Скрыгалаў
вёска ў Мазырскім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Скрыга́лаў[3] — вёска ў Беларусі, на правым беразе Прыпяці. Цэнтар сельсавету Мазырскага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2004 год — 747 чалавек. Знаходзіцца за 33 на захад ад Мазыру, за 10 км ад чыгуначнай станцыі Пціч (лінія Гомель — Лунінец); на аўтамабільнай дарозе Мазыр — Петрыкаў.
Скрыгалаў — даўняе мястэчка гістарычнай Мазыршчыны на Палесьсі.
Remove ads
Гісторыя
Найранейшыя часы
Выяўленыя археолягамі два курганныя могільнікі X—XIII стагодзьдзяў (11 насыпаў, за 2 км на поўдзень ад Скрыгалава і 13 насыпаў, за 2 км ад вёскі, ува ўрочышчы Забуклявеччы) сьведчаць пра засяленьне гэтай мясцовасьці ў глыбокай старажытнасьці.
Вялікае Княства Літоўскае
Найраней Скрыгалаў згаданы пры канцы XV ст. Паводле Густынскага летапісу, у 1497 годзе мітрапаліт кіеўскі і Ўсяе Русі Макарый «Егда же идяще до Киева на стол свой, усѣченъ бысть от Татар над рѣкою Припетю в селѣ Страголовахъ. Мощи его доселѣ лежатъ нетлѣнны во святой Софии»[4] (у 1897 годзе ў ягоны гонар збудавалі капліцу, ува ўрочышчы Падселішчы — абэліск).


У апісаньні Мазырскага замка 1552 году паведамляецца, што сяло Скрыгалаў было цэнтрам аднайменнай нядзелі[a] Мазырскай воласьці, а ягоныя жыхары выконвалі плацёжныя павіннасьці ды розныя работы на карысьць замку. На той час паселішча складалі 32 гаспадаркі[b][7].
З рэвізіі Мазырскага староства, выкананай каралеўскімі камісарамі панамі Рыгорам Валовічам і Мікалаем Нарушэвічам да 8 кастрычніка 1560 года, тэкст якой вядомы з актавай кнігі 1777 года, вынікае, што шырыня грунту сяла Скрыгалава складала як уздоўж тры мілі, а ўпоперак — дзьве мілі. Засьведчана наяўнасьць рыбных ловаў па адной тоні ў Нізове, Рэчышчы, Кліне і Батошыне, а баярын Клопат, згодна зь лістом каралеўскім, трымаў у востраве Лімовішчы землі зь людзьмі[8].
Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі, згодна з указам караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году, Кіеўскае ваяводзтва стала часткаю Кароны Польскай[9]. Скрыгалаў у складзе Мазырскага павету, пад уплывам віленскага ваяводы, канцлера ВКЛ і мазырскага старосты Мікалая Радзівіла Рудога ды падтрымаўшай яго павятовай шляхты, былі выведзены з Кіеўскага і далучаны да Менскага ваяводзтва.
На 1590 год у Скрыгалаве было 14 дымоў. Знойдзены тут у 1925 годзе манэтны скарб (каля 200 манэтаў Рэчы Паспалітай) датуецца 3-й чвэрцю XVII ст.
З 1702 году побач з Скрыгалавам працавала рудня К. Аскеркі. 28 траўня 1782 году кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў мястэчку прывілей на 2 кірмашы штогод і штотыднёвыя таргі.
Пад уладай Расейскай імпэрыі

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Скрыгалаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Мазырскім павеце Менскай губэрні. На 1795 год у мястэчку было 70 двароў, з 1799 году дзеяла царква (згарэла ў 1872 годзе). Праз Скрыгалаў праходзіў гасьцінец з Мазыра ў Давыд-Гарадок. Існавала паштовая станцыя. У XIX ст. непадалёк існавала сяло Скрыгалаўская Слабада (65 двароў на 1816 год), якое пазьней злучылася зь мястэчкам.
На 1847 год Скрыгалаў знаходзіўся ў валоданьні Тышкевічаў, тут было 109 двароў, дзеялі прыстань і пераправа на рацэ Прыпяць. У 1858 годзе ў мястэчку адкрылася школа. На 1859 год у Скрыгалаве было 115 двароў[10]. За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў 1863 годзе каля мястэчка дзеялі паўстанцкія аддзелы. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Скрыгалаве было 137 двароў, дзеялі царква і малітоўны дом, працавалі расейская народная вучэльня, 8 крамаў, карчма, сельская лякарня і паштова-тэлеграфная кантора. На 1908 год у мястэчку было 204 двары. З 1910 году працавала пільня. На 1917 год — 314 двароў.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Скрыгалаў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Скрыгалаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, дзе ў 1924 годзе стаў цэнтрам сельсавету. На 1925 год тут было 359 двароў. У канцы 1930-х гадоў статус паселішча панізілі да вёскі.
На 1996 год у Скрыгалаве было 364 двары, на 2000 год — 336 двароў, на 2001 год — 338 двароў, на 2004 год — 313 гаспадарак. У 2018 годзе Скрыгалаў атрымаў афіцыйны статус «аграгарадку»[11].
Remove ads
Насельніцтва
Дэмаграфія
- XVI стагодзьдзе: 1552 год — 31 чал.
- XIX стагодзьдзе: 1866 год — 609 чал.; 1880 год — да 1 тыс. чал.[12]; 1897 год — 816 чал.
- XX стагодзьдзе: 1908 год — 1284 чал. у мястэчку Скрыгалаве, 12 чал. у маёнтку Скрыгалаве; 1917 год — 1908 чал.; 1959 год — 1294 чал.; 1996 год — 900 чал.[13]; 2000 год — 801 чал.[14]
- XXI стагодзьдзе: 2001 год — 808 чал.[15]; 2004 год — 747 чал.[16]
Інфраструктура
У Скрыгалаве працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, лякарня, дом культуры, 2 бібліятэкі, пошта.
Remove ads
Забудова
Плян складаецца з 2 падзеленых каналам частак: паўночнай (простая вуліца, арыентаваная з паўднёвага ўсходу на паўночны захад) і паўднёвай (дугападобная вуліца шыротнай арыентацыі). Забудова двухбаковая, сядзібнага тыпу. У 1987—1995 гадох узводзіліся цагляныя дамы на 110 радзінаў, у якіх разьмясьціліся перасяленцы з забруджаных радыяцыяй месцаў па катастрофе на Чарнобыльскай АЭС (1986 год). Новым вуліцам перасяленцы далі назвы сваіх былых вёсак Белы Бераг і Белабярэская Рудня.
Турыстычная інфармацыя
Інфраструктура
Дзее Скрыгалаўскі этнаграфічны музэй.
Славутасьці
Страчаная спадчына
- Царква Сьвятога Мікалая (XVIII ст.; Сьвяты Пасад)
Заўвагі
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads