Канфлікт у Судане (з 2023)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Канфлікт у Судане — узброенае супрацьстаянне на тэрыторыі Судана паміж Узброенымі сіламі Судана (УСС) і ваенізаванай арганізацыяй «Сілы аператыўнай падтрымкі» (САП), якая сыходзіць сваімі каранямі да апалчэння Джанджавід. Баявыя дзеянні ўспыхнулі 15 красавіка 2023 года, спачатку ахапіўшы сталіцу, а хутка і розныя іншыя часткі краіны. Сам канфлікт стаў следствам барацьбы за ўладу паміж Абдэлем аль-Бурханам і Махамедам Дагала, а таксама няўдалай спробы інтэграцыі САП у шэрагі арміі.
Артыкул апісвае бягучыя падзеі. |
Першапачаткова асобныя СМІ назвалі падзеі спробай дзяржаўнага перавароту[20]. З часам у медыя загаварылі аб перарастанні барацьбы ў грамадзянскую вайну[21].
Сутыкненні выклікалі гуманітарны крызіс у сталіцы краіны і прыпыненне паветраных зносін. Міжнародная супольнасць аднадушна выказалася ў нейтральным ключы і заклікала бакі да міру. Аднак асобныя дзяржавы і замежныя сілы былі абвінавачаны ў падтрымцы таго ці іншага боку.
УСС і САП неадразова абвяшчалі аб часовым спыненні баявых дзеянняў, але не адно перамір’е не выконвалася фракцыямі канфлікту, таму супрацьстаянне працягвалася.
Remove ads
Перадгісторыя
19 снежня 2018 года ў Судане ўспыхнулі пратэсты з-за рэзкага росту цэн і пагаршэння эканамічнага стану[22]. У студзені 2019 года ўвага пратэстуючых пераключылася з эканамічных пытанняў на заклікі да адстаўкі прэзідэнта краіны Амара аль-Башыра, які знаходзіўся ва ўладзе амаль 30 гадоў[23][24].
На гэтым фоне 11 красавіка адбыўся дзяржаўны пераварот, і да ўлады прыйшлі вайскоўцы. Новым кіраўніком дзяржавы стаў Абдэль Фатах аль-Бурхан, узначаліўшы Пераходны ваенны савет. На змену яму прыйшоў Суверэнны савет. У яго склад увайшлі як грамадзянскія асобы, так і вайскоўцы. За два гады дадзены орган так і не змог прымірыць бакі з глыбокімі палітычнымі рознагалоссямі, што існавалі яшчэ ў часы аль-Башыра. Больш за тое, Савет пачаў праводзіць жорсткія эканамічныя рэформы, каб прэтэндаваць на пазыкі Міжнароднага валютнага фонду, аднак такое рашэнне выклікала супраціў сярод насельніцтва[25].
21 верасня 2021 года прыхільнікамі экс-прэзідэнта Амара аль-Башыра была арганізавана спроба дзяржаўнага перавароту, але яна правалілася[26][27].
25 кастрычніка таго ж года, у выніку канфлікту паміж вайсковымі і грамадзянскімі прадстаўнікамі ўлады, генерал Бурхан здзейсніў дзяржаўны пераварот, усталяваўшы поўнае панаванне арміі ва ўрадзе. Быў арыштаваны прэм’ер-міністр Абдала Хамдок.
Remove ads
Прычыны і пазіцыі
З моманту апошняга перавароту краінай кіравала ваенная хунта (Пераходны суверэнны савет Судана)[28]. Камандуючы Узброенымі сіламі Судана Абдэль Фатах аль-Бурхан і камандзір Сіл аператыўнай падтрымкі Махамед Хамдан Дагала былі лідарамі змоўшчыкаў. Аднак паколькі аль-Бурхан, які ўзначальваў хунту, манапалізаваў уладу, Дагала выказаў шкадаванне з нагоды перавароту[29] .
У пачатку красавіка 2023 года было адкладзена падпісанне пагаднення паміж хунтай і прадстаўнікамі больш за 50 грамадзянскіх арганізацый і груп. Пагадненне прадугледжвала стварэнне ў краіне пераходнай грамадзянскай улады. Акрамя таго, дакумент, подпіс пад якім паставілі таксама лідары апазіцыйнага альянсу «Сілы за свабоду і перамены», устанаўліваў тэрміны пераходнага перыяду, за якім павінны рушыць услед выбары. Прычынай пераносу падпісання стала неабходнасць узгадніць інтэграцыю САП у склад Узброеных Сіл. Паміж арміяй і войскамі Дагала пачаліся рознагалоссі з нагоды будучай структуры бяспекі і прынцыпаў фарміравання. У прыватнасці пра тое, хто павінен узначаліць узброеныя сілы як галоўнакамандуючы — прафесійны вайсковец (пазіцыя Бурхана[30]) або грамадзянскі лідар (пазіцыя Дагала[30])[31].
З 11 красавіка атрады САП былі разгорнуты паблізу горада Мерове, а таксама ў Хартуме. Улады загадалі ім сысці, аднак байцы адмовіліся падпарадкоўвацца[32]. 13 красавіка САП пачалі мабілізацыю. Гэта выклікала асцярогі з нагоды магчымага паўстання супраць хунты. Суданскія ўлады заявілі, што мабілізацыя была незаконнай[33].
Аргументуючы сваю пазіцыю, Дагала абвінаваціў Бурхана ў спробе вярнуць да ўлады Башыра[34]. У сваю чаргу суданская армія абвінаваціла САП у «здрадлівай змове» супраць краіны і заявіла, што арганізацыя будзе распушчана[28].
Remove ads
Ход падзей
Падзеі 15 красавіка
Баявыя дзеянні пачаліся 15 красавіка з нападаў байцоў САП на некалькі вайсковых лагераў у Хартуме. Сутыкненні распаўсюдзіліся на сталічныя раёны Джабра, Кафуры і Шамбат[35]. Прадстаўнікі ваенізаваных фарміраваній заявілі, што яны захапілі міжнародны аэрапорт. Побач з галоўным камандаваннем і рэзідэнцыяй Бурхана была чутна стральба. Атрады, лаяльныя Дагала, умацавалі свае пазіцыі ў аэрапорце, а ўрадавыя сілы размясцілі бранятэхніку каля прэзідэнцкага палаца[36]. Пазней паўстанцы паведамілі пра захоп прэзідэнцкай рэзідэнцыі, аднак улады абверглі гэта[36]. Наступныя баі вяліся з ужываннем цяжкага ўзбраення[37]. УСС задзейнічалі авіяцыю, а войскі Дагала выкарыстоўвалі сістэмы супрацьпаветранай абароны і цяжкую артылерыю для адбіцця варожых нападаў[38]. Самыя жорсткія баі назіраліся ў цэнтры каля прэзідэнцкага палаца і штаба арміі[39]. Сутыкненні закранулі і Амдурман (горад-спадарожнік сталіцы)[40].
У першую палову дня баі ахапілі Мерове[41]. Тут барацьба вялася за аэрапорт і бліжэйшую ваенную базу[36]. Адначасна мяцежнікі захапілі паветраную гавань Аль-Абейд[42]. У 13:30 прыхільнікі Бурхана заявілі, што камандуючы сіламі САП у штаце Белы Ніл здаўся, а мяцежныя лагеры Тайба і Соба былі «знішчаны»[43]. Атрады Дагала паведамілі, што яны захапілі аэрапорт, штаб сувязі і медыцынскі корпус у Аль-Фахіры. Урад у сваю чаргу абвясціў аб перамогах у правінцыях Гедарэф і Касала[37]. Хутка пачалі паступаць звесткі пра баі ў горадзе Порт-Судан[44].
Таксама сутычкі зафіксаваны ў Дарфуры, а менавіта ў Залінгеі[45] і Эль-Фашыры[46]. Адначасна паўстанцы амаль без баёў захапілі Эль-Генейну[47]. Гэтая перамога дазволіла войскам Дагала ўзяць і іншыя гарады Дарфура[48], у ліку якіх Кабкабія[49] і Ньяла[50].
Наступныя сутыкненні

16 красавіка Служба агульнай разведкі абвясціла аб паланенні генерал-маёра і брыгаднага генерала з атрадаў САП[36]. 19 красавіка байцы Бурхана абвінавацілі праціўніка ў нападах на мірных жыхароў у Хартуме і іншых частках краіны, здзяйсненні актаў рабаванняў і падпалаў на рынку ў Хартум-Бахры, а таксама ў рабаваннях і нападах на людзей у Мерове[51]. 20 красавіка паведамлялася аб выбухах у Эль-Абейдзе, сталіцы штата Паўночны Кардафан[52]. 25 красавіка ўрадавыя сілы захапілі горад Вад-Банда ў штаце Заходні Кардафан[53]. Прыхільнікі Дагала на наступны дзень заявілі, што захапілі нафтаперапрацоўчы завод і электрастанцыю ў Гарыры. Паведамлялася аб новых баях у Заходнім Кардафане. У штаце Блакітны Ніл фіксаваліся міжабшчынныя сутыкненні[54].
1 мая прадстаўнікі арміі генерала Бурхана паведамілі, што адбілі шэраг удараў праціўніка ў розных частках краіны, у тым ліку наступленні з заходніх рэгіёнаў, уздоўж паўночна-заходняй мяжы і з Эль-Багіра ў Джэбель-Аулію[55]. Крыху пазней актывізаваліся баі за дарфурскія гарады Эль-Фашыр[56] і Эль-Генейна[57]. Акрамя таго, да ўзброенай барацьбы на захадзе краіны далучыўся апазіцыйны «Рух за справядлівасць і роўнасць»[58]. 26 мая міністэрства абароны абвясціла мабілізацыю адстаўных вайскоўцаў[59].
11 чэрвеня баі ўспыхнулі з новай сіла: паведамлялася аб новых выпадках нападаў арабскіх апалчэнцаў у Эль-Генейне і авіяцыйных бамбардзіроўках сталіцы, а горад Аль-Абейд быў абложаны паўстанцамі[60]. 21 чэрвеня да канфлікту далучылася фракцыя аль-Хілу з групоўкі «Народна-вызваленчы рух Судана–Поўнач». Разам з САП яе баевікі атакавалі часці УСС у штаце Паўднёвы Кардафан, а менавіта ў гарадах Кадуглі і Аль-Даланджы[61].
У ліпені на поўдні краіны ўзмацніліся сутыкненні УСС з атрадамі Дагала і аль-Хілу. Прыхільнікі апошняга захапілі некалькі гарнізонаў у Паўднёвым Кардафане і пачалі атакі ў Блакітным Ніле[62][63]. 24 ліпеня ўрадавыя сілы перакрылі дарогу Хартум — Бара. Паводле заяў прадстаўнікоў Бурхана, шашу выкарыстоўвалі часці САП[64]. 31 ліпеня Мустафа Тамбур, лідар адной з фракцый групоўкі «Вызваленчы рух Судана», абвясціў, што яго сілы далучыліся да Бурхана ў барацьбе супраць Дагала[65].

17 верасня офіс Суданскай падатковай службы[66] і 18-павярховая вежа Greater Nile Petroleum Oil Company[67], славутасць Хартума, загарэліся падчас баёў. УСС абвінавацілі САП у падпале будынкаў. Байцы Бурхана атакавалі пазіцыі паўстанцаў у Эль-Абейдзе і адбілі ў ворага лагер Аль-Хасахіса ў Залінгеі[66]. 18 верасня ў Порт-Судане ўспыхнулі баі паміж УСС і апалчэннем племя беджа пад правадырствам Шэбы Дарара[68]. 23 верасня баевікі фракцыі групоўкі «Вызваленчы рух Судана» пад пачаткам аль-Нура захапілі горад Тавіла[69]. 6 кастрычніка САП усталявалі кантроль на Аль-Айлафунам у 30 км ад сталіцы[70].
1 кастрычніка часці САП атакавалі горад Вад-Ашан у Паўночным Кардафане[71][72]. 5—6 кастрычніка яны ўсталявалі кантроль над горадам Аль-Айлафун на паўднёвы ўсход ад Хартума, захапіўшы помпавую станцыю на нафтаправодзе[73][74]. У канцы месяца атрады войск Дагала ўзялі штабы УСС у Ньяле (16-я дывізія)[75] і Залінгеі (21-я пяхотная дывізія)[76]. 4 лістапада САП бяруць штаб 15-й дывізіі ў Генейне[77]. 16 лістапада фракцыя ВРС Міні Мінаві і Рух за справядлівасць і роўнасць заявілі, што далучаюцца да сіл Бурхана ў барацьбе з генералам Дагала[78]. У канцы лістапада абвастрыліся баі ў Заходнім Кардафане (Эль-Адэе[79], Бабануса[80], Муглад[81]). 27 лістапада групоўкі АСАД дасягнулі пагаднення з баевікамі аль-Нура аб абароне грамадзянскага насельніцтва ў Эль-Фашыры ад нападаў САП[82]. 8 снежня войскі Дагала ўварваліся ў штат Гедарэф[83].
16 снежня разгарнуліся баі за Вад-Медані, адміністрацыйны цэнтр штата Гезіра[84]. 19 снежня горад захоплены. Аль-Джазіра назвала страту Вад-Медані «важным паваротам» у вайне[85]. Суданскае грамадства стала губляюць веру ў тое, што ўрад Бурхана здольны разграміць Дагала[85]. Выраслі заклікі да дзяржаўнага перавароту з мэтай адхілення цяперашняга ваеннага кіраўніцтва[86].
Падзеі 2024 года
У пачатку 2024 года паўстанцы Дагала здзейснілі атакі на Паўднёвы Кардафан, разграміўшы сілы праціўніка у горадзе Хабіла ў нубійскіх гарах і прасунуўшыся ў бок Даланга[87]. 8 студзеня адбыліся сутыкненні ў гарах Нубы з удзелам УСС, САП і НВРС-П. Урадавая авіяцыя атакавала лагер байцоў Дагала пад Далангам[88]. Напярэдадні атрады НВРС-П захапілі горад[89]. Суданская армія паспрабавала адбіць яго, але прыхільнікі Дагала і аль-Хілу сумесна адбілі атаку праціўніка[90]. У рэшце рэшт пачаліся сутычкі паміж НВРС-П і САП. Апошнія былі вымушаны адступіць. Потым прыхільнікі Дагала, якія адыходзілі з-пад Даланга, увайшлі ў горад Муглад у Заходнім Кордафане, лёгка ўзяўшы горад пад свой кантроль[91].
13 студзеня Узброеныя сілы Судана атакавалі гарады Эль-Бувейда (штат Гезіра) і Эль-Фаў (штат Гедарэф)[92]. На наступны дзень актывізаваліся сутыкненні пад Эль-Генейнай, дзе авіяцыя прыхільнікаў Бурхана нанесла ўдары па старажытных меройскіх гарадах Нага і Мусаварат-эс-Суфра, якія абодва ўключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА[93].
17 студзеня паведамлялася аб баях на ўсход ад Аль-Мангала, апошняга буйнога горада Гезіры, які не знаходзіўся пад кантролем атрадаў Дагала. Так як гарнізон быў адрэзаны ад асноўных сіл, войскі Бурхана забяспечвалі абаронцаў па паветры на верталётах. У такіх цяжкіх умовах Служба агульнай разведкі пачала выбарачна вербаваць і ўзбройваць грамадзянскіх асоб, каб адбіць варожае наступленне на Аль-Мангалу[94]. Пазней САП пачалі наступленне на Бабануса[95]. Ужо 26 студзеня Sudan War Monitor паведаміла, што войскі Дагала захапілі большую частку горада, і паказала, што паўстанцы праніклі ў штаб 22-й пяхотнай дывізіі УСС[96]. У сакавіку прасоўванне паўстанцаў у штаце прыпынілася[97].
У лютым армія Бурхана правяла паспяховае наступленне ў Амдурмане, аб’яднаўшы свае сілы ў паўночнай частцы горада і і дэблакаваўшы атрады ў цэнтры, якія 10 месяцаў знаходзіліся ў акружэнні[98]. Гэта стала першым буйным прарывам для Узброеных сіл у вайне. Тым не менш, станам на 19 лютага, значную частку горада (захад і поўдзень) кантралявалі паўстанцы Дагала[99].
У красавіку актывізаваліся баявыя дзеянні ў Эль-Фашыры, што вымусіла Бурхана адцягнуць сілы і рэсурсы з іншых участкаў. Гэта запаволіла ваенныя аперацыі ўрадавай арміі ў Хартуме і Амдурмане. У прыватнасці, для перакідцы войск і грузаў у абложаны горад задзейнічана авіяцыя[100]. У маі САП пачалі наступленне ў Паўночным Кардафане[101]. 20 чэрвеня пасля некалькіх гадзін баёў армія Дагала захапіла сталіцу Заходняга Кардафана Аль-Фулах, вымусіўшы УСС адступіць да Бабанусы[102]. У канцы месяца яна прасунуліся ў штаце Сенар, захапіўшы раён Джэбель-Мая і горад Сінгу[103][104]. У пачатку ліпеня паўстанцы ў ходзе маштабнага наступлення захапілі вялікія ўчасткі тэрыторыі і паселішчы Мазмум, Вадан-Найл, Сукі і Дзіндэр, прасунуўшыся да мяжы Паўднёвага Судана[105].
У канцы верасня ўрадавыя сілы разгарнулі буйное наступленне ў сталіцы[106].
1 кастрычніка войскі аль-Нура і Сілы вызвалення Судана на чале з Эль-Тахірам Хаджарам стварылі нейтральны ваенны альянс, накіраваны на абарону мірных жыхароў у Дарфуры[107]. У кастрычніку войскі Бурхана актывізуюць свае дзеянні ў рэгіёнах Сенар і Гезіра, адбіўшы Дындэр[108]. У лістападзе бакі афіцыйна выключылі магчымасць урэгулявання грамадзянскай вайны шляхам перамоваў[109]. У гэты час усё больш людзей далучаюцца да прыхільнікаў Бурхана, так як насельніцтва Судана стамілася ад злачынстваў з боку САП[110]. 23 лістапада ўрадавыя войскі бяруць Сінгу[111][112].
Падзеі 2025 года
У пачатку года войскі Бурхана разгарнулі наступленне ў штаце Гезіра, адбіўшы гарады Хадж Абдалах[113], Эш-Шабарка[114], Ад-эль-Кура[115]. 11 студзеня яны ўзялі Вад-Медані, сталіцу штата[116]. На 8 лютага ўлады адваявалі большую частку Паўночнага Хартума, працягваючы паспяховае наступленне на тэрыторыі сталіцы[117].
10 лютага ўрад Бурхана абвясціў аб планах стварыць пераходны ўрад. Папярэднічалі таму поспехі ў барацьбе з САП[118][119]. Як заяўлялася, гэта будзе тэхнакратычны кабінет на чале з цывільным прэм’ер-міністрам[120][121]. Міністэрства замежных спраў Судана апублікавала дарожную карту, дзе было прадугледжана фарміраванне пераходнага ўрада і нацыянальны дыялог з групамі грамадзянскай супольнасці. Як вынік гэтага працэсу планавалася правесці выбары[122][123]. Міністэрства замежных спраў звярнулася за падтрымкай да Афрыканскага саюза, ААН і Лігі арабскіх дзяржаў для падтрымкі дарожнай карты[124][125]. У адказ 18 лютага Сілы аператыўнай падтрымкі абвясцілі аб планах стварыць свой канкуруючы ўрад у выгнанні, Урад міру і адзінства, для кіравання часткамі Судана, якія знаходзіліся пад кантролем мяцежнікаў[126]. 23 лютага ў Найробі САП і саюзныя групы падпісалі Хартыю аб стварэнні паралельнага ўрада — Урада міру і адзінства[127]. На наступны дзень ўрадавыя часці знялі двухгадовую аблогу Аль-Абейда[128].
21 сакавіка ўлады заявілі, што суданская армія адбіла Рэспубліканскі палац у Хартуме[129]. Ужо 26 сакавіка УСС адбілі міжнародны аэрапорт і мост Маншыя праз Блакітны Ніл[130]. У той жа дзень Аль-Бурхан наведаў прэзідэнцкі палац і абвясціў аб вызваленні сталіцы[131].
У красавіку мяцежныя войскі генерала Дагала пачалі буйное наступленне ў Паўночным Дарфуры, імкнучыся захапіць Эль-Фашыр, апошні падкантрольны Бурхану горад у рэгіёне. Пачынаючы з 11 красавіка, мяцежнікі неадразовала атакавалі Эль-Фашыр і наваколле як з зямлі, так і з паветра пры падтрымцы дронаў. Да 13 красавіка пасля разлютаваных баёў, у выніку якіх загінула больш за 200 мірных жыхароў, уключаючы дзяцей і гуманітарных работнікаў, САП узялі пад кантроль лагер Замзам[132][133].
23 красавіка адна з фракцый групоўкі «Рух за справядлівасць і роўнасць» на чале з Махамедам Башарай Ях’я абвясціла аб сваёй вернасці ўраду[134].
У маі ўрадавыя войскі правялі наступальныя дзеянні ў Кардафане, адбіўшы Эль-Хівай[135], Эль-Хамадзі[136], Дэбібад[137]. Ад баевікоў цалкам ачышчаны штаты Белы Ніл[138] і Хартум[139]. 10 чэрвеня разгортваюцца баі на мяжы з Лівіяй, дзе армію Дагала падтрымала Лівійская нацыянальная армія[140][141].
Remove ads
Мірныя ініцыятывы
Першапачатковы працэс
У першы дзень канфлікту былы прэм’ер-міністр Абдала Хамдок публічна звярнуўся да Бурхана і Дагала з просьбай спыніць баявыя дзеянні[142].
16 красавіка 2023 года бакі, паводле прапановы ААН, дамовіліся прыпыніць баявыя дзеянні з 16:00 да 19:00 па мясцовым часе штодня для бяспечнага праходу ў выпадку неадкладных гуманітарных сітуацый. У той жа час, як папярэдзілі прыхільнікі Бурхана, яны пакідаюць за сабой права рэагаваць, калі САП «здзейсняць якія-небудзь парушэнні»[143][144].
18 красавіка генерал Дагала заявіў, што яго ваенізаваныя фармаванні пагадзіліся на аднадзённае перамір’е, каб забяспечыць бяспечны праход грамадзянскіх асоб, у тым ліку параненых. Рашэнне было прынята пасля размовы з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам[145]. УСС таксама пагадзіліся на 24-гадзіннае спыненне агню, якое пачалося ў 18:00 па мясцовым часе[146]. Гэтыя дамоўленасці не былі выкананы, і ў пазначаныя тэрміны баявыя дзеянні працягваліся. УСС і САП выступілі з заявамі, у якіх абвінавачвалі адзін аднаго ў незахаванні рэжыму спынення агню[147].
21 красавіка САП заявілі, што будуць выконваць 72-гадзіннае спыненне агню, якое ўступіць у сілу ў 6:00 таго дня, у пачатак ісламскага свята Ід аль-Фітр (Ураза-байрам)[148]. Нягледзячы на тое, што ў другой палове дня армія пагадзілася на трохдзённае перамір’е, баявыя дзеянні працягваліся[149].
24-га бакі дамовіліся аб спыненні агню на 72 гадзіны. Перамір’е павінна было пачацца з паўночы[150]. У САП заявілі, што мэтай спынення агню было стварэнне гуманітарных калідораў для мірных жыхароў і эвакуцыі дыпламатычных місій[151]. 26 красавіка Міжурадавы орган па развіцці прапанаваў падоўжыць рэжым спынення агню яшчэ на 72 гадзіны[152]. 30 красавіка варагуючыя сілы абвясцілі аб падаўжэнні рэжыму спынення агню яшчэ на 72 гадзіны[153][154].
Перамоўны працэс у Джыдзе
1 мая 2023 года спецыяльны пасланнік ААН у Судане Фолькер Пертэс абвясціў, што бакі дамовіліся накіраваць прадстаўнікоў для перамоваў пры пасярэдніцтве міжнароднай арганізацыі, але не назваў дату і месца правядзення сустрэчы[155]. На наступны дзень варагуючыя фракцыі абвясцілі аб пачатку з 4 мая чарговага перамір’я тэрмінам на тыдзень[156]. 6 мая бакі сустрэліся на перамовах у саудаўскай Джыдзе[157][158]. 11 мая варагуючыя фракцыі падпісалі пагадненне, якое дазваляла бяспечны праход людзям з зоны баявых дзеянняў. Аднак дамоўленасці аб перамір’і дасягнута не было[159].
20 мая ў Джыдзе фракцыі канфлікту дамовіліся аб тыднёвым спыненні агню, пачынаючы з 21:45 22-га чысла[160]. 29 мая перамір’е падоўжана да 3 чэрвеня[161]. 31 мая прадстаўнікі суданскай арміі прыпынілі свой удзел у перамовах у Джыдзе. Напярэдадні, як яны заявілі, праціўнік парушыў дамоўленасці і нанёс серыю артылерыйскіх і паветраных удараў[162]. Аднак потым бакі аднавілі перамоўны працэс[163]. 9 чэрвеня фракцыі дамовіліся аб перамір’і на суткі, пачынаючы з 6 раніцы 10-га чысла[164]. Яшчэ адзін рэжым спынення агню, у гэты раз на 72 гадзіны, пачаўся з 6:00 18 чэрвеня[165]. 27 чэрвеня абвешчана чарговае перамір’е з нагоды свята Курбан-байрам[166].
13 ліпеня падчас саміту ў Каіры УСС, САП і лідары суседніх з Суданам дзяржаў дамовіліся аб новай ініцыятыве па ўрэгуляванні канфлікту. Прэзідэнт Егіпта Абдул Фатах ас-Сісі заявіў, што ініцыятыва будзе ўключаць у сябе ўсталяванне трывалага спынення агню, стварэнне бяспечных гуманітарных калідораў для дастаўкі дапамогі і пабудову дыялогавай платформы, у якой будуць удзельнічаць усе палітычныя партыі і дзеячы краіны. Ён таксама заклікаў бакі пачаць мірныя перамовы пад кіраўніцтвам Афрыканскага саюза[167]. 15 ліпеня аднавіліся перамовы ў Джыдзе[168], але 27 ліпеня УСС іх зноў прыпынілі, абвінаваціўшы САП у новых парушэннях рэжыму спынення агню і запатрабаваўшы вываду войск Дагала з Хартума[169].
3 снежня новая хваля перамоў у Джыдзе была прыпынена бакамі[170]. Станам на сярэдзіну снежня мірны працэс так і не атрымалася аднавіць[171]. 24 снежня Фарыс Эльнур, галоўны перамоўшчык ад САП на мірных працэсе, падаў у адстаўку, абвінаваціўшы праціўніка ў перашкодзе перамовам[172].
Выступаючы перад войскамі 12 красавіка 2024 года, Бурхан заявіў, што папярэдняй умовай перамоў з’яўляецца вывад САП з усіх буйных гарадскіх цэнтраў[173]. Чакалася, што ў красавіку будуць адноўлены перамовы ў Джыдзе, але бакі выбралі новую пляцоўкі — Каір[174]. 29 мая адбылася тэлефонная размова Бурхана з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам, які запатрабаваў аднаўлення працэсу менавіта ў Джыдзе. Суданскі ўрад адмовіўся, спаслаўшыся на адсутнасць папярэдніх кансультацый[175][176].
Remove ads
Замежны фактар
Міжнародная рэакцыя
Шэраг краін (ЗША[177], Расія[178], Вялікабрытанія[179], Іспанія[180], Турцыя, Саудаўская Аравія, Катар, ААЭ, Іарданія, Эфіопія[37], Кітай[181]) і міжнародных арганізацый (Афрыканскі Саюз[182], ЕС[183], ААН, Ліга арабскіх дзяржаў[37]) асудзілі гвалт і заклікалі спыніць баі. Егіпет і Паўднёвы Судан прапанавалі свае паслугі ў якасці дзяржаў-пасярэднікаў у мірным урэгуляванні[184]. Чад абвясціў аб часовым закрыцці сваёй мяжы з Суданам[185] (нягледзячы на гэта, паводле агенцтва ААН па справах бежанцаў на 20 красавіка, ад 10 000 да 20 000 суданцаў здолелі перайсці дзяржаўную граніцу[186]). Некалькі авіякампаній, пасля абстрэлу самалётаў у аэрапорце Хартума, прыпынілі палёты ў сталіцу краіны[187].
Савет ААН па правах чалавека прыняў 11 мая 2023 года дакумент, накіраваны на ўзмацненне маніторынгу парушэнняў падчас канфлікту ў Судане, нягледзячы на супраціў суданскага ўрада. Ён таксама заклікаў пакласці канец гвалту і пашырыць мандат эксперта ААН па Судану, уключыўшы ў яго маніторынг злоўжыванняў, «якія вынікаюць непасрэдна з бягучага канфлікту». 18 членаў прагаласавалі за рэзалюцыю, 15 прагаласавалі супраць і 14 устрымаліся[188].
1 чэрвеня Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі ў дачыненні да чатырох фірмаў: двух, звязаных з Дагала, і двух, звязаных з Бурханам. Як паведамілі ў Белым доме, гэта стала адказам на шматлікія парушэнні рэжыму спынення агню і напады на мірных жыхароў[189].
10 ліпеня Міжурадавы орган па развіцці на саміце ў Адыс-Абебе пагадзіўся запытаць Рэзервовыя сілы Усходняй Афрыкі разглядзець пытанне магчымага разгортвання міратворцаў для абароны грамадзянскіх асоб і забеспячэння гуманітарнай дапамогі[190].
12 ліпеня Злучанае Каралеўства абвясціла аб санкцыях у дачыненні да фірмаў, звязаных з САП і УСС, за прадастаўленне сродкаў і зброі ў ходзе канфлікту[191].
22 студзеня 2024 года Еўрапейскі савет увёў санкцыі супраць шасці фірмаў «за падтрымку дзейнасці, якая падрывае стабільнасць і палітычны пераход у Судане». Сярод іх апынуліся дзве фірмы, якія займаюцца вытворчасцю зброі і транспартных сродкаў для арміі Бурхана[192]. 31 студзеня ЗША ўвялі санкцыі супраць трох фірмаў, звязаных з САП[193][194], а 15 мая — у дачыненні да кіраўніка аперацый мяцежнікаў Асмана Махамеда Хаміда Махамеда і камандуючага паўстанцамі ў Цэнтральным Дарфуры Алі Ягуба Джыбрыла[195]. 23 чэрвеня Еўрапейскі Саюз увёў санкцыі ў дачыненні да шасці арганізацый за вытворчасць і закупку зброі для УСС і САП[196]. 11 верасня Савет Бяспекі ААН аднагалосна прагаласаваў за падаўжэнне эмбарга на пастаўкі зброі і іншых санкцый, звязаных з вайной у Судане, да 2025 года[197]. 24 кастрычніка ЗША ўвялі санкцыі супраць Міргані Ідрыса Сулеймана, дырэктара суданскай сістэмы абароннай прамысловасці, за яго ролю ў набыцці зброі УСС[198]. 8 лістапада Савет Бяспекі ААН увёў санкцыі ў дачыненні да кіраўніка аперацый САП Асмана Махамеда Хаміда Махамеда і камандуючага войскамі мяцежнікаў у Заходнім Дарфуры Абдэля Рахмана Джумы Баркалы за іх ролю ў парушэннях правоў чалавека падчас канфлікту[199].
16 снежня ЕС увёў санкцыі ў дачыненні да былога кіраўніка ваеннай разведкі Салаха Гоша, кіраўніка аперацый САП Асмана Хаміда, губернатара Заходняга Дарфура Тыджані Каршума і дырэктара ваеннай разведкі УСС Махамеда Алі за іх ролю ў ваенных злачынствах, падрыў пераходу да грамадзянскага ўраду ў Судане і закупку абсталявання і зброі, якія выкарыстоўваюцца бакамі ў канфлікце[200]. 7 студзеня 2025 года Злучаныя Штаты афіцыйна заявілі, што САП здзейснілі генацыд, і ўвялі санкцыі супраць генерала Дагала[201].
16 студзеня 2025 года ЗША таксама ўвялі санкцыі супраць генерала Абдэля Фатаха Аль-Бурхана[202]. 18 ліпеня Еўрапейскі Саюз увёў санкцыі супраць камандзіра УСС Абукалы Махамеда Кайкала, камандзіра САП Хусейна Баршама, а таксама фірмаў Al-Khaleej Bank і Red Rock Mining[203]. 12 верасня Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі ў дачыненні да міністра фінансаў і лідара Руху за справядлівасць і роўнасць Джыбрыла Ібрагіма і батальёна «Аль-Бара ібн Малік» за іх ролю ў грамадзянскай вайне і сувязі з Іранам.[204]
Замежны ўдзел
Вечарам 15-га стала вядома аб паланенні САП 200 егіпецкіх вайскоўцаў недалёка ад Мерове[205]. Першапачаткова не было дадзена ніякага афіцыйнага тлумачэння прысутнасці егіпецкіх салдат, хоць Егіпет і Судан мелі цеснае ваеннае супрацоўніцтва з-за дыпламатычнай напружанасці з Эфіопіяй[206]. Пазней афіцыйны Каір заявіў, што яго вайскоўцы знаходзіліся ў краіне для правядзення сумесных вучэнняў з суданскай арміяй[41].
16-га чысла САП заявілі, што замежныя знішчальнікі атакавалі іх войскі ў Порт-Судане[207]. Як меркавалася, гэта былі егіпецкія самалёты. На наступны дзень спадарожнікавыя здымкі, атрыманыя The War Zone, паказалі, што на авіябазе Мерове адзін знішчальнік МіГ-29 егіпецкіх ВПС быў знішчаны. Два іншых былі моцна пашкоджаны або знішчаны[208]. Акрамя ВПС, у баях на баку арміі Бурхана верагодна заўважаны спецпрызн[209].
У інтэрв’ю тэлеканалу «Аль-Арабія» генерал суданскай арміі заявіў, што дзве суседнія краіны, якія ён не назваў, спрабавалі аказаць дапамогу САП[210]. Асобныя крыніцы паведамлялі пра падтрымку з боку ПВК «Вагнер». Яе кіраўнік Яўген Прыгожын адмаўляў удзел у падзеях, заявіўшы, што кампанія не мае прысутнасці ў Судане больш за два гады[211]. Лівійская нацыянальная армія, якую таксама абвінавацілі ў супрацоўніцтве з САП, зрабіла аналагічную заяву[212]. Аднак, па паведамленнях The Wall Street Journal, лівійскі ваеначальнік Халіфа Хафтар пры падтрымцы ААЭ і «Вагнера» накіраваў як мінімум адзін самалёт з ваенным рыштункам для войск Дагала[213].
19 красавіка эфіопскія вайскоўцы атакавалі атрады УСС у памежным раёне Эль-Фашэр. Паводле суданскіх уладаў, эфіопы ўзмацнілі сваю ваенную актыўнасць на агульнай мяжы з пачаткам сутыкненняў[214]. Аднак прэм’ер-міністр Эфіопіі Абій Ахмед Алі адмаўляў факт якіх-небудзь баёў на мяжы[215].
У той жа час захопленыя егіпецкія вайскоўцы былі вызвалены і адпраўлены на радзіму на борце трох егіпецкіх ваенна-транспартных самалётаў, якія вылецелі з аэрапорта Хартума[216][217].
19 верасня тэлеканал CNN паведаміў, што ўкраінскія ССА меркавана стаялі за серыяй удараў беспілотнікаў і наземнай аперацыяй супраць САП у раёне Хартума 8 верасня[218]. Начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Кірыл Буданаў заявіў у інтэрв’ю 22 верасня, што не можа ні адмаўляць, ні пацвярджаць дачыненне дзяржавы да канфлікту ў Судане[219].
6 лістапада былі апублікаваны кадры, знятыя БПЛА, дзе ў невядомым суданскім горадзе вялі бой украінскі спецназ і вагнераўцы[220]. У лютым Кіеў афіцыйна пацвердзіў удзел прадстаўнікоў Галоўнага ўпраўлення разведкі МА ў баявых дзеяннях[221].
28 чэрвеня 2024 года Судан адклікаў свайго пасля ў Чадзе Асмана Мухамеда Юніса, абвінаваціўшы суседнію краіну ў падтрымцы Дагала[222]. 9 кастрычніка Дагала абвінаваціў Егіпет ва ўдзеле ў аперацыях УСС і нанясенні авіяўдараў па пазіцыях САП у Гара-Мая, што Каір адмаўляў. Ён таксама сцвярджаў, што ў канфлікце ўдзельнічалі тыграйскія, эрытрэйскія, азербайджанскія і ўкраінскія найміты[223][224].
6 мая 2025 года ўрад Судана разарваў дыпламатычныя адносіны з ААЭ з-за меркаванай падтрымкі паўстанцаў[225]. 10 чэрвеня УСС абвінавацілі ЛНА ў сумесным нападзе з САП у памежным трыкутніку Лівія—Егіпет—Судан.[226] 2 жніўня УСС і АСАД заявілі пра гібель у Эль-Фашыры камандзіра САП, які меў калумбійскае грамадзянства[227].
6 жніўня, паводле заявы Хартума, самалёт ВПС ААЭ з калумбійскімі наймітамі на борце быў збіты ВПС Судана пры пасадцы ў аэрапорце Ньяла, у выніку чаго загінулі 40 чалавек. Міністэрства замежных спраў Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў адмаўляе гэтае абвінавачванне і называе яго беспадстаўным і недаказаным.[228][229]
5 верасня Судан падаў скаргу ў Савет Бяспекі ААН, абвінаваціўшы ААЭ ў вярбоўцы, фінансаванні і разгортванні сотняў калумбійскіх наймітаў для барацьбы на баку прыхільнікаў Дагала.[230]
Эвакуацыя замежнікаў

Успышка гвалту заахвоціла свет сачыць за сітуацыяй у Судане, а ўрады дзяржаў перайсці да выратавання сваіх грамадзян з «гарачай кропкі». У краіне на той момант знаходзілася вялікая колькасць замежнікаў. Самымі буйнымі групамі былі амерыканцы (16 000 чалавек, большасць з якіх мелі падвойнае грамадзянства[231]) і егіпцяне (10 000 чалавек[232]). Аднак сама эвакуацыя была абцяжарана з-за баявых дзеянняў у сталічным Хартуме, асабліва ў міжнародным аэрапорце і вакол яго. Гэта вымусіла многіх ехаць на машынах у Порт-Судан, які знаходзіцца прыкладна ў 650 км на паўночны ўсход ад Хартума[233], адкуль замежнікі вывазіліся па паветры альбо караблямі. Іншыя эвакуацыі праводзіліся праз наземныя пагранпераходы.
Remove ads
Гуманітарны крызіс
Баявыя дзеянні ў Хартуме прывялі да таго, што многія жыхары апынуліся ў сваіх дамах без электрычнасці і вады больш чым на 48 гадзін, што яшчэ больш пагоршылася гвалтам, які меў месца падчас поснага месяца Рамадан. Хартумцы праз вулічныя перастрэлкі не маглі выйсці за прадуктамі ў краму. У бальніцах адчуваўся недахоп персаналу і запасаў матэрыялаў з-за патоку параненых[234]. Жахлівае становішча склалася таксама ў Дарфуры[36]. Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца заявіла, што аказанне гуманітарнай дапамогі ў ваколіцах Хартума практычна немагчыма, і папярэдзіла, што сістэма аховы здароўя Судана знаходзіцца на мяжы калапсу[235]. Больш за тое, Сусветная харчовая праграма абвясціла аб прыпыненні ўсіх аперацый у Судане пасля гібелі сваіх супрацоўнікаў[236].
На 24 красавіка 2023 года краіну пакінулі больш за 30 000 чалавек[237][238]. Першапачаткова асноўны паток бежанцаў прынялі суседнія Чад і Паўднёвы Судан[239]. Уцекачы пераважна прыбывалі з Хартума і Дарфура[240]. На 2 мая ў ААН паведамілі аб 334 000 унутрана перамешчаных асоб і 100 000 бежанцаў за мяжой[241].
У маі на фоне канфлікту зафіксавана ўспышка туберкулёзу[242]. Павялічэнне колькасці хворых у краіне адбылося адначасна з Украінай, дзе на той момант пацверджана больш за 34 000 выпадкаў[243][244]. Пра ўспышку ўпершыню паведаміла 8 мая ААН. Было адзначана, што ад хваробы штодзённа паміраюць 4400 чалавек, у тым ліку 700 дзяцей[244].

Remove ads
Шкода і страты
Стан эканомікі
Паводле ацэнак ААН, эканамічная актыўнасць у Судане ўпала больш чым на траціну за першыя тры тыдні канфлікту[245]. У ліпені суданскія эканамісты ацанілі агульную суму шкоды ў $9 млрд, або ў сярэднім у $100 млн[246]. У лютым 2024 года міністр фінансаў Джыбрыл Ібрагім заявіў, што з-за баявых дзеянняў у 2023 годзе эканоміка Судана скарацілася на 40 працэнтаў, а ў 2024 годзе чакаецца дадатковы спад на 28 працэнтаў. Дададзена, што дзяржаўныя даходы скараціліся на 80 адсоткаў[247].
Сувязь і зносіны
У пачатку падзей суданская армія абвясціла аб закрыцці ўсіх аэрапортаў краіны[248]. Каля 13:00 17-га чысла ўпраўленне грамадзянскай авіяцыі цалкам закрыла паветраную прастору для палётаў[249].
16-га чысла тэлекамунікацыйны правайдэр MTN адключыў інтэрнэт-паслугі па ўсёй краіне па загадзе суданскага рэгулятара тэлекамунікацый[250], а тэлеканал Sudan TB цалкам спыніў сваё вяшчанне[251]. На 23 красавіка паведамлялася амаль аб поўным адключэнні Інтэрнэту[252].
На 1 мая 2023 года канфлікт прывёў да спынення паступлення суданскіх тавараў у Чад, што выклікала рост цэн у краіне[253].
У пачатку лютага 2024 года ў краіне адбылося масавае адключэнне інтэрнету, якое закранула 65 % насельніцтва Судана[254].
Чалавечыя ахвяры
На дадзены момант паступаюць супярэчлівыя паведамленні аб ахвярах.
Згодна з першапачатковай інфармацыяй тэлеканала «Аль-Джазіра», у ходзе першых сутыкненняў у Эль-Абейдзе і Хартуме прынамсі трое мірных жыхароў загінулі і дзясяткі атрымалі раненні[36]. У Паўночным Дарфуры, паводле «Аль-Арабія», прынамсі двое мірных жыхароў былі забіты і 26 паранены. Яшчэ трое мірных жыхароў загінулі ад стрэлу гранатамёта. Адна жанчына была паранена куляй[255]. У заяве Камітэта лекараў Судана гаворыцца, што двое мірных жыхароў былі забіты ў аэрапорце Хартума і адзін чалавек быў застрэлены ў штаце Паўночны Кардафан[256]. Падчас баёў у Фора-Баранзе ў Заходнім Дарфуры паведамлялася пра дзясяткі забітых і сотні параненых[257]. У Паўднёвым Дарфуры загінулі 5 чалавек[258].
Сярод загінулых былі грамадзянін Індыі[259], грамадзянін ЗША[260], грамадзянін Ірака[260], грамадзянін Егіпта[261] і двухгадовая дзяўчынка з Турцыі[262], а таксама 15 сірыйцаў[263], 15 эфіопаў[264], 9 эрытрэйцаў[265] і 10 студэнтаў з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга[266].
На другі дзень паведамлялася, што ў Кабкабіі трое супрацоўнікаў Сусветнай харчовай праграмы былі забіты ў выніку перастрэлкі на ваеннай базе. Два іншыя супрацоўнікі былі сур’ёзна паранены, а байцы САП разрабавалі некалькі аўтамабіляў арганізацыі. Агулам на раніцу 56 чалавек загінулі і не менш за 595 атрымалі раненні па ўсёй краіне, з якіх 25, у тым ліку 17 мірных жыхароў, загінулі ў Хартуме[267].
На трэці дзень канфлікту Камітэт Суданскіх лекараў заявіў, што па меншай меры 97 чалавек былі забіты і 1100 паранены[268], адзначыўшы, што гэтая лічба не ўключае ўсіх пацярпелых, паколькі многія людзі не маглі дабрацца да бальніц[269].
Са слоў спецпрадстаўніка ААН Фолькера Пертэса, на 18 красавіка прынамсі 185 чалавек былі забіты і больш за 1800 паранены[270]. 19-га чысла прадстаўнікі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) паведамілі, што па меншай меры 270 чалавек загінулі і больш за 2600 атрымалі раненні[271]. На наступны дзень колькасць ахвяр павялічалася да 330 і 3200 адпаведна[272], на 21-га — 413 і 3551[273], 23-га — 420 і 3700[274], 25-га — 459 (на наступны день — 559[275]) і 4072[276]. На 9 мая паведамлялася пра 700 забітых[277] і 5100 параненых[278], на 16-га — пра 1000[279], на 27-га — 1800[59]. 15 чэрвеня Праект даных аб месцазнаходжанні і падзеях узброеных канфліктаў паведаміў, што колькасць загінулых склала больш за 2000 чалавек[280].
21 красавіка Міжнародная арганізацыя па міграцыі паведаміла, што адзін з яе супрацоўнікаў быў забіты падчас перастрэлкі падчас падарожжа з сям’ёй каля Аль-Абейда[281].
Станам на 20 чэрвеня, як заявіў міністр аховы здароўя Хайтам Ібрагім, загінула больш за 3000 чалавек, яшчэ 6000 паранены[282]. Аднак султанат Дар Масаліт паведаміў, што толькі ў Заходнім Дарфуры налічвалася больш за 5000 загінулых і каля 8000 параненых[283].
22 ліпеня амерыканскі тэлеканал CNN са спасылкай на правадыроў мясцовых плямён заявіў, што з пачатку канфлікту толькі ў Заходнім Дарфуры загінула 10 000 чалавек[284]. 16 кастрычніка, паводле ацэнкі ААН, было заяўлена пра гібель 9000 чалавек за ўвесь час баёў[285]. На 19 снежня арганізацыя паведаміла пра 12 000 загінулых і 33 000 пацярпелых[286]. Да 21 студзеня колькасць забітых павялічылася да 13 тысяч, заяўлена аб 26 тысячах пацярпелых[287]. 8 верасня, паводле ацэнак ААН, у выніку канфлікту загінула не менш за 20 000 чалавек[288].
На лістапад 2024 года заяўлена пра 61 000[289]-150 000[290] загінулых. Падрыхтоўчы камітэт сіндыката суданскіх лекараў на 20 студзеня 2025 года паведаміў пра 522 000 загінулых[291].
Remove ads
Злачынствы і парушэнні
Медыйныя арганізацыі абвінавацілі як УСС, так і САП у пагрозах, нападах і нават забойствах некалькіх журналістаў падчас канфлікту. Суданскі сіндыкат журналістаў толькі за другую палову мая задакументаваў больш за 40 такіх выпадкаў[292].
Абодва бакі заўважаны ў нападах на медыцынскія ўстановы і медперсанал, пра што сведчыць BBC News Arabic. Па шпіталях неаднаразова наносіліся паветраныя і артылерыйскія ўдары[293]. Гэтыя напады сур’ёзна паўплывалі на стан сістэмы аховы здароўя краіны[294], паставіўшы пад пагрозу дзейнасць бальніц[295].
У Дарфуры зафіксаваны шматлікія выпадкі масавых забойстваў. Урад Вялікабрытаніі[296], відавочцы і назіральнікі ахарактарызавалі гвалт у рэгіёне як этнічную чыстку ці нават генацыд. Галоўнымі ахвярамі забойстваў сталі неарабскія народы, напрыклад масаліты[297][298]. Са жніўня нарастае колькасць доказаў таго, што Сілы аператыўнай падтрымкі праводзяць у Дарфуры этнічную чыстку. Вярхоўны камісар ААН Філіпа Грандзі выпусціў папярэджанне аб патэнцыйным перарастанні гвалту ў поўнамаштабны генацыд[299].
Падчас канфлікту вялікая колькасць жанчын сталі ахвярамі згвалтавання. Некаторыя трапілі ў сексуальнае рабства[300]. Ахвярамі сталі як суданкі, так і замежніцы[301]. Асабліва часта пад сексуальны гвалт траплялі масаліткі і іншыя неарабкі[302]. Сярод асноўных злачынцаў названы арабскія апалчэнцы, саюзныя САП. Эксперты ААН сцвярджалі, што згвалтаванне выкарыстоўваецца як «інструмент пакарання»[303]. Арганізацыя выказала глыбокую заклапочанасць у сувязі з шырока распаўсюджаным сексуальным гвалтам падчас канфлікту[304]. І ААН, і суданскія праваабарончыя арганізацыі заяўлялі, што гэтыя лічбы ўяўляюць сабой толькі невялікую частку рэальнага маштабу правапарушэнняў[305].
Паведамлялася, што САП і арабскія апалчэнцы таксама здзяйснялі рабаванні[306]. Мірныя жыхары краіны выказалі заклапочанасць з нагоды масавых крадзяжоў і рабаванняў[307][308]. Сітуацыя дапаўнялася поўнай адсутнасцю прысутнасці паліцыі і праваахоўных органаў[309][310].
Суданская пракуратура зафіксавала больш за 500 выпадкаў знікнення людзей без вестак па ўсёй краіне з пачатку баёў[311]. Як заўлялася, войскі Дагала і іх саюзнікі наўмысна забівалі асобных юрыстаў, назіральнікаў за правамі чалавека, лекараў, правадыроў неарабскіх плямёнаў[312][313], чыноўнікаў[314], копскіх святароў[315].
Паступала шмат паведамленняў аб вярбоўцы дзяцей ва ўзброеныя групы[316]. Назіральнікі абвінавацілі войскі Дагала ў наборы ў свае атрады непаўналетнік ва ўзросце 14 гадоў. Некаторых з дзяцей-салдат бачылі на перадавой у Хартуме[317].
Remove ads
Фэйкі
У ходзе канфлікту было адзначана некалькі выпадкаў дэзынфармацыі, накіраванай на маніпуляванне грамадскай думкай, распаўсюджванне ілжывай інфармацыі і стварэнне блытаніны. І УСС, і САП удзельнічалі ў кампаніях па дэзынфармацыі ў сацыяльных сетках. Прадстаўнікі бакоў выкарыстоўвалі Твітэр у інфармацыйнай барацьбе[318].
Афіцыйная старонка «Бі-бі-сі» апублікавала відэа, дзе нібыта паказаны авіяналёт ВПС Судана на пазіцыі пыхільнікаў Дагала. Падраздзяленне маніторынгу і праверкі «Аль-Джазіры» заявіла, што відэа сфабрыкавана з выкарыстаннем кадраў з кампутарнай гульні «Arma 3», апублікаваных на платформе TikTok у сакавіку 2023 года. Іншае відэа, на якім камандуючы суданскай арміяй Абдэль Фатах аль-Бурхан інспектуе бранятанкавы корпус, знята яшчэ да пачатку баявых дзеянняў. Відэа, на якім, як паведамлялася, суданскія верталёты пралятаюць над Хартумам, аказалася датаваным лістападам 2022 года[319]. Таксама высветлілася, што дзве фатаграфіі, шырока распаўсюджаныя ў сацыяльных сетках, на якіх знаходзіліся падпалены мост і разбомблены будынак у Хартуме, былі зроблены падчас уварвання Расіі ва Украіну[320].
Гл. таксама
Заўвагі
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads