Пучын
былая вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Пу́чын[1] — былая вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласьці. Уваходзіла ў склад Хракавіцкага сельсавету.
Пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджваньня жыхары (143 сям’і) пераселены ў 1986 годзе ў чыстыя месцы. Вёска ліквідавана 20 жніўня 2008 году[2].
Remove ads
Геаграфія
Разьмяшчэньне
За 19 км на поўдзень ад Брагіна, 47 км ад чыгуначнай станцыі Хвойнікі (на галінцы Васілевічы — Хвойнікі ад лініі Каленкавічы — Гомель), 138 км ад Гомеля, на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка.
Транспартная сістэма
На аўтамабільнай дарозе Камарын — Брагін.
Пляноўка складалася з крывалінейнай вуліцы, блізкай да шыротнай арыентацыі, да цэнтру якой далучаліся з поўначы тры кароткія, шчыльна паміж сабой пастаўленыя мэрыдыянальныя вуліцы. Забудова двухбаковая, драўляная, сядзібнага тыпу.
Гісторыя
Карона Каралеўства Польскага



Магчыма, найранейшая згадка пра паселішча прыпадае на 1638 год[a], калі князь Ярэмі Міхал, сын Міхаіла, Вішнявецкі заставіў на чатыры гады за 65 000 злотых пану Мікалаю Лосятынскаму сваю палову Брагінскага замку і места з фальваркам Глухавічы, 22 сёламі, сярод якіх — Пучын, ды яшчэ з 3 хутарамі[4]. Адміністрацыйна ўвесь Брагінскі маёнтак тады і да разбораў Рэчы Паспалітай належаў да Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва Кароны Польскай[b].
У 1683 годзе з 2 дымоў у Пучыне пані Бруханьскай выплачваўся 1 злоты[c][5].
Да 1708 году жыхары вёскі Пучын зьяўляліся прыхаджанамі брагінскай Мікалаеўскай царквы. Аднак, зь ініцыятывы застаўнага ўладальніка, мазырскага маршалка[d] пана Антонія Аскеркі яны далучаныя да наноўстворанага прыходу царквы ў Губарэвічах[7]. У «Тарыфе падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва 1714 г.» Пучын названы сярод паселішчаў Брагінскіх добраў, якія заставаліся ў пасэсіі мазырскага чашніка пана Аскеркі[e]. 1 верасьня 1719 году серадзкі ваявода Ян Канецпольскі выдаў пану Зыгмунту Шукшце з жонкай даўгавую расьпіску на 1500 злотых, забясьпечаных прыбыткамі зь вёсак Глухавічы, Губарэвічы, Сьцяжарнае і Пучын[9].
У 1734 годзе Пучын знаходзіўся ў заставе ў айцоў цыстэрцыянаў кімбараўскіх[10], хоць уладальнікам усяго Брагінскага маёнтку на той час быў ужо князь Міхал Сэрвацы Вішнявецкі, бо з 1733 года пачаў звацца яшчэ і «графам на Брагіне»[11].

У 1754 годзе з 10 двароў (×6 — каля 60 жыхароў) брагінскай вёскі Пучын айцоў цыстэрцыянаў выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замку) 1 злоты і 7 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 6 зл. і 8 гр.[12]. У тым жа 1754 г. Брагінскае графства была куплена ў княгіні Эльжбэты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай за 550 000 злотых панам Францішкам Антоніем, сынам Мікалая, Ракіцкім, войскім ашмянскім (†1759).
Перапіс габрэйскага насельніцтва 1765 году засьведчыў пражываньне ля хутару Пучын[f] 2-х плацельшчыкаў пагалоўшчыны, якія належалі да Брагінскага кагалу[13]

Вёска Пучын згаданая ў эксплікацыі да мапы Брагінскага графства, датаванай 27 днём жніўня 1783 году.
У самым канцы XVIII ст. браты Алаізі Рафал і Людвік Ракіцкія вызначыліся з падзелам фартуны, што дасталася па бацьку Адаму Міхалу, сыну Францішка Антонія, кашталяну менскаму. Рафалу і яго нашчадкам дастаўся Брагін з прылегласьцямі, таму Людвік стварыў у Гарадзішчы новую рэзыдэнцыю для сваёй часткі Брагінскіх добраў (Гарадзішчаўскі і Ёлчанскі ключы, фальваркі Пучын, Крыўча, Макрэц, Удалёўка і Углы)[14].
Пад уладай Расейскай імпэрыі


У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Пучын апынуўся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 г. у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету спачатку Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 г. Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[15]. Паводле рэвізіі 1795 году, застаўным уладальнікам альбо пасэсарам Пучына быў пан Базыль, сын Антонія, Солтан, падстолі мсьціслаўскі, які тут і пражываў з жонкай Катарынай, з сынамі Юзафам, Міхалам, Каятанам, Вінцэнтам, дачкамі Юзафатай, Людвікай, Алаізай ды пляменьніцай Тэкляй[16]. Згодна зь ведамасьцю Глухавіцкай Сьвята-Міхайлаўскай царквы на 1818 год, у вёсцы Пучын пана Міхала (?)[g] Ракіцкага налічвалася 92 душы мужчынскага і 92 жаночага полу верных[17]. Кліравая ведамасьць тае ж царквы паведамляе, што ў 1839 годзе ў Пучыне было 24 двары з 96 мужчынамі і 116 жанчынамі[18].

У кліравой ведамасьці за 1856 год сказана, што ў 25 дварах і яшчэ 1/4 двара вёскі Пучын пана Мечыслава Прозара пражывалі 104 мужчыны і 114 жанчын[19]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 219 жыхароў вёскі Пучын належалі да прыходу Глухавіцкай Міхайлаўскай царквы, а 3 верных мужчынскага і 6 жаночага полу з фальварку Пучын былі парафіянамі Астраглядаўскага касьцёлу Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[20].
У парэформавы пэрыяд Пучын – у складзе Савіцкай воласьці.
У 1876 годзе жыхары вёскі Пучын ужо зьяўляліся прыхаджанамі Пакроўскай царквы, што месьцілася ў сяле Грушным[21]. Згодна зь перапісам 1897 году, у вёсцы налічвалася 75 двароў, 384 жыхары, побач — фальварак з 2 дварамі і 17 жыхарамі, дзейнічала капліца[3]. На 1912 год у Пучыне было 69 двароў з 531 жыхаром, у наступным 1913 г. — 70 двароў[h] і 548 жыхароў[22].
Найноўшы час
9 лютага 1918 годe, яшчэ да падпісанmня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Пучын у складзе Савіцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[23].
1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

Пасьля вяртаньня ў склад БССР, з 8 сьнежня 1926 да 30 сьнежня 1927 году вёска зьяўлялася цэнтрам Пучынскага сельсавету Брагінскага раёну Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 году — Гомельскай акругі. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Чырвоны сьцяг», працавалі вятрак і кузьня[3]. З 29 лютага 1938 году Камарынскі раён увайшоў у склад Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны на франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 68 вяскоўцаў.
З 8 студзеня 1954 году Пучын — у Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 году ў вёсцы, што ўваходзіла ў склад саўгаса «Слабодзкі» (цэнтр — Выграбная Слабада), налічвалася 588 жыхароў[3].
Remove ads
Насельніцтва
- 2010 год — жыхароў няма.
Заўвагі
- Не з XVIII ст., як пісаў С. В. Марцэлеў[3]
- Тады яшчэ мазырскага чашніка[6]. А ўжо на момант падачы скаргі (з улікам больш позьніх учынкаў пазванага) ад імя панства Бандынэлі 7 кастрычніка 1715 г. пан Антоні стаў маршалкам.
- Са спасылкай на С. Урускага выдаўцы сьцьвярджаюць нібы пасэсарам быў Станіслаў Аскерка. Але больш пераканаўчымі ўяўляюцца зьвесткі за 1708, 1711 і 1715 гг. судовай справы, у якой вялося пра маршалка Антонія[8].
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads