Высокае (Хвойніцкі раён)

вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Высо́кае[1]вёска ў Стралічаўскім сельсавеце Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. За 8 км на паўднёвы ўсход ад раённага цэнтру і чыгуначнай станцыі Хвойнікі (на адгалінаваньні ВасілевічыХвойнікі ад лініі Каленкавічы — Гомель, за 111 км ад Гомля.

Хуткія факты
Remove ads

Назва

Тапонім Высокае ўтварыўся ад асаблівасьцяў рэльефу (высокая мясьціна)[2].

Гісторыя

Карона Каралеўства Польскага

Thumb
Герб Карыбут князёў Вішнявецкіх.
Thumb
Урывак зь дзельчага ліста 1574 г. князёў-братоў А. і М. Вішнявецкіх[b].

Сядзіба (дварэц) Высокае вядомая зь ліста аб падзеле маёнтку Брагін паміж князямі-братамі Аляксандрам Аляксандравічам і Міхаілам Аляксандравічам Вішнявецкімі, датаванага 15-м сакавіка 1574 году[c]. У выніку братэрскага паразуменьня

Дворец Высокое с пашнею дворною, з людми, полми, сеножатми и зо всим тым, яко ся тот дворец Высокое в собе мает

дастаўся князю Аляксандру[5].

У часы Рэчы Паспалітай паселішча належала да Кіеўскага, ад XVII ст. да Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва Кароны Польскай.

2 чэрвеня 1609 году князь Адам Вішнявецкі не дапусьціў кіеўскіх судовых выканаўцаў у сваю частку Брагіна і ў вёску Высокае. 19 жніўня 1613 году ў Кіеўскім гродзкім судзе быў складзены зыск аб нявыплаце Адаму і Аляксандры Хадкевічаўне Вішнявецкім, іх дачцэ Крысьціне панам Янам Юндзілам сумы, запісанай на добрах Зашчоб'е, Мікулічы, частцы мястэчка Брагін, на Сяльцы і Высокім[6].

Thumb
Урывак з тэксту «darowizny Brahinia» пані Крысьціны з князёў Вішнявецкіх Даніловічавай 1641 г.

20 ліпеня 1641 году пані Крысьціна з князёў Вішнявецкіх, на той час жонка Пятра Даніловіча, крайчага кароннага, саступіла князю Ярэмію Вішнявецкаму сваю палову замку і места Брагін зь сёламі, у ліку якіх было і Высокае[7].

22-м красавіка 1717 году датаваны застаўны запіс шляхты Яна і Міхала Сілічаў старадубскаму падстолію Аляксандру і яго жонцы Катарыне Окшам-Чахоўскім на сяльцо Высокае. Тады ж адбыўся і ўвод ува ўладаньне. 2-м жніўня 1718 году пазначаная скарга пана А. Окшы-Чахоўскага на сыноў кіеўскага падчашага Яна і Міхала Сілічаў за невыкананьне умовы даўгавога запісу на 2000 польскіх злотых, забясьпечанай сёламі Брагінскай воласьці Высокае і Лісьцьвін, што ў Оўруцкім павеце[8]. На 1734 год частку Высокага трымалі ў заставе паны Войны[9]. Але ўжо раней, прынамсі, у 1733 годзе Высокае з усім Брагінскім маёнткам стала дзедзічным уладаньнем князя Міхала Сэрвацыя са старэйшай галіны роду Вішнявецкіх, які менавіта тады ўпершыню падпісаўся «графам на Брагіне»[10]. У самым пачатку 1749 году Брагінская фартуна дасталася дачцэ князя пані Эльжбэце Замойскай, а потым яе дачцэ Катарыне Мнішак (гл.: Брагін).

Thumb
Герб Равіч паноў Ракіцкіх.
Thumb
Wieś Wysokie ў 1783 г. Фрагмэнт эксплікацыі да мапы Брагінскага графства.

2-м студзеня 1750 году датаваны ліст пана Антонія Ракіцкага[d] да князя Ігнацыя Шуйскага са скаргаю на адміністратара яго Хвойніцкага маёнтку «za niesłuszne najechanie na dobra i pola wsi Brahińskiej Wysokich y więcej sta kop żyta zabrania»[11].

У 1754 годзе з 14 двароў (каля 84 жыхароў) вёскі Высокае Брагінскага маёнтку выплачвалася «do grodu» (Оўруцкага замку) 2 злотыя, 5 грошаў, «na milicję» (пераважна дзеля барацьбы супраць гайдамакаў) 8 зл. і 20 гр.[12]. У тым жа годзе маёнтак быў куплены ў княгіні Эльжбэты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай панам Францішкам Антоніем Ракіцкім.

Вёска Высокае згаданая ў эксплікацыі да мапы Брагінскага графства, датаванай 27 днём жніўня 1783 года.

Расейская імпэрыя

Thumb
Высокае на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г.

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Высокае – у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[13]. Згодна з расейскай рэвізіяй 1795 году вёска Высокае дзедзічных уладальнікаў Людвіка і Алаізія, сыноў Міхала, Ракіцкіх з 23 чэрвеня 1794 г. была ў заставе ў судзьдзі земскага оўруцкага Міхала, сына Яна, Паўшы, а кіраваў ёй упаўнаважаны Міхал, сын Марціна, Мрачкоўскі. Тады тут налічвалася 16 двароў[e] з 56 падданымі мужчынскага і 63 жаночага полу[14][f].

Згодна з шляхецкай рэвізіяй ад 13 сьнежня 1811 году, оўруцкі падкаморы Міхал Паўша з жонкай Ёганнай арэндным правам ад дзедзічнага ўладальніка пана Шымана Забелы[g][15] трымаў фальварак і вёску Лісьцвін, вёскі Веляцін, Карпілаўка, Высокае, у якіх разам налічвалася 331 сялянская душа. З таго ж 1811 году вядома і аб пражываньньні ў Высокім графа Шымана Забелы чыншавага шляхецтва Шацілаў, Куліцкіх, Навакоўскіх[16]. У ведамасьці Раства-Багародзіцкай царквы ў Губарэвічах за 1829 год сказана, што ў вёсцы Высокае налічвалася 11 поўных двароў і яшчэ тры чвэрці двара. Прыхаджанамі — 47 мужчын і 45 жанчын з падданых графа Міхала, сына Рафала, Ракіцкага, які сам «тут не живёт»[17]. 1 студзеня 1835 году прыход у Губарэвічах быў скасаваны[h].

Thumb
На мапе Ф. Шубэрта 1826-1840 гг. пазначаныя два паселішчы з назвай Высокае.
Thumb
Высокае, фальварак і засьценак Раславіца (Берасьцечка), Лісьцьвін, Веляцін на мапе Ф. Ф. Шубэрта, сярэдзіна XIX ст.

На 1850 год у вёсцы — 13 двароў, 102 жыхары[4]. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 101 жыхар абодвух полаў вёскі Высокае зьяўляўся прыхаджанінам Бабчынскай Крыжаўзьдзьвіжанскай царквы, а 56 мужчын і 72 жанчыны, якія жылі ў засьценку Высокае[j], былі парафіянамі Астраглядаўскага касьцёлу Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[21].

У парэформавы пэрыяд вёска Высокае належала да Мікуліцкай воласьці Рэчыцкага павету Менскай губэрні. У 1866 годзе ў вёсцы было 39 двароў, 272 жыхары[k]. На пачатак 1870 года тут — 55 мужчын-гаспадароў зь ліку сялян уласьнікаў, прыпісаных да Губарэвіцкага сельскага таварыства[23]. У 1876 гадзе жыхары вёскі заставаліся прыхаджанамі Бабчынскай Крыжаўзьдзьвіжанскай царквы[24].

21-м жніўня 1891 — 18-м лютага 1893 году датаваная справа Другога (сялянскага) дэпартамэнту Сэната што да перагляду справы аб спрэчках паміж сялянамі вёскі Высокае і ўладальнікам маёнтку Брагін панам Ст. Кербедзем, узьніклых пры адмежаваньні сялянскіх зямельных надзелаў[25]. Паводле перапісу 1897 году ў Высокім налічвалася 45 двароў з 294 жыхарамі, працавалі школа граматы і вятрак[4]. На 1909 год у вёсцы было 58 двароў і 377 жыхароў[26].

Найноўшы час

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Высокае ў складзе Рэчыцкага павету, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[27].

1 студзеня 1919 году, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

Thumb
Высокае і Берасьцечка, Губарэвічы і Стралічаў на мапе 1924-26 гг.

Пасьля другога ўзбуйненьня БССР з 8 сьнежня 1926 году Высокае – цэнтар сельсавету ў складзе Хвойніцкага раёну Рэчыцкай акругі БССР. На 1926 год у вёсцы было 95 гаспадарак. Найбольш распаўсюджаныя прозьвішчы жыхароў: Ходас (лідар), Жэбіт, Ганчар, Сергеенка, Повад, Калыхан, Дыгун, Алейнік, Скідан, Козел[28]. З 9 чэрвеня 1927 году – у складзе Гомельскай акругі. 30 сьнежня 1927 году тэрыторыя далучана да Рудакоўскага сельсавету. У 1929 годзе арганізаваны калгас «Чырвоная Перамога», працавалі два ветракі і кузьня. З 1938 году – у Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры. У 1939 годзе ў вёсцы налічвалася 66 двароў з 393 жыхарамі.

У гады Вялікай Айчыннай вайны 59 вяскоўцаў загінулі на франтах.

З 1954 году Высокае — у складзе Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 году ў вёсцы было 518 жыхароў. У складзе саўгасу «Стралічаў» з цэнтральнай сядзібаў у аднайменным сяле[4].

Remove ads

Насельніцтва

  • 2004 год — 17 гаспадарак, 51 жыхар.
  • 2021 год — 6 гаспадарак, 17 жыхароў[29].

Заўвагі

Thumb
Высокае на мапе першага тому Вялікага гістарычнага атлясу Беларусі[30].
Thumb
Высокае на мапе другога тому Вялікага гістарычнага атлясу Беларусі.[31].
  1. Адкуль узятая зьвестка пра дарогу паміж Хвойнікамі і Мікулічамі М. Ф. Сьпірыдонаў, аўтар мапы[3], на якую абапіраліся ўкладальнікі атлясу, нідзе й ніколі не паведамляў. Зразумела, што яна існавала, але...
  2. Зьмест урыўка:
    ... Ку тому остров Рудаков с полями, чертежами, дубровами и сеножатми до границы от Высокого, взявши от сеножатей до могилок, до дороги Хвойницское, которая идеть до Остроглядович, до рубежов, которые есмо сами зарубали водле выязду нашого братэрского...
    Прыкра, але ў 2009 г. укладальнікі першага тому Вялікага гістарычнага атлясу Беларусі на Генэральнай мапе «Беларускія землі ў XVI ст.» зьмясьцілі дварэц Высокае занадта далёка ад Рудакова, ажно за Лісьцьвіном (!), хоць у крыніцы сказана пра тую дарогу Хвойніцкую, што вяла да Астраглядавічаў, не да Мікулічаў[a]. На мапе «Беларускія землі ў канцы XVIІІ ст.» другога тому ВГАБ, апублікаванага ў 2013 г., Высокае паказана дакладна.
  3. Не з XVIII ст., як пісаў С. В. Марцэлеў[4].
  4. На той час быў альбо ўласьнікам часткі Брагінскага маёнтку, альбо пасэсарам.
  5. С. В. Марцэлеў пісаў пра 6 двароў[4]
  6. І. Петрачэнка паведамляе пра падвойную заставу, маўляў, М. Паўша трымаў хутар Высокае графаў Ракіцкіх ад Людвіка Прозара. Тут, напэўна, дапушчана памылка прачытаньня тэксту рэвізіі, бо ў ёй згаданая Людвіка з князёў Шуйскіх Прозарава, жонка абознага Караля.
  7. Тут ня ўсё зразумела. Сапраўды, у іншым дакумэнце пра Забелу сказана, што Лісьцьвін яму ад графа Рафала Ракіцкага «по купле» дастаўся. Але пасьля сьмерці тыя добры вярнуліся да сына Рафала Міхала, хоць у Забелы засталіся нашчадкі. Магчыма, граф Шыман быў хіба застаўным уладальнікам, як раней пан Прозар?
  8. Сьведчаньне іерэя Расьціслава Бандарэнкі, настаяцеля царквы Праабражэньня Гасподняга ў вёсцы Сялец.
  9. У гонар перамогі пад Рацлавіцамі паўстанцаў Тадэвуша Касьцюшкі. Чаму Рацлавіца стала Раславіцай у свой час патлумачыў Чэслаў Пяткевіч[18][19].
  10. Цікава, што на парэформавы 1870 год засьценак Высокае ўжо ня згадваецца. Але зьяўляецца засьценак Берасьцечка з 27 аднадворцамі, неафіцыйна тутэйшымі людзьмі называны таксама Раславіцай[i], парафіянамі Астраглядаўскага касьцёлу, прыпісанымі да Хвойніцкай воласьці[20]. Менавіта там была праведзена мяжа апошняй з воласьцю Мікуліцкай, у складзе якой апынулася вёска Высокае.
  11. Зьвестка з энцыкляпэдыі «Гарады і вёскі Беларусі». Аўтар артыкула С. В. Марцэлеў, акрамя таго, зблытаў сьціплую вёску Высокае з аднайменным маёнткам, калі запісаў, што ў 1889 г. граф О. Тышкевіч меў тут 9494 дзесяціны зямлі[4], бо з 1883 г. гэтай часткай Брагінскага маёнтку валодаў сапраўдны тайны саветнік Станіслаў, сын Валерыяна, Кербедзь[22].
Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads