Служба вонкавай выведкі Расеі

выведвальнае ведамства Расеі, заснаванае ў сьнежні 1920 году ў якасьці Замежнага аддзелу Усерасейскай надзвычайнай камісіі па барацьбе з ко From Wikipedia, the free encyclopedia

Служба вонкавай выведкі Расеі
Remove ads

Слу́жба во́нкавай выве́дкі Расе́і — выведвальнае ведамства Расеі, заснаванае ў сьнежні 1920 году ў якасьці Замежнага аддзелу Ўсерасейскай надзвычайнай камісіі па барацьбе з контрарэвалюцыяй і сабатажам.

Хуткія факты Абрэвіятура, Дата ўтварэньня ...

На 2021 год прэс-бюро СВВ Расеі месьцілася ў Цэнтральнай адміністрацыйнай акрузе Масквы па вуліцы Астожанка, д. 51, корп. 1 (раён Хамоўнікі)[3]. У сьнежні 2000 году ў Маскве кіраўнікі выведак Садружнасьці незалежных дзяржаваў падпісалі Пагадненьне «Аб прынцыпах і асноўных напрамках супрацы органаў бясьпекі і выведвальных службаў дзяржаваў-удзельніцаў СНД у галіне выведвальнай дзейнасьці». Таксама бакі зацьвердзілі Палажэньне аб штогадовай Нарадзе іх кіраўнікоў. Зь 2006 году кіраўнік СВВ Расеі таксама ўваходзіць у склад Нацыянальнага антытэрарыстычнага камітэту і прэзыдыюм Міжведамаснай камісіі супрацьдзеяньня экстрэмізму ў Расеі[4]. Цэнтральны апарат СВВ Расеі месьціўся ў Новамаскоўскай адміністрацыйнай акрузе ў вёсцы Бачурына Сосенскага пасяленьня.

Remove ads

Будова

На 2021 год Служба вонкавай выведкі Расеі ўлучала:

  • 6 управаў — 1) аналізу і інфармацыі, 2) вонкавай контравыведкі, 3) інфарматыкі, 4) навукова-тэхнічнай распрацоўкі, 5) апэратыўнай тэхнікі, 6) гаспадарчай выведкі;
  • апарат, пратакольны аддзел, прэс-бюро, службу эксплюатацыі і забесьпячэньня, а таксама апэратыўныя аддзелы;
  • Акадэмію вонкавай выведкі (Мыцішчы, Маскоўская вобласьць)[5].

Задачы

На 2021 год задачамі Службы вонкавай выведкі Расеі былі:

  • спрыяньне вайскова-тэхнічнай бясьпецы, гаспадарчаму і навукова-тэхнічнаму разьвіцьцю Расеі;
  • пасьпяховае ажыцьцяўленьне дзяржаўнай палітыкі ў галіне бясьпекі;
  • забесьпячэньне прэзыдэнта Расеі інфармацыяй для разьвязаньня праблемаў у 5 галінах — вайскова-стратэгічнай, гаспадарчай, навукова-тэхнічнай, палітычнай і экалягічнай[4].

Паўнамоцтвы

Паводле 6-га артыкула Закону Расеі «Аб вонкавай выведцы», Служба вонкавай выведкі Расеі мела 12 паўнамоцтваў на:

  1. усталяваньне на таемнай аснове дачыненьняў супрацы з асобамі, якія добраахвотна далі на гэта згоду;
  2. зашыфроўку кадравага складу і ладжаньне яго дзейнасьці з выкарыстаньнем іншай ведамаснай прыналежнасьці;
  3. выкарыстаньне дакумэнтаў, якія шыфруюць супрацоўнікаў кадравага складу, ведамасную прыналежнасьць падразьдзяленьняў, арганізацыяў, памяшканьняў і транспартных сродкаў;
  4. узаемадзеяньне з фэдэральнымі органамі контравыведкі і фэдэральнымі органамі дзяржаўнай аховы Расеі;
  5. заключэньне пагадненьняў для выведкі з фэдэральнымі органамі выканаўчай улады, прадпрыемствамі, установамі і арганізацыямі Расеі;
  6. вызначэньне парадку фізычнай і інжынэрна-тэхнічнай аховы дзяржаўнай таямніцы ў замежных установах Расеі і прадухіленьне яе ўцечкі па тэхнічных каналах;
  7. ахова за мяжой расейскіх дыпляматаў і іх сем’яў;
  8. ахова накіраваных за мяжу грамадзянаў з допускам да дзяржаўнай таямніцы, а таксама іх сем’яў;
  9. узаемадзеяньне з выведкамі і контравыведкамі замежных дзяржаваў;
  10. стварэньне навучальных і дасьледчых установаў, архіваў, а таксама выпуск выданьняў;
  11. ахова ўласных сілаў, сродкаў і зьвестак пад пагрозай;
  12. стварэньне падразьдзяленьняў для вонкавай выведкі пры дапамозе сыстэмаў сувязі[6].

Служба

Паводле 17-га артыкула Закону Расеі «Аб вонкавай выведцы», гранічны ўзрост знаходжаньня на службе для вайскоўцаў Службы вонкавай выведкі Расеі складаў:

Remove ads

Гісторыя

20 сьнежня 1920 году старшыня Усерасейскай надзвычайнай камісіі па барацьбе з контрарэвалюцыяй і сабатажам (УНК) Фэлікс Дзяржынскі падпісаў Загад № 169 «Аб стварэньні Замежнага аддзелу УНК». Першым яго кіраўніком стаў Якаў Даўцян. 30 сьнежня 1920 году Дзяржынскі зацьвердзіў яго будову, якая ўлучала аддзел візаў з 11 чалавек[8]. 23 студзеня 1922 году УНК пераўтварылі ў Дзяржаўную палітычную ўправу (ДПУ) пры Народным камісарыяце ўнутраных справаў Расейскай СФСР. Па стварэньні Савецкага Саюзу 30 сьнежня 1922 году ДПУ пераўтварылі ў Аб’яднаную дзяржаўную палітычную ўправу (АДПУ) пры Савеце народных камісараў СССР. На 1922 год у Замежным аддзеле АДПУ працавала 70 чалавек. Каб кіраваць выведвальнымі апаратамі за мяжой стварылі 6 сэктараў:

Мясцовыя рэзыдэнтуры складаліся з 2-4 асобаў. Асноўнымі напрамкамі былі: гаспадарчая і дыпляматычная выведка, вонкавая контравыведка і пранікненьне ў расейскія эмігранцкія суполкі[9].

У студзені 1923 году савецкі рэзыдэнт у Кітаі Якаў Даўцян вывез з Харбіну белагвардзейскі архіў. 15 жніўня 1924 году савецкі выведнік Андрэй Фёдараў пад выглядам удзельніка руху «Лібэральныя дэмакраты» перавёў праз польска-савецкую мяжу заснавальніка Расейскага палітычнага камітэту Барыса Савінкава. У СССР яго зьняволілі на 10 гадоў за стварэньне 3-й арміі Ўрангеля падчас Польска-савецкай вайны. 25 верасьня 1925 году савецкі выведнік Аляксандар Якушаў, які ўдаваў кіраўніка «Манархічнай арганізацыі цэнтральнай Расеі» («МАЦР»), перавёў праз савецка-фінскую мяжу брытанскага выведніка Сіднэя Рэйлі родам з Адэсы. 5 лістапада 1925 году Рэйлі расстралялі па прыезьдзе ў Маскву паводле прысуду 1918 году за ўдзел у змове брытанскага консула Бруса Локарта з мэтай подкупу латыскіх стралкоў у Крамлі[9].

1930-я

30 студзеня 1930 году Палітычнае бюро Цэнтральнага камітэту Ўсесаюзнай камуністычнай партыі зацьвердзіла Пастанову аб пераўтварэньні вонкавай выведкі, паводле якой стварылі 8 аддзяленьняў у складзе 121 супрацоўніка:

  • нелегальнай працы ў замежных краінах,
  • пытаньняў уезду і выезду з СССР,
  • палітычнай выедкі ў асноўных краінах Эўропы і ЗША,
  • працы ў краінах Прыбалтыкі і Фінляндыі,
  • працы ў белай эміграцыі,
  • выведкі ва ўсходніх краінах,
  • гаспадарчай выведкі,
  • навукова-тэхнічнай выведкі.

Падпольныя рэзыдэнтуры стварылі ў 2 краінах Азіі — Кітаі і Турэччыне, а таксама ў ЗША і 4-х краінах Эўропы — Ангельшчыне, Аўстрыі, Нямеччыне і Францыі. За 1920-я гады выведнік Васіль Пудзін выняў з сэйфа японскага дыплямата ў Манчжурыі каля 20 шыфраў. На 1930 год савецкімі агентамі сталі 15 нямецкіх дыпляматаў. У 1933—1937 гадах выведнік Арнольд Дойч завербаваў звыш 20 брытанскіх чыноўнікаў, у тым ліку «Кембрыдзкую пяцёрку» на чале зь Кімам Філбі. У 1934 годзе савецкі выведнік Зьміцер Быстралетаў завербаваў шыфравальніка Міністэрства замежных справаў Вялікабрытаніі. У 1935 годзе празь вярбоўку камэрдынэра японскага дыплямата ў Нідэрляндах удалося сфатаграфаваць коды і шыфры ў яго сэйфе. У 1938-м у японскага дыплямата ў Вене (Аўстрыя) набылі шыфры амбасады Японіі[10].

10 ліпеня 1934 году Цэнтральны выканаўчы камітэт СССР ухваліў Пастанову аб утварэньні Народнага камісарыяту ўнутраных справаў (НКУС), у склад якога перадалі АДПУ пад назвай Галоўная ўправа дзяржаўнай бясьпекі (ГУДБ). Спадарожна Замежны аддзел пераўтварылі ў 5-ы аддзел ГУДБ. У 1938 годзе Загадам НКУС 5-ы аддзел пашырылі да 12 аддзяленьняў:

Таксама ў 1938 годзе стварылі Школу асаблівага прызначэньня.

1940-я

На 1941 год у 5-м аддзеле ГУДБ працавала 210 чалавек. Чыстка 5-га аддзелу народнымі камісарамі ўнутраных справаў Мікалаем Яжовым і Лаўрэнціем Берыяй прывяла да рэпрэсіяў супраць 275 з 450 выведнікаў у 1935—1940 гадах. На 1939 год за мяжой дзейнічала 45 калядыпляматычных і 14 падпольных рэзыдэнтураў, аднак пасьля рэпрэсіяў у іх засталося па 1-2 чалавекі. У 1939—1940 гадах з ЗША даслалі каля 30 000 аркушаў тэхнічнай дакумэнтацыі пра больш як 150 прамысловых узораў. 16 чэрвеня 1941 год савецкі выведнік Аляксандар Караткоў даслаў паведамленьне: «Усе вайсковыя мерапрыемствы Нямеччыны па падрыхтоўцы ўзброенага выступу супраць СССР цалкам скончаныя і ўдар можна чакаць ва ўсялякі час». Агулам са студзеня 1941 году выведнікі даслалі звыш 100 паведамленьняў пра нямецкі напад у чэрвені. Сярод іншага, у чэрвені 1941 году вайсковы аташэ Кітаю ў Нямеччыне перадаў апэратыўны плян нямецкага камандаваньня наконт галоўных напрамкаў прасоўваньня войска пры нападзе на СССР[11].

3 лютага 1941 году 5-ы аддзел ГУДБ пераўтварылі ў 1-ю ўправу Народнага камісарыяту дзяржаўнай бясьпекі. 12 жнівень 1941 году Загадам НКУС, якому перадалі 1-ю ўправу, будову выведкі спрасьцілі да 9 аддзелаў:

  • Цэнтральна-эўрапейскі (з аддзяленьнямі Нямеччыны, Польшчы, Чэхаславаччыны, Вугоршчыны і ўкраінскае),
  • Балканскі (Баўгарыя, Румынія, Югаславія і Грэцыя),
  • Заходне-эўрапейскі (Францыя, Італія, Швайцарыя, Бэльгія і Партугалія),
  • Скандынаўскі (Фінляндыя, Швэцыя, Нарвэгія, Данія і Нідэрлянды),
  • Англа-амэрыканскі (Ангельшчына, ЗША і Канада, а таксама аддзяленьні — паўднёваамэрыканскае і навукова-тэхнічнай выведкі),
  • 1-ы далёкаўсходні (Японія, Манчжурыя і Карэя),
  • 2-і далёкаўсходні (Кітай, Тайлянд і Сіньцзян),
  • Сярэднеўсходні (Турэччына, Іран, арабскія краіны, Аўганістан і Брытанская Індыя),
  • савецкая калёнія (дыяспара).

Падчас вайны дзейнічала 90 рэзыдэнтураў. На пачатак 1943 году звыш 100 апэратыўных атрадаў учыняла падрывы. У 1942 годзе ў нямецкі тыл пад Роўнам закінулі выведніка Мікалая Кузьняцова, які выкрыў падрыхтоўку замаху на ўдзельнікаў Тэгеранскай канфэрэнцыі і нямецкі плян падчас Курскай бітвы. 15 лістапада 1943 году Кузьняцоў загадваў партызанскім выкраданьнем камандзіра асаблівымі войскамі Нямеччыны Макса Ільгена, а на наступны дзень забіў у Роўне старшыню Вярхоўнага суду райхскамісарыяту Ўкраіны Альфрэда Функа[12].

Увесну 1942 году нямецкі агент савецкай выведкі Арвід Гарнак, які працаваў рэфэрэнтам Міністэрства гаспадаркі Нямеччыны, і іншы агент Гаро Шульцэ-Бойзэн, які працаваў у 5-м аддзяленьні апэратыўнага аддзелу штабу Вайскова-паветраных сілаў Нямеччыны, паведамілі пра галоўны ўдар нямецкага войска ў напрамку ў Сталінграда. У жніўні 1942 году нямецкая контравыведка запэленгавала і захапіла радыёстанцыю падпольнікаў групы «Чырвоная капэла», якіх арыштавалі ў Бэльгіі, Нямеччыне і Францыі. Агулам асудзілі звыш 600 падпольнікаў, большасьць якіх расстралялі. За 1943 год савецкія выведнікі паведамілі ў вайсковую контравыведку пра 1260 агентаў нямецкай Управы замежнай выведкі і абароны, якія дзейнічалі ў Чырвонай арміі. На пачатак 1944 году ў 27 краінах дзейнічала 190 падпольных выведнікаў, сярод якіх 97 у Нямеччыне і саюзных ёй дзяржавах, у тым ліку 10 немцаў. За гады вайны памер рэзыдэнтуры ў Лёндане вырас з 4-х да 12 чалавек, якія даслалі звыш 20 000 выведвальных паведамленьняў, сярод якіх 90% апынуліся праўдзівымі. У Кітаі знаходзілася 12 калядыпляматычных рэзыдэнтураў, у тым ліку ў Чунцыне, Ланьчжоў, Харбіне і Шанхаі, а таксама некалькі ў Сінцьзяне. Падчас Нямецка-савецкай вайны ў СССР выкрылі каля 200 ангельскіх выведнікаў, зь іх 110 у Маскве, 30 у Мурманску і 20 у складзе дэлегацыяў[12].

Халодная вайна

На пачатку чэрвеня 1945 году нямецкі фізык Кляўс Фукс, які ўдзельнічаў у «Мангэтанскім праекце» ў ЗША, перадаў савецкаму агенту падрабязную дакумэнтацыю атамнай бомбы[13]. У верасьні 1945 году згарнулі выведку ў Канадзе праз выдачу кодаў з боку мясцовага шыфравальніка Галоўнай выведвальнай управы Гузенкі. 15 сакавіка 1946 году 1-ю ўправу НКДБ, перададзеную яму 14 красавіка 1943 году ад НКУС, пераўтварылі ў 1-ю галоўную ўправу Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі (МДБ) СССР. 30 траўня 1947 году 1-ю галоўную ўправу МДБ пераўтварылі ў Камітэт інфармацыі пры Савеце міністраў СССР, у склад якога таксама ўлучылі Галоўную выведвальную ўправу Генэральнага штабу Савецкай арміі. 29 студзеня 1949 году Камітэт інфармацыі падпарадкавалі Міністэрству замежных справаў СССР. У вонкавай выведцы ўвялі галоўных рэзыдэнтаў, якіх прызначалі амбасадары. 1 кастрычніка 1949 году згарнулі выведку ў Кітаі ў сувязі з абвяшчэньнем Кітайскай Народнай Рэспублікі. У 1950—1951 гадах савецкая выведка атрымала звыш 200 паведамленьняў ад агентуры ў Ізраілі, у тым ліку пратаколы таемных паседжаньняў ураду Ізраілю[14].

5 сакавіка 1953 году 1-ю ўправу Галоўнай выведвальнай управы МДБ пераўтварылі ў 2-ю галоўную ўправу Міністэрства ўнутраных справаў СССР. У траўні 1953 году міністар унутраных справаў Лаўрэнці Берыя пераўтварыў амэрыканскі аддзел 2-й галоўнай управы ў аддзел ЗША, Канады, Ангельшчыны, Мэксыкі і Аргентыны са скарочаным штатам у 24 чалавекі. Управу Заходняй Эўропы Берыя пераўтварыў у аддзел. 13 сакавіка 1954 году Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету СССР ухваліў Пастанову аб стварэньні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі пры СМ СССР. КДБ перадалі 2-ю галоўную ўправу МУС, якую пераўтварылі ў 1-ю галоўную ўправу. Яе ранейшую будову ў складзе МДБ аднавілі. На 1954 год 1-я галоўная ўправа КДБ налічвала 3 (пад-)управы:

  • нелегальнай выведкі,
  • навукова-тэхнічнай выведкі,
  • вонкавай контравыведкі.

Таксама ў яе складзе дзейнічалі 10 аддзелаў:

20 ліпеня 1954 году старшыня Ведамства аховы канстытуцыйнага ладу (ВАКЛ) Заходняй Нямеччыны Ота Ён пасьля сустрэчы з супрацоўнікам КДБ Вадзімам Кучыным вырашыў перайсьці ва Ўсходні Бэрлін і застацца ў Нямецкай Дэмакратычнай Рэспубліцы. У сьнежні 1954 году ва Ўсходні Бэрлін вывелі начальніка выведвальнага аддзелу ВАКЛ Хайнца і начальніка яго філіі ў Заходнім Бэрліне Кольба. У выніку ў НДР выкрылі 36 агентаў Заходняй Нямеччыны[15].

Thumb
Сядзіба ў Ясеневе (2008 год)

На 1960 год у будове вонкавай выведкі дадаліся: управа апэратыўнай тэхнікі, служба інфармацыйна-аналітычнай працы. Таксама аддзел «Д» павысілі да службы актыўных мерапрыемстваў, а шыфраддзел — да шыфравальнай службы. Пазьней стварылі афрыканскі аддзел. Пасьля правалу амэрыканскай высадкі на Кубу ў красавіку 1961 году ў заліве Сьвіней савецкая выведка паведаміла старшыні ўраду СССР Мікіту Хрушчову пра падрыхтоўку паўторнай спробы. У выніку ўвесну 1962 году ў Маскве Хрушчоў перамовіў зь міністрам узброеных сілаў Кубы Раулем Кастрам пра разьмяшчэньне балістычных ракетаў сярэдняй далёкасьці, што выклікала Кубінскі крызіс[16]. На 1970 год лік аддзелаў вырас да 20, у тым ліку за кошт Сярэдняй Азіі. Цэнтральны апарат разьмясьцілі ў мікрараёне Ясенева (Чаромушкінскі раён). На пачатку лістапада 1975 году савецкія выведнікі перамовілі са старшынёй Народнага руху за вызваленьне Анголы Агуштыньню Нэту наконт уварваньня з Паўднёвай Афрыкі праз Намібію. У выніку 10 лістапада ў Луандзе самалётам высадзілі кубінскі батальён, які ў баі пад Кіфандонга на рацэ Бэнгу разьбіў бронетанкавую калёну ПАР. У выніку Грамадзянская вайна ў Анголе доўжылася да 2002 году[17].

У 1984 годзе былы агент КДБ Юры Бязьменаў, які ўцёк у 1970 годзе ў Канаду, выдаў у ЗША брашуру «Любоўны ліст Амэрыцы», у якой апісаў 4 ступені падрыўной дзейнасьці 1-й галоўнай ўправы КДБ за межамі СССР. Ён выкрыў, што «актыўныя мерапрыемствы» («псыхалягічная вайна») займалі 85% часу, грошай і людзей КДБ. 20 ліпеня 1985 году начальнік Лёнданскай рэзыдэнтуры Алег Гардзіеўскі ўцёк з Масквы ў Лёндан праз савецка-фінскую мяжу. Гэта прывяло да паралюшу вонкавай выведкі ў Ангельшчыне. 30 кастрычніка 1985 году ў Бэйруце (Лібан) вызвалілі 3-х савецкіх закладнікаў пасьля закліку кіраўніка Арганізацыі вызваленьня Палестыны Ясіра Арафата, да якога зьвярнуліся савецкія выведнікі. У студзені 1986 году рэзыдэнтура ў Емэне зладзіла вываз з Адэну 8000 савецкіх і 2000 іншаземных грамадзянаў пасьля пачатку баёў у горадзе[18].

Самастойная служба

Thumb
Прэс-бюро СВВ Расеі (2013 год)

25 лістапада 1991 году прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў зацьвердзіў сваім Указам «Палажэньне аб Цэнтральнай службе выведкі» (ЦСВ), якую ўтварылі зь 1-й галоўнай управы КДБ. 13 сьнежня 1991 году стварылі прэс-бюро ЦСВ. 18 сьнежня 1991 году расейскі прэзыдэнт Барыс Ельцын перайменаваў сваім Указам ЦСВ у Службу вонкавай выведкі Расейскай Фэдэрацыі. У 1992 годзе ўхвалілі Закон Расеі «Аб вонкавай выведцы» і зацьвердзілі «Палажэньне аб СВВ Расеі», што замацавала яе наўпроставае падначаленьне прэзыдэнту Расеі. 4 красавіка 1993 году ў Алмаце (Казахстан) кіраўнікі выведак Садружнасьці незалежных дзяржаваў падпісалі Пагадненьне «Аб супрацы ў галіне вонкавай выведкі», паводле якога адпаведныя выведкі наладзілі абмен выведанымі зьвесткамі і адмовіліся ад выведкі супраць адно аднаго. 8 сьнежня 1995 году зацьвердзілі новую рэдакцыю Закону «Аб вонкавай выведцы». На пачатку 1990-х гадоў зачынілі звыш 30 рэзыдэнтураў у Афрыцы, Лацінскай Амэрыцы і Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Таксама скарацілі 30% супрацоўнікаў. У 2-й палове 1990-х гадоў заключылі пагадненьні аб супрацы з выведкамі Ангельшчыны, ЗША, Нямеччыны, Паўднёвай Карэі і Аргентыны наконт тэрарызму, наркагандлю, распаўсюду зброі масавага паражэньня і экалёгіі[19].

На 1995 году рэзыдэнтура ў Нью-Ёрку (ЗША) складалася зь 7 падразьдзяленьняў:

  • палітычнай выведкі (ПВ),
  • вонкавай контравыведкі (ВКВ),
  • навукова-тэхнічнай выведкі (НТВ),
  • радыёперахопу (РП),
  • гаспадарчай выведкі (ГВ),
  • незаконнай выведкі (НВ),
  • тэхнічных апэрацыяў (ТА)[20].

У сакавіку 1998 году Служба вонкавай выведкі Расеі ўтварыла атрад спэцыяльнага прызначэньня «Заслона» дзеля вывазу расейскіх грамадзянаў з краінаў, дзе ішла вайна. Такі вываз у выглядзе апэрацыі «Прарыў» праводзілі ў Іране, Іраку (Ірацкая вайна, 2003 год), Лібіі (Грамадзянская вайна ў Лібіі, 2011 год), Сырыі (Дамаск, Грамадзянская вайна ў Сырыі, 2011 год) і Емэне (Сана, красавік 2015 году), у тым ліку дыпляматаў ЗША ў апошнім выпадку. Пастаяннымі задачамі атраду былі: ахова расейскіх амбасадараў, носьбітаў дзяржаўнай таямніцы і ўтойваньне агентаў. Гэтыя задачы былі больш надзённымі для амбасадаў Расеі ў Нямеччыне, Ангельшчыне і Францыі[21].

У верасьні 1999 году расейскі прэзыдэнт Барыс Ельцын заявіў, што Служба вонкавай выведкі Расеі адыгрывае большую ролю ў акрэсьленьні расейскай замежнай палітыкі, чым Міністэрства замежных справаў Расеі[22].

На чэрвень 2000 году ў СВВ Расеі налічвалася 12 000 супрацоўнікаў[23]. Улетку 2006 году зацьвердзілі Закон, паводле якога СВВ Расеі ўпаўнаважвалася забіваць за мяжой падазраваных у тэрарызьме на загад прэзыдэнта Расеі[24]. 28 чэрвеня 2010 году супрацоўнікі Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў ЗША арыштавалі 11 агентаў СВВ Расеі, у тым ліку Ганну Чапман. Зь іх 10 затрымалі ў ЗША і аднаго на Кіпры. Іх абвінавацілі «ў змове дзеля дзеяньня ў якасьці агентаў чужой дзяржавы» і адмываньні грошай[25].

27 чэрвеня 2011 году Маскоўскі акруговы вайсковы суд завочна вырак намесьніка начальніка ўправы «С» у СВВ Аляксандра Пацеева (нар. 1952, Лунінец, цяпер Беларусь) да 25 гадоў пазбаўленьня волі за дэзэртэрства ў ЗША і дзяржаўную здраду ў выглядзе раскрыцьця 11 расейскіх агентаў, арыштаваных ФБР[26]. 27 жніўня 2012 году СВВ Расеі абвясьціла 3 тэндэры на распрацоўку апраграмаваньня коштам 30 млн расейскіх рублёў (943 тыс. $ дзеля: сачэньня «Дыспут» і кіраваньня супольнасьцю «Манітор-3», а таксама ўкідваньня ў сацыяльныя сеткі і блогі «Шторм-12». Выпрабаваньні прызначылі на блогах ва Ўкраіне і Беларусі[27].

18 красавіка 2021 году міністар замежных справаў Чэхіі Ян Гамачак заявіў пра высылку 18 расейскіх дыпляматаў, сярод якіх выявілі выведнікаў Службы вонкавай выведкі Расеі[28].

Удзел у катаваньнях удзельнікаў пратэстаў супраць рэжыму Лукашэнкі у Беларусі

6 кастрычніка 2021 году Ўладзімер Асечкін, заснавальнік расейскага праекту Gulagu.net — дзе раней апублікавалі відэаархіў расейскай Фэдэральнай службы выкананьня пакаранняў зь відэафіксацыяй жорсткіх катаваньняў у расейскіх турмах — паведаміў, што мае зьвесткі пра удзел Службы вонкавай выведкі Расеі і іншых спэцслужбаў у катаваньнях у Беларусі[29]:

« Нам вядома, што ў тым ліку байцы атрадаў спэцыяльнага прызначэньня ФСІН перамяшчаліся ў Беларусь для таго, каб ужываць жорсткія, бесчалавечныя мэтады адносна мірных дэманстрантаў »
Remove ads

Кіраўнікі

Thumb
Міхаіл Фрадкоў — 4-ы старшыня СВВ Расеі (2007—2016)
Thumb
Яўген Прымакоў — 1-ы старшыня СВВ Расеі (1991—1996)
  • Сяргей Нарышкін (зь 5 кастрычніка 2016 году)
  • Міхаіл Фрадкоў (9 кастрычніка 2007 — 5 кастрычніка 2016)
  • Сяргей Лебедзеў (20 траўня 2000 — 8 кастрычніка 2007)
  • Вячаслаў Трубнікаў (10 студзеня 1996 — 20 траўня 2000)
  • Яўген Прымакоў (30 верасьня 1991 — 9 студзеня 1996)
  • Вячаслаў Гургенаў (выканаўца абавязкаў, 22—30 верасьня 1991)
  • Леанід Шабаршын (6 лютага 1989 — 22 верасьня 1991)
  • Вадзім Кірпічэнка (выканаўца абавязкаў, 1 кастрычніка 1988 — 6 лютага 1989)
  • Уладзімер Кручкоў (13 студзеня 1974 — 1 кастрычніка 1988)
  • Фёдар Морцін (15 ліпеня 1971 — 13 студзеня 1974)
  • Аляксандар Сахароўскі (23 чэрвеня 1955 — 15 ліпеня 1971)
  • Аляксандар Панюшкін (17 ліпеня 1953 — 23 чэрвеня 1955)
  • Аляксандар Караткоў (выканаўца абавязкаў, 28 траўня — 17 ліпеня 1953)
  • Васіль Расны (5 сакавіка — 28 траўня 1953)
  • Яўген Пітаўранаў (5 студзеня — 5 сакавіка 1953)
  • Сяргей Саўчанка (19 верасьня 1949 — 5 студзеня 1953)
  • Пётар Фядотаў (7 верасьня 1946 — 19 верасьня 1949)
  • Пётар Кубаткін (15 чэрвеня — 7 верасьня 1946)
  • Павал Фіцін (13 траўня 1939 — 15 чэрвеня 1946)
  • Уладзімер Дэканозаў (2 сьнежня 1938 — 13 траўня 1939)
  • Павал Судаплатаў (выканаўца абавязкаў, 2 лістапада — 2 сьнежня 1938)
  • Зэльман Пасаў (9 чэрвеня — 2 лістапада 1938)
  • Сяргей Шпігельглаз (выканаўца абавязкаў, 17 лютага — 9 чэрвеня 1938)
  • Абрам Слуцкі (21 лютага 1935 — 17 лютага 1938)
  • Артур Фраўчы (1 жніўня 1931 — 21 траўня 1935)
  • Станіслаў Месінг (27 кастрычніка 1929 — 1 жніўня 1931)
  • Мэір Трылісер (13 сакавіка 1922 — 27 кастрычніка 1929)
  • Саламон Магілёўскі (6 жніўня 1921 — 13 сакавіка 1922)
  • Якаў Даўцян (10 красавіка — 6 жніўня 1921)
  • Рубэн Катанян (20 студзеня — 10 красавіка 1921)
  • Якаў Даўцян (выканаўца абавязкаў, 20 сьнежня 1920 — 20 студзеня 1921)[30]
Remove ads

Беларусь

3 верасьня 1992 году Служба вонкавай выведкі Расеі і Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі заключылі Пагадненьне «Аб супрацы ў галіне выведвальнай дзейнасьці»[31]. 19 траўня 2016 году ў Менску прайшло 40-е паседжаньне Рады кіраўнікоў органаў бясьпекі і спэцыяльных службаў дзяржаваў-удзельніцаў Садружнасьці незалежных дзяржаваў (РОВБ) з удзелам СВВ Расеі. Пры РОВБ дзейнічалі 4 камісіі: 1) навукова-тэхнічнай супрацы, 2) інфармацыйнай бясьпекі, 3) супрацы ў галіне папярэдняга сьледзтва, 4) забесьпячэньня бясьпекі міжнародных транспартных зносін[32].

17 траўня 2017 году кіраўнік СВВ Расеі Сяргей Нарышкін сустрэўся з А. Лукашэнкам у Менску[33]. На сустрэчы ўзгаднілі напрамкі супрацы выведак у галіне абароны дзяржаўных зацікаўленасьцяў[34]. 22 кастрычніка 2020 году Сяргей Нарышкін паўторна сустрэўся з А. Лукашэнкам у Палацы незалежнасьці, дзе падзякаваў за правядзеньне ў Менску Калегіі выведак Беларусі і Расеі[35]. 3 чэрвеня 2021 году ў Віцебску адбылося 20-е сумеснае паседжаньне КДБ Беларусі і СВВ Расеі, якое прайшло з удзелам старшыні СВВ Сяргеем Нарышкіным[36].

Remove ads

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads