Канстанцін Канстанцінавіч Астроскі
кіеўскі ваявода (пам. 1608) From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Канстацін Васі́ль Канстанцінавіч Астро́скі[7][8][9][10][a] (12 лютага [ст. ст. 2 лютага] 1526, Тураў, цяпер Жыткавіцкі раён, Гомельская вобласьць, Беларусь — 23 лютага [ст. ст. 13 лютага] 1608, Астрог, цяпер Ровенская вобласьць, Украіна) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага.
Маршалак валынскі (ад 1550), ваявода кіеўскі (ад 1559). Валодаў вялікімі маёнткамі на Валыні (Астрог, Сураж, Дубна, Стэпань, Дарагабуж, Роўна, Зьвягіль ды іншыя), у Кіеўскім, Рускім (Тарнопаль), Віленскім ваяводзтва, у Польшчы (Тарнаў). У Наваградзкім ваяводзтве меў Азяраны і возера Сьвіцязь (прадаў іх у 1571 годзе), Зьдзецел і Глуск, у Менскім ваяводзтве — Тарасава[14]. Валодаў таксама значнымі зямельнымі надзеламі ў Вугоршчыне і Чэхіі.
Remove ads
Біяграфія
Род і сям’я

Паходзіў з княскага роду Астроскіх, найбагацейшага і найбольш уплывовага княскага роду Вялікага Княства Літоўскага XVI — пачатку XVII стагодзьдзя. Бацька Канстанцін Іванавіч Астроскі — вялікі гетман літоўскі, маці — Аляксандра з роду князёў Алелькавічаў.
Нарадзіўся ў Тураве, дзе правёў дзяцінства і юнацтва. Па сьмерці бацькі выхоўваўся маці. Малады Васіль атрымаў добрую адукацыю, пра што сьведчыць ягонае ліставаньне і прамовы ў Сэнаце, выхоўваўся ў духу праваслаўя.
Зь сярэдзіны 1540-х гадоў у афіцыйных дакумэнтах пачаў менавацца бацькавым імем — Канстанцін.
Першы вайсковы досьвед атрымаў у 1543—1544 гадох, калі браў удзел у баях э татарамі. Палітычную кар’еру распачаў у 1550 годзе, атрымаўшы ад вялікага князя літоўскага пасаду старосты ўладзімерскага і маршалка валынскага.
У пачатку 1550-х гадоў Астроскі ажаніўся з каталічкаю Соф'яю з Тарноўскіх(pl), дачкою Яна Тарноўскага, будучага вялікага гетмана кароннага. Пад яе ўплывам каталічкамі былі іх дочкі.
Меў сыноў Канстанціна (пам. 1558) — староста ўладзімерскі; Аляксандра (атручаны ў 1603 годзе); і апошні зь дзяцей Януш (пам. 19 жніўня 1620) — кракаўскі кашталян(pl), першы каталік у родзе Астроскіх, пратэктар езуітаў, заснавальнік Астроскай ардынацыі(uk).
Дочкі: Кацярына(pl) — жонка Крыштапа Радзівіла «Перуна»; Лізавета — жонка кашталяна віленскага Януша Кішкі, а пазьней Крыштапа Радзівіла «Перуна».
Палітычная і вайсковая дзейнасьць
У 1559 годзе атрымаў урад ваяводы кіеўскага. Праводзіў энэргічную калянізатарскую палітыку ў памежных землях Кіеўшчыны і Брацлаўшчыны, засноўваў новыя месты, замкі і слабоды.
У 1560-х гадох выступаў за раўнапраўнае ўваходжаньне Русі ў склад дзяржаўнага ўтварэньня Рэчы Паспалітай. У 1569 годзе, стаўшы сэнатарам, быў фактычным прадстаўніком Русі-Ўкраіны ў час складаньня Люблінскае вуніі 1569 году.
Калі ў 1572 годзе згасла дынастыя Ягайлавічаў, у 1573—1574 гадох быў адным з мажлівых кандыдатаў на польскі сталец, чыю кандыдатуру падтрымлівала і Турэччына, а ў 1598 годзе, па сьмерці апошняга Рурыкавіча гаспадара Фёдара Іванавіча, — і на маскоўскі (Астроскі быў пароднены з маскоўскімі Рурыкавічамі).
Бараніў тады ўжо каронныя, раней паўднёвыя землі Вялікага Княства Літоўскага ад татараў у 1574—1575 і 1577—1578 гадох. У час Інфлянцкай вайны (1558—1582) браў удзел у 1579 годзе ў выправе на чарнігаўскія і ноўгарад-северскія землі[15].
У час казацкага паўстаньня(uk) Крыштапа Касінскага(uk) ў 1591—1593 гадох, не зважаючы на шэраг паразаў, войска, сабранае Канстанцінам Астроскім, у вызначальнай бітве пад П'яткаю(uk) нанесла сакрушальную паразу паўстанцам. Астроскі рашуча выступіў таксама супраць паўстаньня Севярына Налівайкі ў 1594—1596 гадох.
Узяў удзел у падзеях Смутнага часу. У 1602 годзе прымаў у сябе будучага маскоўскага гаспадара Дзьмітрыя-Самазванца I. Падарыў яму «Кнігу пра постніцтва», надрукаваную ў ягонай друкарні Пётрам Мсьціслаўцам у 1594 годзе з дарчым надпісам «Грыгорыю — царэвічу Маскоўскаму».
Рэлігійная і культурная дзейнасьць

У рэлігійнай сфэры выявіўся годным спадкаемцам справы свайго бацькі, рупячыся пра праваслаўе. Падтрымліваў праваслаўныя брацтвы, заснаваў школы ў Слуцку і Тураве (1572)[16]. Таксама заснаваў школу ва Ўладзімеры-Валынскім у 1577 годзе.
У 1574 годзе перанёс уласную рэзыдэнцыю з Дубны ў Астрог, дзе пачалася перабудова Астроскага замку пад кіраўніцтвам італьянскага архітэктара П’етра Спэрэндыё. За часамі Канстанціна Астроскага места Астрог, адзін з двух тытулярных цэнтраў япархіі Ўсходняе Валыні, стаў асяродкам праваслаўнай духоўнасьці.
Характэрным было стаўленьне Канстанціна Астроскага да актуальнага на той час пытаньня пра аб’яднаньне каталікоў і праваслаўных. Выступіўшы спачатку ў падтрымку такое уніі, ён жадаў трымаць гэты працэс пад поўным уласным кантролем. Таму, калі ў 1594—1596 гадох частка духавенства зьдзейсьніла спробу ўкласьці царкоўную унію без князя, Канстанцін Астроскі выступіў яе рашучым ворагам і арганізаваў праваслаўны сабор 1596 году, які праходзіў у Берасьці адначасна з уніяцкім. Па падпісаньні вуніі працягваў барацьбу ў абарону правоў праваслаўных, што не прынялі уніі, — дызунітаў.
Намагаючыся зрабіць уласную рэзыдэнцыю цэнтрам культурнага супраціву каталіцкай і уніяцкай экспансіі, прыцягнуў у Астрог шэраг славянскіх і грэцкіх навукоўцаў, публіцыстаў, багасловаў, сярод якіх Герасім Сматрыцкі(uk), Васіль Сураскі(uk), Хрыстафор Філалет, Эмануіл Ахілес, Лука Сэрбін, Кірыл Лукарыс(uk) (будучы Александрыйскі і Канстантынопальскі патрыярх), Нікіфар Парасхес Кантакузэн(uk), Клірык Астроскі(uk), Зізані Тустаноўскі, Дзям'ян Налівайка(uk) ды іншыя.
Сабраная з дапамогай Канстанціна Канстанцінавіча Астроскага бібліятэка ў Астрогу ўлучала ў сябе грэцкую і заходнеэўрапейскую багаслоўскую літаратуру, перадрукі антычных твораў, слоўнікі, касмаграфіі, граматыкі ды іншае.
У 1575 годзе запрасіў Івана Федаровіча дзеля арганізацыі друкарні ў княскай рэзыдэнцыі. Дзякуючы Астроскай друкарні сьвет пабачылі больш за 20 выданьняў, у тым ліку першы поўны тэкст Бібліі славянскаю моваю.
Каля 1578 году пачала дзеяць школа, дзе акрамя шэрагу традыцыйных на той час «вольных» дысцыплінаў, упершыню раўналежна выкладаліся лацінская, грэцкая і царкоўнаславянская граматыкі. Досьвед і праграма Астроскае школы былі запазычаныя Львоўскаю, Луцкаю і іншымі брацкімі школамі.
Апошнія гады
У канцы XVI стагодзьдзя Канстанцін Канстанцінавіч Астроскі быў найвялікшым пасьля караля земляўласьнікам Рэчы Паспалітай: яму належалі 25 местаў, 10 мястэчак і 670 вёсак, гадавы прыбытак князя перавышаў 1 мільён злотых[16].
У апошнія гады жыцьця князь паступова адыйшоў ад удзелу ў палітычным і культурным жыцьці краіны. Да таго ж перажыў некалькі непрыемных падзеяў: сыны Ян і Аляксандар перайшлі ў каталіцкую веру, малодшы сын быў атручаны слугой, улюбёная пляменьніца звар’яцела.
Дажываў у родавых замках у Крупах і Дубне(uk). Гэта нэгатыўна адбілася на дзейнасьці акадэміі ў Астрогу, якая ў пачатку XVII стагодзьдзя паступова заняпала.
Памёр у 1608 годзе, спачыў у крыпце Богаяўленскае царквы ў Астрогу.
Remove ads
Ушанаваньне памяці
У Вільні з ініцыятывы Духаўскага праваслаўнага брацтва ў 1908 годзе заклалі, а ў 1913 годзе асьвяцілі царкву-помнік да 300-годзьдзя Кантанціна Астроскага. На мэмарыяльнай дошцы пакінулі надпіс залатымі літарамі: «У гонар рупліўцы й абаронцы праваслаўнай народнасьці».
Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату на Памесным саборы 2008 году кананізавала князя як добравернага[17].
У Менску, побач зь Петрапалаўскім саборам, паставілі памятны крыж з надпісам: «Да 400-годзьдзя памяці дабравернага князя Канстанціна Васіля Астроскага (1506—1608), славутага дзяржаўнага і царкоўнага дзеяча. 13/26 лютага 2008 году».
У Беластоку (Польшча) утварылася фундацыя князя Астроскага.
Remove ads
Галерэя
- Партрэты Канстанціна Астроскага
- Невядомы мастак, XVI ст.
- Невядомы мастак, XVII ст.
- Невядомы мастак, XVII ст.
- Невядомы мастак, XVIII ст.
- Копія з партрэта XVI ст., 1883 г.
- Копія з партрэта XVI ст., 1883 г.
- Копія з партрэта XVI ст., 1883 г.
- Копія XIX ст. з партрэта XVI ст.
Глядзіце таксама
Заўвагі
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads