Юрка Гаўрук
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Юрка (Юрый Паўлавіч) Гаўру́к (23 красавіка (6 мая) 1905, Слуцк Мінскай губерні, цяпер Мінскай вобласці — 18 лютага 1979, Мінск; псеўданім: С. Дробуш) — беларускі перакладчык, паэт , літаратурны крытык[1].
Remove ads
Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і служачага. З 1915 года сям’я Ю. Гаўрука ў бежанстве ў Пскове. Скончыў слуцкую школу 2-й ступені (1921), Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут імя В. Брусава ў Маскве ў 1925 годзе[1]. З 1924 года запісваў на Случчыне беларускі фальклор. Член «Маладняка». Восенню 1925 года абраны дацэнтам кафедры беларускай мовы і літаратуры ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, пераехаў у Горкі (1925—1931). У 1931—1935 гадах дацэнт кафедры літаратуры Магілёўскага педінстытута, чытаў курс зарубежнай літаратуры і літаратур народаў СССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1934).
Арыштаваны 8 лютага 1935 года ў Магілёве. Асуджаны 28 красавіка 1935 года асобай нарадай пры НКУС за «антысавецкую агітацыю» да 8 гадоў пазбаўлення волі; высланы з Беларусі; больш за 20 гадоў працаваў на розных работах у Карэліі, Усходняй Сібіры, Комі АССР. Рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР 27 лютага 1958 года. Пераехаў у Мінск. У 1957—1967 гадах працаваў памочнікам галоўнага рэжысёра па літаратурнай частцы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы[1]. У гэтым тэатры, а таксама ў тэатры імя Я. Коласа пастаўлены ў яго перакладзе п’есы з сусветнай класікі.
Асабовая справа Ю. Гаўрука № 15523 захоўваецца ў архіве УКДБ Магілёўскай вобласці.
Памёр 18 лютага 1979 года ў Мінску. Пахаваны на Паўночных могілках Мінска (П-1, 40/2/23).
Remove ads
Творчасць
Працаваў у галіне перакладу з французскай, англійскай, нямецкай, польскай, рускай, украінскай на беларускую мову. Дэбютаваў перакладам у 1925 (верш Г. Гейнэ «Ткачы »). Свае творы друкаваў у часопісах «Аршанскі маладняк», «Маладняк», «Полымя» і іншых.
У 1926 годзе выйшла першая кніга Ю. Гаўрука «Вясковыя рыскі». У кнігу ўвайшлі байкі, жарты, песні, расказы сялян, апісанні «няпышнага» вяселля і «вальцаў» у вясковым «магазыне», якія Гаўрук запісваў на Случчыне, «каб даведацца годаў і нягодаў гэтага жыцьця, і як гэта ўсё адбіваецца ў сялянскай песьні».
Аўтар першага на Беларусі[1] зборніка паэтычных перакладаў «Кветкі з чужых палёў»[заўв 1] (1928).
У 1969 годзе выйшаў зборнік арыгінальных вершаў і перакладаў «Іскры з крэменя»[заўв 2], у 1975 годзе — зборнік выбраных перакладаў паэзіі «Агні ў прасторах»[заўв 3]. У 1990 годзе быў выдадзены паэтычны зборнік «Узвіхраны ветразь» (вершы, паэма, пераклады).
Пераклаў п’есы У. Шэкспіра «Сон у летнюю ноч» (1925, пастаўлена ў 1926)[1], «Гамлет» (1935, 1964, пастаўлена ў 1946), «Атэла » (1954), «Канец — справе вянец » (пастаўлена ў 1964), «Кароль Лір» (1974), «Антоній і Клеапатра » (1982). У яго перакладзе ставіліся п’есы «Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф. Дастаеўскага (1957), «Ліса і вінаград» Г. Фігейрэду (1957), «Забыты ўсімі» Н. Хікмета (1958), «Тысяча франкаў узнагароды» В. Гюго (1962), «Мяцеліца» Л. Лявонава (1965), «Дзядзька Ваня » А. Чэхава (1965), «Мешчанін у дваранах » Мальера (1967), «Улада цемры » Л. Талстога (1969), «Залатая карэта» Л. Лявонава (1971), «Багна » А. Астроўскага (1972), «Доктар філасофіі» Б. Нушыча (1972), «Ноч памылак » О. Голдсміта, «Выбух» І. Дварэцкага[1].
Пераклаў асобныя творы А. Пушкіна, Ф. Шылера, А. Міцкевіча, Дж. Байрана, Лесі Украінкі, У. Сасюры, П. Варанько , асобнымі выданнямі выйшлі раман А. Стыля «Любіць будзем заўтра» (1960), зборнік А. Маруа «Падарожжа ў нябыт і яшчэ 24 навелы» (1974), раманы Э. Хемінгуэя «І ўзыходзіць сонца» (1976) і К. С. Прычард «Дачка ўрагану» (1977). Пераклаў таксама творы Ж.-Б. Мальера, Я. Шварца («Снежная каралева »), вершы П. Варанько (1976), Б. Алейніка (1977), апавяданне «За што? » Л. Талстога і баладу «Парука, Шылер » Ф. Шылера (1978), навелы А. Маруа і апавяданні Р. Інанішвілі , Г. Гогічайшвілі (пераклаў з грузінскай мовы разам з Т. Цулукідзэ, 1979)[1][2].
На рускую мову пераклаў аповесць «Люба Лук’янская» (1965) і раманы «Пошукі будучыні» (1968) К. Чорнага і «Серадзібор» (1966) П. Пестрака[1].
Аўтар артыкулаў па тэорыі і практыцы мастацкага перакладу, эсэ, якія ўвайшлі ў кнігу «Ступень адказнасці» (1986).
Remove ads
Выбраная бібліяграфія
- Агні ў прасторах: Выбраныя пераклады. — Мн., 1975.
- Ступень адказнасці: Літаратурна-крытычныя артыкулы, эсэ. — Мн., 1986.
- Узвіхраны ветразь: вершы, паэма, пераклады. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1990. — 143 с. — (Бібліятэка беларускай паэзіі) — ISBN 5-340-00820-7.
Заўвагі
- Гаўрук Ю. Кветкі з чужых палёў. — Мн.: Маладняк, 1928. У кнігу ўвайшлі пераклады з англійскай твораў Дж. Г. Байрана, П. Б. Шэлі, А. Тэнісана , Г. Лангфела, У. Уітмена, з нямецкай — Ф. Шылера, Г. Гейнэ, Т. Кёрнера , з французскай — В. Гюго, Ш. Леконта дэ Ліля , Ш. Бадлера, П. Верлена, А. Тэр’е , з італьянскай — Ф. Петраркі, Дж. Кардучы, А. Негры , з польскай — А. Міцкевіча, У. Бранеўскага.
- У склад зборніка ўвайшлі пераклады твораў А. Пушкіна, А. Міцкевіча, балад Ф. Шылера.
- У зборнік, апроч некаторых перапрацаваных перакладаў з «Кветак з чужых палёў», увайшлі пераклады з англійскай асобных санетаў У. Шэкспіра, урыўкаў з трагедый «Гамлет», «Атэла», «Кароль Лір», камедый «Канец — славе вянец» і «Сон у летнюю ноч», твораў Р. Бёрнса, І. В. Гётэ, з венгерскай — твораў Б. Балашы , Д. Бержэні , Ш. Кішфалудзі , з рускай — А. Пушкіна, В. Брусава, С. Ясеніна, Дзм. Кедрына , з украінскай — П. Тычыны, М. Рыльскага, Ул. Сасюры, Л. Украінкі, з армянскай — Г. Эміна .
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads