Чыкалавічы

былая вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Чы́калавічы[1] — былая вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласьці. Належала да Камарынскага сельсавету.

Хуткія факты
Remove ads

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

У люстрацыі Оўруцкага замку 1552 года[a] засьведчана, што з 2 службаў[b] сяла Ачыкалавічы пана Васіля Данілавіча Дзедкавіча (Трыпольскага)[2] выплачваліся 4 капы грошаў і 2 кадзі мёду[3].

У 1567 годзе пані Дзедкавая Саламаніда Сурынавая з маёнткаў сваіх Клочкаў і Чыкалавічаў у Оўруцкім[c] павеце, ставіла ў войска Вялікага Княства Літоўскага 2 узброеных вершнікаў; апошнія належалі да почату князя Андрэя Капусты, кашталяна брацлаўскага[5].

Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году Кіеўскае ваяводзтва[d] (і Чыкалавічы з прылегласьцямі) было далучана да Кароны Польскай[6].

Карона Каралеўства Польскага

У падатковым рэестры Кіеўскай зямлі (ваяводзтва), складзеным у 1581 годзе каралеўскім слугой і паборцам панам Мацеем Язерскім, засьведчана прыналежнасьць Чыкалавічаў панам Хведару, Гапону і Ждану Дзедкам Трыпольскім. Зь іх 8 дымоў асадных сялянаў выплачвалася па 15 грошаў, з 1 агародніка, у залежнасьці ад акалічнасьцяў (тут ня ўказана), — 4-6 гр.[7].

У 1628 годзе паны Мацьвей, Максім, Марка, Хведар, нашчадкі нябожчыка пана Андрэя, Трыпольскія з 3 паўнавартых дымоў (×6 — каля 18 чалавек) і 2 убогіх (≈12 чал.) сяла Чыкалавічы забясьпечвалі выплату адпаведна па 3 і па паўтара злотых[8].

Паводле люстрацыі падымнага падатку 1683 года, з 20 дымоў (каля 120 жыхароў) вёскі Чыкалавічы пана Паўла Трыпольскага і з 5 дымоў (≈30 жыхароў) іншых Трыпольскіх да скарбу выплачвалася 4 злотых[9].

16-м лістапада 1708 году датаваная скарга оўруцкага падстолія Тэадора Паўшы на пана Яна і іншых Трыпольскіх за зьбіцьцё іхнымі падданымі сялянаў, жонак і дзяцей апошніх, за вымаганьне грошай, забраньне хлеба, коней, свойскай птушкі і г. д. пры наезьдзе на сёлы Чыкалавічы, Харомнае і Калыбані[10].

Згаданыя Чыкалавічы ў тарыфах падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва 1707, 1711, 1714 гадоў. У тарыфе 1734 году, нарэшце, сказана, што належала вёска сужэнцам панам Войнам. Але ня ўся, бо ўладальнікамі частак яе былі і іншыя, неназваныя тут, асобы[11].

У матэрыяле Генэральнай візытацыі Брагінскага дэканату 1743 году занатавана, што прыход царквы Ўваскрашэньня Хрыстова ў сяле Чыкалавічы, які ўзначальваў настаяцель а. Лаўрэнці Гудымовіч, налічваў 90 двароў (×6 — каля 540 душ), а верных да споведзі дапушчаных — plus minus 300 душ. Згаданы фундуш, выдадзены царкве 15 траўня 1742 г. уладальніцай маёнтку пані Антанінай з Чэхоўскіх Войнінай, судзьдзёвай рэчыцкай. Акрамя асобных заўвагаў, візытатар наклаў на сьвятара грашовае спагнаньне ў 30 грывень за тое, што ня вёў мэтрычныя запісы[12].

Паводле тарыфа 1754 году, з 23 двароў (≈138 жыхароў) вёскі Чыкалавічы пані Войніны «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачваліся 3 злотых, 17 з паловай грошаў, «na milicję»[e] 14 злотых, 10 грошаў, а з 2 двароў пана Міхала Антонія Паўшы, харунжага кіеўскага, — адпаведна 9 гр. і 1 зл., 6 гр.[13].

Габрэйскія перапісы 1765, 1778 і 1784 гадоў засьведчылі пражываньне ў Чыкалавічах адпаведна 9, 4 і 10 плацельшчыкаў пагалоўшчыны (głow), што належалі да Чарнобыльскага кагалу[14]. Убываньне колькасьці юдэяў на 1778 год магло быць выклікана выбухам гайдамацка-сялянскай Каліеўшчыны 1768 г., адгалоскі якой дасягалі і нашых мясьцінаў.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

Як вынік другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793), Чыкалавічы – у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 г. у тэрытарыяльна ўпарадкаваным Рэчыцкім павеце спачатку Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 г. Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[15]. З расейскай рэвізіі 1795 году вядома, што Чыкалавічы пажыцьцёва належалі пані Людвіцы з Ржэвускіх, удаве графа Яна, сына Адама, Хадкевіча, генэрала-ад'ютанта[16]. На той час у сяле было 27 двароў, у якіх – 68 падданых мужчынскага і 71 жаночага полу[f][17][g].

Найноўшы час

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Ўкраінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Чыкалавічы ў складзе Савіцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападзкага[19].

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

Remove ads

Заўвагі

  1. У. Б. Антановіч, укладальнік гэтага тому дакумэнтаў, датаваў яе 1545 годам. Але апісаньні іншых «украинных замков» — Мазырскага, Чарнобыльскага, Асьцёрскага, Віньніцкага, Чаркаскага — пазначаныя 1552 г. І для Оўруцкага гэты год цалкам прыймальны, бо Іосіф Халецкі тады заставаўся дзяржаўцам, а люстрацыя праведзена пры ім.
  2. 1 службу складалі 2 двары і болей.
  3. Ня ў Рэчыцкім павеце, як тое ў С. В. Марцэлева[4].
  4. Менавіта ў яго межах месьціліся Чыкалавічы, а ня ў Менскім ваяводзтве, як меркаваў С. В. Марцэлеў[4].
  5. Галоўным чынам, дзеля барацьбы супраць гайдамакаў.
  6. Сьпіс, магчыма, няпоўны. Да яго варта дадаць 2 двары, пра якія пісаў С. В. Марцэлеў, зважаючы на справу 58 НГАБ[4].
  7. І. Е. Петрачэнка падала зьвестку, нібы сяло Чыкалавічы і вёска Калыбань знаходзіліся ў заставе ў пана Ігнацыя Шышкі, а належалі ротмістру троцкаму пану Валенцію Зялёнку[18].
Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads