Дзісна
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Дзісна́ — места ў Беларусі, на рацэ Дзісьне пры ўтоку яе ў Дзьвіну. Уваходзіць у склад Мёрскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 1462 чалавекі[1]. Знаходзіцца за 45 км на ўсход ад Мёраў, за 12 км ад чыгуначнай станцыі Боркавічы (лінія Полацак — Дзьвінск). Аўтамабільныя дарогі зьвязваюць места з Полацкам, Глыбокім, Мёрамі.
Дзісна — магдэбурскае места гістарычнай Полаччыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся збудаваны ў стылі віленскага барока касьцёл францішканаў, помнік архітэктуры XVIII ст., часткова зруйнаваны савецкімі ўладамі. Таксама практычна цалкам зьбераглася гістарычная забудова места, якая з савецкіх часоў знаходзіцца ў занядбаным стане.
Remove ads
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Старажытнае паселішча, папярэднік сучаснага места, існавала на мысе правага берагу рэчкі Дзісны яшчэ ў ХІ стагодзьдзі. З ХІІІ стагодзьдзя пачалося паступовае засяленьне левага берагу. У 1301 годзе паселішча далучылася да Вялікага Княства Літоўскага[2].
Першы пісьмовы ўпамін пра Дзісну як умацаваны замак Капец-гарадок (ад слова «капа́ць») датуецца 1374 годам. Замак выконваў ролю фарпосту Полацку на Дзьвіне, кантраляваў увесь рачны рух і подступы да сталіцы Полацкай зямлі. У 1461 годзе паселішча ўпершыню ўпамінаецца пад цяперашняй назвай (двор Дзісна).
У 1566 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст загадаў пры Дзісенскім замку і пад ягонай аховай заснаваць места, жыхарам якога даў розныя палёгкі тэрмінам на 8 рокаў. У 1567 годзе Жыгімонт Аўгуст надаў Дзісьне першы герб («тры вежы з муру»), а 20 студзеня 1569 году — Магдэбурскае права і новы герб: «у блакітным полі ладзьдзя з разгорнутым ветразем»[3]. За часамі Інфлянцкай вайны ў 1579 годзе тутэйшы замак стаў цэнтрам збору войскаў караля і вялікага князя Стэфана Баторыя перад вызваленчым паходам на Полацак.
![]() |
![]() | |
Герб Дзісенскага павету з Пагоняй |
У 1581 годзе ў Дзісьне заснавалі Фарны касьцёл (пры ім з 1775 году дзеяла школа), у 1630 годзе — кляштар францішканаў, а ў 1633 годзе — манастыр пры Ўваскрасенскай царкве. Па атрыманьні статусу места, з XVII ст. Дзісна стала цэнтрам староства Полацкага ваяводзтва, значным гандлёва-рамесьніцкім асяродкам.
У пачатку вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1654 годзе бурмістар Дзісны здаў места маскоўскім захопнікам. 10 красавіка 1661 году шляхта, казакі, мяшчане і павятовыя мужыкі, што знаходзіліся ў замку, зьвязалі акупантаў і адчынілі браму войску Вялікага Княства Літоўскага (здрадніка-бурмістра павесілі ў замкавай браме)[4]. У 1773 годзе скончылася будаваньне мураванага касьцёла пры кляштары францішканаў.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Дзісна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам павету Менскай, з 1842 году — Віленскай губэрні. 23—24 красавіка 1831 году паўстанцы ў колькасьці да 3000 чалавек вызвалілі Дзісну з-пад расейскай улады. Значную шкоду Дзісьне і яе гаспадарцы прычынілі пажары і паводкі (у 1865, 1870, 1872, 1878 і 1882 гадох), у часе якіх пацярпелі Ўваскрасенская (мураваная, збудаваная ў 1870 годзе) і Мікалаеўская (да 1842 году касьцёл) цэрквы. Напярэдадні пажару 1882 году расейскі падарожнік П. Сямёнаў-Цян-Шанскі назваў Дзісну найлепшым местам Віленскай губэрні.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Дзісну занялі войскі Нямецкай імпэрыі[5].
- Старая графіка Дзісны
- Каплічка, 23.07.1812 г.
- Барысаў камень, 1882 г.
- Панарама, 1893 г.
- Манастыр, 1896 г.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Дзісна абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Чэраскай воласьці Дзісенскага павету атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[5]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Дзісна ўвайшла ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году яна апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам павету Віленскага ваяводзтва.
У 1939 годзе Дзісна ўвайшла ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 году стала цэнтрам раёну Вялейскай, з 20 верасьня 1944 году Полацкай, з 8 студзеня 1954 году Маладэчанскай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 5 ліпеня 1941 да 4 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху; гітлераўцы стварылі тут лягер сьмерці. З 3 кастрычніка 1959 году Дзісна ўваходзіць у склад Мёрскага раёну.
- Места на старых здымках
- Касьцёл, званіца
- Замкавая вуліца
- Мытная вуліца
- Дарашкоўская вуліца
- Набярэжная вуліца
- Мост
Remove ads
Насельніцтва
Дэмаграфія

- XIX стагодзьдзе: 1811 год — 1405 чал.; 1825 год — 2801 чал.; 1881 год — 6646 чал., зь іх 2773 каталікі, 883 праваслаўныя, 16 лютэранаў, 6 старавераў, 2962 юдэі і 6 магамэтанаў[6]; 1897 — 6756 чал.
- XX стагодзьдзе: 1904 год — 9113 чал.; 1909 год — 7138 чал.; 1921 год — 4413 чал.; 1939 год — 6073 чал.; 1944 год — 1200 чал.; 1959 год — 2,5 тыс. чал.; 1993 год — 2,5 тыс. чал.[7]; 1995 год — 2,7 тыс. чал.[8]
- XXI стагодзьдзе: 2006 год — 2,8 тыс. чал.; 2007 год — 2747 чал.; 2009 год — 1973 чал.[9] (перапіс); 2016 год — 1537 чал.[10]; 2017 год — 1500 чал.[11]; 2018 год — 1462 чал.[1]
Адукацыя
У Дзісьне працуюць сярэдняя і музычная школы, школа-інтэрнат.
Мэдыцына
Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе меская лякарня.
Культура
Дзеюць дом культуры, 2 бібліятэкі, дом рамёстваў.
Remove ads
Забудова
Вуліцы і пляцы
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
Арджанікідзэ вуліца | Уваскрасенская вуліца | |
Гагарына вуліца | Коханаўская вуліца | |
Кірава вуліца | Парканная вуліца | Аляксандраўская вуліца[12] Люцыяна Жалігоўскага вуліца[13] |
Кутузава вуліца | Мытная вуліца | |
Леніна вуліца | Прабойная вуліца | Юзэфа Пілсудзкага вуліца |
Лермантава вуліца | Духаўская вуліца | |
Марозава вуліца | Зямянская вуліца | |
Пушкіна вуліца | Дарашкоўская вуліца | Аляксандраўска-Пушкінская вуліца Панятоўскага алея |
Савецкая вуліца | Новасадовая вуліца Касьцельная вуліца[14] | Пірамовіча вуліца |
Суворава вуліца | Нарбутаўская вуліца | |
Сьмірнова вуліца | Глыбоцкая вуліца | |
Юбілейная вуліца | Замкавая вуліца[15] | |
Бяз назвы | Рынак пляц |
З усёй урбананімічнай спадчыны Дзісны да нашага часу гістарычныя назвы захавалі толькі вуліцы Дзьвінская і Полацкая. Таксама ў месьце існавалі Віленская, Гандлёвая і Заліўная вуліцы[13]. У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаюцца Рынкавы пляц, Новая і Шаркоўская вуліца[16].
Эканоміка
Прадпрыемствы лёгкай, будаўнічых матэрыялаў, харчовай прамысловасьці.
Турыстычная інфармацыя

Інфраструктура
Спыніцца можна ў мескім гатэлі[17].
Славутасьці
- Забудова гістарычная (канец ХІХ — пачатак ХХ ст.)
- Замчышча
- Касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсвяцейшай Панны Марыі (1773)
- Могілкі юдэйскія
- Сынагога (ХІХ ст.)
- Царква Маці Божай Адзігітрыі (1904)
- Царква Ўваскрасеньня Хрыстова (1864—1870; мураўёўка)
Страчаная спадчына
- Замак (XIV ст.)
- Званіца касьцёла
- Кляштар францішканаў (1816)
- Фарны касьцёл
Remove ads
Галерэя
- Краявіды Дзісны
- Аднаўленьне касьцёла
- Капліца
- Вуліца
- Руіны будынка лякарні
- Будынак вучэльні
- Мост
Асобы
- Антон Грыневіч (1877—1937) — беларускі грамадзка-культурны дзяяч, зьбіральнік музычнага фальклёру
- Майсей Сьмірын (1895—1975) — навуковец-гісторык
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads