%, Ша-Дэніз — 10%.
На 2020 год ДНКАР валодала сеткай аўтазаправачных станцыях у 4 краінах: 11 у Азэрбайджане (засн. 2008 г.)[29], 70 у Грузіі (засн. 2006)[30], 9 ва Ўкраіне (Адэса, Кіеў і Мікалаеў, з 2009-га)[31], 11 у Румыніі (з 2011-га)[32].
У 2011 годзе Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі (ДНКАР) паставіла на «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод» (Гомельская вобласьць) мільён тонаў нафты па $838 за тону. У 2016 годзе пастаўкі склалі 560 000 тонаў азэрбайджанскай лёгкай нафты[33]. 27 лютага 2020 году канцэрн «Белнафтахім» заключыў з ДНКАР дамову на пастаўку 160 000 тонаў нафты на 2 танкерах у сакавіку праз украінскі нафтаправод Адэса—Броды[34]. 6 сакавіка 1-ы танкер выйшаў з турэцкага порту Джэйхан і 12 сакавіка прыбыў у порты Адэсы, дзе зьліў 90 000 тонаў нафты. З улікам замовы яшчэ 2 танкераў з Новарасейска і грузінскай Супсы абсяг дамовы вырас да 250 000 тонаў нафты[35]. 17 сакавіка «Мазырскі НПЗ» пачаў перапрацоўку азэрбайджанскай нафты зь 1-га танкера. Другі танкер з Новарасейска даставіў нафту ў Адэсу[36]. 23 сакавіка ДНКАР адгрузіла 85 000 тонаў нафты ў Супсе для 3-га танкера, які 24 сакавіка прыбыў у Адэсу[37]. 11 красавіка ў Паўднёвы порт Адэскай вобласьці прыбыў танкер з 85 000 тонаў нафты. Дамова з ДНКАР прадугледжвала пастаўку да мільёна тонаў нафты цягам 2020 году[38].
На 2020 год Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі (ДНКАР) мела Палац культуры «Хімік» у Сумгаіце, пры якім дзейнічалі бібліятэка і некалькі музычных гуртоў, танцавальных ансамбляў, творчых студыяў і клюбаў, а таксама навучальныя курсы. На дзяржаўныя сьвяты яны выступалі з канцэртам у дзіцячых прытулках і вайсковых частках, дамах зьнявечаных і састарэлых[39]. Штогод ДНКАР фінансуе рамонт некалькіх вясковых школ у 7 горных раёнах на паўночным захадзе Азэрбайджану[40]. Да 2020 году ДНКАР прабурыла 23 артэзіянскія сьвідравіны для забесьпячэньня вяскоўцаў пітной вадой у 10 сельскагаспадарчых раёнах: 7 — у Агсуйскім, 5 — у Балакенскім і 4 — у Загатальскім, а таксама па адной у Гусарскім, Лерыцкім, Фізулінскім (усход), Хачмаскім, Шамахінскім, Шамкірскім і Шэкінскім раёнах[41]. Паводле Ўказу прэзыдэнта Азэрбайджану ад 1 ліпеня 2004 году № 298, ДНКАР разьмясьціла 15 000 сем'яў уцекачоў з Нагорнага Карабаху ў інтэрнатах на ўсходзе Агдамскага раёну. Пазьней прадпрыемства наняло каля 3000 уцекачоў[42]. Таксама ДНКАР належаў спартова-аздараўляльны асяродак «Нафтавік», дзе працавала 178 трэнэраў у 34 відах гульняў, якія рыхтавалі некалькі тысячаў маладых спартоўцаў на 13 пляцоўках. Падрыхтаваныя ў «Нафтавіку» спартоўцы складалі большасьць прадстаўнікоў Азэрбайджану на Алімпійскіх гульнях[43].
Ад 2003 году ДНКАР ёсьць галоўным спонсарам зборнай Азэрбайджану па футболе і Асацыяцыі футбольных фэдэрацыяў Азэрбайджану (АФФА). 17 траўня 2013 году Зьвяз эўрапейскіх футбольных асацыяцыяў (Базэль, Швайцарыя) абвясьціў ДНКАР адным з галоўных спонсараў чэмпіянату Эўропы па футболе 2016 году ў Францыі[44]. 22 верасьня 2014 году старшыня Эўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Патрык Хікі падпісаў у Баку пагадненьне аб абвяшчэньні ДНКАР афіцыйным партнэрам Эўрапейскіх гульняў 2015 году ў Азэрбайджане[45]. 23 красавіка 2019 году ДНКАР стала партнэрам аўтагонкі «Вялікая ўзнагарода Азэрбайджану(sr) 2019 году», якая прайшла 26—28 красавіка ў Баку ў рамках першынства сьвету «Формулы-1»[46].
У траўні 1920 году ўрад Азэрбайджанскай ССР утварыў «Азнафту», якая злучыла нацыяналізаваныя нафтавыя промыслы на радовішчах Балаханы, Сабунчу і Рамана, распрацаваных у 1871 годзе. Першым кіраўніком дзяржаўнага прадпрыемства стаў расейскі інжынэр Аляксандар Сераброўскі, які ўзначальваў яго да 1926 году. Пазьней прадпрыемства насіла назвы «Азэрнафтакамітэт», «Азнафтакамбінат» і «Азнафтаздабыча». У 1949 годзе ўпершыню ў сьвеце распрацавалі марское радовішча Нафтавыя скалы (Піралахінскі раён). У 1970 годзе прадпрыемству вярнулі назву «Азнафта». 3 сьнежня 1991 году прэзыдэнт Азэрбайджану Аяз Муталібаў падпісаў Указ аб пераўтварэньні прадпрыемства ў дзяржаўны канцэрн. 13 верасьня 1992 году азэрбайджанскі прэзыдэнт Абульфаз Эльчыбэй зацьвердзіў Указ аб стварэньні Дзяржаўнай нафтавай кампаніі Азэрбайджанскай Рэспублікі (ДНКАР), паводле якога «Азнафта» паглынула вытворчае аб’яднаньне «Азнафтахімія». 10 студзеня 1994 году прэзыдэнт Гейдар Аліеў ухваліў Указ № 50 аб стварэньні ў складзе ДНКАР 2 вытворчых аб’яднаньняў нафта- і газаздабычы — аднаго ў моры і другога на сушы. 24 студзеня 2003 году Гейдар Аліеў падпісаў Указ № 844 аб злучэньне 2 ВА нафта- і газаздабычы ў моры і на сушы ў ВА «Азнафта»[47]. 7 сакавіка 2007 году прэзыдэнт Ільхам Аліеў зацьвердзіў Указ № 539, якім злучыў аддзелы выведкі 5 радовішчаў «Азнафты» з аддзеламі абсталяваньня і закрыцьця ў «Аб'яднаны трэст бурэньня». 7 кастрычніка 2009 году прэзыдэнт Азэрбайджану ўхваліў Указ № 164, якім перадаў газаперапрацоўчы завод у падпарадкаваньне ДНКАР. У 2010 годзе ДНКАР дасягнула 92% глыбіні нафтаперапрацоўкі і 72% выхаду сьветлых нафтапрадуктаў[48]. У траўні 2012 году ДНКАР заснавала Бакінскую вышэйшую школу нафты. У 2013 годзе ў Гарадаскім раёне Баку запусьцілі «Мэтанолявы завод» на ангельскім абсталяваньні. 16 студзеня 2019 году ў Сумгаіце запусьцілі «Карбамідны завод».
23 кастрычніка 2014 году 4 рамонтнікі ДНКАР загінулі на плятформе № 441 Нарыманаўскага радовішча ў выніку апоўзьня ў мора[49]. 4 сьнежня 2015 году 3 нафтавікі зьніклі бязь вестак з плятформы № 501 на Нафтавых Скалах (Пірахалінскі раён) у выніку буры на Касьпійскім моры[50]. У той дзень марская бура дасягала 38 мэтраў за сэкунду, што выклікала хвалі вышынёй да 9 мэтраў. А 17:40 на глыбакаводнай плятформе № 10 радовішча Гюнэшлі зламіла дапаможную трубу падводнага газаправода пад ціскам 110 бараў, што выклікала пажар. Праз гэта спынілі здабычу прыроднага газу і нафты на 28 сьвідравінах плятформы. А 22:45 адзін нафтавік патануў і яшчэ 30 зьнікла бязь вестак, калі бура сарвала ратавальную шлюпку з крука. 5 сьнежня іх шлюпку знайшлі пустой за 50 км на поўдзень ад плятформы № 10[51]. 6 сьнежня знайшлі целы 6 зьніклых бязь вестак. 27 сьнежня 2015 году цела аднаго зьніклага знайшлі ў туркмэнскіх водах Касьпійскага мора, 11 студзеня 2016 году — яшчэ адно цела. 15 студзеня 2016 году пажарнікі патушылі пажар на найбольшай газавай сьвідравіне плятформы № 10[52]. На 29 студзеня 2016 году лік знойдзеных целаў дасягнуў 11, яшчэ 19 нафтавікоў заставаліся зьніклымі[53]. 10 лютага 2016 году пажар на плятформе № 10 цалкам патушылі[54].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.