Ігар Стасевіч
беларускі футбаліст From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
І́гар Стасе́віч (нар. 21 кастрычніка 1985 году, Барысаў, БССР) — беларускі футбаліст, гуляе ў паўабароне за казаскі «Атыраў» і нацыянальную зборную Беларусі. У 2014, 2015, 2016, 2018 і 2019 гадах быў абраны найлепшым футбалістам беларускага першынства. Найлепшы футбаліст Беларусі 2015, 2018 і 2019 гадоў. Уваходзіць у Клюб Сяргея Алейнікава для беларускіх футбалістаў, якія згулялі 500 і болей афіцыйных матчаў[4].
Remove ads
Кар’ера
Клюбная
Выхаванец барысаўскага футболу, доўгі час гуляў за БАТЭ. 30 верасьня 2008 году забіў другі гол у браму турынскага «Ювэнтусу» ў групавым раўнде Лігі чэмпіёнаў. Другую палову 2010 году правёў у складзе ніжагародзкай «Волгі», якой дапамог атрымаць падвышэньне ў элітны расейскі дывізіён. У студзені 2011 году вярнуўся ў Беларусь, стаўшы гульцом «Гомлю», дзе ў першы сэзон здолеў зарабіць 13 галявых перадачаў. Дзякуючы такому паказчыку на яго зьвярнулі ўвагу функцыянэры менскага «Дынама», куды Ігар перайшоў у сьнежні 2011 году, падпісаўшы двухгадовы кантракт. У менскім клюбе стаў гульцом асновы, звычайна дзейнічаючы на пазыцыі левага паўабаронцы. У студзені 2014 году падоўжыў кантракт з дынамаўцамі[5].
У «Дынама»
Выдатна правёў сэзон 2014 году, у якім быў лідэрам дынамаўцаў, якія доўгі час змагаліся за золата, але ў выніку атрымалі срэбраныя мэдалі. Стасевіч разам з Чыгозэ Ўдоджы ўдвая часьцяком мяняліся флянгамі, чым блыталі сваіх супернікаў. Акрамя таго, Ігар выконваў амаль усе стандартныя ўдары свайго клюбу. Незважаючы на тое, што капітанам клюбу быў Дзьмітры Молаш, з-за ягонай даволі частай адсутнасьці, функцыі капітану выконваў Ігар. Ён жа дапамог «Дынама» ўпершыню ў гісторыі выйсьці ў групавы этап Лігі Эўропы. Стаў адным з найлепшых бамбардзіраў клюбу ў чэмпіянаце, забіўшы 8 галоў. У кастрычніку зьявіліся чуткі пра цікавасьць да Стасевіча з боку праскай «Спарты»[6], якая, аднак, нічым ня скончылася. 6 лістапада 2014 году ў гасьцявым матчы супраць францускага «Генгаму» Ігар правёў свой 50 матч у эўракубках, аднак сапсаваў сабе настрой не рэалізаваўшы пэнальці ў гэтай сустрэчы[7]. Клюб трываў паразу 0:2 у той гульні. У канцы чэмпіянату Ігар і «Дынама» выглядалі ня вельмі добра, аднак гэтага хапіла, каб паводле вынікаў сэзону ён быў прызнаны найлепшым футбалістам чэмпіянату[8].
Далейшыя посьпехі
19 студзеня 2015 году даволі нечакана падпісаў кантракт з БАТЭ[9], за які правёў першыя гады сваёй кар’еры. Паводле словаў самога гульца адной з прычынаў зыходу з «Дынама» сталася звальненьне галоўнага трэнэру клюбу Ўладзімера Жураўля[10]. Аднак паводле словаў уладальніка менскага клюбу Юрыя Чыжа, гулец і клюб не знайшлі паразуменьня ў памеры заробку паводле новага магчымага кантракту[11]. Самы пачатак сэзону паўабаронца прапусьціў з-за траўмы, аднак вярнуўся ў шэрагі на матчы супраць менскага «Дынама» (у чэмпіянаце і кубку), якія мелі даволі прынцыповы характар для Стасевіча. У выніку 19 красавіка ў матчы 2-га туру на менскім стадыёне «Трактар» Ігар стаў аўтарам галявой перадачы, дзякуючы чаму Віталь Радзівонаў забіў другі гол у браму сталічнага «Дынама» (0:2). 29 верасьня 2015 году адкрыў лік у матчы Лігі чэмпіёнаў супраць «Ромы» (3:2). Паводле вынікаў сэзону 2015 году быў абраны найлепшым футбалістам Беларусі[12]. У лістападзе падоўжыў кантракт з БАТЭ[13].
У сэзоне 2016 году дапамог БАТЭ здабыць чарговае чэмпіёнства, а сам трэці раз запар быў прызнаны найлепшым гульцом чэмпіянату Беларусі. У 2018 годзе, па завяршэньню кар’еры Віталем Радзівонавым, стаў капітанам каманды. У сэзоне 2018 году з 15 галявымі перадачамі стаў найлепшым асыстэнтам чэмпіянату Беларусі. У верасьні 2018 году зноў склаў кантракт з БАТЭ[14]. У сьнежні 2018 году другі раз быў прызнаны футбалістам году Беларусі, у сьнежні 2019 году — у трэці раз. Таксама ў сэзоне 2019 году зноўку стаў найлепшым асыстэнтам чэмпіянату з 12 галявымі перадачамі. У сэзоне 2020 году, не зважаючы на памяншэньне паказчыкаў, то бок 6 галоў і 11 перадач, зноў стаў найлепшым асыстэнтам чэмпіянату і быў абраны найлепшым паўабаронцам турніру трэці раз запар.
У студзені 2021 году было абвешчана, што Стасевіч пакідае БАТЭ[15]. Неўзабаве паўабаронца падпісаў пагадненьне з салігорскім «Шахцёрам»[16]. Гуляў пераважна ў стартавым складзе каманды, хоць у траўні часова адсутнічаў праз траўму, а ў жніўні на некаторы час быў адпраўлены ў дубль[17]. За сезон адзначыўся 3 галамі і 4 галявымі перадачамі. У студзені 2022 году па пагадненьні бакоў скасаваў кантракт з «Шахцёрам»[18].
У замежжы
У лютым 2022 году склаў дамову зь песчанакопскай «Чайкай» з трэцяга дывізіёну чэмпіянату Расеі[19]. Пакінуў клуб па заканчэньні кантракта ў чэрвені 2022 году[20]. У студзені 2023 году пачаў трэнавацца з казаскім «Атыраў» і неўзабаве падпісаў кантракт з клюбам[21]. У студзені 2024 году падоўжыў пагадненьне з клюбам на год[22]. Па заканчэньні сэзону лёс гульца быў ня вызначаны[23], але беларускі трэнэр Віталь Жукоўскі, які працаваў з Стасевічам у «Атыраў», запрасіў вэтэрана ў свой новы клюб «Туран», дзе за першую палову чэмпіянату згуляў 11 матчу чэмпіянату. Улетку Жукоўскі пакінуў «Туран» і вярнуўся ў «Атыраў», забрыўшы з сабою цэлы шэраг беларускаў, у тым ліку і Стасевіча[24]. У пачатку ліпеня 2025 году ў матчы 16-га тура Стасевіч у 732-і раз выйшаў у матчы найвышэйшага дывізіёну супраць «Актабе», пераўзышоўшы паводле гэтага паказьніка Аляксандра Глеба[25].
Міжнародная
У нацыянальнай зборнай Беларусі дэбютаваў 22 жніўня 2007 году ў таварыскім матчы супраць зборнай Ізраілю, які праходзіў у Менску і скончыўся перамогай гаспадароў зь лікам 2:1. 1 красавіка 2009 году забіў гол у матчы адборачнага турніру да чэмпіянату сьвету па футболе 2010 году супраць зборнай Казахстану ў Алматы, які скончыўся разгромнай перамогай беларускіх футбалістаў (1:5).
Remove ads
Узнагароды
Камандныя
БАТЭ:
- Чэмпіён Беларусі: 2006, 2007, 2008, 2009, 2015, 2016, 2017, 2018
- Срэбны прызэр чэмпіянату Беларусі: 2019, 2020
- Уладальнік Кубка Беларусі: 2006, 2010, 2015, 2020
- Уладальнік Супэркубка Беларусі: 2015, 2016, 2017, 2021
«Гомель:
- Уладальнік Кубка Беларусі: 2011
«Дынама»:
- Срэбны прызэр чэмпіянату Беларусі: 2014
- Бронзавы прызэр чэмпіянату Беларусі: 2012, 2013
«Шахцёр:
Індывідуальныя
- Найлепшы футбаліст Беларусі: 2015, 2018, 2019
- Найлепшы футбаліст чэмпіянату Беларусі: 2014, 2015, 2016, 2018, 2019
- Найлепшы паўабаронца чэмпіянату Беларусі: 2007, 2015, 2016, 2018, 2019, 2020
- У сьпісе 22 найлепшых футбалістаў чэмпіянату Беларусі: 2006, 2007, 2008, 2013, 2014, 2015, 2016, 2017, 2018, 2019, 2020
Remove ads
Статыстыка
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads