Балотная ліхаманка (карная аперацыя)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Аперацыя «Балотная ліхаманка» (ням.: Unternehmen «Sumpffieber») — кодавая назва адной з самых буйных карных аперацый нямецкіх акупацыйных улад супраць партызан і мясцовага насельніцтва ў так званай генеральнай акрузе Беларусь на тэрыторыі Віцебскай, Мінскай і Брэсцкай абласцей. Складалася з сямі паслядоўных аперацый. Праводзілася 28 жніўня — 20 верасня 1942 года.
Remove ads
Ход аперацыі
Аперацыя праводзілася па загаду рэйхсфюрэра СС Гімлера сіламі начальніка СС і паліцыі «Остланд», начальніка паліцыі парадку Беларусі, паліцыі бяспекі і СД, камандуючага вермахта «Остланд»: 1-й матарызаванай брыгадай СС, 23-га паліцэйскага палка, 8 асобных ахоўных батальёнаў, 5 матарызаваных узводаў жандармерыі, 3 зондэркаманд СС і іншых.
Карная аперацыя «Балотная ліхаманка — Поўнач Троенфельд I» ажыццяўлялася ў Лепельскім і Бягомльскім раёнах, раёне возера Домжарыцкае з мэтай знішчэння партызанскага атрада «Рамана» (камандзір Р. А. Дзякаў) і цывільнага насельніцтва, якое знаходзілася пад яго абаронай. Партызаны разам з насельніцтвам пакінулі лагер каля вёскі Кветча (Бягомльскі раён), адышлі ўглыб Бяэзінскага запаведніка. Карнікі падверглі лясны масіў артылерыйска-мінамётнаму агню, але з-за панесеных страт ад пераследавання адмовіліся.
У задачу 2-й аперацыі «Балотная ліхаманка — Поўнач Бінц» у Плешчаніцкім і Ільянскім раёнах уваходзіла знішчэнне партызанскіх атрадаў «Мсцівец» (камандзір В. Ц. Варанянскі) і «Барацьба» (камандзір С. М. Далганаў), што дзейнічалі ў раёне паміж рэкамі Вілія і Ілія. Партызаны разам з часткай жыхароў знайшлі праход на стыках батальёнаў карнікаў, якія іх акружалі, і вырваліся з кальца блакады ў раён вёсак Пядань — Мсціж.
Пацярпеўшыя няўдачы карнікі з 27 жніўня па 6 верасня 1942 года правялі яшчэ 4 аперацыі:
- на паўночным захадзе ад Лагойска «Балотная ліхаманка Поўнач Баркхольт»,
- у Лагойскім і Смалявіцкім раёнах, у вусці ракі Цна каля вёсак Мыльніца — Масцішча «Балотная Ліхаманка — Поўнач Троенфельд II»,
- у Уздзенскім раёне, паміж дарогай Мінск — Слуцк і возерам Сіняе — лясны масіў паміж вёскамі Церабель, Кавалевічы, Таўкачэвічы, Гута, Ячанка, Асака «Балотная ліхаманка — Поўнач Троенфельд III»,
- ў Стаўбцоўскім раёне ў Налібоцкай пушчы «Балотная ліхаманка — Захад».
7-я аперацыя «Балотная ліхаманка — Паўднёвы Захад» праводзілася ў Быценскім, Ганцавіцкім, Косаўскім і Целяханскім раёнах, у вялікім лясіста-балоцістым масіве на поўнач і поўдзень ад участка чыгункі Бяроза — Баранавічы, паміж рэкамі Шчара — Грыўда, азёрамі Выганашчанскае і Бабровіцкае. Праз зону блакады ішоў баявымі рэйдамі ў Пінскую вобласць партызанскі атрад імя Шчорса (камандзір П. В. Пранягін), які прыняў на сябе ўдар карнікаў. Дзейнічаючы з засад невялікімі рухомымі групамі, партызаны нанеслі карнікам страты ў жывой сіле і тэхніцы (знішчылі ахову моста цераз раку Шчара на шашы Брэст — Мінск, у вёсцы Чамялы Косаўскага раёна ліквідавалі гарнізон палявой жандармерыі, знішчылі 2 легкавыя машыны з нямецкімі афіцэрамі). У рукапашным баі каля Агінскага канала поўнасцю знішчылі роту СС, захапілі больш за 100 адзінак аўтаматычнай зброі, вінтовак і паспяхова працягвалі рэйд.
У ходзе карнай экспедыцыі карнікі загубілі 10 013 савецкіх грамадзян, 1217 вывезлі ў Германію. Жорсткай расправе падвергліся жыхары вёскі Бабровічы (загубілі 676 чалавек), Выганашчы (31 чалавек), Вяда, Красніца, Тупічыцы (Косаўскі раён) і іншыя.
Паўторна аперацыя «Балотная ліхаманка» была праведзена ў сярэдзіне чэрвеня 1943 года ў заходняй частцы Ворскага лесу (вёска Ворга Арлоўскай вобласці).
Remove ads
Літаратура
- У. С. Пасэ, В. С. Лазебнікаў. Балотная ліхаманка // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — С. 55-56. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads