Крыштап Мікалай Дарагастайскі
(1562—1615) маршалак вялікі літоўскі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Крыштап Мікалай Дарагастайскі[1] (2 сакавіка 1562 — 3 жніўня 1615) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Стольнік (1588—1590), крайчы (1590—1592), падчашы (1592—1597) і маршалак вялікі літоўскі (з 1597 году)[2].
Доктар мэдыцыны. За баявыя заслугі атрымаў тытул барона Сьвятой Рымскай імпэрыі. Валодаў Дарагастаямі на Валыні, Мураванай Ашмянкай у Віленскім ваяводзтве. Трымаў Ваўкавыскае, Шарашоўскае, Вялёнскае, Мсьцібаўскае, Навамлынскае, Дынемундзкае староствы, арандатар ялаўскі і курылаўскі.
Remove ads
Біяграфія
З шляхецкага роду Дарагастайскіх гербу «Ляліва», сын Мікалая, ваяводы полацкага, і Ганны з Войнаў.
Выхоўваўся ў кальвінізьме. Атрымаў хатнюю адукацыю, потым навучаўся ў гімназіі Яна Штурма ў Страсбургу і Фрыбурга-Брызгоўскай акадэміі, дзе атрымаў ступень докатара мэдыцыны.
Падарожнічаў па Эўропе, найбольш упадабаў Італію, зрабіўся ганаровым грамадзянінам Вэнэцыі. У Нідэрляндах удзельнічаў у ваенных дзеяньнях. Пасябраваў зь некаторымі слыннымі прадстаўнікамі палітычнай эліты эўрапейскіх краінаў. Дапамагаў прынцу Г. Аранскаму асабістым удзелам у вайсковых справах.
Удзельнічаў у Інфлянцкай вайне (1558—1582) з Масковіяй. Па сьмерці караля і вялікага князя Стэфана Баторыя некаторы час уваходзіў у прамаскоўскую палітычную групоўку, 9 жніўня 1587 году ў мястэчку Акунёва пад Варшавай разам з сэнатарамі Вялікага Княства Літоўскага вёў перамовы з маскоўскімі амбасадарамі пра абраньне на сталец Рэчы Паспалітай маскоўскага цара Фёдара I Іванавіча і ўтварэньня уніі трох дзяржаваў: Вялікага Княства, Кароны і Масковіі. Падтрымліваў габсбурскую палітыку Жыгімонта Вазы, спрыяў ягонаму шлюбу з Ганнай Габсбург.
У вайне супраць Швэцыі (1600—1629) адыграў галоўную ролю ў перамогах пад Какенгаўзэнам (Кукенойс) і Дыямэнтам (1601). Кіраваў абаронай Рыгі (1601)[3].
На сойме 1605 году выступаў супраць падтрымкі Дзьмітрыя Самазванца I, аднак у 1609 годзе далучыўся да падрыхтоўкі маскоўскай выправы Жыгімонта Вазы. Перад генэральным штурмам Смаленску (1611) камандаваў часткай паўночнай аблогавай арміі, адзін зь першых уварваўся ў фартэцыю, быў паранены.

Бараніў інтарэсы шляхты Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку правы і свабоды пратэстантаў, патрабаваў выгнаньня езуітаў з каралеўскага двара. Як адзін з пратэктараў беларускай Рэфармацыі, К. М. Дарагастайскі шчодра фундаваў кальвінісцкія зборы на Віленшчыне і Валыні. У 1615 годзе ў маёнтку Мураваная Ашмянка фінансаваў выданьне «Цэнзуры…», палемічнага твору ў 6 частках мясцовага кальвінісцкага прапаведніка В. Салінарыюса, скіраванага супраць арыянаў.
Тройчы быў жанаты:
- Соф’я з Хадкевічаў (1588, памерла ў 1596)
- Соф’я з Радзівілаў (1597, памерла ў 1613), зь якой меў дачку Дароту і сына Уладзіслава
- Аляксандра зь Верашчакаў
У 1614 годзе памерла 3-я жонка К. М. Дарагастайскага, сам ён накіраваўся на лячэньне ў Вэрону (Італія) і ў часе гэтай выправы памёр па дарозе ўва Уроцлаў у заезным двары «Пад Залатым Дрэвам» 3 ліпеня 1615 году.
Паводле тэстамэнту, цела К. М. Дарагастайскага пахавалі ў Мураванай Ашмянцы ў радавым склепе, а сэрца — ува ўроцлаўскім храме. Дасьледнікі мяркуюць, што радавы склеп знаходзіўся ў крыпце кальвінскага збору, які стаяў на месцы драўлянага касьцёла Панны Марыі, збудаванага ў канцы XVIII — пачатку XIX стагодзьдзяў[4].
Remove ads
Творчасьць
«Гіпіка, альбо Кніга пра коней»
«Гіпіка…» (1603)





Найбольшую вядомасьць К. М. Дарагастайскаму прынесла «Гіпіка, альбо Кніга пра коней» (Кракаў, 1603) — першы ў Рэчы Паспалітай дапаможнік па конегадоўлі і коннай язьдзе (неаднаразова перавыдаваўся).
«Гіпіку» ілюстравалі гравюры Т. Макоўскага, яна складалася з 4 кніжак (частак): 1-я распавядала пра міталягізаваную гісторыю коннай язды, конскія масьці і прыкметы, пра расплоджваньне коней, 2-я прысьвячалася пачатковай падрыхтоўцы баявых, рыцарскіх коней, а таксама зьмяшчала апісаньне стайні і патрабаваньні да слугаў, у 3-й паказваліся ўзоры муштукоўі цугляў, 4-я — вэтэрынарны лячэбнік.
К. М. Дарагастайскі выкарыстаў працы антычных аўтараў і сваіх сучасьнікаў, а таксама багаты ўласны досьвед, упрыгожыў тэкст цытатамі з рымскіх паэтаў Вэргіліюса і Марцэля.
У перакладзе на беларускую мову «Гіпіка» выйшла ў 2007 годзе. Аўтар перакладу са старапольскай мовы — Сьвятлана Ішчанка, рэдактар гістарычна-краязнаўчага аддзелу газэты «Культура». Пераклады архіўных дакумэнтаў выконваліся супольна з галоўным палеографам аддзелу старажытных актаў Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі Германам Брэгерам. У падрыхтоўцы кнігі да друку, складаньні камэнтароў удзельнічала вялікая творчая група: навукоўцы НАН Беларусі, супрацоўнікі Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі, гісторыкі, мовазнаўцы і пісьменьнікі[5].
Іншае
Апрача «Гіпікі», К. М. Дарагастайскі напісаў яшчэ некалькі літаратурных твораў, якія ў большасьці засталіся ў рукапісах[6].
У Нацыянальнай бібліятэцы імя Асалінскіх ува Ўроцлаве захоўваюцца рукапісныя юнацкія ўкладаньні К. М. Дарагастайскага на лацінскай, польскай і старажытнагрэцкай мовах, ягоныя асобныя дакумэнты. Лісты К. М. Дарагастайскага таксама захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве, Галоўным архіве старажытных актаў, Бібліятэцы Польскай АН і інш.[7]
Remove ads
Крыніцы і заўвагі
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads