Ілья
аграгарадок у Вілейскім раёне Мінскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
І́лья[1] (трансліт.: Iĺja, руск.: Илья) — аграгарадок у Вілейскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Ільянскага сельсавета. Насельніцтва 1458 чал. (2010). Знаходзіцца за 37 км на паўднёвы ўсход ад Вілейкі, за 29 км ад чыгуначнай станцыі Уша; на аўтамабільнай дарозе Р58 (Сосенка — Краснае).
Remove ads
Назва
Ёсць некалькі версій паходжання тапоніму «Ілья». Паводле адной, ён утварыўся ад ракі Іліі і спачатку быў Іля. Пазней назва мястэчка змянілася на Ілью, нібыта ў імя хрысціянскага прарока. Паводле іншай версіяй, паселішча атрымала назву ад Ільінскай царквы.
Гісторыя
Упершыню згаданы ў крыніцах пад 1475 годам як «двор» Ілья маршалка дворнага літоўскага Багдана Саковіча. Пазней паселішчам валодалі Забярэзінскія, Збаражскія.
У 1564 годзе Ілья ўпершыню згадваецца як мястэчка («место»), таксама існавалі аднайменныя двор і воласць. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мясцовасць увайшла ў склад Менскага павета Менскага ваяводства ВКЛ. З 1582 года да канца XVII стагоддзя Ілья знаходзілася ў валоданні Глябовічаў. Паводле інвентару (1650) мястэчка складалася з рыначнай плошчы і 3 вуліц, было 93 двары, 10 корчмаў, новазбудаваны касцёл (царква згарэла незадоўга да складання інвентару). У 1692 годзе Крысціна Глябовіч разам з мужам, гетманам вялікім літоўскім Казімірам Янам Сапегам змянялі маёнтак велятыцкаму старосту князю К. Друцкаму-Сакалінскаму. У XVIII стагоддзі ўладальнікамі Ільі былі: дачка Друцкага-Сакалінскага Барбара і яе муж ковенскі харунжы А. Скарульскі, Савіцкія (графы на Ільі), каралеўскі ад’ютант, потым Я. М. Салагуб, за якім у маёнтку існавала вялікая гута. У 1792 годзе апошні прадаў Ілью падскарбію вялікаму, кампазітару Міхалу Клеафасу Агінскаму.
Ільянская шкляная мануфактура — адна з першых мануфактур на тэрыторыі Беларусі, існавала ў 1769—1815 гадах.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Ілья апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Вілейскім павеце Віленскай губерні. За ўдзел у паўстанні Т. Касцюшкі (1794) расійскія ўлады канфіскавалі мястэчка. У 1795—1804 гадах уладальнікам Ільі быў фельдмаршал М. Салтыкоў, у 1804—1806 гадах — генерал-маёр Л. Здзяхоўскі, потым — мінскі губернскі маршалак (1804—1806) Юзаф Міхалавіч Валадковіч (1761—1822) і С. Радзішэўскі, які ў часы вызваленчага паўстання (1830—1831) быў ваенным начальнікам Вілейскага павета і камандзірам палку. Расійскія карныя войскі разрабавалі Ільінскую сядзібу, а маёнтак канфіскавалі. Станам на 1886 год у мястэчку было 40 двароў, 2 праваслаўныя царквы, школа, таргі ў нядзелі, рэгулярныя кірмашы 6 студзеня і 20 чэрвеня.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Ілья апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабілася цэнтрам гміны Вілейскага павета Віленскага ваяводства. У гэты час існавалі аднайменныя мястэчка (236 дамоў) і калонія (30 дамоў).
Увосень 1939 года Ілья ўвайшла ў склад БССР, статус паселішча панізілі да вёскі. З 15 студзеня 1940 года цэнтр Ільянскага раёна, з 12 кастрычніка 1940 года цэнтр Ільянскага сельсавета.
У Вялікую Айчынную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У гета ў Ільі (лета 1941 — ліпень 1942) былі забітыя каля 2000 габрэяў.
Пасля скасавання Ільянскага раёна 24 ліпеня 1957 года ў Вілейскім раёне[2]. Станам на 1971 год тут было 530 двароў, на 1995 год — 600 двароў.
Remove ads
Насельніцтва
- XVIII стагоддзе: 1798 год — 170 чал.
- XIX стагоддзе: 1860 год — 141 чал.; 1866 год — 522 чал.[3]; 1886 год — 318 чал.
- XX стагоддзе: 1905 год — 1525 чал.; 1921 год — 1333 чал. у мястэчку Ілья і 162 чал. у калоніі Ілья; 1971 год — 2179 чал.; 1995 год — 1865 чал.[4]; 1999 год — 1671 чал.
- XXI стагоддзе: 2010 год — 1458 чал.
Інфраструктура
Адукацыя

У вёсцы знаходзіцца адна з дзвюх сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Вілейскага раёна — Ільянскі аграрны каледж. Установа адкрылася 26 жніўня 1957 года пад назвай Ільінскі ветэрынарны тэхнікум. 20 верасня 1990 года саўгас-тэхнікум пераўтварыўся ў асобны саўгас «Абадоўцы» і Ільінскі сельскагаспадарчы тэхнікум. За час свайго існавання да 2008 года навучальная ўстанова падрыхтавала 7061 спецыяліста, з якіх 2928 заатэхнікаў і 4133 фельчары ветэрынарнай медыцыны.
У Ільі размяшчаецца дзіцячая музычная школа, заснаваная 25 жніўня 1975 года. Першым рэктарам быў Раман Мізула. За час існавання да 2008 года музычную школу скончыла больш за 270 навучэнцаў. У школе праходзіць навучанне на наступных музычных інструментах: баян, акардэон, цымбалы, фартэпіяна. У 2004 годзе ў Ільінскай музычнай школе адкрыліся харэаграфічнае аддзяленне, старэйшы і малодшы харавыя ансамблі, а таксама змяшаныя дзіцячыя ансамблі.
Таксама ў вёсцы дзейнічае агульнаадукацыйная сярэдняя школа з краязнаўчым ухілам імя акадэміка Адама Антонавіча Грымаця. Паводле звестак на 2008 год у ёй навучаюцца 360 вучняў і працуюць 40 настаўнікаў (7 з іх маюць вышэйшую катэгорыю, 20 — першую).
Медыцына
Медыцынскія паслугі надае бальніца.
Культура
Дзейнічаюць дом культуры і бібліятэка.
У Ільінскай школе дзейнічаюць 2 музеі: «Ільянскія далягляды» і «Вілейшчына літаратурная».
Remove ads
Славутасці


- Помнік археалогіі — рэшкі гуты (канец XVIII — пачатак XIX стагоддзяў).
- Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса (пачатак XX стагоддзя).
- Свята-Ільінская царква (каля 1827).
Страчаная спадчына
У 1772 годзе па фундацыі Брыгіты з Радзівілаў Салагуб у Ільі пабудаваны Касцёл Маці Божай Ружанцовай, знішчаны ў часы Другой сусветнай вайны.
Вядомыя асобы
Мястэчка Ілья — радзіма продкаў Лізы Кудрау[5].
- Святлана Марозава (Палуцкая) (нар. 1954) — беларускі гісторык
- Дзмітрый Леанідавіч Піневіч (нар. 1967) — беларускі ўрач, спецыяліст у галіне арганізацыі аховы здароўя.
- Пётр Міхайлавіч Шаранговіч (1893—1938) — савецкі ваенны дзеяч
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads