Беніца
вёска ў Беларусі, уваходзіць у склад Лебедзеўскага сельсавету Маладэчанскага раёну Менскай вобласьці From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Бе́ніца[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Бенічанцы. Уваходзіць у склад Лебедзеўскага сельсавету Маладэчанскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 138 чалавек. Знаходзіцца за 21 км ад Маладэчна, за 16 км ад чыгуначнай станцыі Пруды; на скрыжаваньні дарог на Маладэчна, Крэва, Смаргонь, Заскавічы.
Беніца — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны). Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы ў стылі барока, помнік архітэктуры XVIII ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў — кляштар бэрнардынаў, зруйнаваны расейскімі ўладамі, і палац Коцелаў, зруйнаваны савецкімі ўладамі.
Remove ads
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Першы пісьмовы ўпамін пра Беніцу як сяло Маркаўскай воласьці Віленскага ваяводзтва датуецца 1507 годам. У 1554 годзе маёнтак знаходзіўся ў валоданьні роду Астравухаў, у 1576 годзе перайшоў да С. Валовіча. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў сяло і аднайменны маёнтак увайшлі ў склад Ашмянскага павету.
З 1634 году Беніца знаходзілася ў валоданьні роду Коцелаў (Катлоў). Пры двары ўласьнікаў маёнтку жыў і працаваў філёзаф П. Мотвіл, існавалі бібліятэка, архіў, мастацкая галерэя, парк, сад, сажалкі з каналамі. У 1701 годзе Міхал Казімер Коцел, кашталян віцебскі збудаваў у мястэчку касьцёл і кляштар бэрнардынаў, пры якім працавала школа. Па пабудове касьцёла Беніца стала асноўнай рэзыдэнцыяй Коцелаў, якія збудавалі тут сядзібны палац, аранжарэю, заснавалі сад, парк з сыстэмай сажалак і каналаў.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Беніца апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам воласьці Ашмянскага павету. У Вайну 1812 году тут спыняўся Напалеон у часе ўцёкаў з Масквы. Залю ў палацы, дзе ён жыў, пераўтварылі ў мэмарыяльную. Апроч таго, у розныя часы ў мястэчку спыняліся М. К. Агінскі, Т. Зан, Ян Ходзька, С. Манюшка, В. Дмахоўскі, Н. Орда, А. Концкі, Г. Пузына, Уладзіслаў Сыракомля, У. Дмахоўскі, Ф. Багушэвіч.
У 1813 годзе ад бязьдзетнага М. Коцела Беніца перайшла да ягонай пляменьніцы, якая была замужам за Казімерам Швыкоўскім. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) расейскія ўлады зачынілі кляштар бэрнардынаў, а касьцёл у 1854 годзе гвалтоўна перарабілі пад царкву. У 1886 годзе побач з касьцёлам збудавалі царкву-мураўёўку пад тытулам Покрыва Багародзіцы.
У Першую сусьветную вайну Беніца знаходзілася ў прыфрантавой зоне. У верасьні 1915 году мястэчка занялі нямецкія войскі.
- Старая графіка Беніцы
- Кляштар бэрнардынаў, XVIII ст.
- Сядзіба. Б. Тышэцкі, 1827 г.
- Сядзіба. Н. Орда, 1875—1877 гг.
- Панарама, 1896 г.
- Сядзіба, 1896 г.
- Сядзіба. Л. Вычалкоўскі, 1907 г.
- Сьвіран. Л. Вычалкоўскі, 1907 г.
- Сьвіран у Беніцы. Станіслаў Яроцкі, 1927 г.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Беніца абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У мястэчку зьявілася беларуская школа. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі Беніца ўвайшла ў склад Беларускай ССР[2]. У сьнежні 1919 году з адступленьнем нямецкіх войск мястэчка занялі бальшавікі, у пачатку ліпеня 1919 году — польскія войскі, пазьней да кастрычніка 1920 году — зноў бальшавікі.
У 1920 годзе Беніца апынулася ў складзе Сярэдняй Літвы, у 1922 годзе — міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва (з 1 красавіка 1927 году — Маладэчанскага павету). У міжваенны час у мястэчку працавалі піваварня і скураны завод.
У 1939 годзе Беніца ўвайшла ў БССР, дзе ў 1940 годзе стала цэнтрам сельсавету (існаваў да 1959 году). У 1948 годзе савецкія ўлады зачынілі касьцёл і царкву і ператварылі іх у склады, а капліцу-пахавальню Коцелаў і Швыкоўскіх — разабралі, у 1987 годзе — зьнішчылі муры палаца Коцелаў. На 1990 год у вёсцы было 123 двары, на 1995 год — 120.
- Мястэчка на старых здымках
- Касьцёл, каля 1900 г.
- Царква, каля 1900 г.
- Панарама мястэчка, каля 1910 г.
- Калёна ў гонар Канстытуцыі 3 траўня, 1916 г.
- Касьцёл, 1930-я гг.
- Інтэр’ер касьцёла, 1930-я гг.
- Палац Коцелаў, каля 1910 г.
- да 1930 г.
Remove ads
Насельніцтва
Дэмаграфія
Інфраструктура
У Беніцы працуюць базавая школа, лякарня, бібліятэка, пошта.
Турыстычная інфармацыя
Славутасьці
- Гаспадарчы двор (XIX ст.)
- Капліца-пахавальня Коцелаў
- Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (1701—1704)
- Царква Покрыва Багародзіцы (1886; мураўёўка)
Страчаная спадчына
- Калёна ў гонар Канстытуцыі 3 траўня (1791)
- Кляштар бэрнардынаў (XVIII ст.)
- Сядзібна-паркавы комплекс Коцелаў (XVIII ст.)
Галерэя
- Краявіды Беніцы
- Траецкі касьцёл з брамай
- Касьцёл, бакавы фасад
- Царква, бакавы фасад
Асобы
- Павал Асіповіч (1923—1997) — беларускі грамадзкі дзяяч у Вялікабрытаніі
- У мястэчку жыў і памёр беларускі паэт Станіслаў Шыманоўскі, адзін зь ягоных вершаў мае назву «Беніца».
- У мястэчку жыў і памёр летувіскі пісьменьнік, прапаведнік Купрыян Лукаўскі.
- У мястэчку некаторы час бавіў мастак Станіслаў Яроцкі, якія пакінуў карціну й фотаздымкі краявідаў Беніцы.
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads