Веляцін

вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Веляці́н[1] — вёска ў Беларусі, уваходзіць у склад Паселіцкага сельсавету Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2004 год — 429 чалавек. Знаходзіцца за 11 км на паўднёвы ўсход ад места і чыгуначнай станцыі Хвойнікаў, каля аўтамабільнай дарогі Хвойнікі — Брагін.

Хуткія факты
Remove ads

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае і Карона Каралеўства Польскага

Thumb
Герб Карыбут князёў Вішнявецкіх.

Ці не ўпершыню Веляцін згаданы ў дакумэнце ад 6 кастрычніка 1541 году[a] з запісам аб узаемных саступках грунтоў у Брагінскім маёнтку князя Аляксандра Міхайлавіча Вішнявецкага і ў Астраглядаўскім маёнтку князя Дзьмітрыя Раманавіча Відыніцкага (Любецкага) з жонкай Феннай Палазовічаўнай. Належаў князю Вішнявецкаму[3]. Месьціўся ў Кіеўскім ваяводзтве Вялікага Княства Літоўскага, зь сярэдзіны 1569 году — Каралеўства Польскага.

Згодна з актам аб разьдзеле маёнтку Брагін 1574 году паміж князямі-братамі Міхаілам і Аляксандрам Аляксандравічамі Вішнявецкімі «Село Велетин з бояры путными, з людми заседелыми и незаседелыми, з даню грошовою и медовою, з кгрунты, дубровами, чертежами, полями и сеножатми» дасталося князю Аляксандру[4]. З падатковага рэестру Кіеўскай зямлі 1581 году вядома, што Веляцін належаў удаве княгіні Аляксандры з дому Капустаў Вішнявецкай і было ў ім восем двароў сялян-агароднікаў, зь якіх выбіралася па 4-6 грошаў[5].

Thumb
Урывак з тэксту «darowizny Brahinia» пані Крысьціны з князёў Вішнявецкіх Даніловічавай 1641 г.

Потым да 1622 году часткай Брагінскіх добраў зь вёскай Веляцін валодаў князь Адам Аляксандравіч Вішнявецкі, у якога ў 1603 годзе знаходзіўся на службе будучы самазванец на расейскім пасадзе Ілжэдзьмітры I. 20 ліпеня 1641 году пані Крысьціна, дачка князя Адама, на той час жонка Пятра Даніловіча, крайчага кароннага, саступіла князю Ярэмію Вішнявецкаму сваю палову замку і места Брагін зь сёламі, у ліку якіх быў і Веляцін[6]. Брагінскі маёнтак малодшай галіны роду Вішнявецкіх ізноў быў аб’яднаны.

На 7 сакавіка 1650 году дзяржаўцам Брагіна і той часткі воласьці, якая да 1641 г. належала пані Крысьціне Даніловічавай, названы пан Даніэль Сіліч. Тады ў Веляціне, Мікулічах, Лісьцьвіне, у частцы Сяльца разам налічвалася 130 дымоў (≈780 жыхароў)[7].

Пасьля сьмерці князя ваяводы рускага Ярэмія ў 1651 годзе вёска пэўны час была ўладаньнем сына, будучага караля Міхала Карыбута, але апошні саступіў яе маці княгіні Грызэльдзе Канстанцыі з роду Замойскіх Вішнявецкай. Каля 1672 году Брагінскія добра дасталіся пляменьніку княгіні пану Станіславу Канецпольскаму, а ў 1682 годзе, паводле тэстамэнту, — яго родзічу пану Яну Аляксандру Канецпольскаму, ваяводзічу бэлзскаму. Пад 1687 годам у справе Оўруцкага гродзкага суда Веляцін названы сярод паселішчаў, зруйнаваных працяглым (ад лістападу 1686 года да самых świątek zielonych) пастоем рэестравых казакоў палкоўніка Войска Запарожскага Паўла Апостала Шчуроўскага. У кожным з чатырох двароў тут карміўся адзін казак з сваім канём. Тады за гарэлку, рыбу, порах, чатыры пары хустаў палатна на ўладкаваньне паходных шатроў, чацьвёра ботаў вяскоўцы заплацілі 26 злотых, за адзін воз з хамутом, раменнай шляёй, касой, сякерай, рыдлёўкай, біклагай, мазьніцай з двума гарцамі дзёгцю, за соль — 416 злотых, а яшчэ далі легуміны 9 вёдраў, аўса 40 вёдраў[8]

Пасьля сьмерці ў 1719 годзе серадзкага ваяводы Яна Канецпольскага і працяглага (яшчэ і пры жыцьці дзедзіча) знаходжаньня ў заставе ў паноў Сілічаў[9], каля 1733 году Веляцін стаў уладаньнем князя Міхала Сэрвацыя са старэйшай галіны роду Вішнявецкіх, які менавіта тады ўпершыню падпісаўся «графам на Брагіне»[10]. Празь дзесяць гадоў як спачыў князь Міхал, у 1754 годзе, Брагінскі маёнтак (у тым ліку Веляцін) быў куплены ў яго дачкі княгіні Эльжбэты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай панам Францам Антоніем Ракіцкім, ашмянскім войскім. Нашчадкі апошняга валодалі ім яшчэ і ў другой палове XIX стагодзьдзя.

Thumb
Вёска Веляцін і хутар Карпілаўка. Фрагмэнт эксплікацыі да мапы Брагінскага графства 1783 г.
Thumb
Веляцін[b] на мапе «Беларускія землі ў канцы XVIII ст.» другога тому Вялікага гістарычнага атлясу Беларусі.[11].

У 1754 годзе з 23 двароў (×6 — каля 138 жыхароў) вёскі Веляцін Брагінскага маёнтку «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачваліся 3 злотых, 17 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 14 злотых, 10 грошаў[12].

Перапісы габрэйскага насельніцтва 1765, 1778 і 1784 гадоў засьведчылі пражываньне ў Веляціне адпаведна 11, 4 чалавек (głow), прыналежных да Брагінскага кагалу, і хрысьціяніна (пагалоўшчыне не падлягаў)[13]. Магмыма, выбух гайдамацка-сялянскай Каліеўшчыны ў 1768 годзе паўплываў на колькасьць габрэяў у вёсцы, роўна як і на прыняцьце адным зь іх (напэўна, галавой сямейства) хрысьціянства.

Вёска Веляцін згаданая ў эксплікацыі да мапы Брагінскага графства, датаванай 27 днём жніўня 1783 году.

Расейская імпэрыя

Thumb
Веляцін на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г.

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Веляцін — у межах Чарнігаўскага намесьніцтва, з 1796 году ў складзе адноўленага Рэчыцкага павету Чарнігаўскай, потым Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[14]. У крыніцы, заснаванай на зьвестках рэвізіі 1795 году, сказана што вёска Веляцін была ў заставе ад Людвіка Прозара[c] ў пана судзьдзі оўруцкага Міхала Паўшы, хоць уласьнікамі яго зьяўляліся графы Ракіцкія[15]; гэткая падвойная застава, надта пашыраная ў Рэчы Паспалітай і ў дарэформавай Расейскай імпэрыі.

Thumb
Веляцін і Карпілаўка на мапе Ф. Ф. Шубэрта 1850 г. з наступнымі ўдакладненьнямі.

Згодна з «Фармулярнай ведамасьцю» сяла Мікулічаў Богаяўленскай царквы 1822 году, вёска Веляцін з 83 душамі мужчынскага і 69 душамі жаночага полу належала пану Міхалу Ракіцкаму[16]. У кліравой ведамасьці за 1847 год сказана, што за 5 (у іншых крыніцах 6) вёрст ад Мікуліцкай царквы ў 24 і 1/2 двара[d] Веляціна жылі 98 мужчына і 94 жанчыны[17]. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 285 жыхароў вёскі Веляцін зьяўляліся прыхаджанамі Мікуліцкай Богаяўленскай царквы, 5 мужчын і 3 жанчыны былі парафіянамі Астраглядаўскага касьцёлу Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[18].

У парэформавы пэрыяд вёска – у Мікуліцкай воласьці. Паводле кліравой ведамасьці за 1869 год у 27 і 3/4 двара Веляціна было 111 мужчын і 108 жанчын[19]. У пачатку 1870 года тут — 105 мужчын-гаспадароў зь ліку сялян уласьнікаў, прыпісаных да Веляцінскага сельскага таварыства[20]. У кліравой за 1875 год паведамляецца пра 31 двор, у якіх — 124 мужчыны і 118 жанчын[21]. Згодна са зьвесткамі на 1876 і 1879 гады, Веляцін заставаўся ў прыходзе Мікуліцкай царквы[22]. 29 траўня 1881 году ў выніку пажару згарэла 57 двароў[2]. У ведамасьці Мікуліцкай Богаяўленскай царквы за 1903 год засьведчана, што ў вёсцы Веляцін налічвалася 63 і 3/4 двара, у якіх жылі 255 асобаў мужчынскага і 207 асобаў жаночага полу верных[23]. На 1909 год у Веляціне налічвалася 80 двароў і 602[e] жыхары[24].

Найноўшы час

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісання Берасьцейскай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Веляцін у складзе Мікуліцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўля Скарападзкага[25].

Thumb
Веляцін, Карпілаўка, Лісьцьвін, Мікулічы на мапе 1924-26 гг.

1 студзеня 1919 г., згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

Пасьля другога ўзбуйненьня БССР, з 8 сьнежня 1926 да 30 снежня 1927 года Веляцін — цэнтр сельсавету Хойніцкага раёну Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 году Гомельскай акругі. У пачатку 1930 году тут створаны калгас «Бальшавік», працавалі вятрак, кузьня[2]. З 20 лютага 1938 г. — у Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.

У гады Вялікай Айчыннай вайны на фронце і ў партызанскай барацьбе загінулі 99 вяскоўцаў, яшчэ двое расстраляныя акупантамі[26].

З 8 студзеня 1954 году Веляцін — у складзе Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 г. тут налічвалася 862 жыхары, цэнтр калгасу «Бальшавік». Існавалі 9-гадовая школа, дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, дзіцячы садок, адзьдзяленьне сувязі, крама, швейная майстэрня[2].

У 2000-я гады Веляцін атрымаў афіцыйны статус «аграгарадку».

Remove ads

Забудова

Плян Веляціна складаецца зь зьлёгку скрыўленай доўгай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, да якой з поўначы далучаюцца кароткія вуліцы. Забудова двухбаковая, пераважна драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. У 1986—1994 гадох у вёсцы збудавалі цагляныя дамы на 50 кватэр, у якіх разьмясьціліся перасяленцы з забруджаных радыяцыяй месцаў у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС[2].

Remove ads

Заўвагі

  1. Не з XVII ст., як пісаў С. В. Марцэлеў[2]
  2. Ужытая форма Вялецін — свавольства ўкладальнікаў мапы, супярэчнае таму, як здаўна прамаўлялі і сёньня прамаўляюць назву паселішча самі вяскоўцы і навакольныя жыхары.
  3. Тут, напэўна, дапушчана памылка прачытаньня тэксту рэвізіі, бо ў ёй згаданая Людвіка з князёў Шуйскіх Прозарава, жонка абознага Караля.
  4. Так запісана ў крыніцы. Але, як засьведчыў іерэй Расьціслаў Бандарэнка, меліся на ўвазе не вясковыя сядзібы, а царкоўныя двары, кожны зь якіх мусілі складаць 4 мужчынскія душы.
  5. С. В. Марцэлеў падаў такую колькасьць на 1850 г.[2]

Крыніцы

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads