Уладзіслаў Гарбацкі
беларускі навуковец, літаратар, перакладчык From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Уладзісла́ў Гарба́цкі (трансьліт. Uładzisłaŭ Harbacki; сапр. Уладзіслаў Іваноў, трансьліт. Uładzisłaŭ Ivanoŭ; 1978, Віцебск) — беларускі сацыялінгвіст, палітоляг, пісьменьнік, перакладнік, адзін з рэдактараў выдавецтва «Скарына». Адзін зь першых у Беларусі дасьледнікаў і публіцыстаў на тэмы, зьвязаныя з жыцьцём і гісторыяй ЛГБТК-супольнасьці. Адмысловец у галіне гендэрных і ЛГБТК+ дасьледваньняў, гендэрнай сацыялінгвістыкі, палітычнага фэмінізму і гісторыі культуры стараверства Беларусі.
Выдаў зборнік апавяданьняў «Песьні тралейбусных рагуляў» (2016), шэраг дасьледаваньняў па фэмінізацыі беларускай мовы і кнігу твораў Палуты Бадуновай (2018).
Remove ads
Жыцьцяпіс
Нарадзіўся ў Віцебску, дзесяць гадоў пражыў з бацькамі ў месьце Радужным Ханты-Мансійскай акругі, Расея. Вярнуўся ў Беларусь у 1995 годзе, дзе да 2000 году вучыўся на франка-беларускім факультэце палітычных і адміністрацыйных навук Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Менску.
У 2001 годзе атрымаў магістарскую ступень у паліталёгіі ў Інстытуце палітычных навук ў Страсбургу. У 2002 годзе навучаўся ў Рэймскім унівэрсытэце на адной зь першых у Францыі гендэрных магістратураў па спэцыяльнасьці дарадца/мэдыятар у пытаньнях плоці і сэксуальнасьці.
Ад 2007 году выкладае ў Эўрапэйскім гуманітарным ўнівэрсытэце (ЭГУ) у Вільні, зьяўлецца дацэнтам паліталёгіі Дэпартамэнту сацыяльных навук. З 2014 жыве і працуе ў Вільні.
У 2017 годзе пад кіраўніцтвам прафэсаркі Ніны Баршчэўскай абараніў доктарскую дысэртацыю «Фэмінізацыя беларускай мовы (сацыялінгвістычны аналіз жаночых Nomina agentis у старабеларускай і сучаснай беларускай мове)» на катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту[2].
Ад 2019 году адказны за дзейнасьць Цэнтру гендэрных дасьледаваньняў пры ЭГУ.
У сакавіку — жніўні 2020 году — стыпэндыянт праграмы «Пісьменьнікі ў выгнаньні» Літаратурнай рэзыдэнцыі Грацу, Аўстрыя.[3] У лістападзе 2020 стажаваўся ў пісьменьніцкай рэзыдэнцыі ў Малятах (Летува).[4] У жніўні 2024 году стажаваўся ў перакладніцкай рэзыдэнцыі Сэнэфу (Бэльгія), у кастрычніку 2024 году — у парыскай перакладніцкай рэзыдэнцыі (стыпэндыя CNL).
Remove ads
Навуковая дзейнасьць
Сацыялінгвістыка
У мовазнаўстве працуе ў сацыялінгвістычным кірунку: дасьледуе і аналізуе сацыяльнае і палітычнае вымярэньне мовы і ўплыву на яе экстралінгвістычных, перадусім сацыяльна-палітычных, чыньнікаў. Асаблівы інтарэс дасьледніка праяўляецца да пытаньняў:
- сацыяльнай гісторыі мовы: «Пра моўны сорам беларусаў» (2020)[5], «Як мова рэагуе на расейска-ўкраінскую вайну» (2018)[6], «Пра геній старабеларускай мовы» (2014)[7];
- гендарнай сацыялінгвістыкі: «Аб інклюзыўнай беларускай мове» (2019)[8], «Stereotyping vulnerable groups» (2017)[9], «Аб гэтак званых „эпіцэнах“» (2012)[10];
- моўнай палітыкі і дыяспарнай мовы: «Складаючы слоўнік беларускай дыяспарнай мовы: напрацоўкі, адкрыцьці, кур’ёзы (сацыялінгвістычны аналіз дыяспарнай мовы)» (2017)[11], «Мова жыцця Зоры Кіпель» (2016)[12], «Малавядомая Зоська Верас: на мовазнаўчай ніве» (2016)[13], «Білінгвізм, інтэрфэрэнцыя, канвэргенцыя і запазычаньне: Беларуская мова ў Летуве» (2013)[14], «Тарашкевіца — ня толькі ідэалёгія, але перадусім эстэтыка» (2013), «Беларуская дыяспарная мова і ейны досьвед супрацьстаяньня англіцызмам, русізмам ды іншым барбарызмам» (2012);
- сацыялектаў і арго: «Размаўляем пра беларускую лаянку і кляцьбоны» (2019)[15].
- фэмінізацыі беларускай мовы: гл. Кнігі
Культура старавераў Беларусі
У 2002—2005 гадох разам з Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру імя К. Крапівы пры Акадэміі навук Беларусі, а потым — з польскім праектам OBTA дасьледваў стараверскую культуру Беларусі, найперш Віцебшчыны. У 2002—2016 гадох ажыцьцявіў шэраг этналягічных экспэдыцый па Віцебшчыне: Віцебск, Полацак, Лёзеншчына, Аршаншчына, Шуміліншчына, Браслаўшчына, Пастаўшчына, Мёршчына, — з мэтай дасьледваньня культуры беларускіх старавераў. Вынікі экспэдыцый часткова прадстаўлены ў артыкулах у пэрыядычных выданьнях і зборніках: «Мясцовыя назвы віцебскіх старавераў» (2006)[16], «Пра беларускі ўплыў на віцебскіх старавераў» (2008)[17], «Эвалюцыя тоеснасьці і культуры старавераў паўночнай Беларусі, канец XІX — пачатак XXІ стагодзьдзя» (2010)[18], «Аб кабетах, якія „папуюць“: аб ролі і месцы жанчынаў у рэлігійным жыцьці стараверства Віцебшчыны» (2013)[19], «Двухсэнсоўныя вобраз і роля стараверства Беларусі ў паўстаньні 1863-64 гг. і ў беларускім нацыятворчым працэсе другой паловы 19-га ст. (спроба гістарычнай і этналягічнай рэканструкцыі)» (2014)[20], «Стараверы і зьлябы» (2018)[21].
Гісторыя франкамоўнай беларусістыкі
Інтарэс да тэмы франкамоўнай беларусікі праявіўся падчас навучаньня ў Францыі. Штуршком да дасьледчай дзейнасьці ў дадзенай сфэры стала праца ў Скарынаўскай бібліятэцы[22], дзе захаваліся рэдкія франкамоўныя матэрыялы па беларусіцы пачатку 20 ст.[23][24][25][26] і друкапіс першага беларускага рамана, напісанага па-француску невядомым аўтарам[27]. У. Гарбацкі апісаў таксама ўнёсак раньніх францускіх і франкамоўных дасьледнікаў, якія цікавіліся беларускімі тэмамі: Рэнэ Мартэль,[28][29] Антуан Мартэль, Амбруаз Жабэр,[30] — і беларускай дыяспары ў Францыі, Бэльгіі й Ангельшчыне[31][32][33].
Фэмінісцкія і ЛГБТК+ дасьледаваньні
Да гендэрных, фэмінісцкіх і ЛГБТК+ дасьледаваньняў далучыўся падчас навучаньня ў гендэрнай магістратуры ў Францыі. Першыя артыкулы на тэму гей- і лесьбі-дасьледваньняў апублікаваў у ARCHE на пачатку 2000-ых гадоў: «Развагі аб гейскім пытаньні»[34] і «Пераадоленьне гамафобіі»[35]. Рэгулярна публікуе артыкулы і агляды на фэмінісцкую і гендэрную тэмы ў іншых беларускіх СМІ: Радыё Свабода, «Новы час», Makeout(недаступная спасылка).
Remove ads
Літаратурная творчасьць
Першыя літратурныя творы публікаваліся ў «Нашай Ніве» і ARCHE. Пазьней — у газэце «Новы час» і інтэрнэт-часопісе «ПрайдзіСвет».
Асобныя апавяданьні перакладзеныя на славенскую, летувіскую і ангельскую мовы.
Пісьменьнік збольшага працуе ў стылі аўтабіяграфічнай сацыяльнай ці сацыялягічнай прозы: робіць акцэнт на прыватнай, інтымнай гісторыі, якая дапамагае выкрываць калектыўную гісторыю і памяць.
Першы зборнік прозы выдаў у 2016 годзе — «Песьні тралейбусных рагуляў». Ён быў названы першым у беларускай літаратуры творам гей-прозы[36]. Брытанскі дасьледнік беларускай літаратуры Арнольд Макмілін так ахарактарызаваў зборнік:
«Гэты сьмелы і вельмі чытэльны дэбютны зборнік прозы пераказвае ў розных формах і інтымных дэталях досьведы Адрознага ў варожым яму асяродзьдзі. Пра тры плыні, што ахопліваюць дарослае жыцьцё аўтара, ён апавядае мовай казачных гісторый: глыбокую веру ў беларускую мову, усьведамленьне і гонар за сваю гейскасьць, і перакананасьць у тым, што рэлігія — толькі міт. Элегантна напісаная сучаснай беларускай мовай і шчодра запраўленая дыялектызмамі, гэтая кніга паўстае як песьня і сьвята роднаму Віцебску. Кранальныя, захапляльныя і, часта, брутальна-рэалістычныя тэксты атрымаліся цудоўным, глыбока асабістым дэбютам».
Пераклады
У. Гарбацкі перакладае навуковыя і мастацкія тэксты з францускай, украінскай, летувіскай, расейскай і славенскай моваў. Спэцыялізуецца на перакладах франкамоўных аўтараў і аўтарак: Жорж Экгаўт, Сымона дэ Бавуар[37], Ані Эрно,[38] Рэймон Арон[39], Эрык Нёвё[40], Франк Варжак, Маргарыта Юрсэнар, Вілье дэ ліль-Адан. Таксама перакладае паэзію і прозу з летувіскай (Гедрэ Казлаўскайце,[41] Нэрынга Дангвідзе, Жэмайце, Марыя Ластоўская (Ластаўскене)), славенскай (Ураш Прах)[42] і ўкраінскай (Агатангел Крымскі,[43] Аляксандар Ірванец) моваў.
Намінаваны на прэмію Drahomán Prize-2022 за пераклад «Бэйруцкіх апавяданьняў» Агатангела Крымскага.[44]
У пачатку 2025 году ў выдавецтве «Пфляўмбаўм» у перакладзе Ў. Гарбацкага выйшла з друку кніга выбранай паэзіі “Чароўны час” Гедрэ Казлаўскайце (Giedrė Kazlauskaitė)[45].

Remove ads
Кнігі
- Гарбацкі, Уладзіслаў Аб фэмінізацыі беларускай мовы: Фэмінізацыя nomina agentis і пэўных іншых катэгорыяў у сучаснай беларускай мове. Эсэ. — Leicester: belarusians.co.uk, 2012. — 99 с. — ISBN 978-0-9567951-0-6
- Гарбацкі, Уладзь Песьні тралейбусных рагуляў: Казкі і проза жыцьця / Уладзь Гарбацкі. —: belarusians.co.uk. — Leicester: belarusians.co.uk. — 110 с. — ISBN 978-0-9567951-4-4
- Гід па фэмінізацыі беларускай мовы (Nomina agentis і некаторых іншых асабовых намінацыяў) / Уладзіслаў Гарбацкі. — London: belarusians.co.uk, 2016. — ISBN 978-0-9567951-6-8 (друк) і 978-0-9567951-7-5 (электронная).
- Творы / Палута Бадунова. [Прадмова і ўкладаньне: Уладзіслаў Гарбацкі]. — Вільня: Таварыства беларускай культуры ў Летуве, 2018. — ISBN 978-9955-578-19-2 (друк) і 978-9955-578-18-5 (электронная).
- Фэмінізацыя беларускай мовы. Сацыялінгвістычнае дасьледваньне. — Вільня: Таварыства беларускай культуры ў Летуве, 2019. — ISBN 978-9955-578-21-5.
- Mercks Graz!. — London: Skaryna Press, 2022. — P. 108. — ISBN 978-1-915601-04-9
- Уладзіслаў Гарбацкі (уклад.) Мальцы выходзяць з-пад кантролю: Анталёгія беларускага гей-пісьменства. Фрагмэнты. — Лёндан: Skaryna Press, 2023. — 239 с. — ISBN 978-1-915601-25-4
- Уладзіслаў Гарбацкі (уклад.) Вацлаў Ластоўскі, Мовазнаўчыя працы. — London: Skaryna Press, 2023. — 238 c. — ISBN 978-1-915601-31-5
Remove ads
Крыніцы
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads