Беларуска-кітайскія дачыненьні
двухбаковыя міжнародныя дачыненьні Беларусі і Кітаю From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Белару́ска-кіта́йскія дачыне́ньні — двухбаковыя міжнародныя дачыненьні Беларусі і Кітаю.
Візы
10 жніўня 2018 году ўрады Беларусі і Кітаю ўвялі бязьвізавы рэжым між сваімі краінамі[1]. Грамадзяне Беларусі са звычайнымі пашпартамі атрымалі магчымасьць знаходзіцца ў Кітаі, у тым ліку ў Ганконгу і Макао, да 30 дзён падчас адной паездкі і да 90 дзён у каляндарным годзе[2]. Пры гэтым грамадзяне Беларусі мелі зарэгістравацца ў паліцэйскім участку па месцы часовага пражываньня цягам 24 гадзінаў ад прыбыцьця ў Кітай, за выняткам пражываньня ў гасьцініцы, чыё кіраўніцтва мае самастойна зарэгістраваць пастаяльцаў[3].
На 2020 год Амбасада Беларусі ў Кітаі месьцілася ў Пэкіне ў акрузе Чаоян па праезьдзе Храма Сонца, д. 1. Амбасада працавала з панядзелка па чацьвер а 9:00—18:45 зь перапынкам на абед (12:30—14:00), а таксама ў пятніцу а 9:00—17:30 зь перапынкам на абед[4]. Генэральныя консульствы Беларусі дзейнічалі ў Гуанчжоў і Шанхаі[5]. Генконсульства ў Шанхаі налічвала 3 супрацоўнікі разам з генконсулам[6]. Яна знаходзілася ў акрузе Чаннін па Яньанскім Заходнім праезьдзе, д. 2299 пры Сусьветнай гандлёвай выставачнай зале[7]. Консульскі прыём ажыцьцяўлялі ў панядзелак, сераду і пятніцу а 9:00—12:00[8]. Генэральнае консульства Беларусі ў Гуанчжоў месьцілася ў акрузе Цяньхэ па Лінцзянскім праспэкце, д. 3[9]. У Генконсульстве ў Гуанчжоў налічвалася 2 супрацоўнікі разам з генконсулам[10].
Амбасада Кітаю ў Беларусі афармляла доўгатэрміновыя візы на навучаньне і працу ў аўторак, чацьвер і пятніцу а 9:00—11:30. Консульскі аддзел Амбасады выдаваў візы праз тыдзень пасьля афармленьня[11]. Амбасада Кітаю месьцілася ў Савецкім раёне Менску па Берасьцянскай вуліцы, д. 22 (мікрараён Залатая Горка).
Remove ads
Гандаль

У 2016 годзе беларуска-кітайскі гандаль скараціўся да 3,6 млрд даляраў ЗША з 4,2 млрд $. У 2017—2019 гады аднавіўся рост гандлю, які дасягнуў 4,4 млрд $ у 2018 годзе і 5,3 млрд $ у 2019-м. Пры гэтым адмоўнае сальда пасьлядоўна павялічвалася з 2015 па 2019 год ад -1,7 млрд $ да 3,2 млрд $. Кітайскі ўвоз у Беларусь скарачаўся толькі ў 2016 годзе да 2,8 млрд $ з 2,9 млрд $ у 2015 годзе. Беларускі вываз у Кітай зьмяншаўся ў 2016—2017 гадах да 800 млн $ і 740 млн $. У 2018—2019 гадах беларускі вываз вырас да 905 млн $ і 1,033 млрд $, але не аднавіўся да ўзроўню 2015 году ў памеры 1,257 млрд $. Пры гэтым за 2015—2019 гадах доля калійных угнаеньняў упала з 81 % да 51 %, а доля харчаваньня вырасла за 2015—2019 гады з 1 % (6 млн $) да 17 % (124 млн $)[12]. У лістападзе 2018 году да кітайскай аплатнай сеткі «ЮніёнПэй» падлучылі звыш 10 000 тэрміналаў і 500 банкаматаў у Беларусі. У 2018 годзе Банк разьвіцьця Кітаю адчыніў сваё прадстаўніцтва ў Беларусі[1]. У 2019 годзе кітайскі ўвоз у Беларусь найбольш вырас: праз інтэрнэт-крамы на 141 млн $, дэталі аўтамабіляў на 70 млн $, абутак на 63 млн $, паўправаднікі на 58 млн $, мукамольнае абсталяваньне на 34 млн $, дэталі прыладаў сувязі на 27 млн $ і фільтры для вадкасьцяў на 21 млн $. Беларускі вываз у Кітай найбольш дадаў у: калійных угнаеньнях на 82 млн $, цэлюлёзе на 35 млн $, ялавічыне на 32 млн $, лесаматэрыялах на 21 млн $ і мясе птушкі 20 млн $. Пры гэтым беларускі вываз тавараў вырас на 38 % да 712 млн $, а вываз паслуг упаў на 18 % да 321 млн $, што было абумоўлена завяршэньне будаўніцтва кітайскім прадпрыемствам «Сьветлагорскага цэлюлёзна-кардоннага камбінату» (Гомельская вобласьць). У іншых галінах вывазу беларускіх паслуг назіраўся рост: перавозкі — 79 млн $ (+6 %), справавыя — 43 млн $ (+18 %), апраграмаваньне і сувязь — 37 млн $ (+36 %), адукацыя ў Беларусі — 14 млн $ (+37 %) і падарожжы — 9 млн $ (+56 %)[12]. У 2018—2019 гадах крамы беларускіх вырабаў адчынілі ў 8 кітайскіх гарадах: Гуанчжоў, Гуйян, Нінбо, Сіань, Чындао, Чунцын, Чэнду і Шанхай[13].
За 2015—2019 гады прамыя замежныя ўкладаньні з Кітаю вырасьлі з 77 млн $ ад 141 млн $, што зрабіла Кітай 7-м найбольшым укладальнікам у Беларусі. 17 студзеня 2019 году ўрад Беларусі стаў 70-м сябрам Азіяцкага банку інфраструктурных укладаньняў (АБІУ)[14]. 15 лістапада 2022 году беларускі амбасадар у Кітаі Юры Сянько паведаміў, што празь Беларусь праходзіла 65 % чыгуначных кантэйнэрных маршрутаў з Кітаю ў Эўропу, у тым ліку найбольшы зь іх маршрут Чунцын — Эўропа[15].
Remove ads
Культура

За 1992—2019 гады выканаўчыя камітэты абласных цэнтраў і вобласьцяў Беларусі падпісалі пагадненьні аб пабрацімскіх сувязях з:
- 17 гарадамі Кітаю — Чанчунь (прав. Цзілінь, 1992), Сяогань (прав. Хубэй, 1993), Пэкін і Хуайань (прав. Цзянсу, 1997), Чунцын (2002), Цзінань (прав. Шаньдун, 2006), Лоян і Чжэнчжоў (прав. Хэнань, 2007), Харбін (прав. Хэйлуцзян, 2009), Шэньчжэнь (прав. Гуандун), 2013), Нанкін (прав. Цзянсу, 2014), Шэньян (2016), Луннань (2017), Шанхай (2018), Сіань (прав. Шэньсі), Хайкоў (прав. Хайнань) і Цяньцзінь (2019);
- 21 правінцыяй Кітаю — Хубэй (1994), Цзянсу (1997), Шаньдун (2004), Хэйлунцзян (2005), Ганьсу (2007), Хэнань (2008), Унутраная Манголія (2011), Гуандун (2012), Гуйчжоў, Сычуань, Цынхай і Чжэцзян (2015), Аньхой, Сіньцьзян-Уйгурскі аўтаномны раён і Хунань (2016), Фуцзянь, Цзянсі, Чэнду і Шэньсі (2018), Хайнань і Шаньсі (2019)[16].
23 верасьня 2009 году запусьцілі беларускамоўную бачыну Міжнароднага радыё Кітая. У 2013 годзе Радыё «Беларусь» пачало выпускаць перадачы на кітайскай мове[17]. У верасьні 2018 году Цзяньцінскім унівэрсытэце адчынілі 3-і ў Кітаі Цэнтар вывучэньня Беларусі і ўсталявалі помнік Якубу Коласу скульптара Сяргея Гумілёўскага, які стаў 1-м помнікам беларусу ў Кітаі[1]. У 2018 годзе беларускі вываз адукацыйных паслуг у Кітай вырас на 25 % да 10,5 млн даляраў ЗША. У 1-й палове 2019 году адчынілі 2 цэнтры вывучэньня Беларусі ў Пэкінскім унівэрсытэце замежных моваў і Сычуаньскім унівэрсытэце замежных моваў. 24 траўня 2019 году на 5-м паседжаньні Камісіі супрацы ў галіне адукацыі падпісалі міжурадавае Пагадненьне аб ўзаемным прызнаньні дакумэнтаў аб адукацыі і аб навуковых ступенях. На 1 лістапада 2019 году ў Беларусі навучалася каля 3000 студэнтаў з Кітаю, а ў Кітаі — звыш 1000 беларускіх студэнтаў. У Кітаі дзейнічала 11 цэнтраў вывучэньня Беларусі, а таксама Інстытут дасьледаваньня Беларусі пры Ланьчжоўскім унівэрсытэце эканомікі і фінансаў. Беларускую мову ў якасьці спэцыяльнасьці выкладалі ў ВНУ 4 гарадоў Кітаю — Пэкіну, Сіяня, Цяньцзіня і Шанхаю. У ВНУ Беларусі працавала 4 інстытуты Канфуцыя, у тым ліку адзін у БДУ[18].
У 2018 годзе правялі 5 выставаў беларускага жывапісу ў 3-х гарадах Кітаю — Гуанчжоў, Пэкіне (Нацыянальны мастацкі музэй Кітаю) і Шанхаі, а таксама 3 выставы беларускага фотамастацтва ў Пэкіне і Чунцыне. 3-4 траўня 2019 году Вялікі тэатар Беларусі правёў гастролі ў Пэкіне са спэктаклем «Спартак» Валянціна Елізар’ева. У чэрвені 2019 году помнік Янку Купалу скульптара У.К. Капача адкрылі ў Сіяньскім унівэрсытэце замежных моваў (правінцыя Шэньсі)[19]. На 3 сьнежня 2019 году Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк «Вялікі камень» налічваў 60 прадпрыемстваў, якія працавалі ў Смалявіцкім раёне Беларусі[20].
21 лютага 2022 году на Міжнародны дзень роднай мовы амбасадар Беларусі ў Кітаі Юры Сянько прадставіў у Пэкіне падручнік беларускай мовы для кітайскіх студэнтаў і 1-ы ў гісторыі кітайска-беларускі і беларуска-кітайскі слоўнік. Выданьне слоўніка падрыхтаваў Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя пры Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце пад навуковым кіраўніцтвам яго дырэктара Анатоля Тозіка cумесна зь Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі[21].
Remove ads
Мінуўшчына

20 студзеня 1992 году ўрады Беларусі і Кітаю ўсталявалі дыпляматычныя дачыненьні. 18 сакавіка 1993 году ў Пэкіне адчынілі Амбасаду Беларусі ў Кітаі. Яе разьмясьцілі ў дыпляматычным комплексе «Тайюань». Часовым павераным у справах Беларусі ў Кітаі стаў Міхаіл Шаліма[22]. У 1995 годзе прэм’ер Дзяржаўнай рады Кітаю Лі Пэн наведаў Беларусь, а прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка наведаў Кітай. У 1995 годзе 1-м амбасадарам Беларусі ў Кітаі стаў Вячаслаў Кузьняцоў. У 1997 годзе А. Лукашэнка паўторна наведаў Кітай. У 2000 годзе намесьнік старшыні Кітаю Ху Цзіньтао і старшыня Пастаяннага камітэту Ўсекітайскага сходу народных прадстаўнікоў (УСНП) Лі Пэн прыляталі ў Беларусь. У 2001 годзе старшыня Кітаю Цзян Цзэмінь наведаў Беларусь, а Лукашэнка — Кітай. У 2005 году Лукашэнка прылятаў у Кітай 4-ы раз. У 2007 годзе прэм’ер Дзяржаўнай рады Кітаю Вэнь Цзябао ажыцьцявіў візыт у Беларусь. У 2008-м Лукашэнка наведаў Кітай 5-ы раз. У 2010 годзе намесьнік старшыні Кітаю Сі Цзіньпін прылятаў у Беларусь, а Лукашэнка — у Кітай. 24 сакавіка 2010 году было падпісана Пагадненьне аб арэндзе дзялянкі сучаснай Амбасады Беларусі ў Кітаі цягам 70 гадоў за 1 даляр ЗША. Пабудовы Амбасады разьмясьцілі ў Пасольскім квартале Пэкіну[22]. У 2011-м старшыня Пастаяннага камітэту УСНП У Банго наведаў Беларусь. У 2013-м Лукашэнка зноў прылятаў у Кітай. У 2014-м старшыня ўраду Беларусі Міхаіл Мясьніковіч ажыцьцявіў візыт у Кітай, у выніку якога ўтварылі Беларуска-кітайскі міжурадавы камітэт супрацы. Паседжаньні Камітэту сталі праводзіць аднойчы на 2 гады. У траўні 2015 году А. Лукашэнка і старшыня Кітаю Сі Цзіньпін падпісалі ў Беларусі Дамову аб сяброўстве і супрацы, якая набыла моц у верасьні 2016 году. У жніўні 2015 году А. Лукашэнка зацьвердзіў Дырэктыву «Аб разьвіцьці двухбаковых адносін Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай», а таксама наведаў Кітай. У верасьні 2016 году А.Лукашэнка і Сі Цзіньпін падпісалі ў Кітаі Сумесную дэклярацыю аб усталяваньні давернага ўсебаковага стратэгічнага партнэрства і ўзаемавыгаднай супрацы. У 2016 і 2017 гадах старшыня ўраду Беларусі Андрэй Кабякоў і прэм’ер Дзяржаўнай рады Кітаю Лі Кэцян правялі сустрэчы падчас паседжаньня прэм’ер-міністраў краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы «17+1» у Рызе (Латвія) і Рады кіраўнікоў урадаў Шанхайскай арганізацыі супрацы (ШАс) ў Сочы (Расея). У траўні 2017 году А. Лукашэнка прыняў удзел у 1-м міжнародным форуме «Адзін пояс, адзін шлях» у Пэкіне. У 2017 годзе старшыня Пастаяннага камітэту УСНП Чжан Дэцзян наведаў Беларусь, У 2018-м Лукашэнка наведаў Кітай 11-ы раз, а намесьнік старшыні Кітаю Ван Цішань прылятаў у Беларусь. Таксама ў 2018 годзе старшыні ўрадаў Беларусі і Кітаю — Сяргей Румас і Лі Кэцян — правялі сустрэчу падчас Рады прэм’ер-міністраў ШАС у Душанбэ (Таджыкістан). У красавіку 2019 году А. Лукашэнка прыняў удзел у 2-м Форуме міжнароднай супрацы «Пояс і Шлях»[23].
10 чэрвеня 2018 году ў Цындао А. Лукашэнка і старшыня Кітаю Сі Цзіньпін правялі 2-баковую сустрэчу падчас саміту Шанхайскай арганізацыі супрацы. У лістападзе 2018 году ў Кітаі адбылося 3-е паседжаньне Беларуска-кітайскага міжурадавага камітэту супрацы пад сустаршыньствам намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Мікалая Снапкова і сябра Палітбюро ды сакратара Палітыка-юрыдычнай камісіі ЦК Камуністычнай партыі Кітаю Го Шэнкуня[1].
Беларускія амбасадары
- Міхаіл Шаліма, часовы павераны ў справах (1993—1995)
- Вячаслаў Кузьняцоў (1995—2000)
- Уладзімер Русакевіч (2000—2003)
- Анатоль Харлап (2004—2006)
- Анатоль Тозік (2006—2011)
- Віктар Бура (2011—2016)
- Кірыл Руды (2016 — кастрычнік 2020)[22]
- Юры Сянько (19 лістапада 2020[24] — 20 лістапада 2023[25])
- Аляксандар Чарвякоў (ад 20 лістапада 2023[26])
Кітайскія амбасадары
- Ван Сіньда (красавік 1992 — сакавік 1995)
- Чжао Сідзі (сакавік 1995 — люты 1998)
- Ву Сяоціў (жанчына, сакавік 1998 — люты 2002)
- Ю Чжэнці (сакавік 2002 — жнівень 2005)
- Ву Хонбін (верасень 2005 — верасень 2008)
- Лу Гуічэнь (лістапад 2008 — сьнежань 2011)
- Гун Цзяньвэй (студзень 2012 — 12 сьнежня 2013)[27]
- Цуй Цымін (студзень 2014 — кастрычнік 2020)[28]
- Се Сяоюн (з 24 лістапада 2020 году)[29]
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads