Карпілаўка (Хвойніцкі раён)
былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Карпі́лаўка[1] — былая вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці. Уваходзіла ў склад Паселіцкага сельсавету.
Remove ads
Гісторыя
Карона Каралеўства Польскага

Ці найраней паселішча згаданае 20 ліпеня 1641 года[a], калі пані Крысьціна з князёў Вішнявецкіх, на той час жонка Пятра Даніловіча, крайчага кароннага, саступіла князю Ярэмію Вішнявецкаму сваю палову замку і места Брагін зь сёламі, у ліку якіх была Карпілаўка (sioło Korpiłowka)[3].
На 7 сакавіка 1650 года, г. зн. за часоў «хмяльніччыны», калі дзяржаўцам Брагіна і той часткі воласьці, што да 1641 г. належала пані К. Даніловічавай, названы пан Даніэль Сіліч, у Карпілаўцы, Конанаўшчыне, Мількаўшчыне, Углах і Каманове не засталося ні дымоў, ні падданых[4].

Паводле тарыфу падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва 1754 года, з 3 двароў (×6 — прыкладна 18 жыхароў) хутара Карпілаўка Брагінскага маёнтку «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачваліся 13 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 1 злоты, 24 грошы[5]. У тым жа годзе маёнтак (у т. л. Карпілаўка) быў куплены ў княгіні Эльжбэты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай панам войскім ашмянскім Францам Антоніем Ракіцкім.
Хутар Карпілаўка згаданы ў эксплікацыі да мапы Брагінскага графства, датаванай 27 днём жніўня 1783 года.
Расейская імпэрыя

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) паселішча – у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 года ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 года Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[6]. У крыніцы, заснаванай на зьвестках рэвізіі 1795 году, сказана, што хутар Карпілаўка быў у заставе ад Людвіка Прозара[b] ў пана судзьдзі оўруцкага Міхала Паўшы, хоць уласьнікамі яго зьяўляліся графы Ракіцкія[7][c].

Згодна з «Фармулярнай ведамасьцю» сяла Мікулічаў Богаяўленскай царквы 1822 года, вёска Карпілаўка з 16 душамі мужчынскага і 19 душамі жаночага полу належала пану Міхалу Ракіцкаму[8]. У кліравой ведамасьці за 1847 год запісана, што за 4 вярсты ад Мікуліцкай царквы ў 5 і 1/4 двара[d] Карпілаўкі жылі 21 мужчына і 18 жанчын[9]. На 1850 год тут было 4 двары, 46 жыхароў[2]. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 41 жыхар вёскі Карпілаўка зьяўляўся прыхаджанінам Мікуліцкай Багаяўленскай царквы[10].
У парэформавы пэрыяд вёска – у складзе Мікуліцкай воласьці. Паводле кліравой ведамасьці за 1869 год у 7 і 1/2 двара Карпілаўкі было 30 мужчын і 23 жанчыны[11]. У пачатку 1870 года тут — 20 мужчын-гаспадароў зь ліку сялян уласьнікаў, прыпісаных да Пудакоўскага сельскага таварыства[12]. У кліравой за 1875 год паведамляецца пра 7 і З/4 двара, у якіх — 31 мужчына і 23 жанчыны[13]. Згодна са зьвесткамі на 1876 і 1879 гады, жыхары Карпілаўкі заставаліся ў прыходзе Мікуліцкай царквы[14].
Згодна зь перапісам 1897 года, у Карпілаўцы налічвалася 15 двароў з 96 жыхарамі, працаваў вятрак[2]. У ведамасьці Мікуліцкай царквы за 1903 год у Карпілаўцы засьведчаная наяўнасьць 12 двароў, у якіх жылі 48 асобаў мужчынскага і 41 асоба жаночага полу верных[15]. На 1909 год у вёсцы было 12 двароў і 97 жыхароў[16].
Найноўшы час
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Карпілаўка ў складзе Рэчыцкага павету, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[17].
1 студзеня 1919 г., згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

Пасьля другога ўзбуйненьня БССР, з 8 сьнежня 1926 да 30 снежня 1927 года Карпілаўка — у складзе Веляцінскага сельсавету Хвойніцкага раёну Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 году Гомельскай акругі, ад 30 сьнежня 1927 году — у Паселіцкім сельсавеце. На 1930 год у вёсцы было 18 двароў з 122 жыхарамі. У 1931 годзе жыхары ўступілі ў калгас «Бальшавік» з цэнтрам у вёсцы Веляцін. З 1938 году – у Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Карпілаўцы налічвалася 32 двары і 154 жыхары. У чэрвені 1943 года акупанты цалкам спалілі паселішча і загубілі 1 чалавека[18]. На франтах загінулі 11 вяскоўцаў.
З 1954 года Карпілаўка — у складзе Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 года тут было 140 жыхароў[2].
20 траўня 2010 года вёска Карпілаўка была ліквідаваная, а яе тэрыторыя далучаная да вёскі Веляцін[19].
Remove ads
Заўвагі
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads