Завайць
вёска ў Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
За́вайць[1] — вёска ў Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласьці, на левым беразе ракі Сажалка, за 13 км на захад ад Нароўлі. Завайць уваходзіць у склад Нараўлянскага сельсавету.
Remove ads
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае

Згодна зь «Вялікім гістарычным атлясам Беларусі», упершыню сяло Завайць згаданае пад 1553 годам[2]. 5 сакавіка 1553 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст падараваў маёнтак Антонавічы на ленных правах пану Сямёну Кміце[3]. У лісьце караля Жыгімонта да кіеўскага ваяводы пана Рыгора Хадкевіча ад 23 сакавіка 1555 году названаму пану Сямёну шэраг добраў аддаваўся на вечнасьць; у ім сказана, што ў Смалігавічах, Антонавічах і яшчэ ў адным сяле (пазнака: ....), якія месьціліся ў Кіеўскім ваяводзтве, было па дзьве службы[a][4]. Напэўна, тым нерасчытаным выдаўцамі дакумэнту сялом і была Завайць[b].


Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі, згодна з указам караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году, Кіеўскае ваяводзтва стала часткаю Кароны Польскай[5]. Завайць у складзе Мазырскага павету, пад уплывам віленскага ваяводы, канцлера ВКЛ і мазырскага старосты Мікалая Радзівіла Рудога ды падтрымаўшай яго павятовай шляхты, мусіла быць выведзенай з Кіеўскага і далучаная да Менскага ваяводзтва. Але з адпаведных квітаў вынікае, што паборы 1576 — 1578 гадоў, у тым ліку і з Завайці, працягвалі аддаваць да скарбу Кіеўскага ваяводзтва[4].
24 верасьня 1585 году смаленскі ваявода Філон Кміта выдаў ліст настаяцелю антонаўскай царквы Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Багародзіцы Сэбасьцяну Пашкевічу на права штогадовага атрыманьня ад жыхароў Антонава, Смалегавічаў, Завайці і Галоўчыцаў па паўвядра жыта і па пяць вёдраў мёду прэснага з кожнага дыму. Але ў самыя ўгодзьдзі названых сёлаў сьвятар уступацца ня мусіў. У Завайці, як і ў Антонаве, на той час было 40 дымоў (izb[c])[6].

6 красавіка 1595 году кароль Жыгімонт Ваза падараваў лен Антонавічы канцлеру Льву Сапегу[7]. Апошні ў 1598 годзе саступіў маёнтак разам з фальваркамі Смалегавічы і Завайць стрыечнаму брату каралеўскаму двараніну Лукашу Сапегу[3], што кароль і зацьвердзіў.


У дэкрэце ад 20 ліпеня 1604 году пан Лукаш Сапега абвінаваціў суседа пана Януша Збараскага ў гвалтоўным насланьні слуг і баяраў з маёнтку свайго Валадаркі на грунты вёсак Завайць і Нароўля ды забраньні нямалалікіх стагоў сена, у нападзе на ўгодзьдзі вёскі Смалігавічы і ўгоне коней, валоў ды інш. 30 красавіка 1607 году сужэнства Лукаш і Зофія Сапегі зьвярнуліся ў суд што да вяртаньня падданых зь іхных вёсак Завайці, Смалегавічаў, Дзямідавічаў, Антонава і інш., зьбеглых да слабады Дыміркі і мястэчка Белагародкі князя ваяводы кіеўскага Канстантына Астроскага. Дэкрэтам ад 25 жніўня 1609 году на адрас пані Ганны з Косткаў, удавы па князю Аляксандру Штэмбэргу, і яе нашчадкаў князёў Астроскіх было заяўлена патрабаваньне панства Лукаша, апекуна, і Зофіі Кміцянкі, дзедзічкі, Сапегаў выдаць зьбеглых падданых зь места Чарнобылю, вёсак Нароўлі, Завайці, Антонаўкі ды інш. 26 жніўня 1609 году Лукаш і Зофія Сапегі праз суд выдалі Мікалаю Харлінскаму і жонцы яго Гальшцы Андраважаўне квіт што да грашовай кампэнсацыі за рабункі іх падданых антонаўскіх, смалігаўскіх, нараўлянскіх, завайцянскіх ды за напад на Нароўлю[8].
У інвэнтары 1628 г., складзеным пасьля перадачы годам раней за 3 500 злотых панам Андрэем Станіславам Сапегам, старостам рыскім, Антонаўскага маёнтку ў заставу пану Юзафу Корсаку, старосьце дзісьненскаму, ці не ўпершыню названыя па імёнах і прозьвішчах падданыя вёскі Завайць[9].
Пад уладай Расейскай імпэрыі

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Завайць апынулася ў межах Расейскай імпэрыі, ад 3 траўня 1795 году ў адноўленым Мазырскім павеце Менскага намесьніцтва, з 12 сьнежня 1796 губэрні, з 29 жніўня 1797 году далучаны да Рэчыцкага павету той самай Менскай губэрні.
Найноўшы час
9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Ўкраінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчаная часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Завайць у складзе Нараўлянскай воласьці, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Ўкраінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[10].
Да 1 сьнежня 2009 году зьяўлялася цэнтрам Завайцянскага сельсавету, 1 сьнежня 2009 году перададзеная ў склад Нараўлянскага сельсавету[11].
Remove ads
Асобы
- Анатоль Сівак, беларускі чыгуначны дзяяч і палітык.
Заўвагі
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads