Беркут

адна з найбольш вядомых драпежных птушак сямейства ястрабіных From Wikipedia, the free encyclopedia

Беркут
Remove ads

Бе́ркут[1][2], аро́л-ма́ркут (па-лацінску: Aquila chrysaetos) — адна з найбольш вядомых драпежных птушак сямейства ястрабіных, самы распаўсюджаны ў сьвеце арол. Пашыраны ў Паўночным паўшарʼі, сустракаецца ў лясных, горных і пустынных раёнах Эўразіі, Паўночнай Афрыкі, Паўночнай Амэрыкі. Пазьбягае чалавека. На большай частцы арэала жыве асела, трымаецца парамі каля гнязда. Качуе пасьля пэрыяду гнездаваньня, месца зiмовак у межах гнездавога арэала, акрамя Крайняй Поўначы ва Ўсходняй Эўропе. Палюе на разнастайную дзічыну, часьцей на зайцоў, грызуноў і многія віды птушак. Гняздо робіць на высокім дрэве альбо на цяжкадаступным скалістым уступе. У кладцы звычайна два яйкі, аднак часьцей за ўсё выжывае толькі адно птушаня. Выкарыстоўваецца як лоўчая птушка.

Хуткія факты Клясыфікацыя, Надцарства ...

За апошнія стагодзьдзі беркут зьнік з многіх раёнаў, дзе жыў раней — асноўныя абмежавальныя фактары зьвязаны з трансфармацыяй чалавекам гнездавых і кармавых біятопаў. У цяперашні час беркут, як і большасьць іншых эўрапейскіх птушак-драпежнікаў, знаходзіцца пад аховай нацыянальных законаў і міжурадавых пагадненьняў[3]. У прыватнасьці, беркут мае статус віду, які знаходзіцца пад крытычнай пагрозай зьнікненьня ў Чырвонай кнізе Беларусі, уключаны ў нацыянальныя Чырвоныя кнігі Летувы, Латвіі, Расеі[4], Украіны, Польшчы.

Remove ads

Апісаньне

Зьнешні выгляд

Thumb
Маладая птушка — вялікія белыя плямы на крыле, белы хвост зь цёмнай аблямоўкай.

Вельмі буйны і моцны арол — даўжыня цела 76-93 см, размах крылаў 180—240 см[5].

Самкі значна большыя за самцоў, звычайна яны важаць ад 3,8 да 6,7 кг, тады як самцы — ад 2,8 да 4,6 кг[5].

Дзюба — тыпова арліная: высокая і сьціснутая з бакоў, крукападобна загнутая ўніз. Пёры на зашыйку некалькі падоўжаныя — прыкмета, якая таксама сустракаецца ў арла-магільніка. Крылы доўгія і шырокія, некалькі звужаныя ля асновы крыла і ў аснаваньні кісьці, так што пры лунаньні задні край крыла выглядае выгнутым ў выглядзе лацінскай літары S; гэтая характэрная асаблівасьць найбольш ярка выяўлена ў маладых птушак[6]. Хвост зьлёгку закруглены і даўжэйшы, чым у іншых тыповых арлоў. Па суадносінах да шырыні крыла ён больш блізкі да ястрабіных арлоў, у прыватнасьці, да арла-карліка, аднак у адрозьненьне ад яго шырокі і ў палёце раскрыты веерам[7]. Пры лунаньні птушка пальцападобна расстаўляе пярэднія махавыя пёры[8].

Thumb
Дзюба беркута

Афарбоўка апярэньня дарослай птушкі вагаецца ад цёмна-бурай да чорна-бурай з залацістымі пёрамі на патыліцы і шыі, з-за чаго па-ангельску яго назва гучыць як «залаты арол» (па-ангельску: Golden Eagle). Па заканчэньні лінькі перʼе часам адлівае фіялетавым колерам, які пасьля зьнікае. Абодва полы афарбаваныя аднолькава. Маладыя птушкі ў цэлым падобныя на дарослых, але вылучаюцца больш цёмным (у першы год амаль чорным) апярэньнем і маюць белыя «сыгнальныя» плямы на верхнім і ніжнім баку крыла, а таксама сьветлы хвост зь цёмнай паласой па краю. На думку арнітолягаў, белыя меткі служаць своеасаблівай абаронай ад агрэсіі дарослых арлоў, нецярпімых да прысутнасьці іншых драпежнікаў на сваёй тэрыторыі. Гэтыя асаблівасьці апярэньня не спрыяюць магчымасьці ўладкаваць свой уласны гнездавы ўчастак, аднак дазваляюць здабываць корм на чужой тэрыторыі[9].

Канчатковы дарослы ўбор набываецца к 5,5—6,5 гадам, паступова пасьля кожнай лінькі арол прымае ўсё больш дарослы выгляд. Вочы цёмна-карычневыя, дзюба цёмная, васковіца і ногі жоўтыя. Птушаняты пры вылупленьні пакрыты белым з шараватым налётам пухам, які пасьля замяняецца чыста белым. Лапы магутныя, зь вельмі моцнымі вялікімі чорнымі кіпцюрамі, як і ў іншых арлоў апераны да пальцаў[6][7][8].

Лінька расьцягнута па часе з сакавіка-красавіка па верасень-кастрычнік, пры гэтым некаторыя махавыя пёры мяняюцца ня кожны год[10].

Вылучаюць шэсьць падвідаў беркута, якія адрозьніваюцца агульнымі памерамі і інтэнсіўнасьцю афарбоўкі апярэньня.

Зрок

Thumb
Беркут валодае надзвычай вострым зрокам — там, дзе чалавек бачыць глянцавую фатаграфію, птушка адрозьнівае скопішча рознакаляровых кропак[11]

У беркута, як і ў іншых арлоў, а таксама ястрабаў і сокалаў, надзвычай востры зрок, але толькі ў сьветлы час сутак. Так, напрыклад, зайца гэты арол бачыць на адлегласьці да двух кілямэтраў.

Шэраг адаптацый, якія выявіліся ў здольнасьці хутка вызначыць велічыню абʼекта і адлегласьць да яго, разьвіліся ў выніку эвалюцыі. Вялікія вочы дазваляюць адлюстроўваць буйнейшы малюнак на сятчатцы вока, а значна вышэйшая шчыльнасьць сьвятлоадчувальных клетак (палачак і колбачак) робіць яго больш выразным і дэталёвым. Пры гэтым у кожным воку прысутнічаюць не адна, як у многіх жывёл, а дзьве цэнтральныя ямкі — зоны максымальнай канцэнтрацыі рэцэптараў (такая ж асаблівасьць ёсьць у некаторых іншых груп птушак, якім патрабуецца павышаная канцэнтрацыя ўвагі калібры, зімародка і ластавак)[12]. Асаблівыя колцавыя мышцы хутка факусіруюць крышталік вока на бягучай жывёле, не губляючы яе з поля зроку — асаблівасьць, вядомая пад назвай акамадацыя[13]. Рухомая шыя здольна паварочваць галаву на 270 градусаў, як у соў, што істотна павялічвае сэктар агляду[14].

Надброўная складка, якая надае драпежнікам грозны «нахмураны» выгляд, абараняе вочы ад яркага сонечнага сьвятла, а мігальная перапонка ў ніжняй частцы вейка засьцерагае іх ад пападаньня часьціц пылу. З чалавекам беркута абʼядноўваюць рэдкі сярод жывёл бінакулярны зрок і здольнасьць адрозьніваць колеры — першае дазваляе сумяшчаць малюнкі з абодвух вачэй, ствараючы стэрэаскапічны эфэкт, другое паляпшае выяўленьне нерухомых абʼектаў на мясцовасьці[13].

Палёт

У пошуках ежы беркут часьцей за ўсё падоўгу лунае высока ва ўзыходзячых патоках цёплага паветра, пры гэтым крылы зьлёгку прыўзьнятыя над корпусам і V-падобна выцягнутыя ўверх. Іншы спосаб паляваньня — палёт на невялікай вышыні падобна цецяроўніку з мэтай застаць здабычу зьнянацку. Махаючы палёт лёгкі і манэўраны, з моцнымі і глыбокімі ўзмахамі крылаў. Арол лёгка кіруе ў паветры нават пры вельмі моцных парывах ветру[15]. Прымеціўшы патэнцыйную ахвяру, беркут пікіруе на яе, пры гэтым яго хуткасьць можа дасягаць 240—320 км/ч[16].

Голас

Беркут — маўклівая птушка, крычыць у асноўным падчас токавага палёту, пры зносінах з птушанятамі і абароне тэрыторыі. Часам у палёце чутны тонкі мэлядычны посьвіст «клюх…»[6]. Акрамя таго, выдае тыповы для арлоў звонкі клёкат, які трохі нагадвае сабачы брэх — «кʼяк-кʼяк-кʼяк», але без каркаючых нот, як у арла-магільніка, стэпавага арла або арланаў[17].

Remove ads

Распаўсюджаньне

Арэал

Thumb
Горы вышэй за лінію дравяністай расьліннасьці — Тыповы біятоп беркута. На здымку — панарама гор у Швайцарскім нацыянальным парку.

Беркут распаўсюджаны спарадычна на большай частцы тэрыторыі Галарктыкі. Яго біятопы: горы або нізіны са старымі лясамі паблiзу адкрытых тэрыторыяў, якія слаба заселены (выкарыстоўваюцца як месцы паляваньня); водна-балотныя тэрыторыі, скалістыя ўзьбярэжжы, паўпустыні з групамi саксаулу[18].

У Паўночнай Амэрыцы гняздуецца пераважна ў заходняй палове кантынэнта ад Хрыбта Брукса на Алясцы на поўдзень да цэнтральных раёнаў Мэксыкі, а таксама ў невялікай колькасьці на ўсходзе Канады і ЗША[19]. У Паўночнай Афрыцы жыве месцамі ад Марока на ўсход да Туніса, а таксама ў раёне ўзьбярэжжа Чырвонага мора. У Эўропе гнездавы арэал мазаічны, зьвязаны пераважна з горнымі раёнамі ў паўднёвай і цэнтральнай частцы, Шатляндыі, Паўночнай Скандынавіі, Каўказа, Турэччыны (у тым ліку азіяцкая частка), а таксама з раўнінамі Беларусі (у асноўным у Паазерʼі, таксама на Палесьсі), краінаў Балтыі й Расеі. Сустракаецца на астравах Міжземнага мора Балеарскія, Корсіцы, Сардзініі, Сыцыліі і Крыце[3][8]. У Азіі распаўсюджаны на поўдзень да Сінайскага паўвострава, Ірака, Ірана, Аўганістана, паўднёвых схілаў Гімалаяў, горнай Паўночнай Мʼянмы і кітайскай правінцыі Юньнань. Акрамя таго, гняздуецца на японскім востраве Хонсю і, магчыма, на Хакайда і Сікоку[20].

Распаўсюджаны на 3/4 тэрыторыі Расеі, аднак амаль усюды рэдкі і гняздуецца толькі асобнымі парамі. Сустракаецца амаль ва ўсёй лясной зоне (за выключэньнем паласы лесатундры і Прыамурʼя), у горных сыстэмах на поўдні краіны (Каўказ, Саяны і Алтай), а таксама ў раёне возера Ханка на крайнім поўдні Прыморʼя[21]. У эўрапейскай частцы распаўсюджаны на поўначы на Кольскім паўвостраве да 69° з. ш., Да раёна Архангельску, у даліне Пячоры да 67° с. ш. У Заходняй Сібіры гняздуецца на поўнач да 68° з. ш., Ва Усходняй да 71° з. ш., На Далёкім Усходзе да даліны Малога Анюя, Паўночнай часткі басэйна Анадыр і Камчаткі[20]

Thumb
Арол-маркут на паштовай марцы Беларусі.

На Беларусі вельмі рэдкі від, адзінкавыя пары вядомы на гнездаваньні ў паўночнай частцы краіны; месцамі сустракаецца ўзімку[18].

Міграцыі

Вядзе пераважна аселае жыцьцё. Толькі на паўночнай перыферыі арэала (прыкладна на поўнач ад 55-й паралелі[22]) у Расеі і Паўночнай Амэрыцы, дзе дзічына, на якую палююць птушкі (напрыклад, суркі), упадае ў сьпячку, частка беркутаў на зіму качуе на поўдзень, тым ня менш застаючыся ў межах гнездавога арэала або ў непасрэднай блізкасьці ад яго. Маладыя птушкі больш схільныя да далёкіх перамяшчэньняў, зьлятаюць раней за астатніх і на большую адлегласьць. Дарослыя арлы імкнуцца трымацца паблізу ад гнездавых участкаў і ў выпадку патрэбы толькі нязначна перамяшчаюцца на поўдзень. У гарах беркуты зьдзяйсьняюць вэртыкальныя качаваньні, зімой спускаючыся ў менш сьнежныя даліны. У Паўночнай Амэрыцы асеньні адлёт пачынаецца ў верасьні, вяртаньне да месцаў гняздаваньня ў пачатку лютага і пазьней[23].

Месцапражываньні

Засяляе разнастайныя адкрытыя і часткова парослыя ляндшафты, якія рэдка наведваюцца людзьмі, у тым ліку тундру, лесатундру, месцы, парослыя хмызьняком, высокаствольныя іглічныя і зьмешаныя лясы з адкрытымі ўчасткамі, стэп, паўпустынныя каньёны. Найбольшай шчыльнасьці расьсяленьня дасягае ва ўзгорыстай мясцовасьці і гарах, дзе ў гнездавы пэрыяд сустракаецца ў міжгорных далінах і альпійскіх лугах на вышыні да 3600 м над узроўнем мора[19]. У раўнінных лясох часта выбірае парослыя дравяністай расьліннасьцю «выспы» пасярод сфагнавых балот, схілы рачных далін. Для пабудовы гнязда і адпачынку выбірае цяжкадаступныя скалістыя ўступы або вялікія дрэвы з тоўстымі гарызантальнымі галінамі. Кармавая тэрыторыя знаходзіцца ў радыюсе да 7 км ад гнязда — як правіла, гэта шырокія адкрытыя прасторы, дзе жывуць зайцы, грызуны і іншая прыдатная дзічына — напрыклад, балоты, даліны рэк, высечкі, гары, верасовыя пусткі і пашы[24]. У густым лесе беркут ніколі не палюе — шырокі размах крылаў не дазваляе яму лавіраваць паміж дрэвамі[8].

У няволі

Да жыцьця ў няволі беркут прызвычайваецца нядрэнна, працягласьць яго жыцьця ў заапарках дасягае 60 і болей гадоў, але там ён не размнажаецца. У Казахстане і Цэнтральнай Азіі беркута са старадаўніх часоў прыручаюць і выкарыстоўваюць на паляваньні. Арол здабывае для людзей зайцаў, ліс, маладых ваўкоў і розных птушак. Прычым прыручаная птушка можа жыць у гаспадара многія гады, цярпліва выконваючы свае паляўнічыя абавязкі.

Remove ads

Харчаваньне

Рацыён

Палюе на разнастайную дзічыну, у тым ліку і буйную, лёгка прыстасоўваючыся да ўмоў пэўнай мясцовасьці і пэўнага часу году. Нярэдка ў рацыёне пераважаюць суркі, сусьлікі, трусы, тхары, скунсы, чарапахі (напрыклад, у Баўгарыі да 20 % корму прыпадае на чарапах). Часам нападае на жывёл, якія значна пераўзыходзяць яго па вазе і памерах, асабліва хворых ці маладняк — к высакародных аленяў, казуляў, сернаў, авечак[3][24].

Харчуецца беркут таксама вавёркамі, мышамі, цецерукамі, гусямі, глушцамі, можа справіцца зь дзікімі казламі, лісіцамі і іншымі жывёламі.

Thumb
Рэшткі сурка, разадранага беркутам — асноўная здабыча гэтага драпежніка ў гнездавы пэрыяд у Альпах.

У савецкай літаратуры сярод здабычы беркута часта ўпамінаюцца розныя грызуны, вожыкі, лясныя куніцы, гарнастаі, вавёркі, лісы, нованароджаныя паўночныя алень і казулі. Часта палюе на птушак шызых галубоў, глушцоў, цецярукаў, пардваў, перапёлак, качак, чапляў, хатніх гусей, соваў і нават ястрабаў[8][24].

На поўдні арэала есьць зьмей, жабаў і іншых паўзуноў і земнаводных. Ахвотна ўжывае ў ежу і падаль, асабліва ў халодную пару году[3][8].

Паводле дасьледаваньняў сутачная патрэбнасьць беркута складае 230—250 г мяса ў дзень. Пры неабходнасьці ён здольны пратрымацца безь ежы адзін тыдзень.

Спосаб паляваньня

Thumb
Са здабычай.

Па-за сэзонам размнажэньня звычайна палюе парамі. Тэхніка здабычы ежы шмат у чым залежыць ад надворʼя. У ясны сонечны дзень арол часьцей за ўсё падоўгу лунае высока ў небе ці як цецяроўнік лятае на малой вышыні. Іншы варыянт паляваньня больш характэрны для непагодлівага дня — з засады, калі птушка цярпліва азірае навакольлі з вышыні мёртвага дрэва або буйнога валуна. Прымеціўшы патэнцыйную ахвяру, арол пераходзіць на хуткі і манэўраны махаючы палёт альбо пікіруе з часткова складзенымі крыламі, хапае яе на зямлі альбо, калі гэта птушка, часам на ўзьлёце. Хапаць і забіваць здабычу можа па-рознаму. Часьцей за ўсё беркут адной лапай хапае ахвяру за галаву, а другою за сьпіну, спрабуючы пераламаць хрыбетнік. Часам бʼе дзічыну ў шыю вострай дзюбай, разьдзіраючы буйныя сасуды. Калі буйная жывёла супраціўляецца, ударае некалькі разоў, з дапамогай крылаў балянсуючы на яго сьпіне.

Выніковасьць паляваньня павялічваецца з узростам арла. Маладая, непаўналетняя птушка ў сярэднім ловіць толькі аднаго зайца з дваццаці, аднак пазьней дасягае такога майстэрства, што хапае ахвяру яшчэ да таго, як тая паспрабуе ўцячы. Да здабычы, якую цяжка злавіць, як напрыклад, фазаны або курапаткі, беркут хутка губляе цікавасьць. Птушка здольна пераносіць у лапах да 4—5 кг мяса і ў пэрыяд размнажэньня нярэдка разьдзірае здабычу на кавалкі перш, чым аднесьці яе ў гняздо. Калі здабыча досыць буйная, арол вяртаецца да яе зноў і зноў, праганяючы іншых падлаедаў, такіх як грыфы[3]. Часам арлы адбіраюць здабычу ў іншых птушак, свайго ці чужога віду. У прыватнасьці, у Канадзе такія спробы неаднаразова адзначаліся ў выпадку з Buteo jamaicensis[25].

Remove ads

Размнажэньне

Як правіла, беркуты пачынаюць размнажацца з узросту чатырох ці пяці гадоў, часам яшчэ да набыцьця канчатковага дарослага перʼевага ўбору (ёсьць рэдкія назіраньні маладых самак на гнязьдзе)[3][9]. Будучы тыпова манагамнай птушкай, гэты арол захоўвае шлюбную вернасьць на працягу многіх гадоў, пакуль жывы іншы член пары. Калі птушак не турбаваць, то адзін і той жа гнездавы ўчастак выкарыстоўваецца некалькі гадоў запар, пры гэтым самец і самка ахоўваюць яго ад іншых драпежных птушак круглы год і стараюцца не пакідаць нават у халодную зіму.

Шлюбныя гульні

Шлюбны сэзон у залежнасьці ад шыраты і ўзроўню аселасьці надыходзіць у пэрыяд зь лютага па красавік[26].

У гэты час абедзьве птушкі пары вядуць сябе дэманстратыўна — выконваюць розныя паветраныя фігуры. Адной з самых відовішчных фігур лічыцца тыповы для арлоў і канюкоў так званы «гірляндавы», хвалепадобны палёт зь вялікай амплітудай, які можа выконвацца адным ці двума членамі пары. Падчас трука арол набірае вышыню і зрываецца ў крутое піке, разгарнуўшы плечы і прыціснуўшы канцы крылаў да хваста. У ніжнім пункце птушка рэзка зьмяняе кірунак руху і пад вуглом адбіцьця імкнецца ўгору на ранейшую вышыню. У верхнім пункце арол, страціўшы хуткасьць, робіць некалькі ўзмахаў крыламі і зноў нырае, паўтараючы папярэдні віраж[27]. Іншыя дэманстратыўныя нумары — пагоня адзін за адным, сымуляваньне нападу, дэманстрацыя кіпцюроў, сумеснае лунаньне і кружэньне па сьпіралі[19][28].

Гняздо

У сэзон размнажэньня тэрыторыя заўсёды добра ахоўваецца ад іншых драпежнікаў, аднак птушкі абараняюць ня столькі само гняздо, колькі межы ўчастка, праганяючы прышэльцаў на яго ўскраінах[29]. Пры гнездаваньні птушкі, патрывожаныя чалавекам, вельмі рэдка спрабуюць уступіць у сутычку, замест гэтага вельмі лёгка кідаюць кладку альбо птушанят і назаўсёды пакідаюць гэты раён[5].

Thumb
Яйка і пухавое птушаня

Будаўніцтва і ўладкаваньне гнёздаў ў аселых беркутаў можа працягвацца на працягу ўсяго году, аднак пік актыўнасьці, як правіла, прыпадае на пэрыяд з канца студзеня па пачатак сакавіка[30]. Кожная пара можа адначасова даглядаць да дванаццаці гнёздаў[31], якімі карыстаюцца папераменна, але звычайна іх колькасьць не перавышае двух ці трох[5]. Часта гнёзды ня проста старыя, а старажытныя — аб гэтым можна меркаваць па колькасьці касьцяных рэшткаў пад імі. Штогод пабудовы абнаўляюцца і дабудоўваюцца. Месца разьмяшчэньня гнязда — скрыжаваньне ствала або тоўстая галіна дрэва, скалістая ніша або карніз, часам нежылая штучная пабудова (геадэзічная вышка[17], апора высакавольтнай лініі[32], вятрак[19] і т. п.). Выбар залежыць ад раёна пражываньня — напрыклад, на большай частцы тэрыторыі Расеі (акрамя горных раёнаў на поўдні краіны) перавага аддаецца буйным іглічным дрэвам. У Эўразіі гэта пераважна хвоя і лістоўніца, але таксама могуць быць кедравая хвоя, асіна, бяроза або яліна[17]. У Амэрыцы найбольш часта выкарыстоўваюцца дугласія і Pinus ponderosa[33].

На дрэве беркуту трэба хаця б невялікая адкрытая прастора для падлёту — у лесе гэта могуць быць прасека, старая дарога, паляна, схіл пагорка, ускраіна балота. Яшчэ адно патрабаваньне — абарона ад моцнага ветру і прамых сонечных прамянёў, якія могуць згубна адбіцца на разьвіцьці птушанят[34]. Адлегласьць ад гнязда да паверхні зямлі сама па сабе вялікага значэньня ня мае (вядомы выпадкі ад 0 да 107 м[19]), калі яно недаступна для буйных наземных драпежнікаў накшталт бурага мядзьведзя або расамахі. Пры размнажэньні на дрэвах гняздо, як правіла, уладкоўваецца ў ніжняй або сярэдняй частцы кроны на вышыні ад 10 да 18 м, дзе галіны досыць тоўстыя і трывалыя, каб вытрымаць вагу пабудовы і птушак. Гнёзды, зробленыя з тоўстых сукоў, у гэтым выпадку маюць вельмі вялікія памеры — дыямэтар 1-2 м і вышыню 0,5-1,9 м[17]. У адрозьненьне ад іншых блізкіх відаў беркуты заўсёды высьцілаюць латок леташняй травой, карой і кавалачкамі моху, а па краі гнязда зялёнымі галінкамі іглічных ці радзей лісьцевых парод дрэў і хмызьнякоў[17][33]. У гнязьдзе таксама могуць прысутнічаць пёры і мех забітых жывёл, якія служаць свайго роду подсьцілам[5]. Гняздо ўтрымліваецца ў чысьціні — сьвежае высьціланьне адбываецца ня толькі перад кладкай яек, але і на працягу ўсяго пэрыяду размнажэньня аж да вылету птушанят. Кожны год гняздо падпраўляецца і дабудоўваецца, паступова павялічваючыся ў памерах. Паміж тоўстымі сукамі гнязда могуць жыць верабʼі, на якіх беркуты не зьвяртаюць увагі.

Выседжваньне і птушаняты

Thumb
Яйкі

Час адкладваньня яек расьцягнуты ў залежнасьці ад раёна гнездаваньня — ад першай паловы сьнежня ў Амане да сярэдзіны чэрвеня на поўначы Аляскі і Сібіры[35]. У кладцы 1-3 (часьцей за ўсё 2) яйкі, якія самка адкладае з прамежкам у 3-4 дні[3][33]. Яны брудна-белага колеру, з бурымі або рудымі пярэсьцінамі і плямкамі рознай інтэнсіўнасьці, больш кантраснымі ў параўнаньні з арлом-магільнікам. Памеры яек (68—89)×(51—66) мм[5]. Наседжваньне пачынаецца зь першага яйкі і працягваецца 40—45 дзён. Сядзіць большай часткай самка, якую зрэдку і ненадоўга падмяняе самец[5].

Thumb
Падрослае птушаня з прыкметамі апярэньня.

Пакрытыя белым з шараватым налётам пухам птушаняты зьяўляюцца на сьвет у тым жа парадку, як і адкладаліся яйкі — з інтэрвалам у некалькі дзён. Пры гэтым больш шанцаў выжыць у першынца, які вядзе сябе агрэсіўна ў адносінах да малодшых братоў і сясьцёр — дзяўбе іх, адштурхвае і не дае браць ежу. Пры гэтым бацькі застаюцца безуважныя да таго, што адбываецца. У выніку 50-80 % птушанят, якія зьявіліся другімі, гінуць у першыя ж два тыдні жыцьця[31]. Пакуль птушаняты маленькія і бездапаможныя, самец самастойна здабывае корм і прыносіць яго ў гняздо, у той час як самка сагравае і корміць вывадак, разьдзіраючы здабычу на часткі. Як толькі птушаняты падрастаюць і пачынаюць самастойна дзяўбці ежу, самка таксама вылятае на паляваньне[36]. Ва ўзросьце 65-80 дзён арляняты ўстаюць на крыло, але яны яшчэ доўга застаюцца ў межах гнездавога ўчастка — напрыклад, у Шатляндыі і Скандынавіі да кастрычніка, а ў Альпах да зімы, у некаторых выпадках да студзеня[3]. Працягласьць жыцьця беркута на волі ў сярэднім складае каля 23 гадоў[37], так што нават пры малым посьпехе размнажэньня папуляцыя застаецца ўстойлівай. Найбольшы вядомы ўзрост у дзікай прыродзе ў Эўропе быў зарэгістраваны ў Швэцыі — больш за 32 гады[38]. У заапарках арлы дажываюць да 50 гадоў[31].

Remove ads

Экалёгія і ахова

Колькасьць

Thumb
Да зьяўленьня фатаграфіі для ілюстрацыі жывёл часта выкарыстоўваліся літаграфіі. Аўтар Ёзаф Вольф, 1862.

На цяперашні час беркут цалкам зьнік або стаў вельмі рэдкай птушкай ў многіх рэгіёнах сьвету, больш ці менш захаваўшыся толькі ў гарах, бязьлеснай тундры і стэпе[5]. Паводле ацэнак арнітолягаў, у цяперашні час агульная колькасьць гэтай птушкі ў сьвеце складае каля 170 тысяч асобін[39], зь якіх толькі ад 6,5 да 7,5 тысяч прыпадае на Эўропу[3]. У краінах Эўропы самыя вялікія папуляцыі ёсьць у Гішпаніі (1277—1294 пар, зьвесткі 2002 году), Нарвэгіі (862—1042 пар, 2003 г.), Італіі (больш за 500 пар, 2001 г.), Расеі (каля 500 пар, 2001 г., эўрапейская частка), Фінляндыі (410—430 пар, 2003 г.), Францыі (390—460 пар, 2002 г.), Аўстрыі (300—350 пар, 2002 г.), Нямеччыны і Швайцарыі (у абодвух выпадках 30—310 пар, 1996 г.)[3]. Прыкладная колькасьць беркутаў у Паўночнай Амэрыцы — ад 25 да 50 тысяч пар[33].

На тэрыторыі Расеі ёсьць статыстыка толькі па асобных абласьцях. Найбольш буйныя папуляцыі са шчыльнасьцю да 5-10 пар на 1000 км² (1995—1998), як і ў Заходняй Эўропе, адзначаны ў горных раёнах — на Ўрале (каля 350 пар, 1998), Паўночным Каўказе (60-80 пар, 1988—1997) і Горным Алтаі (больш за 100 пар, 1996)[21]. У многіх іншых рэгіёнах, у тым ліку на паўночным захадзе і цэнтральных раёнах эўрапейскай часткі, на Сярэднім Паволжы, у Башкартастане, на Ўрале, у Паўднёвай Сібіры, арнітолягі паведамлялі аб зьнікненьні віду. Толькі ў апошнія гады сталі зьяўляцца паведамленьні пра адзінкавыя гнездаваньні гэтага арла[4].

Гнездавая папуляцыя ў Беларускім Паазерʼі, як мяркуюць, пад канец XX ст. складала 20-25 пар, у 1975—1987 гады тут выяўлена 7 гнездавых участкаў з 14 гнёздамі птушкі. У гнездавы пэрыяд адзіночныя дарослыя беркуты або іх пары няраз сустракаліся на буйных вярховых балотах. Для іншых вобласьцяў Беларусі колькасьць невядомая. Гняздуецца ў Белавескай пушчы, пара птушак была зарэгістравана ў Прыпяцкім запаведніку. У 1983 годзе ў Кобрынскім раёне назіралі здабычу беркутам дзікай гусі[40].

Абмежавальныя фактары

Пачынаючы з XVII стагодзьдзя, беркута разам зь іншымі драпежнікамі, такімі як буры мядзьведзь, воўк, рысь, барадач, пачалі сыстэматычна перасьледваць і зьнішчаць у Заходняй Эўропе, а затым і ў Амэрыцы. Прычынай таму былі частыя напады на авечак, цялят і іншую хатнюю жывёлу, якія прыводзілі да скарачэньня пагалоўя, а таксама мода на выраб пудзілаў. Так, на прыкладзе Нямеччыны ў першай палове XVII стагодзьдзя апошнія птушкі былі вынішчаны ў Тʼюрынгенскім Лесе, Цытаўскіх гарах і Рудных гарах, з 1750 году ў гарах Гарц, да пачатку XIX стагодзьдзя ў Швабскім Альбе. У 1816 годзе апошнія гняздуючыя пары былі адзначаны ў Шварцвальдзе і Айфелі, каля 1840 году ў Цэле, у 1860 годзе ў Флемінзе, у 1864 годзе ў Крконашэ, у 1865 годзе ў Мекленбургу, у 1870 годзе ва Усходняй Прусіі, у 1876 годзе ў Брандэнбургу, у 1887 годзе ў Памераніі[41]. У Паўночнай Амэрыцы арлоў таксама бескантрольна нішчылі — толькі ў пэрыяд з 1940-х па 1960-я гады на паўднёвым-захадзе ЗША было зьнішчана больш за 20 тысяч птушак[33]. Многія беркуты гінулі ад удару электрычнага току, пакуль не была ўведзена дадатковая ізаляцыя высакавольтных лініяў[42]. Нягледзячы на заканадаўчыя акты па ахове беркута, бескантрольны адстрэл да гэтага часу застаецца адной з найбольш частых прычын гібелі гэтых птушак[31].

У 1950-я і 1960-я гады у сельскай гаспадарцы актыўна выкарыстоўваліся ДДТ, дзільдрын і іншыя пестыцыды — атрутныя рэчывы, што зьнішчаюць шкодных насякомых. Ужываньне гэтых рэчываў стала прычынай гібелі многіх драпежных птушак, у тым ліку беркута. Арлы знаходзяцца на вяршыні харчовага ланцуга, таму хімікаты хутка назапашваліся ў іх арґанізьме і перашкаджалі эмбрыянальнаму разьвіцьцю нашчадкаў, шкарлупіна яек станавілася вельмі тонкай, крохкай і часта заўчасна ламалася, што прыводзіла да гібелі кладак[43]. У цяперашні час выкарыстаньне гэтых ядахімікатаў забаронена ў большасьці краін сьвету.

Яшчэ адзін істотны фактар ​​абмежаваньня колькасьці — залежнасьць ад багацьця кармавой базы. Заўважана, што ў амэрыканскім штаце Айдаха прадуктыўнасьць арлоў напрамую залежыць ад колькасьці Lepus californicus — асноўнай здабычы арлоў у гэтым раёне. Нараджальнасьць беркутаў рэзка ўзрастае, калі раз у 7-12 гадоў наступае пік папуляцыі, і наадварот, зьніжаецца, калі зайцы становяцца рэдкімі[29]. У верхнім цячэньні Іртыша, дзе жыве шмат Marmota baibacina, шчыльнасьць гнездоўяў беркута амаль у 10 разоў вышэйшая чым там, дзе суркоў мала: 1 пара на 100—120 км² супраць 1 пары на 1000 км²[4][44].

Беркут успрымальны да неспакою, які прычыняе чалавек, і ніколі не селіцца калі жылых раёнаў — калі паспрабаваць падысьці на блізкую адлегласьць да птушак у час гнездаваньня, яны могуць назаўжды кінуць гняздо, нават калі там знаходзяцца яйкі або птушаняты. Асваеньне дзікіх адкрытых біятопаў, напрыклад, асушэньне балот або апрацоўка зямлі пад сельскагаспадарчыя патрэбы, таксама прыводзіць да зьнікненьня арлоў з гэтых раёнаў[34].

Ахова

Нягледзячы на тое, што беркут ў многіх частках арэала лічыцца рэдкай птушкай, яго колькасьць у цэлым у апошнія гады застаецца ўстойлівай. У сувязі з гэтым, Міжнародны саюз аховы прыроды не разглядае беркута як від пад пагрозай выміраньня, — у міжнароднай Чырвонай кнізе беркут мае статус таксона найменшай рызыкі (катэгорыя LC)[45].

Тым ня менш, гэты арол ахоўваецца шэрагам міжнародных пагадненьняў і рэгіянальных заканадаўчых актаў. У прыватнасьці, беркут уключаны ў Дадатак 2 CITES (забарона на гандаль), Дадатак 2 Бонскай канвэнцыі, Дадатак 2 Бэрнскай канвэнцыі, Дадатак I Дырэктывы ЭЗ па ахове рэдкіх птушак, Дадатак да двухбаковых пагадненьняў, заключаных Расеяй з ЗША, Індыяй і КНДР аб ахове мігруючых птушак[21]. У Расеі і Казахстане птушка занесена ў фэдэральныя і рэгіянальныя Чырвоныя кнігі, дзе мае статус рэдкага віду з колькасьцю, якая скарачаецца (III катэгорыя)[21][46]. У ЗША беркут, а таксама белагаловы арлан знаходзяцца пад аховай фэдэральнага закона Bald and Golden Eagle Protection Act (16 USC 668-668c) ад 1940 году. Гэты заканадаўчы акт забараняе супрацьпраўнае валоданьне, транспарціроўку і продаж птушак (жывых або мёртвых), іх частак і яек. Пад валоданьнем, акрамя ўсяго іншага, маецца на ўвазе забойства ў любой форме (у тым ліку адстрэл, атручваньне з дапамогай яду альбо ўстаноўка любых пастак), прычыненьне шкоды або непакою[47].

Занесены ў Чырвоныя кнігі Беларусі, Латвіі, Летувы, Польшчы, Украіны.

Гняздоўі беркута нярэдка знаходзяцца пад аховай запаведнікаў і нацыянальных паркаў. У Паўночнай Амэрыцы прыкладам такіх ахоўных тэрыторыяў можна назваць біясфэрны рэзэрват Дэналі на Алясцы[22] і нацыянальны парк Астравы Чанел ля берагоў Каліфорніі[48], у Заходняй Эўропе Швайцарскі нацыянальны парк[49] і парк Гленвех (Glenveagh) у Ірляндыі[50].

На тэрыторыі Расеі беркут дакладна ці імаверна, гняздуецца ў дваццаці запаведніках і нацыянальных парках, у тым ліку ў Азасе, Алтайскім, Баргузінскім, Башкірскім, Віцімскім, Дарвінскім, Кабардзіна-Балкарскім, Краноцкім, Лапляндзкім, Пячора-Ілыцкім, Палістоўскім, Саяна-Шушанскім, Цебярдзінскім, Цэнтральна-Лясным і Шульган-Таш[21]. Беркуты нядрэнна ўжываюцца ў заапарках, але патомства прыносяць нячаста.

Remove ads

Клясыфікацыя і падвіды

Thumb
Філагенія арлоў на аснове камбінаванага аналізу ядзернай і мітахандрыяльнай ДНК. фрагмэнт.[51]

Першае навуковае апісаньне беркута пад назовам Falco chrysaëtos (Aquila chrysaëtos) было зроблена швэдзкім натуралістам Карлам Лінеем у 1758 годзе ў 10-м выданьні яго «Сыстэмы прыроды»[52][53][54]. Родавая назва Aquila паходзіць з латыні і літаральна азначае «арол» (адсюль па-француску: aigle і па-ангельску: eagle), і ў сваю чаргу, мае агульны корань са словам aquilus — цёмны[55]. Відавая назва паходзіць ад двух старажытнагрэцкіх словаў chrysaetos па-старажытнагрэцку: χρῡσός (залаты) і ἀετός (арол — птушка, прысьвечаная Зэўсу)[56].

Беркут адносіцца да сямейства ястрабіныя, роду арлы. Згодна з генэтычным дасьледаваньнем МтДНК, праведзеным нямецкімі спэцыялістамі ў пачатку 2000-х гадоў, бліжэйшымі сваякамі беркута па сястрынскай лініі зьяўляюцца Aquila verreauxii, Aquila audax, Aquila fasciata, а таксама афрыканскі від Hieraaetus spilogaster[51].

Па інтэнсіўнасьці афарбоўкі апярэньня і агульным памерам вылучаюць шэсьць падвідаў беркута:

Remove ads

Беркут і чалавек

Этымалёгія

На думку спэцыялістаў, слова беркут, відаць, прыйшло з цюрцкіх моваў стараўзбэцкай börküt альбо казаскай bürküt[58]. Вядомы нямецкі мовазнавец расейскага паходжаньня Макс Фармер у «Этымалягічным слоўніку расейскай мовы» адзначае падобныя назвы ў іншых мовах з гэтай і іншых суседніх групаў: bircut у татарскай, mörküt (ці mürküt) на тэлеўцкім дыялекце горнаалтайскай, bürgüd у мангольскай[59]. Так, у міталёгіі туркмэнаў прысутнічае пэрсанаж даісламскага паходжаньня Буркут-баба (Буркут-канапы) — гаспадар дажджу, бог, які ўступае ў спрэчку з самім Алагам. Буркут-бабу прасілі выклікаць дождж, ён паганяў аблокі бізуном і выклікаў гром і маланку. Назва птушкі замацавалася і ў некаторых славянскіх мовах — украінскай і расейскай беркут, польскай berkut, bircut[58][60]. Расейскія арнітолягі Г. П. Дзяменцьеў і М. А. Гладкоў у шматтомніку «Птушкі Савецкага Саюза» адзначаюць, што ў валійскай мове існуе слова bargud, якое жыхары Брытанскіх астравоў ўжываюць у адносінах да буйных драпежных птушак[8].

Паляваньне зь беркутам

У качавых народаў Цэнтральнай Азіі, галоўным чынам казахаў, кіргізаў і манголаў, беркут выкарыстоўваецца ў якасьці лоўчай птушкі для паляваньня на лісіц-карсакаў, зайцоў, часам ваўкоў, сайгакаў і джэйранаў.

Thumb
Кіргіскі паляўнічы-бяркутчы

Традыцыя паляваньня зь беркутам мае вельмі старажытную гісторыю — пра гэта, у прыватнасьці, сьведчаць наскальныя малюнкі (пятрогліфы), знойдзеныя на тэрыторыі Манголіі і якія адносяцца да андронаўскага пэрыяду бронзавага веку (XVI—XIV стст. да н. э.)[61].

Патомныя паляўнічыя, якіх называюць бяркутчы або кузьбегі, вучацца зь дзяцінства і сакрэты майстэрства перадаюць з пакаленьня ў пакаленьне. Звычайна паляўнічы-пачатковец спачатку вучыцца кіраваць перапёлачнікам і каршачком, затым спрабуе прыручыць цецяроўніка}, сапсана, балобана (Falco cherrug). Толькі пасьля гэтага чалавеку давяраюць навучаньне больш буйнога, моцнага і небясьпечнага беркута, заўсёды пад наглядам больш дасьведчанага настаўніка[62].

У казахаў, кожная птушка ў залежнасьці ад узросту мае сваю адмысловую назву: аднагадовая — балапан/balapan, двухгадовая — қантүбіт/qantubit, трохгадовая — тірнек/tirnek, 4-гадовая — тастүлек/tastulek, 5-гадовая — мұзбалақ/muzbalaq, 6-гадовая — көктүбіт/koktubit, 7-гадовая — қана/qana, 8-гадовая — жана/zhana, 9-гадовая — майтүбит/maitubit, 10-гадовая — барқын/barqyn, 11-гадовая — баршын/barshyn, 12-гадовая — шөгел/shogel. Каб выдрэсіраваць беркута трэба месяцы і нават гады.

Як правіла, да паляваньня прывучаюць маладых, але ўжо лятаючых арлоў. Працэс лоўлі дзікай птушкі займае адзін—два дні: паляўнічы расстаўляе сетку з прынадай (напрыклад, голубам або Alectoris chukar) у месцах, дзе палюе птушка. Злоўленага беркута некалькі дзён мардуюць голадам і бяссоньніцай. Паляўнічы неадлучна знаходзіцца побач з птушкай, размаўляе зь ёй, гуляе на дамбры. Затым птушку дрэсіруюць на кармленьне з рукі. Спачатку дзікі арол не прымае ежу ад чалавека і часта на яго кідаецца, аднак празь некаторы час прывыкае і становіцца больш паслухмяным. Наступны этап — траўля на прынаду з набітым саломай пудзілам лісіцы, прывязаным на доўгую вяроўку (даўней практыкаваліся з жывым сабакам). Галодную птушку выносяць на вуліцу з надзетым на галаву скураным каўпачком — тамага (або клабучком), і здымаюць яго ў прысутнасьці ахвяры. Птушка накідваецца на здабычу, але ёй не даюць разарваць ахвяру і ўзнагароджваюць кавалкам мяса. Беркута таксама прывучаюць да сядла, вывозяць з гаспадаром у стэп, даюць прывыкнуць да пастаяннага пагойдваньня і пошчаку капытоў. Асобы момант — дрэсіроўка на вяртаньне да рукі паляўнічага. Пасьля доўгіх урокаў беркут бывае гатоў да паляваньня і разам з тым настолькі прывыкае да свайго гаспадара, што больш не імкнецца паляцець ад яго[63][64].

Палююць зімой з каня, звычайна раніцай ці вечарам. Беркута не трымаюць на руцэ як лёгкіх сокалаў, а садзяць наперадзе бяркутчы на каня. Да выступаючага выгібу сядла, лукі, мацуецца спэцыяльная падпорка з ашэсткам, на якую кладзецца апранутая ў тоўстую і доўгую скураную пальчатку рука вершніка, а зьверху на яе ўсаджваецца птушка. Надзеты на вочы скураны каўпачок з бразготкамі дае беркуту адчуваньне ночы і не адцягвае ўвагу на дарогу, скураныя папружкі і ланцужок не дазваляюць узьляцець раней часу. Прымеціўшы дзічыну, паляўнічы з трывожным крыкам аслабляе путы, скідае з галавы беркута каўпачок і падштурхоўвае ўверх. Узьляцеўшы арол зь незвычайнай хуткасьцю нападае на перасьледуемую жывёлу, учапляецца ў яе кіпцюрамі і забівае. Падскокваючы, паляўнічы ўгаворвае птушку адпусьціць зьвера, ласкава размаўляючы зь ёй і ўзнагароджваючы кавалкам мяса. Прыняўшы здабычу, бяркутчы тут жа здымае зь яе шкуру, а птушцы зноў насоўвае на вочы каўпак, сьцягвае ногі путамі і саджае яе на сядло[64][65].

У культуры народаў Алтая

Беркут меў вельмі важнае значэньне ў шаманскім уборы старажытных алтайцаў і лічыўся яго памочнікам — пра гэта, у прыватнасьці, сьведчаць пятрогліфы з помнікаў наскальнага мастацтва Бага-Агура, Чанкыр-Кель, Сярэдняй Катунь, Караколе. Фігуры птушак, арла і беркута, у палёце маляваліся на тыльным баку шапкі — адном з найважнейшых атрыбутаў касьцюма шамана. Плечы ўпрыгожвалі пучкі пёраў беркута, савы і пугача, сымбалізуючы двух беркутаў або двух сокалаў — лічылася, што гэтыя птушкі павінны паўсюль суправаджаць гэтага пасярэдніка паміж людзьмі і духамі. Да беркута зьвяртаўся шаман ў сваіх закліках — «з лунападобнымі крыламі, чорны мой беркут»[66][67].

У вуснай творчасьці народаў Алтая беркут праяўляецца ў двух эпасах — «Кагутэй» і «Алтай-Буча». Апошні апавядае пра двух беркутаў, ператвораных у верабʼёў, і каня, які ператварыўся ў арла. Усе трое ратуюць ад сьмерці волата Алтай-Бучая і дапамагаюць зьдзейсьніць адплату[67]. У гэтым жа творы прыводзіцца доказ, што алтайцы гэтак жа, як і стэпавыя качэўнікі, выкарыстоўвалі гэтага арла ў якасьці лоўчай птушкі на паляваньні[68].

У культуры індзейцаў

Thumb
Правадыр племэні Патаватомі з галаўным уборам зь пёраў беркута.

У многіх культурах паўночнаамэрыканскіх індзейцаў беркут і белагаловы арлан лічацца сьвятымі птушкамі, духоўнымі пасланцамі багоў[69]. Пёры, косьці і кіпцюры, якія выкарыстоўваюцца ў рэлігійных абрадах і цырымоніях, маюць сакральнае значэньне і па значнасьці параўнальныя з расьпяцьцем і сьвятым пісаньнем у хрысьціянстве. У племэні Лакота (Сіў) іх падаюць чалавеку ў якасьці даніны павагі, прызнаньня яго вялікіх дасягненьняў. У былыя часы прыкладамі такіх дасягненьняў у гэтых народаў маглі служыць адвага падчас бітвы ці баявы дотык да ворага (але не забойства) пры дапамозе рук, лука, дзіды, ляскоткі або плеці. Першы ўдачлівы воін атрымліваў права прымацаваць пяро беркута на патыліцу апахалам ўверх, другі воін, дакрануўшыся да таго ж ворага, прымацоўваў пяро наўскасяк пад вуглом у левы бок, трэці набываў права насіць пяро ў гарызантальным становішчы, а чацьвёрты апахалам ўніз. Падобны знак павагі меўся ў народа аджыбвэ: воін, які зьняў скальп з ворага, ўзнагароджваўся двума перʼямі на галаву, а той, хто ўзяў у палон — пяцьцю[70].

Пёры ідуць на выраб нацыянальных галаўных убораў, веераў і турнюраў. Асабліва каштоўнымі лічацца пёры маладога беркута — сьветлыя зь цёмнай палоскай па краі[70]. Кіпцюры драпежнікаў нярэдка выкарыстоўваюцца як амулеты альбо служаць аксэсуарам падчас танцавальных нумароў паў-ваў. З костак крыла вырабляюць цырыманіяльныя сьвісткі, а ў старажытнасьці лекары высмоктвалі хваробу з арґанізму з дапамогай трубчастых костак. У племэні Паўні беркут і белагаловы арлан сымбалізуюць пладавітасьць, бо будуюць гнёзды высока над зямлёй і адчайна абараняюць патомства. Індзейцы Квакіутл раскідвалі пух птушак, вітаючы дарагіх гасьцей[71]. Некаторыя плямёны, у прыватнасьці кроу і шашоны, прымацоўвалі пудзіла беркута над уваходам у жыльлё, лічачы яго «гаспадаром ўсіх паветраных істот» і «захавальнікам, які абараняе чалавека ад злых духаў». Індзейцы лічылі, што арол, якога часта надзялялі эпітэтам буравесьнік, бліжэй за іншых падлятае да сонца і зьяўляецца пасланьнікам, які перадае весткі паміж духамі і чалавекам.

У заходняй культуры

Thumb
Герб Мэксыкі — беркут, які пажырае зьмяю.

У большасьці старых эўрапейскіх моваў беркут ня мае сваёй адмысловай назвы. Часьцей за ўсё буйных драпежных птушак з характэрным арліным абліччам называлі адным словам — аквіла (aquilla) у Рыме, аэтас (ἀετός) у Грэцыі, арлом на Русі і г. д. Аднак беркут, як самы буйны з арлоў, безумоўна прыцягваў да сябе ўвагу чалавека. Вобраз гэтай птушкі часта выкарыстоўваўся ў старажытнасьці, напрыклад, у Другім законе — пятай кнізе Торы і Старога Запавету — клопат Госпада пра Якава параўноўваецца з клопатам арла пра патомства: «як арол вызывае гняздо сваё, носіцца над птушанятамі сваімі, распасьцірае крылы свае, бярэ іх і носіць іх на сабе, так Гасподзь адзін вадзіў яго, і не было зь ім чужога бога» (Друг. 32:11—12).

У мітах Старажытнай Грэцыі арла зьвязвалі з Зэўсам — вярхоўным богам, які пасылаў гэту птушку дзяўбці печань Прамэтэю і сам ператвараўся ў птушку, каб выкрасьці прыгожага траянскага юнака Ганімеда[72]. Штандар у выглядзе арла быў упершыню выкарыстаны персамі у 401 годзе да н.э. у бітве пры Кунаксе, аднак найбольш шырока стаў прымяняцца рымскімі легіянэрамі[73].

Thumb
Герб Беларэцкага раёну Башкартастану.

У Сярэднявеччы выява арла пачала зьяўляцца на шматлікіх фамільных, а затым і дзяржаўных гербах. Гэтая традыцыя захавалася да гэтага часу. У геральдыцы арол сымбалізуе сілу, мужнасьць, дальнабачнасьць і неўміручасьць[74]. Сярод сучасных дзяржаў выява канкрэтна беркута маецца толькі на гербе і сьцягу Мэксыкі[75]. Гэты ж арол афіцыйна лічыцца нацыянальнай птушкай гэтай краіны[76]. Арол, які сядзіць на апунцыі й пажырае зьмяю, зьявіўся на дзяржаўных сымбалях дзякуючы паданьню ацтэкаў, якое апавядае пра заснаваньне іх сталіцы Тэначтытлана. Легенда кажа, што бог сонца Ўіцылапочтлі загадаў індзейцам пасяліцца там, дзе ім сустрэнецца арол, які сядзіць на высокім кактусе і трымае ў дзюбе зьмяю, так яны і зрабілі. У 1960 годзе гішпанскі арнітоляг Рафаэль Мартын дэль Кампа ідэнтыфікаваў намаляваную птушку, як Caracara plancus, шырока распаўсюджаную ў Мэксыцы, але тым ня менш на афіцыйным узроўні арол называецца águila real (літаральна «сапраўдны арол» — гішпанская назва беркута)[75].

Thumb
Arrano Beltza (Чорны Арол), геральдычны сымбаль наварскіх каралей з дынастыі Хіменесаў.

Яшчэ адна характэрная выява залатога арла маецца на сьцягу Казахстана. Хоць у апісаньні да сьцяга назва беркут не ўпамінаецца, у тлумачэньні да дзяржаўных сымбаляў падкрэсьліваецца, што беркут «займае асаблівае месца ў сьветаразуменьні качэўнікаў», а «яго адлюстраваньне на гербах і сьцягах народаў і этнічных груп, якія засялялі Казахстан, мае даўнюю традыцыю»[77]. З расейскіх рэгіёнаў залаты беркут прысутнічае на гербе і сьцягу Беларэцкага раёна Башкартастану[78] і на сьцягу гораду Дальнерэчанска Прыморскага краю[79]. З казахстанскіх рэгіёнаў пара беркутаў намалявана на гербе горада Кастанай[80].

Сучаснае выкарыстаньне назвы

  • Савецкі касманаўт, двойчы Герой Савецкага Саюза Павел Паповіч меў пазыўны «Беркут»[81]
  • Пад той жа назвай у СССР быў распрацаваны касьмічны скафандар. У скафандры гэтага тыпу 18 сакавіка 1965 году Аляксей Лявонаў першым выйшаў у адкрыты космас[82]
  • Афіцыйную назву «Беркут» маюць падразьдзяленьні міліцыі асобага прызначэньня пры абласных УМУС Украіны.
  • Пад назвай «Беркут» вядомы экспэрымэнтальны расейскі зьнішчальнік Су-47.
  • «Беркут» — першапачатковая назва зенітнай сыстэмы С-25.
  • Таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Канструктарскае Бюро Беркут» займаецца распрацоўкай партатыўных рацыяў ў дыяпазоне Сі-Бі.
  • Былы вакаліст гурта «Арыя» Артур Міхееў узяў сябе псэўданім Беркут.
  • Хакейны клюб з Ашгабада носіць назву «Бургут», так у Туркмэністане называюць беркута[83].
Remove ads

У філятэліі

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads