Казатампрам
дзяржаўнае прадпрыемства Казахстану From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
«Казатампра́м» — дзяржаўнае прадпрыемства Казахстану, заснаванае ў ліпені 1997 году.
На 2025 год быў найбольшым у сьвеце вытворцам прыроднага ўрану з доляй у 40 %. Ад лістапада 2018 году 25 % паёў прадпрыемства гандлявалі на Астанінскай міжнароднай біржы. Меў 21 554 супрацоўнікі і 36 даччыных і залежных прадпрыемстваў. Ажыцьцяўляў вываз і ўвоз ядзернага паліва і ўрану, які здабываў у Казахстане шляхам падземнага сьвідравіннага вылугаваньня. Меў запасы ўрану на 300 000 тонаў[6].
Remove ads
Вытворчасьць
На 2025 год «Казатампрам» меў 33 даччыныя прадпрыемствы, якія пераважна месьціліся ў 5 абласьцях Казахстану — Туркестанскай на поўдні, Усходне-Казахстанскай, Кызылардзінскай, Акмалінскай і Алмацінскай[7]. Праз 14 горнарудных даччыных, залежных і сумесных прадпрыемстваў распрацоўвалі 26 дзялянак здабычы ўрану на поўдні краіны. У 2022 годзе пры дапамозе падземнага сьвідравіннага вылугаваньня вырабілі 21 200 т урану, зь якіх 11 400 т (54 %) прыпадала на наўпроставую долю «Казатампраму» ў тых горнарудных прадпрыемствах. Наўпроставая доля ў здабычы ўрану складала 22 % ад сусьветнай, што ўсё адно рабіла «Казатампрам» найбольшым яго вытворцам у сьвеце[8].
«Ульбінскі мэталюргічны завод» у Вусьць-Каменагорску (Усходне-Казахстанская вобласьць), які быў даччыным прадпрыемствам «Казатампраму», меў адныя з найбольшых у сьвеце танталя-ніобавую і бэрылявую вытворчасьці. Завод быў адзіным у Сярэдняй Азіі прадпрыемствам, якое ажыцьцяўляла поўны цыкль перапрацоўкі адпаведнай сыравіны ў гатовыя вырабы. Аснову вытворчасьці складаў мэтал для напыляльных мішэняў, а таксама танталявыя зьліткі і скрылікі. Зь іх выраблялі іржаўстойлівыя прылады для хімічнай прамысловасьці, вузлы электронных лямпаў і электрычныя кандэнсатары для паўправадніковых прыладаў, фільеры для вытворчасьці штучнага валакна і лябараторны посуд, вогнетрывалыя тыглі для плаўленьня мэталаў і стопкаў, награвальнікі прамысловых печаў, а таксама цеплаабменьнікі для ядзернай энэргетыкі і хірургічныя швы. Танталявыя вырабы ўлучалі:
- зьліткі чысьцінёй 99,92 % (3N2), 99,95 % (3N5), 99,97 % (3N7), 99,99 % (4N) і 99,995 % (4N5), вырабленыя спосабам падвойнага і патройнага электронна-прамянёвага пераплаву;
- зьліткі чысьцінёй 99,995 % (4N5), вырабленыя спосабам вакуўмна-дугавога пераплаву;
- легавальныя дадаткі;
- плоскі пракат — пласьціны, лісты, стужку і фольгу;
- круглы пракат — пруткі і дрот;
- кандэнсатарныя парашкі;
- гатовыя вырабы — паддоны, вечкі, трубныя загатоўкі, часткі гарачых палосаў, тыглі і дыскі[9].
Бэрылявая вытворчасьць «Ульбінскага мэталюргічнага заводу» ад перапрацоўкі руды да выпуску гатовых вырабаў была адной з 3-х у сьвеце. Адпаведныя бэрылявыя вырабы ўлучалі: зьліткі, алюміна-, медна- і нікельбэрылявыя лігатуры, а таксама мэталакерамічныя загатоўкі. Зь ніобу выраблялі: зьліткі і легавальныя дадаткі, плоскі (пласьціны, лісты і фольгу) і круглы пракат (пруткі і дрот), парашкі і гатовыя вырабы (паддоны, вечкі, трубныя загатоўкі, часткі гарачых палосаў, тыглі і дыскі)[9].
Сярод іншага, «Ульбінскі мэталюргічны завод» вырабляў:
- паліўныя таблеткі для вода-вадзяных энэргетычных рэактараў расейскага ўзору з узбагачэньнем керамічнага парашку дыяксыду ўрану-235 да 5 %;
- паліўныя таблеткі для легкаводных рэактараў, у тым ліку францускага ўзору ад прадпрыемства «Фраматом» (Курбэвуа, дэп. Вярхоўі Сэны);
- цеплавыдзяляльныя зборкі (ЦВЗ) на «Ульба-ЦВЗ» з удзелам «Кітайска-гуандунскага ядзерна-энэргетычнага холдынгу» да 200 т за год з узбагачанага ўрану-235 ад казаска-расейскага «Цэнтру ўзбагачэньня ўрану» ў Новаўральску (Сьвярдлоўская вобласьць) да 2,5 млн адзінак разьдзяляльнай працы (АРП);
- закіс-вокіс урану да 6000 т за год на афінажнай вытворчасьці;
- шасьціфторысты ўран для Банку нізкаўзбагачанага ўрану на 90 т пад вытворчасьць ядзернага паліва для легкаводных рэактараў[10].
Даччыная «Воўкаўгеалёгія» (Алмата) ажыцьцяўляла выведку і бурэньне пры пошуку пяшчанікавых радовішчаў урану, прыдатных для адпрацоўкі падземным сьвідравінным вылугаваньнем. Найбольшыя радовішчы адкрылі на поўдні Казахстану, якія месьціліся ў Туркестанскай і Кызылардзінскай вобласьцях, што вывела краіну на 1-е месца ў сьвеце паводле выведаных запасаў урану. Сярод 6 уранаварудных правінцыяў 70 % запасаў прыпадала на Шу-Сарысуйскую правінцыю на поўдні краіны. Рэшта запасаў месьцілася ў Паўночна-Казахстанскай правінцыі (Акмалінская вобласьць) — 12 %, Сырдар’інскай (на поўдні тых 2-х вобласьцяў) — 9 %, Ілійскай (Жамбылская і Карагандзінская вобласьці) — 6 %, Прыкасьпійскай (Мангістаўская вобласьць) — 6 % і Прыбалшаскай правінцыі (Алмацінская вобласьць) — 1 %. На 2025 год распрацоўвалі 14 з 56 выведаных радовішчаў[11].
Навуковыя дасьледаваньні праводзілі: праектна-канструктарскі «Інстытут высокіх тэхналёгіяў» у Алмаце, Навуковы цэнтар «Ульбінскага мэталюргічнага заводу» (Усходне-Казахстанская вобласьць) і Цэнтральная досьледна-мэтадычная экспэдыцыя «Воўкаўгеалёгіі», дзе агулам працавала 422 супрацоўнікі, у тым ліку 55 кандыдатаў і 2 дактары навук. У выніку іх працы «Казатампрам» быў праваўласьнікам 30 патэнтаў на вынаходзтва і 12 — на карысны ўзор. Дасьледаваньні засяроджваліся на атрыманьні закісу-вокісу ўрану і рэдказямельных мэталаў[12].
Remove ads
Даччыныя прадпрыемствы

На 2025 год «Казатампрам» меў:
- 15 прадпрыемстваў здабычы і перапрацоўкі ўрану — «Казатампрам-СаЎран» у Таўкенце (Сузацкі раён, Туркестанская вобласьць), «РУ-6» у Бідайколі (Шыелійскі раён), «Катко» з французамі на радовішчы Моінкум (Туркестанская вобласьць), «Арталык» з кітайцамі ў Шымкенце (радовішчы Мынкудук і Жалпак), «Акбастаў» з расейцамі ў Шымкенце (Будзёнаўскае радовішча), «Інкай» з канадцамі ў Шымкенце, «Будзёнаўскае» ў Шымкенце, «Паўднёвая горна-хімічная кампанія» з расейцамі ў Шымкенце (радовішчы Акдала і Інкай), «Байкен-Ю» зь японцамі ў Кызылардзе (радовішча Паўночны Харасан), «Аппак» зь японцамі ў Каракуры (Сузацкі раён), «Зарэчнае» з кіргізамі і расейцамі ў Цімуры (Туркестанская вобласьць), «Кызылкум» з кітайцамі і японцамі ў Байкенжэ (Жанакарганскі раён), «Тураніюм» з кітайцамі ў Байкенжэ, «Каратаў» з расейцамі ў Шымкенце і «Семізбай-Ю» ў Астане (радовішчы Ірколь у Кызылардзінскай вобласьці і Семізбай у Акмалінскай і Паўночна-Казахстанскай);
- 2 ядзерна-паліўныя прадпрыемствы ў Расеі — «Міжнародны цэнтар узбагачэньня ўрану» з расейцамі ў Ангарску (Іркуцкая вобласьць) і «Цэнтар узбагачэньня ўрану» з расейцамі ў Новаўральску (Сьвярдлоўская вобласьць);
- «Ульбінскі мэталюргічны завод» у Вусьць-Каменагорску (Усходне-Казахстанская вобласьць);
- 7 дапаможных прадпрыемстваў — «Ссап» для вырабу серчанай кісьлі ў Стэпнагорску (Акмалінская вобласьць), «Воўкаўгеялёгія» ў Алмаце, «Гандлёвы дом Казатампраму» ў Цугу (Швайцарыя), «КАП Тэхналёгія» для сувязі ў вахтавых пасёлках, «Серчанакісьлевы завод» у Кейдэне (Кызылардзінская вобласьць), «Карган Бясьпека» ў Шымкенце для аховы і «КАП Лягістыка»;
- «Уранэнэрга» ў Шымкенце для перадачы электраэнэргіі;
- «Інстытут высокіх тэхналёгіяў» у Сызгане (Сузацкі раён)[13].
Remove ads
Мінуўшчына
У 1992 годзе Ўрад Казахстану ўхваліў рашэньне пра аб’яднаньне ўстановаў галіны ў «Казаскую дзяржаўную карпарацыю прадпрыемстваў атамнай энэргетыкі і прамысловасьці» («КАЭП»). 14 ліпеня 1997 году прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў падпісаў Указ № 3593 «Аб стварэньні Нацыянальнай атамнай кампаніі "Казатампрам"» на аснове «КАЭП». 22 ліпеня 1997 году Ўрад Казахстану зацьвердзіў Пастанову № 1148 «Пытаньні Нацыянальнай атамнай кампаніі "Казатампрам"». У склад «Казатампраму» ўвайшлі геолягавыведачнае прадпрыемства «Воўкаўгеалёгія» ў Алмаце (выведка 1,5 млн т урану на 19 % сусьветных запасаў), «Ульбінскі мэталюргічны завод» у Вусьць-Каменагорску і 3 рудаўправы: Стэпавая ў Паўднёва-Казахстанскай вобласьці, Цэнтральная ў Таўкенце (Паўднёва-Казахстанская вобласьць) і № 6 у Бідайколі (Кызылардзінская вобласьць). У 1999 годзе запусьцілі танталявую вытворчасьць[14].
У 2000 годзе «Ўльбінскі мэталюргічны завод» пачаў пастаўку керамічных парашкоў дыяксыду ўрану ў ЗША для прадпрыемства «Джэнэрал Электрык» (штат Масачусэтс). У лютым 2000 году «Казатампрам» атрымаў дазвол на пастаўку ўрану ў ЗША і Эўразьвяз. У жніўні 2000 годубэрылявую вытворчасьць перанакіравалі на выраб медна-бэрылявых лігатураў карбацеплавым спосабам. Таксама заключылі шматгадовую дамову з амэрыканскім вытворцам бэрылю «Браш Ўэлман» (штат Агаё). У 2000 годзе «Казатампрам» упершыню атрымаў чысты прыбытак. Таксама ад часу заснаваньня «Казатампрам» узьняўся з 13-га на 6-е месца ў сьвеце паводле вытворчасьці прыроднага ўрану. «Ульбінскі мэталюргічны завод» укараніў вытворчасьць уран-эрбавых і ўран-гадалінавых паліўных таблетак з выгаральным паглынальнікам, а таксама стварыў участак перапрацоўкі рэштак дарэактарнага паліўнага цыклю. У 2001 годзе запрацавалі руднікі падземнага вылугаваньня Паўднёвы Моінкум і Акдала ў Сузацкім раёне (Паўднёва-Казахстанская вобласьць). Пачалі пастаўкі ўрану ў Кітай[14].
У 2002 годзе ўпершыню ўкаранілі ячэістае ўскрыцьцё рудных залежаў і цалкам аўтаматызавалі здабычу. Таксама пачалі пастаўку ўрану ў Паўднёвую Карэю. У 2003 годзе на рудніку Акдала ўпершыню ўвялі U-падобны контур газазахопу. «Казатампрам» выйшаў на 2-е месца паводле вытворчасьці бэрылю з доляй у 29 % і на 4-е месца па танталю. Урад Казахстану перадаў «Мангістаўскі атамны энэргетычны камбінат» (Актаў) ва ўласнасьць «Казатампраму» для адновы вытворчасьці. У 2004 годзе здабычу ўрану засяродзілі ў даччынай «Горнаруднай кампаніі». У Шанхаі заснавалі даччынае прадпрыемства «Ульба-Кітай» для збыту бэрылю ў Кітаі. Таксама ў 2004 годзе сумеснае прадпрыемства «Катко» з удзелам францускага прадпрыемства «Арано» (Шаціён, дэп. Вярхоўі Сэны) запусьціла ўранавы руднік у Паўднёвым Моінкуме, які ў 2006 годзе выйшаў на прамысловую магутнасьць. Даччынае «Таўкенцкае горна-хімічнае прадпрыемства» ўвяло ў дзеяньне афінажны завод для выняцьця ўрану з таварных дэсарбатаў. 24 сакавіка 2005 году ў давернае кіраваньне «Казатампраму» перадалі «Стэпнагорскі горна-хімічны камбінат» (Акмалінская вобласьць). У выніку ў 2005 годзе ў Стэпнагорску аднавілі вытворчасьць закісу-вокісу з уласнай сыравіны і выпусьцілі 503 тоны ўрану за год[14].
У 2005 годзе прыцягнулі сумесную пазыку ў 150 млн даляраў на 3 гады ад 11 банкаў Эўропы. Пазыку ў 60 млн $ на 10 гадоў атрымалі ад японскага банку «Мізухо». У 2006 годзе пачалі пастаўкі ўрану ў Японію. 1 сакавіка 2006 запусьцілі «Зарэчанскае» ўраназдабывальнае прадпрыемства (Шымкент) з кыргыскім і расейскім удзелам для адпрацоўкі радовішча ў Атырарскім раёне на захадзе Паўднёва-Казахстанскай вобласьці. 6 ліпеня 2006 году ўраназдабывальнае прадпрыемства «Аппак» у Каракуры (Сузацкі раён) пераўтварылі ў сумеснае з удзелам японскіх прадпрыемстваў «Сумітома» і «Кансайская электраэнэргія» (Осака). У 2006 годзе «Стэпнагорскі горна-хімічны камбінат» узьвёў малібдэнавую ўзбагачальную фабрыку і запусьціў серчанакісьлевы завод, каб вырабляць рэагент для вылугаваньня ўрану пры здабычы. У Кітаі заклалі сумесны завод пракату з бэрылявай бронзы. Сярод іншага, у 2006 годзе з расейскім удзелам утварылі ўраназдабывальнае прадпрыемства «Акбастаў» у Шалакаргане (Сузацкі раён) на Будзёнаўскім радовішчы і «Атамныя станцыі» ва Ўмірзаку (Мангістаўская вобласьць)[14].
У 2006 годзе запусьцілі руднік Усходні Мынкудук у Паўднёва-Казахстанскай вобласьці магутнасьцю 1000 тонаў за год. У выніку ў 2007 годзе здабыча ўрану вырасла на 25 % да 6600 тонаў. У траўні 2007 году заключылі пагадненьне наконт вытворчасьці ядзернага паліва з «Кітайска-гуандунскім ядзерна-энэргетычным холдынгам» (Шэньчжэнь). Таксама ў траўні 2007 году «Казатампрам» набыў 10 % паёў амэрыканскага ядзернага прадпрыемства «Ўэстынгхаўс» (штат Пэнсыльванія) у японскай «Тошыбы» за 540 млн $. Сярод іншага, «Ульбінскі мэталюргічны камбінат» стварыў сумесны завод стужак з бэрылявай бронзы пры ўдзеле кітайскага прадпрыемства «Нінбо-Хэнхэйскія электрычна-медныя стужкі» (правіцыя Чжэцзян). У траўні 2007 году ў расейскім Новаўральску (Сьвярдлоўская вобласьць) запрацаваў казаска-расейскі «Цэнтар узбагачэньня ўрану». У чэрвені 2008 году на Заходняй дзялянцы радовішча Мынкудук адчынілі новы ўравы руднік спосабам падземнага вылугаваньня. Таксама ў чэрвені 2008 году заклалі сумеснае прадпрыемства «Ульба Канвэрсія» з «Канадзкай горна-энэргетычнай карпарацыяй» (правінцыя Саскачэван). Магутнасьць прадпрыемства складала 12 000 тонаў гексафтарыду ўрану, што адпавядала 17 % сусьветнай магутнасьці канвэрсіі. З францускім прадпрыемствам «Арэва» падпісалі пагадненьне аб вытворчасьці 4000 т урану за год на прадпрыемстве «Катко». У сьнежні 2008 году «Ўльбінскі мэталюргічны камбінат» адчыніў цэх кандэнсатарных танталявых парашкоў магутнасьцю 73 т за год[14].
У красавіку 2009 году на дзялянцы Харасан-1 радовішча Паўночны Харасан (Жанакарганскі раён, Кызылардзінская вобласьць) адчынілі 1-ы ў Казахстане руднік магутнасьцю 3000 т урану за год. Яго вытворчасьць прызначылі для патрэбаў Японіі. У Шыелійскім раёне (Кызылардзінская вобласьць) адчынілі руднік падземнага вылугаваньня «Ірколь» магутнасьцю 750 т. У Кітаі стварылі сумеснае прадпрыемства пабудовы атамнай электрастанцыі з удзелам «Кітайска-гуандунскага ядзерна-энэргетычнага холдынгу». У кастрычніку 2009 году ў Парыжы заклалі прадпрыемства «Інтэграваная паліўная азіяцкая зорка» («ІПАЗорка») сумесна з «Арэвай» для пастаўкі паліва. У 2009 годзе здабычу ўрану павялічылі да 13 500 тонаў, што зрабіла Казахстан найбольшым яго вытворцам у сьвеце. У траўні 2010 году «Казатампрам» упершыню выпусьціў эўрааблігацыі на 500 млн $ пры тэрміне 5 гадоў пад 6,25 % гадавых. У жніўні 2010 году пачалі пастаўку ўранавых паліўных таблетак на кітайскія АЭС. У кастрычніку 2010 году заклалі завод паліўных зборак сумесна з «Арэвай». У 2010 годзе здабыча вырасла на 30 % да 17 800 т урану[14].
У 2011 годзе пачалі пастаўку ўрану для францускага прадпрыемства «Электрычнасьць Францыі». У верасьні 2011 году стварылі прадпрыемства здабычы рэдказямельных мэталаў сумесна з «Тошыбай». За 2011 год спажыўцам паставілі 10 300 т паліва, што склала 17 % патрэбаў рэактараў у сьвеце. Здабыча вырасла на 9 % да 19 400 т. У чэрвені 2012 году ў Жанакарганскім раёне запрацаваў «Серчанакісьлевы завод» магутнасьцю 500 000 т, які будавалі са жніўня 2009 з удзелам замежных прадпрыемстваў: «Марубэні» (Японія), «Такійскі электраэнэргетычны холдынг» (Японія) і «Уран Адзін» (Канада). У лістападзе 2012 году «Сустрэчная атамна-рэдказямельная кампанія» запусьціла ў Стэпнагорску вытворчасьць канцэнтратаў рэдказямельных канцэнтратаў, якую ўзводзілі з сакавіка 2010 году сумесна зь японскай «Сумітомай». У сьнежні 2012 году даччыная «Астана Солар» адчыніла вытворчую лінію сонечных батарэяў, якую ўзводзілі з траўня 2011 году. У 2013 годзе «Казатампрам» стварыў 3-е замежнае прадстаўніцтва, якое разьмясьцілі ў ЗША. У верасьні 2013 году казаска-расейскі «Цэнтар узбагачэньня ўрану» (Сьвярдлоўская вобласьць) набыў 25 % паёў «Уральскага электрахімічнага камбінату» (Новаўральск), які быў найбольшым у Расеі падзяляльным прадпрыемствам. У кастрычніку 2013 году «Казатампрам» стаў пайшчыкам хлёр-лугавога хімзаводу «Каўстык» у Паўладары. У сьнежні 2013 году даччыны «Мангістаўскі атамны энэргетычны камбінат» запусьціў новы апрасьняльнік марской вады з Касьпійскага мора магутнасьцю 12 000 т за содні. За 2013 год прабурылі 2300 выведных сьвідравінаў[14].
У 2015 годзе здабыча ўрану вырасла да 22 829 да 23 800 т. У 2015 год заключылі пагадненьне з урадам Індыі аб пастаўцы 5000 т урану. «Электрычнасьць Францыі» закантрантавала 4500 т урану на 2021—2025 гады. У верасьні 2016 году заключылі дамову на пастаўку паліўных таблетак на кітайскія АЭС да 2024 году. У сакавіку 2017 году выкупілі долю «Сумітомы» ў «Сустрэчнай атамна-рэдказямельнай кампаніі». У траўні 2018 году ўпершыню заключылі дамову на пастаўку ядзернага паліва для «Ядзернай прамысловасьці Бразыліі» (Рыю-дэ-Жанэйру). У чэрвені 2018 году ўпершыню заключылі ўгоду на пастаўку швэдзкаму прадпрыемству «Ватэнфал» (Сольна). У лістападзе 2018 году на Астанінскай міжнароднай біржы разьмясьцілі 15 % паёў «Казатампраму» на суму 451 млн $. У ліпені 2019 году Стэпавая рудаўправа закрыла руднік Уванас, які быў першым адпрацаваным пры дапамозе падземнага вылугаваньня. У сакавіку 2020 году прадалі сваю долю ў казаска-расейскім «Цэнтры ўзбагачэньня ўрану» расейскаму прадпрыемству «ЦВЭЛ» (Масква) за 90 млн эўра. У чэрвені 2020 году фонд «Самурык-Казына» павялічыў долю паёў у вольным абарачэньні да 25 % за кошт другаснага іх разьмяшчэньня на Астанінскай міжнароднай біржы і Лёнданскай фондавай біржы (Ангельшчына). У жніўні 2020 году ўпершыню заключылі ўгоду на пастаўку ўрану аргентынскаму прадпрыемству «Дыёксітэк» (Кордава). У сьнежні 2020 году ўвялі ў дзеяньне завод «Ульба-ЦВЗ», які заключыў угоду на пастаўку цеплавыдзяляльных зборак (ЦВЗ) «Кітайска-гуандунскаму ядзерна-энэргетычнаму холдынгу»[14].
22 красавіка 2021 году прадалі 49 % паёў у здабывальным прадпрыемстве «Арталык» (Сузак, Туркестанская вобласьць) на карысьць «Кітайска-гуандунскага ядзерна-энэргетычнага холдынгу». У сьнежні 2021 году «Арталыку» перадалі ўгоду на распрацоўку радовішча Жалпак[14]. За 2022 год на наўпроставую долю «Казатампраму» прыпала вытворчасьць 11 373 т урану, 1295 т бэрылю, 198 т паліўных таблетак, 165 т танталю і 7,9 т ніобу[15]. Агулам у 2022 годзе на прадпрыемствах «Казатампраму» вырабілі 22 000 т урану, што склала звыш 40 % яго сусьветнай здабычы[16].
Управа
Старшыні Ўправы:
- Віктар Язікаў (1993—1996)
- Багдат Шаяхметаў (1996—1998)
- Кадыр Байкенаў (1998)
- Мухтар Джакішаў (1998—2001)
- Аскар Касабекаў (2001—2002)
- Мухтар Джакішаў (2002—2009)
- Уладзімер Школьнік (2009—2014)
- Нурлан Капараў (жнівень 2014 — 2015)
- Аскар Жумагаліеў (травень 2015 — 2017)
- Галімжан Пірматаў (2017—2021)
- Мажыт Шарыпаў (2021 — ліпень 2022)
- Яржан Муканаў (2022 — кастрычнік 2023)
- Меіржан Юсупаў (зь 2023 году)
Старшыні Рады кіраўнікоў:
- Дзюсембай Дуйсенаў (1997—1998)
- Берлік Аразбаеў (1998—1999)
- Есберген Абітаеў (1999—2000)
- Пётар Няфёдаў (2000—2001)
- Мухтар Джакішаў (2001—2002)
- Берлік Аразбаеў (2003—2007)
- Болат Ачкулакаў (2008)
- Цімур Кулібаеў (2008—2012)
- Умірзак Шукееў (2012)
- Куандык Бішымбаеў (2012—2013)
- Даўрэн Ердэбай (2013—2014)
- Уладзімер Школьнік (2014—2015)
- Бахытжан Сагінтаеў (2015—2016)
- Аскар Мамін (2016—2018)
- Джон Дудас (2018—2019)
- Ніл Лонгфэлоў (2019—2023)
- Арман Аргінгазін (зь 2023 году)
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads