Казатампрам

дзяржаўнае прадпрыемства Казахстану From Wikipedia, the free encyclopedia

Казатампрам
Remove ads

«Казатампра́м» — дзяржаўнае прадпрыемства Казахстану, заснаванае ў ліпені 1997 году.

Хуткія факты Тып, Лістынг на біржы ...

На 2025 год быў найбольшым у сьвеце вытворцам прыроднага ўрану з доляй у 40 %. Ад лістапада 2018 году 25 % паёў прадпрыемства гандлявалі на Астанінскай міжнароднай біржы. Меў 21 554 супрацоўнікі і 36 даччыных і залежных прадпрыемстваў. Ажыцьцяўляў вываз і ўвоз ядзернага паліва і ўрану, які здабываў у Казахстане шляхам падземнага сьвідравіннага вылугаваньня. Меў запасы ўрану на 300 000 тонаў[6].

Remove ads

Вытворчасьць

На 2025 год «Казатампрам» меў 33 даччыныя прадпрыемствы, якія пераважна месьціліся ў 5 абласьцях Казахстану — Туркестанскай на поўдні, Усходне-Казахстанскай, Кызылардзінскай, Акмалінскай і Алмацінскай[7]. Праз 14 горнарудных даччыных, залежных і сумесных прадпрыемстваў распрацоўвалі 26 дзялянак здабычы ўрану на поўдні краіны. У 2022 годзе пры дапамозе падземнага сьвідравіннага вылугаваньня вырабілі 21 200 т урану, зь якіх 11 400 т (54 %) прыпадала на наўпроставую долю «Казатампраму» ў тых горнарудных прадпрыемствах. Наўпроставая доля ў здабычы ўрану складала 22 % ад сусьветнай, што ўсё адно рабіла «Казатампрам» найбольшым яго вытворцам у сьвеце[8].

«Ульбінскі мэталюргічны завод» у Вусьць-Каменагорску (Усходне-Казахстанская вобласьць), які быў даччыным прадпрыемствам «Казатампраму», меў адныя з найбольшых у сьвеце танталя-ніобавую і бэрылявую вытворчасьці. Завод быў адзіным у Сярэдняй Азіі прадпрыемствам, якое ажыцьцяўляла поўны цыкль перапрацоўкі адпаведнай сыравіны ў гатовыя вырабы. Аснову вытворчасьці складаў мэтал для напыляльных мішэняў, а таксама танталявыя зьліткі і скрылікі. Зь іх выраблялі іржаўстойлівыя прылады для хімічнай прамысловасьці, вузлы электронных лямпаў і электрычныя кандэнсатары для паўправадніковых прыладаў, фільеры для вытворчасьці штучнага валакна і лябараторны посуд, вогнетрывалыя тыглі для плаўленьня мэталаў і стопкаў, награвальнікі прамысловых печаў, а таксама цеплаабменьнікі для ядзернай энэргетыкі і хірургічныя швы. Танталявыя вырабы ўлучалі:

  • зьліткі чысьцінёй 99,92 % (3N2), 99,95 % (3N5), 99,97 % (3N7), 99,99 % (4N) і 99,995 % (4N5), вырабленыя спосабам падвойнага і патройнага электронна-прамянёвага пераплаву;
  • зьліткі чысьцінёй 99,995 % (4N5), вырабленыя спосабам вакуўмна-дугавога пераплаву;
  • легавальныя дадаткі;
  • плоскі пракат — пласьціны, лісты, стужку і фольгу;
  • круглы пракат — пруткі і дрот;
  • кандэнсатарныя парашкі;
  • гатовыя вырабы — паддоны, вечкі, трубныя загатоўкі, часткі гарачых палосаў, тыглі і дыскі[9].

Бэрылявая вытворчасьць «Ульбінскага мэталюргічнага заводу» ад перапрацоўкі руды да выпуску гатовых вырабаў была адной з 3-х у сьвеце. Адпаведныя бэрылявыя вырабы ўлучалі: зьліткі, алюміна-, медна- і нікельбэрылявыя лігатуры, а таксама мэталакерамічныя загатоўкі. Зь ніобу выраблялі: зьліткі і легавальныя дадаткі, плоскі (пласьціны, лісты і фольгу) і круглы пракат (пруткі і дрот), парашкі і гатовыя вырабы (паддоны, вечкі, трубныя загатоўкі, часткі гарачых палосаў, тыглі і дыскі)[9].

Сярод іншага, «Ульбінскі мэталюргічны завод» вырабляў:

  • паліўныя таблеткі для вода-вадзяных энэргетычных рэактараў расейскага ўзору з узбагачэньнем керамічнага парашку дыяксыду ўрану-235 да 5 %;
  • паліўныя таблеткі для легкаводных рэактараў, у тым ліку францускага ўзору ад прадпрыемства «Фраматом» (Курбэвуа, дэп. Вярхоўі Сэны);
  • цеплавыдзяляльныя зборкі (ЦВЗ) на «Ульба-ЦВЗ» з удзелам «Кітайска-гуандунскага ядзерна-энэргетычнага холдынгу» да 200 т за год з узбагачанага ўрану-235 ад казаска-расейскага «Цэнтру ўзбагачэньня ўрану» ў Новаўральску (Сьвярдлоўская вобласьць) да 2,5 млн адзінак разьдзяляльнай працы (АРП);
  • закіс-вокіс урану да 6000 т за год на афінажнай вытворчасьці;
  • шасьціфторысты ўран для Банку нізкаўзбагачанага ўрану на 90 т пад вытворчасьць ядзернага паліва для легкаводных рэактараў[10].

Даччыная «Воўкаўгеалёгія» (Алмата) ажыцьцяўляла выведку і бурэньне пры пошуку пяшчанікавых радовішчаў урану, прыдатных для адпрацоўкі падземным сьвідравінным вылугаваньнем. Найбольшыя радовішчы адкрылі на поўдні Казахстану, якія месьціліся ў Туркестанскай і Кызылардзінскай вобласьцях, што вывела краіну на 1-е месца ў сьвеце паводле выведаных запасаў урану. Сярод 6 уранаварудных правінцыяў 70 % запасаў прыпадала на Шу-Сарысуйскую правінцыю на поўдні краіны. Рэшта запасаў месьцілася ў Паўночна-Казахстанскай правінцыі (Акмалінская вобласьць) — 12 %, Сырдар’інскай (на поўдні тых 2-х вобласьцяў) — 9 %, Ілійскай (Жамбылская і Карагандзінская вобласьці) — 6 %, Прыкасьпійскай (Мангістаўская вобласьць) — 6 % і Прыбалшаскай правінцыі (Алмацінская вобласьць) — 1 %. На 2025 год распрацоўвалі 14 з 56 выведаных радовішчаў[11].

Навуковыя дасьледаваньні праводзілі: праектна-канструктарскі «Інстытут высокіх тэхналёгіяў» у Алмаце, Навуковы цэнтар «Ульбінскага мэталюргічнага заводу» (Усходне-Казахстанская вобласьць) і Цэнтральная досьледна-мэтадычная экспэдыцыя «Воўкаўгеалёгіі», дзе агулам працавала 422 супрацоўнікі, у тым ліку 55 кандыдатаў і 2 дактары навук. У выніку іх працы «Казатампрам» быў праваўласьнікам 30 патэнтаў на вынаходзтва і 12 — на карысны ўзор. Дасьледаваньні засяроджваліся на атрыманьні закісу-вокісу ўрану і рэдказямельных мэталаў[12].

Remove ads

Даччыныя прадпрыемствы

Thumb
Руднік «Каратаў» (Туркестанская вобласьць)

На 2025 год «Казатампрам» меў:

  • 15 прадпрыемстваў здабычы і перапрацоўкі ўрану — «Казатампрам-СаЎран» у Таўкенце (Сузацкі раён, Туркестанская вобласьць), «РУ-6» у Бідайколі (Шыелійскі раён), «Катко» з французамі на радовішчы Моінкум (Туркестанская вобласьць), «Арталык» з кітайцамі ў Шымкенце (радовішчы Мынкудук і Жалпак), «Акбастаў» з расейцамі ў Шымкенце (Будзёнаўскае радовішча), «Інкай» з канадцамі ў Шымкенце, «Будзёнаўскае» ў Шымкенце, «Паўднёвая горна-хімічная кампанія» з расейцамі ў Шымкенце (радовішчы Акдала і Інкай), «Байкен-Ю» зь японцамі ў Кызылардзе (радовішча Паўночны Харасан), «Аппак» зь японцамі ў Каракуры (Сузацкі раён), «Зарэчнае» з кіргізамі і расейцамі ў Цімуры (Туркестанская вобласьць), «Кызылкум» з кітайцамі і японцамі ў Байкенжэ (Жанакарганскі раён), «Тураніюм» з кітайцамі ў Байкенжэ, «Каратаў» з расейцамі ў Шымкенце і «Семізбай-Ю» ў Астане (радовішчы Ірколь у Кызылардзінскай вобласьці і Семізбай у Акмалінскай і Паўночна-Казахстанскай);
  • 2 ядзерна-паліўныя прадпрыемствы ў Расеі — «Міжнародны цэнтар узбагачэньня ўрану» з расейцамі ў Ангарску (Іркуцкая вобласьць) і «Цэнтар узбагачэньня ўрану» з расейцамі ў Новаўральску (Сьвярдлоўская вобласьць);
  • «Ульбінскі мэталюргічны завод» у Вусьць-Каменагорску (Усходне-Казахстанская вобласьць);
  • 7 дапаможных прадпрыемстваў — «Ссап» для вырабу серчанай кісьлі ў Стэпнагорску (Акмалінская вобласьць), «Воўкаўгеялёгія» ў Алмаце, «Гандлёвы дом Казатампраму» ў Цугу (Швайцарыя), «КАП Тэхналёгія» для сувязі ў вахтавых пасёлках, «Серчанакісьлевы завод» у Кейдэне (Кызылардзінская вобласьць), «Карган Бясьпека» ў Шымкенце для аховы і «КАП Лягістыка»;
  • «Уранэнэрга» ў Шымкенце для перадачы электраэнэргіі;
  • «Інстытут высокіх тэхналёгіяў» у Сызгане (Сузацкі раён)[13].
Remove ads

Мінуўшчына

У 1992 годзе Ўрад Казахстану ўхваліў рашэньне пра аб’яднаньне ўстановаў галіны ў «Казаскую дзяржаўную карпарацыю прадпрыемстваў атамнай энэргетыкі і прамысловасьці» («КАЭП»). 14 ліпеня 1997 году прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў падпісаў Указ № 3593 «Аб стварэньні Нацыянальнай атамнай кампаніі "Казатампрам"» на аснове «КАЭП». 22 ліпеня 1997 году Ўрад Казахстану зацьвердзіў Пастанову № 1148 «Пытаньні Нацыянальнай атамнай кампаніі "Казатампрам"». У склад «Казатампраму» ўвайшлі геолягавыведачнае прадпрыемства «Воўкаўгеалёгія» ў Алмаце (выведка 1,5 млн т урану на 19 % сусьветных запасаў), «Ульбінскі мэталюргічны завод» у Вусьць-Каменагорску і 3 рудаўправы: Стэпавая ў Паўднёва-Казахстанскай вобласьці, Цэнтральная ў Таўкенце (Паўднёва-Казахстанская вобласьць) і № 6 у Бідайколі (Кызылардзінская вобласьць). У 1999 годзе запусьцілі танталявую вытворчасьць[14].

У 2000 годзе «Ўльбінскі мэталюргічны завод» пачаў пастаўку керамічных парашкоў дыяксыду ўрану ў ЗША для прадпрыемства «Джэнэрал Электрык» (штат Масачусэтс). У лютым 2000 году «Казатампрам» атрымаў дазвол на пастаўку ўрану ў ЗША і Эўразьвяз. У жніўні 2000 годубэрылявую вытворчасьць перанакіравалі на выраб медна-бэрылявых лігатураў карбацеплавым спосабам. Таксама заключылі шматгадовую дамову з амэрыканскім вытворцам бэрылю «Браш Ўэлман» (штат Агаё). У 2000 годзе «Казатампрам» упершыню атрымаў чысты прыбытак. Таксама ад часу заснаваньня «Казатампрам» узьняўся з 13-га на 6-е месца ў сьвеце паводле вытворчасьці прыроднага ўрану. «Ульбінскі мэталюргічны завод» укараніў вытворчасьць уран-эрбавых і ўран-гадалінавых паліўных таблетак з выгаральным паглынальнікам, а таксама стварыў участак перапрацоўкі рэштак дарэактарнага паліўнага цыклю. У 2001 годзе запрацавалі руднікі падземнага вылугаваньня Паўднёвы Моінкум і Акдала ў Сузацкім раёне (Паўднёва-Казахстанская вобласьць). Пачалі пастаўкі ўрану ў Кітай[14].

У 2002 годзе ўпершыню ўкаранілі ячэістае ўскрыцьцё рудных залежаў і цалкам аўтаматызавалі здабычу. Таксама пачалі пастаўку ўрану ў Паўднёвую Карэю. У 2003 годзе на рудніку Акдала ўпершыню ўвялі U-падобны контур газазахопу. «Казатампрам» выйшаў на 2-е месца паводле вытворчасьці бэрылю з доляй у 29 % і на 4-е месца па танталю. Урад Казахстану перадаў «Мангістаўскі атамны энэргетычны камбінат» (Актаў) ва ўласнасьць «Казатампраму» для адновы вытворчасьці. У 2004 годзе здабычу ўрану засяродзілі ў даччынай «Горнаруднай кампаніі». У Шанхаі заснавалі даччынае прадпрыемства «Ульба-Кітай» для збыту бэрылю ў Кітаі. Таксама ў 2004 годзе сумеснае прадпрыемства «Катко» з удзелам францускага прадпрыемства «Арано» (Шаціён, дэп. Вярхоўі Сэны) запусьціла ўранавы руднік у Паўднёвым Моінкуме, які ў 2006 годзе выйшаў на прамысловую магутнасьць. Даччынае «Таўкенцкае горна-хімічнае прадпрыемства» ўвяло ў дзеяньне афінажны завод для выняцьця ўрану з таварных дэсарбатаў. 24 сакавіка 2005 году ў давернае кіраваньне «Казатампраму» перадалі «Стэпнагорскі горна-хімічны камбінат» (Акмалінская вобласьць). У выніку ў 2005 годзе ў Стэпнагорску аднавілі вытворчасьць закісу-вокісу з уласнай сыравіны і выпусьцілі 503 тоны ўрану за год[14].

У 2005 годзе прыцягнулі сумесную пазыку ў 150 млн даляраў на 3 гады ад 11 банкаў Эўропы. Пазыку ў 60 млн $ на 10 гадоў атрымалі ад японскага банку «Мізухо». У 2006 годзе пачалі пастаўкі ўрану ў Японію. 1 сакавіка 2006 запусьцілі «Зарэчанскае» ўраназдабывальнае прадпрыемства (Шымкент) з кыргыскім і расейскім удзелам для адпрацоўкі радовішча ў Атырарскім раёне на захадзе Паўднёва-Казахстанскай вобласьці. 6 ліпеня 2006 году ўраназдабывальнае прадпрыемства «Аппак» у Каракуры (Сузацкі раён) пераўтварылі ў сумеснае з удзелам японскіх прадпрыемстваў «Сумітома» і «Кансайская электраэнэргія» (Осака). У 2006 годзе «Стэпнагорскі горна-хімічны камбінат» узьвёў малібдэнавую ўзбагачальную фабрыку і запусьціў серчанакісьлевы завод, каб вырабляць рэагент для вылугаваньня ўрану пры здабычы. У Кітаі заклалі сумесны завод пракату з бэрылявай бронзы. Сярод іншага, у 2006 годзе з расейскім удзелам утварылі ўраназдабывальнае прадпрыемства «Акбастаў» у Шалакаргане (Сузацкі раён) на Будзёнаўскім радовішчы і «Атамныя станцыі» ва Ўмірзаку (Мангістаўская вобласьць)[14].

У 2006 годзе запусьцілі руднік Усходні Мынкудук у Паўднёва-Казахстанскай вобласьці магутнасьцю 1000 тонаў за год. У выніку ў 2007 годзе здабыча ўрану вырасла на 25 % да 6600 тонаў. У траўні 2007 году заключылі пагадненьне наконт вытворчасьці ядзернага паліва з «Кітайска-гуандунскім ядзерна-энэргетычным холдынгам» (Шэньчжэнь). Таксама ў траўні 2007 году «Казатампрам» набыў 10 % паёў амэрыканскага ядзернага прадпрыемства «Ўэстынгхаўс» (штат Пэнсыльванія) у японскай «Тошыбы» за 540 млн $. Сярод іншага, «Ульбінскі мэталюргічны камбінат» стварыў сумесны завод стужак з бэрылявай бронзы пры ўдзеле кітайскага прадпрыемства «Нінбо-Хэнхэйскія электрычна-медныя стужкі» (правіцыя Чжэцзян). У траўні 2007 году ў расейскім Новаўральску (Сьвярдлоўская вобласьць) запрацаваў казаска-расейскі «Цэнтар узбагачэньня ўрану». У чэрвені 2008 году на Заходняй дзялянцы радовішча Мынкудук адчынілі новы ўравы руднік спосабам падземнага вылугаваньня. Таксама ў чэрвені 2008 году заклалі сумеснае прадпрыемства «Ульба Канвэрсія» з «Канадзкай горна-энэргетычнай карпарацыяй» (правінцыя Саскачэван). Магутнасьць прадпрыемства складала 12 000 тонаў гексафтарыду ўрану, што адпавядала 17 % сусьветнай магутнасьці канвэрсіі. З францускім прадпрыемствам «Арэва» падпісалі пагадненьне аб вытворчасьці 4000 т урану за год на прадпрыемстве «Катко». У сьнежні 2008 году «Ўльбінскі мэталюргічны камбінат» адчыніў цэх кандэнсатарных танталявых парашкоў магутнасьцю 73 т за год[14].

У красавіку 2009 году на дзялянцы Харасан-1 радовішча Паўночны Харасан (Жанакарганскі раён, Кызылардзінская вобласьць) адчынілі 1-ы ў Казахстане руднік магутнасьцю 3000 т урану за год. Яго вытворчасьць прызначылі для патрэбаў Японіі. У Шыелійскім раёне (Кызылардзінская вобласьць) адчынілі руднік падземнага вылугаваньня «Ірколь» магутнасьцю 750 т. У Кітаі стварылі сумеснае прадпрыемства пабудовы атамнай электрастанцыі з удзелам «Кітайска-гуандунскага ядзерна-энэргетычнага холдынгу». У кастрычніку 2009 году ў Парыжы заклалі прадпрыемства «Інтэграваная паліўная азіяцкая зорка» («ІПАЗорка») сумесна з «Арэвай» для пастаўкі паліва. У 2009 годзе здабычу ўрану павялічылі да 13 500 тонаў, што зрабіла Казахстан найбольшым яго вытворцам у сьвеце. У траўні 2010 году «Казатампрам» упершыню выпусьціў эўрааблігацыі на 500 млн $ пры тэрміне 5 гадоў пад 6,25 % гадавых. У жніўні 2010 году пачалі пастаўку ўранавых паліўных таблетак на кітайскія АЭС. У кастрычніку 2010 году заклалі завод паліўных зборак сумесна з «Арэвай». У 2010 годзе здабыча вырасла на 30 % да 17 800 т урану[14].

У 2011 годзе пачалі пастаўку ўрану для францускага прадпрыемства «Электрычнасьць Францыі». У верасьні 2011 году стварылі прадпрыемства здабычы рэдказямельных мэталаў сумесна з «Тошыбай». За 2011 год спажыўцам паставілі 10 300 т паліва, што склала 17 % патрэбаў рэактараў у сьвеце. Здабыча вырасла на 9 % да 19 400 т. У чэрвені 2012 году ў Жанакарганскім раёне запрацаваў «Серчанакісьлевы завод» магутнасьцю 500 000 т, які будавалі са жніўня 2009 з удзелам замежных прадпрыемстваў: «Марубэні» (Японія), «Такійскі электраэнэргетычны холдынг» (Японія) і «Уран Адзін» (Канада). У лістападзе 2012 году «Сустрэчная атамна-рэдказямельная кампанія» запусьціла ў Стэпнагорску вытворчасьць канцэнтратаў рэдказямельных канцэнтратаў, якую ўзводзілі з сакавіка 2010 году сумесна зь японскай «Сумітомай». У сьнежні 2012 году даччыная «Астана Солар» адчыніла вытворчую лінію сонечных батарэяў, якую ўзводзілі з траўня 2011 году. У 2013 годзе «Казатампрам» стварыў 3-е замежнае прадстаўніцтва, якое разьмясьцілі ў ЗША. У верасьні 2013 году казаска-расейскі «Цэнтар узбагачэньня ўрану» (Сьвярдлоўская вобласьць) набыў 25 % паёў «Уральскага электрахімічнага камбінату» (Новаўральск), які быў найбольшым у Расеі падзяляльным прадпрыемствам. У кастрычніку 2013 году «Казатампрам» стаў пайшчыкам хлёр-лугавога хімзаводу «Каўстык» у Паўладары. У сьнежні 2013 году даччыны «Мангістаўскі атамны энэргетычны камбінат» запусьціў новы апрасьняльнік марской вады з Касьпійскага мора магутнасьцю 12 000 т за содні. За 2013 год прабурылі 2300 выведных сьвідравінаў[14].

У 2015 годзе здабыча ўрану вырасла да 22 829 да 23 800 т. У 2015 год заключылі пагадненьне з урадам Індыі аб пастаўцы 5000 т урану. «Электрычнасьць Францыі» закантрантавала 4500 т урану на 2021—2025 гады. У верасьні 2016 году заключылі дамову на пастаўку паліўных таблетак на кітайскія АЭС да 2024 году. У сакавіку 2017 году выкупілі долю «Сумітомы» ў «Сустрэчнай атамна-рэдказямельнай кампаніі». У траўні 2018 году ўпершыню заключылі дамову на пастаўку ядзернага паліва для «Ядзернай прамысловасьці Бразыліі» (Рыю-дэ-Жанэйру). У чэрвені 2018 году ўпершыню заключылі ўгоду на пастаўку швэдзкаму прадпрыемству «Ватэнфал» (Сольна). У лістападзе 2018 году на Астанінскай міжнароднай біржы разьмясьцілі 15 % паёў «Казатампраму» на суму 451 млн $. У ліпені 2019 году Стэпавая рудаўправа закрыла руднік Уванас, які быў першым адпрацаваным пры дапамозе падземнага вылугаваньня. У сакавіку 2020 году прадалі сваю долю ў казаска-расейскім «Цэнтры ўзбагачэньня ўрану» расейскаму прадпрыемству «ЦВЭЛ» (Масква) за 90 млн эўра. У чэрвені 2020 году фонд «Самурык-Казына» павялічыў долю паёў у вольным абарачэньні да 25 % за кошт другаснага іх разьмяшчэньня на Астанінскай міжнароднай біржы і Лёнданскай фондавай біржы (Ангельшчына). У жніўні 2020 году ўпершыню заключылі ўгоду на пастаўку ўрану аргентынскаму прадпрыемству «Дыёксітэк» (Кордава). У сьнежні 2020 году ўвялі ў дзеяньне завод «Ульба-ЦВЗ», які заключыў угоду на пастаўку цеплавыдзяляльных зборак (ЦВЗ) «Кітайска-гуандунскаму ядзерна-энэргетычнаму холдынгу»[14].

22 красавіка 2021 году прадалі 49 % паёў у здабывальным прадпрыемстве «Арталык» (Сузак, Туркестанская вобласьць) на карысьць «Кітайска-гуандунскага ядзерна-энэргетычнага холдынгу». У сьнежні 2021 году «Арталыку» перадалі ўгоду на распрацоўку радовішча Жалпак[14]. За 2022 год на наўпроставую долю «Казатампраму» прыпала вытворчасьць 11 373 т урану, 1295 т бэрылю, 198 т паліўных таблетак, 165 т танталю і 7,9 т ніобу[15]. Агулам у 2022 годзе на прадпрыемствах «Казатампраму» вырабілі 22 000 т урану, што склала звыш 40 % яго сусьветнай здабычы[16].

Управа

Старшыні Ўправы:

  1. Віктар Язікаў (1993—1996)
  2. Багдат Шаяхметаў (1996—1998)
  3. Кадыр Байкенаў (1998)
  4. Мухтар Джакішаў (1998—2001)
  5. Аскар Касабекаў (2001—2002)
  6. Мухтар Джакішаў (2002—2009)
  7. Уладзімер Школьнік (2009—2014)
  8. Нурлан Капараў (жнівень 2014 — 2015)
  9. Аскар Жумагаліеў (травень 2015 — 2017)
  10. Галімжан Пірматаў (2017—2021)
  11. Мажыт Шарыпаў (2021 — ліпень 2022)
  12. Яржан Муканаў (2022 — кастрычнік 2023)
  13. Меіржан Юсупаў (зь 2023 году)

Старшыні Рады кіраўнікоў:

  1. Дзюсембай Дуйсенаў (1997—1998)
  2. Берлік Аразбаеў (1998—1999)
  3. Есберген Абітаеў (1999—2000)
  4. Пётар Няфёдаў (2000—2001)
  5. Мухтар Джакішаў (2001—2002)
  6. Берлік Аразбаеў (2003—2007)
  7. Болат Ачкулакаў (2008)
  8. Цімур Кулібаеў (2008—2012)
  9. Умірзак Шукееў (2012)
  10. Куандык Бішымбаеў (2012—2013)
  11. Даўрэн Ердэбай (2013—2014)
  12. Уладзімер Школьнік (2014—2015)
  13. Бахытжан Сагінтаеў (2015—2016)
  14. Аскар Мамін (2016—2018)
  15. Джон Дудас (2018—2019)
  16. Ніл Лонгфэлоў (2019—2023)
  17. Арман Аргінгазін (зь 2023 году)
Remove ads

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads