Абольцы
вёска ў Аболецкім сельсавеце Талачынскага раёну Віцебскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Або́льцы[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Абалянцы. Цэнтар сельсавету Талачынскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 327 чалавек. Знаходзяцца за 36 км ад Талачына, за 9 км ад чыгуначнай станцыі Лемніца.
Абольцы — даўняе мястэчка гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), адна з найстарэйшых рымска-каталіцкіх парафіяў Вялікага Княства Літоўскага. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнік архітэктуры XIX ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі[2].
Remove ads
Назва
На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Абольцы ўтварыўся ад летувіскага слова obuolys — 'яблыня, яблыневы'[3]. Тым часам дасьледнік Зьдзіслаў Сіцька зьвяртае ўвагу на падобныя назвы ў заходнеславянскай Мэкленбургіі: Dorf Woblitz-See, Оblisko, Dorf Wabel, Оblіса, Antiqua Wobele. Як паралелі да асновы, ад якой утварылася назва Абольцы, ён падае стараславянскае obli, палабскае voblo[4].
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае

Першы пісьмовы ўпамін пра Абольцы датуецца 1385 годам, калі вялікі князь Ягайла заснаваў тут касьцёл (адзін зь першых на тэрыторыі Беларусі). У 1386 годзе Ягайла перадаў Абольцы ў вена сваёй жонцы Ядвізе. Маёнтак ляжаў непадалёк ад вотчыны князёў Друцкіх. У грамаце Ягайлы 1387 году для касьцёла ў Абольцах зазначалася, што гэты касьцёл быў адным зь першых, заснаваных «у Літоўскай зямлі»[5]. Пад назвай Оболчи паселішча ўпамінаецца ў Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх (канец XIV ст.) сярод «літоўскіх» замкаў. Адпаведны горад значыцца пры ўзьвядзеньні на сталец Сьвідрыгайлы (1430 год). Даўні замак знаходзіўся ў Старых Абольцах, за 1 км ад цэнтру сучаснай вёскі.
У XV — пачатку XVI стагодзьдзя Абольцы былі цэнтрам павету Віцебскай зямлі (ваяводзтва). Захаваліся некалькі прывілеяў вялікага князя Казімера, у якіх ён перадаваў баярам тутэйшую маёмасьць. Некаторыя сяляне — жыхары павету — мелі меркавана балтыйскія імёны. Гэта дало падставы гісторыку часоў падкантрольнай СССР Польскай Народнай Рэспублікі Ежы Ахманскаму сьцьвярджаць, што тут нібы з даславянскіх часоў захаваўся абшар неасыміляваных балтаў. Аднак больш імаверным выглядае меркаваньне пра частковае перасяленьне ў Абольцы насельніцтва з балтыйскага захаду (Жамойці) Вялікага Княства Літоўскага[6]. У другой палове XV стагодзьдзя паселішча атрымаў сын прыбылага з Масквы князя I. Шамячыча (Сямён, потым Васіль). Па вяртаньні В. Шамячыча ў Маскву (каля 1500 году) намесьнікамі ў Абольцах былі Юры Глябовіч, князь Фёдар Заслаўскі (1504 год), Міця Іванавіч (1510 год), князь В. Друцкі-Сакалінскі. Пазьней вялікі князь Жыгімонт Стары перадаў маёнтак сваёй жонцы Боне. Яе намесьнікамі былі Кірдзей Грычанавіч (1530—1532) і М. Клочка (1533—1543).
Да сярэдзіны XVI стагодзьдзя Абольцы страцілі былое значэньне. У 1543 годзе каралева і вялікая княгіня Бона зьмяняла мястэчка (разам з суседнімі Смалянамі) на замак Ковель, што належаў князю Васілю Сангушку. 3 гэтага часу Абольцы надоўга ўвайшлі ў Смалянскі маёнтак Сангушкаў. У выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў мястэчка ўвайшло ў склад Аршанскага павету. Паводле інвэнтару Смалянаў 1594 году, фальварак Абольцы налічваў 20 службаў сялянаў (брак зьвестак пра мястэчка).
Пад уладай Расейскай імпэрыі

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Абольцы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Копыскім павеце Магілёўскай губэрні. У 1809 годзе ў мястэчку збудавалі новы касьцёл. На 1885 год тут было 60 дамоў. У пачатку XX ст. існавалі аднайменныя мястэчка (91 дом, касьцёл, царква), вёска (26 дамоў) і фальварак Абольцы, якім валодалі Зарэцкія.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Абольцы занялі войскі Нямецкай імпэрыі[7].
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Абольцы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У сакавіку 1924 году Абольцы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам сельсавету Коханаўскага раёну (з 8 ліпеня 1931 году ў Талачынскім раёне). Статус паселішча панізілі да вёскі.
У 1960 годзе савецкія ўлады зруйнавалі тутэйшы касьцёл[2]. На 1969 году ў Абольцах было 80 двароў, на 1992 год — 150, на 1994 год — 156. У 2000-я гады Абольцы атрымалі афіцыйны статус «аграгарадку».
- Мястэчка на старых здымках
- Касьцёл. К. Скурэвіч, да 1914 г.
- Царква, 1918 г.
- Панарама, 1918 г.
- Стары млын у Заазер’і
- Касьцёл, 1939 г.
- Касьцельная званіца, 1939 г.
- Інтэр'ер касьцёла, 1939 г.
- Амбон, 1939 г.
Remove ads
Насельніцтва
Дэмаграфія
- XIX стагодзьдзе: 1885 год — 265 чал. (132 муж. і 123 жан.), у тым ліку 52 праваслаўныя, 3 каталікі, 200 юдэяў[8]
- XX стагодзьдзе: 1901 год — 463 чал. у мястэчку Абольцах і 166 чал. у вёсцы Абольцах; 1969 год — 225 чал.[9]; 1992 год — 337 чал.[10]; 1994 год — 450 чал.[11]; 1999 год — 405 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2010 год — 327 чал.
Інфраструктура
У Абольцах працуюць сярэдняя школа, лякарня, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Турыстычная інфармацыя
Страчаная спадчына
- Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (1809)
- Млын (Заазер’е, 1904)
- Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла (XVIII ст.; Сьвяты Пасад)
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads