Андрэй Засьпіцкі
беларускі скульптар From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Андрэ́й Міха́йлавіч Засьпі́цкі (1924, цяпер Высокае Мазавецкае, Падляскае ваяводзтва, Польшча — 2019, Менск, Беларусь) — беларускі скульптар.
Заслужаны дзяяч мастацтваў Беларусі (1977), ляўрэат Дзяржаўных прэміяў Беларускай ССР (1974) і СССР (1977)[1], ганаровы грамадзянін Менску[2].
Remove ads
Жыцьцяпіс
Нарадзіўся ў сям’і мастака-літографа Міхаіла Засьпіцкага і настаўніцы музыкі. Дзед таксама быў мастаком. У дзяцінстве наведваў курсы лепкі і маляваньня ў Варшаве, куды пераехаў з бацькамі. У выніку атрымаў пасьведчаньне для бясплатнага наведваньня ўсіх музэяў Варшавы, у якія стаў хадзіць штодня. Пасьля пачатку нямецкага ўварваньня ў Польшчу 1939 году пераехаў зь сям’ёй ў Менск (Беларуская ССР), дзе бацька ўладкаваўся каляровым літографам у Беларускі дом друку. У 15 гадоў паступіў на выхаваньне ў Дом народнай творчасьці. На Маскоўскай выставе 1-й дэкады беларускага мастацтва і літаратуры атрымаў Грамату Вярхоўнага Савета БССР за бюст Дзяржынскаму[2]. У 1940—1941 гадах навучаўся ў Ленінградзкім інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (Расейская СФСР)[1].

22 чэрвеня 1941 году ў дзень пачатку Нямецка-савецкай вайны вярнуўся ў Менск на вакацыі. У выніку з бацькамі выехаў у Сталінградзкую вобласьць (Расейская СФСР), дзе ўладкаваўся малатабойцам на кузьні ў калгасе. У лютым 1942 году па дасягненьні 18 гадоў яго заклікалі ў Чырвоную армію, дзе ў артылерыі страляў з 45-мілімэтровай гарматы. Увосень 1944 году пасьля апэрацыі «Багратыён» па вызваленьні Беларускай ССР перайшоў на службу ў Галоўнае кіраўніцтва контрвыведкі «Сьмерш» Народнага камісарыяту абароны СССР. Удзельнічаў у лясных баях супраць нямецкіх выведнікаў. Пасьля вайны маляваў у вайсковай частцы плякаты і ляпіў партрэты Георгія Жукава, Леніна і Сталіна. У 1947 годзе дэмабілізаваўся і зьехаў да бацькоў у Горадню, дзе ўладкаваўся маляваць шыльды пад кіраўніцтвам галоўнага мастака горада. Пасьля вырабу шыльды для мясцовай кавярні «Піва-воды» тамсама пазнаёміўся з Васілём Быкавым, якому прапанаваў супольную працу. У 1948 годзе Быкаў запрасіў яго ў Менск, дзе накіраваў у майстэрню Аляксея Глебава на вуліцы Някрасава. Пасьля 2 дзён лепкі Глебаў прыняў яго на стажыроўку, якая доўжылася да 1956 году[2].
Remove ads
Творчасьць
Пасьля 1948 году на замову міністра дзяржаўнай бясьпекі БССР Лаўрэнція Цанавы ўдзельнічаў у афармленьні будынка КДБ БССР паводле праекту свайго сябра Паўла Белавусава. У 1957 годзе стварыў партрэт Алаізы Пашкевіч ў Астрыне (Шчучынскі раён) і кампазыцыю «Партызан-падрыўнік». У 1958-м — станковы твор «У полі». У 1960 годзе стварыў партрэт Фрэдэрыка Шапэна. У 1964-м — кампазыцыю «Сяброўства». У 1971 годзе зрабіў станковы твор «Гімнасткі». У 1972-м — помнік Янку Купалу ў Менску з Анатолем Анікейчыкам і Львом Гумілеўскім, за які атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР. У 1973 годзе стварыў помнік Францішку Скарыне ў Полацку. У 1977 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР за манумэнт маці-патрыёткі Настасьсі Купрыянавай ў Жодзіне, у выкананьні якога супрацоўнічаў са скульпатармі Іванам Міском ды Рыжанковым і архітэктарам Алегам Трафімчуком. Купрыянава згубіла на вайне 5 сыноў. Словы да манумэнта падбіраў 1-ы сакратар Кампартыі Беларусі Пётар Машэраў, а ўхваляла яго Валянціна Церашкова на чалве Камітэту савецкіх жанчынаў. У 1989-м зваяў помнік у гонар вызваленьня Віцебска зь Мікалаем Рыжанковым. У 1992 годзе стварыў помнік ахвярам фашызму ў Стоўпцах. У 1995-м — бюст Адама Міцкевіча. У 1996-м — кампазыцыю «Рэквіем». Яго творам былі ўласьцівыя выразны лінейны рытм, кантрастныя сьвятлацені і сувымернасьць маштабу з масай[1]. Таксама стварыў помнікі Максіму Горкаму, Канстанціну Цыялкоўскаму (1965) і Аляксею Глебаву ў Менску. У 2006 годзе стварыў барэльеф «Гусьляр» для новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У 2013 годзе стварыў помнік Міхаілу Савіцкаму. Таксама зрабіў барэльеф «Крэпасьць» у гонар Берасьцейскай крэпасьці[2].
Remove ads
Асабістае жыцьцё
Жонка — Ніна Сьцяпанаўна, зь якой пражыў 60 гадоў да яе сьмерці. Стварыў барэльеф на магіле жонкі. Меў дачку, 2-х унучак і праўнука. Стаў даўгавечнікам, пражыўшы 95 гадоў. Захоўваў сілу для лепкі ў веку за 90 гадоў праз шторанішнюю разьмінку ў выглядзе 50 прысяданьняў і заняткаў з гірамі ў спартзале сваёй майстэрні[2].
Крыніцы
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads