Акопы
былы хутар у Лагойскім раёне Менскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Акопы — сядзіба маці і сёстраў Янкі Купалы, якую з 1911 году і да другой паловы 1920-х гадоў часта наведваў славуты беларускі паэт; былы хутар у Менскай губэрні (цяпер — у Лагойскім раёне Менскай вобласьці); месца найбольш плённага творчага натхненьня Янкі Купалы; назва філіі Літаратурнага музэю Янкі Купалы. Знаходзіцца за 30 км на поўнач ад Менску недалёка ад вёскі Харужынцы.
Remove ads
Навакольле
Прыгажосьць і непаўторнасьць Акопаў абумоўлены іх знаходжаньнем на грэбені Беларуска-Літоўскай грады (водападзел басэйнаў Дняпра і Нёмана — Чорнага і Балтыйскага мораў). За 2—3 км на паўночны ўсход ад Акопаў месьціцца вёска Харужынцы. На захад ад Акопаў — лясістыя пагоркі і забалочаныя даліны, над якімі ўзвышаецца Лысая гара[1]. За гэтымі мясьцінамі здаўна замацавалася назва «Беларуская Швайцарыя»[2].
Remove ads
Акопы і Янка Купала
Гісторыя

Хутар Акопы належаў пані Ардынцавай, а пасьля яе сьмерці па спадчыне перайшоў да яе пляменьніцы Марыі Жалігоўскай[3]. Менавіта ў М. Жалігоўскай маці Янкі Купалы Бянігна Луцэвіч арандавала хутар Акопы з восені 1909 году. Пасьля кастрычніцкага перавароту ў 1917 годзе хутар перайшоў ва ўласнасьць маці і сёстраў паэта. Б. Луцэвіч жыла ў Акопах да 1926 году, пакуль не пераехала да сына ў Менск. Сёстры Янкі Купалы Ганна, Марыя і Леакадзія жылі ў Акопах да 1929 году[1].
Янка Купала ўпершыню прыехаў у Акопы ўлетку 1911 году. Гэты і наступны прыезды Купалы ў Акопы — улетку 1912 году — былі канікулярнымі: тады Купала навучаўся на вячэрніх агульнаадукацыйных курсах А. Чарняева ў Пецярбургу. Да другой паловы 1920-х гадоў жыцьцё і творчасьць Купалы былі цесна зьвязаныя з гэтым маляўнічым кутком Беларусі[1]. Менавіта хутар і навакольныя сядзібы Карпілаўка, Малыя Бясяды сталі для Купалы месцам літаратурных сустрэчаў, дыскусіяў, спасьціжэньня культурна-гістарычных традыцыяў краю[4].
Менавіта ў часе сваіх прыездаў у Акопы Янка Купала станавіўся блізкім суседам свайго добрага старэйшага сябра, вядомага беларускага празаіка Антона Лявіцкага (Ядвігіна Ш.), маёнтак[5] якога знаходзіўся за 1,5 км празь лясок ад Акопаў. Менавіта Ядвігін Ш. пераканаў Купалу пісаць на беларускай мове і яго безь перабольшваньня называюць хросным бацькам Янкі Купалы ў літаратуры[6].
Пасьля 1917 году ад’езды Янкі Купалы ў Акопы мэтафарычным чынам пазначалі зыходжаньне паэты ва ўнутраную эміграцыю[7].
![]() |
Гэтаксама, як настаўніку Янку Здольніку, герою купалаўскіх «Тутэйшых», раз-пораз робіцца непамысна й душна ў апанаваным акупантамі месьце Менску, і ён зьяжджае ў вёску, так і Купалу нядобра паўсюль — і ён накіроўваецца ў свае Акопы. Там, аднак, ягонае маўчаньне й бязьдзейнасьць перапыняюцца, і ён піша свае лепшыя творы смутнага пасьлярэвалюцыйнага часу. | ![]() |
—Пятро Васючэнка. Недапраўлены апазыцыянізм[7] |
Сядзіба

Сядзіба ў Акопах знаходзілася на прыгорку. Чатырма вокнамі і ганкам выходзіла на захад, дзе палеткі ўпіраліся ў лес. На іх межах адзінцамі, непадалёку адзін ад аднаго, стаялі дубы. Падворак з усходу пераходзіў у адхон яра. Ручай у лагчыне яра быў перапынены гацьцю, што ўтварала сажалку-стаў. На яе беразе стаяла лазьня Луцэвічаў[1].
Над грэбляю зьвешваў крону векавечны дуб, схіляліся вербы, буяў вербалоз. Правей ад сажалкі — абапал ручая — рос алешнік. За ярам і цяпер можна ўбачыць вялізны валун (4 м у даўжыню, 3 м у шырыню і 1,5 м у вышыню, на якім, паводле легенды, Янка Купала любіў пісаць і адпачываць) і палеткі, часта перарэзаныя бярозава-саснова-яловымі пералескамі. Дом быў у прысадах. Вакол расьлі кусты язьміну, шыпшыны, брызгліны. Купалавы пакой быў кутні. Два акны яго выходзілі ў сад. Перад вокнамі цьвілі кветкі, расьлі кусты шыпшыны. З вокнаў было відаць дубы, елкі. Ясені, клёны, сосны недалёкага лесу, рабіны, ліпы, шматкаляровыя загоны палеткаў. Перад хатай стаяла студня з жураўлём. Паблізу разьмяшчалася клець, вяндлярня, крыху далей — гумно, пуня, хлявы, два сьвірны[1].
Значэньне Акопаў для творчасьці Купалы
Акопы сталі для Янкі Купалы, як Навагрудак для А. Міцкевіча, Міхайлаўскае для А. Пушкіна, Тарханы для М. Лермантава, Ясная Паляна для Л. Талстога, невычэрпнай крыніцай натхненьня, шматлікіх тэмаў і настрояў, непасрэднай натурай паэтычных малюнкаў і іх шматфарбнага калярыту, шырокім полем пазнаньня народнага жыцьця і характару[1]. У Акопах у поўнай меры раскрыўся геній Купалы — лірыка, драматурга-філёзафа, перакладчыка, публіцыста-аналітыка. Каля 200—300 вершаваных радкоў у дзень пісаў паэт амаль без адзінай праўкі[4].
Больш за 70 Купалавых твораў маюць памету «Акопы». Шмат іншых твораў, пад якімі не пазначана месца напісаньня, нарадзіліся і высьпелі ў Акопах. Адсюль многія вобразы прыроды ў вершах і паэмах Купалы. У Акопах паэт напісаў самыя аб’ёмныя свае творы: усе чатыры п’есы (тры закончаныя і адна няскончаная) і вершаваны пераклад «Слова аб палку Ігаравым». Шматлікія жыхары акопаўскага навакольля сталі прататыпамі, што паслужылі штуршком для стварэньня шэрагу яркіх купалаўскіх вобразаў[1].
Remove ads
Філія Літаратурнага музэю Янкі Купалы
Філія «Акопы» Літаратурнага музэю Янкі Купалы была створаная з ініцыятывы тагачаснага дырэктара музэю Жанны Дапкюнас. Важкую падтрымку ідэі стварэньня купалаўскай філіі «Акопы» аказаў народны паэт Беларусі, ураджэнец Лагойшчыны Ніл Гілевіч[8].
Пасьля прыняцьця ў верасьні 1989 году рашэньня аб стварэньні філіі на месцы былога хутару Міхалішкі ў вёсцы Харужынцы быў узьведзены тыповы будынак, характэрны для канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя. Адкрыцьцё філіі для наведваньня адбылося 29 жніўня 1992 году і было прымеркавана да 110-годзьдзя з дня нараджэньня паэта[9]. Філія музэю складаецца зь дзьвюх частак: гістарычнай (літаратурна-мастацкай) і мэмарыяльнай. Агульная плошча тэрыторыі філіі складае 6,64 га[4].
Гістарычная (літаратурна-мастацкая) частка філіі музэю
Гістарычная частка філіі музэю знаходзіцца ў Харужынцах. Яе экспазыцыя адлюстроўвае пэрыяд найбольшага творчага ўздыму Янкі Купалы (1910—1926) і разьмешчана ў пяці залях: «На перакрыжаваньнях жыцьця», «Песьні беларускай валадар», «Раскіданае гняздо», «Тэатральная заля», «Янка Купала — наша будучыня»[10]. Плошча экспазыцыі — 156 м². Мастацкая канцэпцыя экспазыцыі музэю была распрацаваная мастаком Эдуардам Агуновічам, а над яе ажыцьцяўленьнем працавалі мастакі Алег Грачоў і Ўладзімер Пратасеня. У экспазыцыі прадстаўлена больш за 300 экспанатаў, сярод якіх дакумэнты, фатаздымкі, успаміны пра Я. Купалу, рукапісы і кнігі паэта, архіўныя матэрыялы пра купалаўскія мясьціны на Лагойшчыне і Меншчыне, работы беларускіх мастакоў Э. Агуновіча, В. Александровіча, М. Басалыгі, А. Волкава, А. Кашкурэвіча, М. Купавы, Г. Паплаўскага, У. Савіча, В. Шаранговіча[4].
«К табе, о Божа, |
Я. Купала «Хрыстос васкрос!..», 1911 |
Ля будынку філіі можна ўбачыць скульптурную кампазыцыю «Малады Купала» (1992 г., аўтары Андрэй Засьпіцкі і Генадзь Мурамцаў), зялёны амфітэатар для масавых мерапрыемстваў і крыніцу-сьвідравіну з артэзіянскай вадой. З трох бакоў філія абкружаная дрэвамі-кулісамі[4]. На алеі, якая вядзе да ўваходу ў музэй, акрамя помніка знаходзіцца вялізны валун з выбітым на ім Купалавым заклікам зь верша «Хрыстос васкрос!..».
На тэрыторыі музэю з 1993 году раз у два-тры гады ў траўні традыцыйна праводзяцца зьлёты-сэмінары маладых паэтаў Меншчыны пад дэвізам «Нас слова Купалы да творчасці кліча»[11]. У чэрвені 2010 году ля музэю ўпершыню адбыўся фэстываль бардаўскай песьні «Купалаўскія вакацыі»[12].
«Песьню стварыці ясну, як неба |
Я. Купала «З кутка жаданьняў», 1912 |
Мэмарыяльная частка філіі музэю
Мэмарыяльная частка філіі «Акопы» — гэта адноўленыя межы былой сядзібы Акопы, рэшткі падмуркаў сядзібнага дома і гаспадарчых збудаваньняў, некалькі старых дрэваў, сымбалічны зруб на месцы былой студні. Рачулка, якая жывіла сажалку, пераўтварылася ў невялікі ручай. На валуне, на якім Купала любіў адпачываць, у 1982 годзе прымацаваны мэмарыяльны знак са словамі верша «З кутка жаданьняў»[13].
Купалаўскі заказьнік
Купалаўскі заказьнік быў утвораны ў 2000 годзе ў адпаведнасьці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Хутар Акопы стаў цэнтрам заказьніка. Заказьнік раскінуўся на тэрыторыі Лагойскага і Менскага раёнаў і мае плошчу 3834 гэктары[14].
Remove ads
Акопы ў выяўленчым мастацтве
Хараству Акопаў як чароўнай крыніцы Купалавага натхненьня і акопаўскаму пэрыяду яго жыцьця і творчасьці прысьвяцілі свае творы беларускія мастакі Э. Агуновіч, В. Александровіч, М. Басалыга, А. Волкаў, А. Кашкурэвіч, М. Купава, Г. Паплаўскі, У. Савіч, В. Шаранговіч, фатограф Ю. Акудовіч і інш.
Выбраныя творы, напісаныя Янкам Купалам у Акопах

- 1911 — каля 50 вершаў (сярод іх — «Песьня мая», «Жняя», «Гэй, наперад!», «Як у лесе зацьвіталі…», «Не прасьпі», «За свабоду сваю…», «Каб я князем быў…», «Зоркі», «Дзьве таполі», «Ты прыйдзі…», «Над ракою ў спакою»)
- 1912 — першы драматычны твор Купалы п’еса «Паўлінка»
- 1913 — вершы (сярод іх — «Не шукай…», «Будзь сьмелым!..», «Зь вячэрніх дум», «Тутэйшы», «Песьняй толькі…»), паэмы («Бандароўна», «Магіла льва», «Яна і я», «Гарыслава» (незакончаная)), сцэнічны жарт «Прымакі», драма «Раскіданае гняздо»
- 1919 — вершы «Лясное возера», «Над калыскай», «Восень», «Ваяк»
- 1921 — вершы «На сьмерць Сьцяпана Булата», «А зязюлька кукавала…», вершаваны пераклад «Слова аб палку Ігаравым»
- 1922 — камэдыя «Тутэйшыя»
- 1926 — вершы «Па Даўгінаўскім гасьцінцы», «За ўсё…», «І прыйдзе…», «Улетку», «У лесе», «Аб дзяўчыне», «Гутарка аб кепскім гаспадару», «Два сьветы», «Праз гультайства…», «Дзе стаяў двор панскі…» (апошні верш, які Купала напісаў у Акопах) і інш.
Remove ads
Для турыстаў
Навакольле Акопаў багатае на мясьціны, зьвязаныя з жыцьцём і творчасьцю Янкі Купалы: Карпілаўка, Селішча, Калдукоўка, Міхалішкі і Ляўшова, Радзькоўшчына, Прытыкі, Шкоды і Парабкі і інш. Цяпер гэтыя назвы зьяўляюцца толькі моўным абазначэньнем урочышчаў у штодзённых стасунках мясцовых жыхароў[6].
Галерэя
- Будынак філіі «Акопы» Літаратурнага музэю Янкі Купалы ў Харужынцах
- Фрагмэнт экспазыцыі гістарычнай часткі філіі «Акопы» Літаратурнага музэю Янкі Купалы ў Харужынцах
- Фрагмэнт экспазыцыі гістарычнай часткі філіі «Акопы» Літаратурнага музэю Янкі Купалы ў Харужынцах
- Валун на шляху да філіі Літаратурнага музэю Янкі Купалы ў Харужынцах
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads