Обаль
мястэчка ў Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
О́баль[2] — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Обалі. Уваходзіць у склад Шумілінскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 2340 чалавек[1]. Знаходзіцца за 23 км ад Шуміліна, на аўтамабільнай дарозе Віцебск — Полацак. Чыгуначная станцыя на лініі Віцебск — Полацак.
Обаль — даўняя рэзыдэнцыя шляхецкага роду Грабніцкіх. Да нашага часу тут захаваліся руіны палаца ў стылі клясыцызму, помніка архітэктуры XIX ст.
Remove ads
Назва
На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Обаль утварыўся ад летувіскага слова obolis — яблыня, яблыневы[3]. Тым часам мовазнаўца Валянціна Лемцюгова тлумачыць назву ад паняцьця «обельнай» (вобельнай) зямлі, г. зн. набытай на правах абсалютнай уласнасьці (ад старажытнага слова «обел» (вобел) 'у поўную ўласнасьць'[4]).
Мовазнаўца Вінцук Вячорка мяркуе, што беларускай фанэтыцы больш адпавядае форма назвы Вобаль — паводле аналёгіі з Воршай[4]. Такая форма назвы (na Wobali) бытуе ў Магілёўскай хроніцы[a].
Remove ads
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Першы пісьмовы ўспамін пра Обаль як сяло ў Полацкім ваяводзтве Вялікага Княства Літоўскага датуецца 1503 годам[5]. У XVI стагодзьдзі маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Мольскіх.
У 1592 годзе Обаль перайшоў да П. Войны, у 1595 годзе — да Ф. Я. Ветрынскага, у 1615 годзе — да Грабніцкіх.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Обаль апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Полацкім павеце[6] Віцебскай губэрні (з 1802). У 1-й палове ХІХ ст. у сяле, якое тады належала да Ульскай парафіі, дзейнічала каталіцкая капліца, аднак пазьней яе зруйнавалі расейскія ўлады[7].
У 1861 годзе Обаль стала цэнтрам Петрапаўлаўскай воласьці. У 1866 годзе каля Обалі прайшла лінія Полацак — Віцебск Рыска-Арлоўскай чыгункі; зьявілася чыгуначная станцыя. На 1886 год у Обалі было 4 двары, валасная ўправа, царква (збудаваная ў 1843 годзе), царкоўнапрыходзкая школа. За 2 км ад сяла, на правым беразе аднайменнай ракі знаходзілася сядзіба Грабніцкіх з паркам, вадзяным млыном і броварам. Палац у Обальскай сядзібе, паводле меркаваньняў польскага дасьледніка Рамана Афтаназы, імаверна, збудаваў Юзэф Грабніцкі (памёр у 1820 годзе). Апошнімі ўладальнікамі сядзібы былі прадстаўнікі роду фон Данэрштайнаў. У 1894—1914 гадох у сяле працавала драўнінна-хімічная мануфактура, якая вырабляла драўнінны вугаль, дзёгаць, сьпірт, воцатны парашок[8].
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Обаль абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала сяло разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Обаль вярнулі ў склад БССР, дзе яна стала цэнтрам сельсавету Ульскага, з 1931 году — Сіроцінскага, з 1961 году — Шумілінскага раёну.
У Другую сусьветную вайну з 1941 да 1944 году Обаль знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. У мястэчку дзейнічала падпольная арганізацыя моладзі пад кіраўніцтвам Зяньковай Фрузы. Асаблівасьцю зьяўляецца тое, што гэта, магчыма, адзіны на Беларусі ў той час Віцебскі абшар, дзе пашыраліся супрацьакупацыйныя ўлёткі па-беларуску. Іхныя разнаякія асобнікі захаваліся ў тамтэйшым музэі падпольля.
У 1962—1966 гадох паселішча ўваходзіла ў склад Полацкага раёну. У 1968 годзе Обаль атрымала афіцыйны статус гарадзкога пасёлку.
- Обаль на старых здымках
- З боку ракі
- Палац
- Інтэр’ер палаца
- Адам Грабніцкі з дачкой Марыяй у палацы
Remove ads
Насельніцтва
Дэмаграфія
- XIX стагодзьдзе: 1886 год — 22 чал.[9]
- XX стагодзьдзе: 1901 год — каля 30 чал.; 1998 год — 3,9 тыс. чал.; 1999 год — 3,3 тыс. чал.
- XXI стагодзьдзе: 2004 год — 3,1 тыс. чал.; 2006 год — 3 тыс. чал.; 2009 год — 2687 чал.[10] (перапіс); 2016 год — 2395 чал.[11]; 2017 год — 2374 чал.[12]; 2018 год — 2340 чал.[1]
Інфраструктура
У Обалі працуюць сярэдняя і музычная школы, дашкольная ўстанова, лякарня, 2 бібліятэкі, дом культуры.
Дзейнічаюць праваслаўная царква Сьвятога Ануфрыя і рымска-каталіцкая капліца парафіі Сьвятога Вінцэнта.
Эканоміка
Прадпрыемствы будаўнічых матэрыялаў, паліўнай прамысловасьці.
Турыстычная інфармацыя
Інфраструктура
Обаль уваходзіць у турыстычны маршрут «Спадчына Віцебшчыны гасьцям фэстывалю». У мястэчку працуе музэй падпольля[13].
Славутасьці
- Сядзібна-паркавы комплекс Грабніцкіх (XIX ст.)
Страчаная спадчына
- Каталіцкая капліца
- Царква Сьвятога Ануфрыя (1843)
Галерэя
- Краявіды Обалі
- Руіны палаца
- Парк
- Флігель
- Новая царква
Асобы
- Сяргей Вышалескі (1874—1958) — навуковец, заснавальнік эпізааталёгіі Беларусі
- Алег Ладзісаў (нар. 1953) — мастак
Месты-сябры
- Эдэсгёг, Швэцыя
Заўвагі
- Магілёўская хроніка. С. 243.
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads